26.04.2024 / 16:04

26 красавіка абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская разам з дыпламатамі краін Еўропы і афіцыйнымі асобамі Літвы ў сталіцы краіны ўсклала кветкі да помніку «Маці Чарнобыля» у парку Сапегаў.

Фота - Яўген Сухаверх
Фота - Яўген Сухаверх

У гэтым годзе свет адзначае 38-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У той ці іншай ступені ад яе пацярпелі ўсе краіны Еўропы, яе ахвяры ўшанаваныя і помнікам у Вільнюсе, які стаў у пятніцу 26 красавіка месцам сустрэчы Ціханоўскай, амбасадараў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку беларускай.

Нягледзячы на тое, што з моманту аварыі ў Чарнобылі прайшло ўжо даволі многа часу, памятаць пра яе надзвычай важна і зараз, адзначыла Святлана Ціханоўская ў размове з журналістамі. Пры гэтым яна нагадала, што з АЭС у Астраўцы і расійскай тактычнай ядзернай зброяй беларусы і самі нібы сядзяць на парахавой бочцы.

Фота - Яўген Сухаверх
Фота - Яўген Сухаверх

«Важна памятаць, каб не паўтарыць. Гэта даніна павагі. Я ўпэўненая, што большасць беларусаў і ўкраінцаў з’яўляюцца ахвярамі чарнобыльскай катастрофы, многія прымаюць таблеткі ўсё жыццё. Не ўшаноўваць памяць гэтых людзей было б нонсэнсам.

Мы бачым абыякавае стаўленне рэжыму да ядзернай энергетыкі. Няма аніякага кантролю за тым, як будуецца Астравецкая АЭС. Рэжым дазваляе размяшчаць у Беларусі ядзерную зброю. Гэта вялікая пагроза новага Чарнобыля, а калі глядзець на палітычную сітуацыю, то можна назваць гэта палітычным Чарнобылем.

Людзей катуюць і забіваюць, і яны збягаюць ад гэтага з краіны, як ад радыяцыі. Мы павінны гэта спыніць і прыкласці ўсе намаганні, і каб не адбылося новага Чарнобыля, і каб скончыўся палітычны Чарнобыль», – сказала Святлана Ціханоўская.

Фота - Яўген Сухаверх
Фота - Яўген Сухаверх

Таксама яе папрасілі пракаментаваць некаторыя з апошніх навін. У прыватнасці, інфармацыю пра тое, што апошнім часам у Тэлеграм-каналах з’явіліся заклікі да беларусаў, што жывуць у Літве, парушаць закон.

«Актыўна дзейнічае прапаганда, якая хоча пасварыць беларусаў і літоўцаў. Рэжым разумее, наколькі літоўцы дапамагаюць беларусам у гэты цяжкі час. Мы ўдзячныя ўраду, парламенту і простым літоўцам за тое, што вы разумееце наш боль, прымаеце нас у гэты цяжкі момант. Вы ведаеце, што мы ўсе хочам вярнуцца дадому і змагаемся за гэта, а вы стаіце побач з намі.

Канечне, рэжыму не падабаецца тое, якім саюзнікам Літва зараз з’яўляецца для беларускіх дэмакратычных сіл. І паверце мне, правакацыі і спробы нас пасварыць будуць працягвацца. Таму я хачу папрасіць літоўцаў праявіць разуменне і памятаць, што гэта робяць не беларусы, якія выступаюць за дэмакратычную краіну, квітнеючую Беларусь, а правакатары рэжыму», – адказала Ціханоўская.

Фота - Яўген Сухаверх
Фота - Яўген Сухаверх

Была ўзнятая і тэма нядаўніх пагрозлівых выказванняў Лукашэнкі на адрас сваякоў тых, хто па палітычных матывах вымушаны быў пакінуць Беларусь.

«Гэты чалавек толькі ўчора гэтыя пагрозы агучыў, але ж яны ўжо чатыры гады існуюць, – адказала Святлана Ціханоўская. – Сваякам нашых добраахвотнікаў ва Украіне, сваякам актывістаў за мяжой заўжды пагражалі. Нават да сваякоў палітзняволеных прыходзілі з вобшукамі, іх пастаянна запужваюць. Сітуацыя заўсёды можа пагоршыцца, мы павінны разумець, з кім мы маем справу. Але гэта проста было ў голас агучана тое, што мы бачым кожны дзень».

Фота - Яўген Сухаверх
Фота - Яўген Сухаверх

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость