26.05.2015 / 12:05

У самым цэнтры Мінску, за сценамі Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», размясціўся невялікі грамадскі агародзік, на якім ужо буяюць часнок, цыбуля, морква, пятрушка ды капуста з суніцамі і кабачкамі. Ставаральніца гэтага гарадскога цуду — выпускніца Школы экалагічнага актывіста Юля Кашапава — расказала Беларускаму зялёнаму парталу, што будзе з пляцоўкай далей і як кожны мінчанін можа ёй скарыстацца.

«Арганізацыя кадачных агародаў — гэта не штосьці новае. У Еўропе і Амерыцы такая методыка вельмі распаўсюджаная. Любыя закінутыя месцы, нават не зялёныя, а заасфальтаваныя, будаўніцтвы ці пусткі гараджане асвойваюць і разбіваюць там сады і агароды», — кажа Юля.

Для беларускіх актывістаў агародзік стаў своеасаблівым эксперыментам. Пакуль яны толькі прыглядаюцца да таго, што можна вырошчваць у нашым клімаце і гарадскіх умовах, якім чынам правільна арганізаваць прастору.

У праекце задзейнічана зараз не так шмат людзей. На дапамогу Юлі прыйшлі яе калегі — маладыя экаактывісты, выпускнікі Школы.

«Мой самы галоўны памочнік — гэта Аліна Пашык. Яна дапамагла тут усё арганізаваць. Мы з ёй спецыяльна праглядалі мясцовасць на асвятленне, на схіл, якім чынам ідзе вада, як размеркаваць зоны для пасадак, кветак, адпачынку. Дапамагала Аліна і з раслінамі: што лепш пасадзіць, што з чым лепш расце. А Ігар Каратаеў збольшага выручае нас у фізічна цяжкіх працэсах: папілаваць ці пакапаць, пазбіваць што-небудзь», — распавядае гарадская «фермерша».

Але Юля не губляе надзеі, што ў хуткім часе да працы па догляду за агародзікам падключацца зацікаўленыя мінчане.

Бо яго ідэя заключаецца не столькі ў арганізацыі агарода ў літаральным яго сэнсе, колькі па стварэнню месца для забаў, дзе людзі маглі б сустракацца, рабіць штосьці разам, праводзіць майстар-класы і адукацыйныя заняткі, развіваць гарадскую супольнасць.

Дзеля гэтага плануецца стварыць спецыяльную online-суполку, дзе кожны мог бы адпісвацца аб сваіх дзеяннях: хто, што і дзе пасадзіў, хто, калі і што паліў. З гэтай жа нагоды арганізуюцца сустрэчы з гараджанамі, на якіх больш падрабязна распавядаецца пра агранізацыю агародзіка.

«Да нас прыйшла сям'я, якая вельмі зацікаўлена ў такім эксперыменце. Жанчына прызналася, што мала разумее ў садаводстве. Заклалі з імі адну скрыню. Я распавяла пра прынцып засыпкі зямлі. На тыдні ўжо пачнем штосьці садзіць. У ідэале было б здорава, каб знайшліся некалькі такіх сем'яў, якія зацікавіліся б і вырошчвалі для сябе гародніну. Тым больш, што гэта сам па сабе неверагодны працэс, калі з маленькага зярнятка вырастае штосьці вялікае і смачнае», — натхнёна кажа Юля.

Акрамя гэтага, на пляцоўку з агародзікам могуць прыходзіць людзі са сваімі прапановамі, напрыклад, распісаць тыльную сцяну галерэі, прыдумаць штосьці з жалезным навесам, з невялікай брамкай — усім, што зробіць гэта месца больш прывабным, бо дапрацоўка яго яшчэ працягваецца. У бліжэйшых планах Юлі паставіць скрыню для агранічнага кампосту. Спецыяльна дзеля гэтага яна вывучала відэаўрокі, бо неабходна было ўлічыць асаблівасці тэрыторыі.

«Я сыходзіла з таго, што гэта ўсё ж грамадскае месца, у горадзе, таму закладаць кампост з прадуктамі жывёльнай жыццядзейнасці ці кампост проста з арганічных адходаў не магла, бо абодва гэтыя варыянты маюць непрыемны пах. Таму аптымальным рашэннем стаў вермікампост, з чарвякамі, якія ядуць усё і не пахнуць. Ужо ўдалося дамовіцца з кухняй бара «Ў». Цяпер яны будуць збіраць усе арганічныя адходы і аддаваць нам, — адзначае экаактывістка. — У выніку атрымаецца выдатны біягумус, якім мы будзем падкормліваць нашы таматы, капусту і ўсё астатняе».

Да гэтай справы могуць падключыцца і ўсе жыхары суседніх дамоў і горада ў цэлым.

Такім чынам атрымаецца рэалізаваць яшчэ адну мэту, якую нясе агародзік, — неабходнасць у сартыроўцы сваіх адходаў. Арганіка павінна вяртацца да арганікі і выкарыстоўвацца, прыносіць карысць зямлі, а не гніць на звалках.

Па восені Юля хацела б падзяліцца з усімі ўраджаем, зладзіць вечарыну з пачастункамі і стравамі, якія будуць прыгатаваныя з гародніны, што вырасце на агародзіку, каб людзі зразумелі, што ў горадзе магчыма штосьці вырошчваць для сябе. Тым больш, што агароды такога кшталту з'яўляюцца мнагалетнімі, на зіму ўсё проста ўкрываецца саломай, мяхі завязваюцца, а на наступны год зямля ў іх будзе нават лепшай і больш урадлівай.

Каб развіваць гарадскую садаводчую культуру, актывісты гатовы дзяліцца сваім вопытам з усімі астатнімі людзьмі, асабліва з тымі, хто захоча стварыць падобны грамадскі агародзік у сваёй лакацыі.

«Грады робяцца вельмі проста, галоўнае — улічыць некалькі момантаў. Напрыклад, што яны маюць мнагаслойную структуру: першым ярусам ідуць розныя дробна пасечаныя галінкі і дзеравякі — гэта такога кшталту паветраная праслойка, якая добра ўтрымлівае вільгаць. Наступным слоем укладваецца зялёная маса. Можна зняць верхні слой газона, толькі класці яго трэба каранямі ўверх, каб ён не прарастаў. Затым закладваецца папера, тут добра выкарыстаць звычайную макулатуру, толькі трэба дробна яе парваць. Гэты слой таксама будзе ўтрымліваць вільгаць. І толькі пасля засыпаецца зямля і дадаецца кампост. Усё абавязкова мульчыруецца саломай, сухой лістотай, галлём. Робіцца так дзеля захавання вільгаці і цяпла, гэта адзін з важных момантаў. У такіх маленькіх прасторах для раслін неабходна больш вады і арганізацыя граматнага паліву», — распісвае Юля.

Яна рэкамендуе таксама максімальна выкарыстоўваць тое, што ёсць у людзей пад рукамі, збіраць макулатуру, шукаць на сметніках дошкі і скрыні, выкарыстоўваць старыя гаршкі, каб мінімалізаваць сваё ўздзеянне на асяроддзе.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость