#ДзеньБезПаперы: адмовіцца – цяжка, перапрацоўваць – лягчэй

26 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень без паперы (World Paper Free Day). Эколагі заклікаюць людзей адмовіцца ад яе выкарыстання (у межах магчымага, зразумела) хоць бы на 24 гадзіны.

Лічбы, якія прыводзяць эксперты, проста шакуюць: у год чалавецтва толькі на офісную паперу вырубае 768 міл’ёнаў (!) дрэў. Адзін офісны супрацоўнік пакідае пасля сабе ў сярэднем 160 кг папяровых адходаў на год. Каля 45% папяровых дакументаў выкідваюцца ў сметніцу цягам 24 гадзін, пасля іх стварэння.

Аб’ём спажывання паперы ў свеце бесперапынна павялічваецца, і па-ранейшаму большая частка папяровай прадукцыі вырабляецца з першаснай сыравіны, то бок з цэлюлозы. Лясы пры такіх аб’ёмах спажывання папросту не паспяваюць расці.

Але ж і рэцыклінг становіцца ўсё больш і больш маштабным. Як у Беларусі збіраюць макулатуру і перапрацоўваюць паперу? І ці мае гэта сэнс?

 

Пачалося ў адзінадцатым стагоддзі

Першымі перапрацоўваць паперу сталі японцы, і яны пачалі рабіць гэта яшчэ ў адзінаццатым стагоддзі.

Што тычыцца Еўропы, дык тут зборам макулатуры пачалі займацца ў канцы шаснаццатага стагоддзя.

А ў 1799 годзе ўва Францыі быў выраблены першы станок для перапрацоўкі паперы, і працаваў ён наступным чынам: спачатку папера распускалася ў вадзе, і з яе атрымлівалася вадкая маса, якую пасля высушвалі. Атрымоўвалася папера.

Каманда – збіраць!

У Беларусі сёння паперу перапрацоўваюць досыць актыўна, і, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, аб’ёмы перапрацоўкі растуць у адпаведнасці з планамі.

Так, у 2009 годзе быў падпісаны Указ Прэзідэнта “Аб дзяржаўнай праграме збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2009-2015 гг.”, у адпаведнасці з якім аб’ём рэцыклінгу папяровай другаснай сыравіны мусіў павялічыцца на 152% за адпаведны адрэзак часу. У адпаведнасці са справаздачамі, аб’ём вырас нават на 162%.

Але калі ў цэлым па краіне перапрацоўка паперы ўсё яшчэ мусіць развівацца, і аб’ёмы рэцыклінгу павінны павялічвацца, то ў пэўных сферах макулатуры ўсё ж павінна было стаць меней.

Яскравы прыклад – збор макулатуры ў школах, які, па ідэі, мусіць не толькі заахвоціць дзяцей здаваць паперу на перапрацоўку, але і паўплываць на тое, каб сем’і шкаляроў зніжалі аб’ём папяровага спажывання. Калі казаць пра штогадовы збор макулатуры як экалагічную акцыю, дык сэнс яе ў тым, каб паказаць людзям маштабы ужывання паперы ў штодзённым жыцці і навучыць іх, як найбольш эфектыўна аптымізаваць гэты працэс.

Па логіцы рэчаў, макулатуры ў школах з кожным годам павінна збірацца ўсё меней, бо гэта і быў бы сапраўдны паказчык адукацыйнай эфектыўнасці штогадовай акцыі. 

Але падобна на тое, што гэты бесперапынны збор паперы ў навучальных установах насамрэч не мае экалагічных мэтаў, а з’яўляецца проста чарговым планавым паказчыкам. Логіка арганізатараў просталінейная: чым больш сабранай паперы, тым лепш. З аднаго боку яно, канечне, так, але, як бачыце, ёсць нюансы.

 

І ў кніг можа быць другое жыццё

Два гады таму арганізацыя “БЕЛГІПС” распачала ініцыятыву па кантэйнерным зборы макулатуры, і дагэтуль праект паспяхова працуе. Выкідаць у адмысловыя зялёныя кантэйнеры можна падручнікі, часопісы, кнігі, сшыткі, альбомы, дзённікі, офісную паперу і газеты.

Асаблівасць гэтага праекту ў тым, што ён мае дадатковы сацыяльны складнік – некаторыя кнігі, якія людзі кідаюць у кантэйнеры, перадаюцца ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы, дзе іх зноўку могуць чытаць зацікаўленыя асобы.

Намесніца дырэктара ТАА “БЕЛГІПС-ЭКА” Лілія Сёмачкіна праз некалькі месяцаў пасля ўстаноўкі перых кантэйнераў так каментавала сітуацыю з кнігамі: “Пры адкрыцці кантэйнераў у рукі работнікаў патраплялі новыя кнігі ці выданні з творамі класікаў, якія правераны часам. Іх шкада было аддаваць на перапрацоўку. Сталі думаць, як быць у такой сітуацыі, і прыйшлі да высновы, што лепш такія кнігі перадаваць тым, каму яны яшчэ могуць быць патрэбныя.“

Кампанія натхнілася расійскай ініцыятывай. Напрыклад, у Валгаградзе амаль ва ўсіх лякарнях існуюць такія імправізаваныя бібліятэкі з кніг, якія хтосьці здаў на макулатуру.

У Беларусі змесціва зялёных кантэйнераў разбіраецца ўручную, і, адпаведна, у працэсе гэтага разбору адбываецца сарціроўка кніг. Канечне, не ўсе яны могуць быць перададзенны ў адпаведныя ўстановы для далейшага карыстання – шмат якія кнігі знаходзяяца ў надта кепскім стане, каб і надалей іх можна было чытаць. Але ўсё, што можа быць выкарыстана нанова, не адпраўляецца на перапрацоўку.

 

Перапрацоўка паперы сваімі рукамі

Дзяржаўныя і прыватныя праграмы па зборы макулатуры і актывісцкія ініцыятывы – гэта вельмі добра, але імі ўсё не абмяжоўваецца. На самой справе вялізную колькасць штодзённых папяровых адкідаў мы можам паўторна выкарыстоўваць і перапрацоўваць самастойна.

Чарнавікі

Тое, што ў школах называюць чарнавікамі – паперы, спісаныя з аднаго боку, у побытавым жыцці можа цудоўна замяняць усемагчымыя блокі для запісаў. Праўда. Тут ужо гаворка ідзе хутчэй пра паперу, на якой штосьці надрукавана з аднаго боку.

Старыя непатрэбныя дамовы, студэнцкія кантрольныя работы, раздрукоўкі з працы – падыйдзе што заўгодна. Замест таго, каб набываць так званыя кубарыкі (блокі для запісаў), каб пісаць родным цыдулкі і вешаць іх (цыдулкі, не родных!) на лядоўню, цалкам можна абыйсціся такім вось “чарнавіком”.

Пап’е-машэ

Гэта цікавы творчы спосаб перапрацоўкі паперы – парэзаная на дробныя кавалкі, папера некалькі гадзін вымочваецца ў вадзе (лепш – цэлыя суткі), потым яна кіпяціцца, перамешваецца, рыхліцца і высушваецца.

Маса, якая атрымліваецца ў выніку праведзеных маніпуляцый, перамешваецца з крэйдай, і ў гэтую сумесь паступова дадаюць адмысловы клей, пакуль не атрымаецца пластычнае цеста “як смятана”.

А паводле першай тэхналогіі пап’е-машэ маленькія мокрыя кавалачкі паперы наклейваюцца на загадзя падрыхтаваную мадэль, і часам наклейваюцца на 100 слаёў паперы.

Упакоўка прадметаў

Старыя газеты ідэальна падыходзяць для таго, каб запакоўваць у іх кантэйнеры з ссабойкай (газета дазволіць ежы даўжэй заставацца цёплай), посуд пры пераездзе ці проста ў паездках, невялікія прадметы гардэробу (шалікі, шкарпэткі, ніжнюю бялізну).

Калі збіраецеся кудысьці на пару дзён, майткі і шкарпэткі можна закруціць у паперу, і гэта будзе не менш зручна, чым калі вы выкарыстаеце пластыкавы пакет.

А вось заварочваць у газеты ежу (калі яна не складзена папярэдне ў кантэйнер) – не трэба, бо фарбы, які выкарыстоўваюцца для друку, могуць упітвацца у прадукты харчавання і рабіць іх таксічнымі.

Арыгамі

Складванне розных фігур з паперы можа быць аднаразовай акцыяй альбо пастаянным хобі, але ў любым выпадку для гэтага неабавязкова выкарыстоўваць адмысловую паперу – прынамсі трэніраваць новыя формы можна на старых часопісах, аркушаў са сшыткаў, газет і рэкламных буклетаў.

Сушка абутку

Дэмісезонны і зімовы абутак часам прамакае альбо проста становіцца вільготным знутры, і скомканы аркуш газеты - гэта добры спосаб прыбраць нежаданую вільгаць.

Безумоўна, сёння ёсць адмысловыя прылады, якія і вільгаць прыбяруць, і нават прадэзынфікуюць абутак, але не заўжды гэтыя рэчы даступныя, і знайсці ў той жа камандзіроўцы газету куды прасцей.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 26.10.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.