Тое, што сустрэча зацікаўленых бакоў будзе няпростай, было зразумела ад самага пачатку: занадта даўно ў паветры падвісла пытанне «зносу-нязносу» двух кварталаў у цэнтральнай частцы сталіцы. Амаль на першых жа хвілінах мясцовыя жыхары Асмалоўкі, занепакоеныя сваёй будучыняй, ледзь не сарвалі прэзентацыю праекта:
«Мы не хочам ведаць, што вы вырашылі будаваць! Калі мы хочам тут жыць! Лепей скажыце, што будзе з намі!» — гучалі выкрыкі з розных канцоў залі, што тут жа падтрымліваліся воплескам далоняў.
Некалькі разоў кіраўнік адміністрацыі Ігар Бузоўскі спрабаваў патлумачыць сэнс працэдуры — абмеркаванне плана дэтальнай забудовы, і што гэтага патрабуе заканадаўства. Аднак яго словы мала суцяшалі людзей, бо сапраўды іх не цікавіла, колькі гандлёвых цэнтраў і грамадскіх збудаванняў «вырасце» на руінах Асмалоўкі.
«Калі вы хочаце праводзіць мітынгі, калі ласка, ідзіце на вуліцу. Няхай у залі застануцца тыя, хто зацікаўлены выслухаць распрацоўшчыкаў праекта», — урэшце заявіў чыноўнік.
Яго словы падтрымаў грамадскі актывіст і блогер Антон Матолька, які заклікаў людзей сцішыцца і даць магчымасць выступіць прадстаўнікам інстытута «Мінскграда», а таксама паслухаць актывістаў некаторых ініцыятыўных груп. Такім чынам, хваля людскога абурэння і негатыву на нейкі час схлынула.
«Усе прапановы, заўвагі і пажаданні, а таксама пытанні, якія ўзніклі ў вас падчас прэзентацыі праекта, можаце пакінуць да канца абмеркаванняў у спецыяльнай скрыні. Актыўныя мясцовыя жыхары могуць увайсці ў камісію і адстойваць меркаванне і пажаданні гараджан па далейшым разглядзе праекта», — звярнуўся напрыканцы да людзей кіраўнік адміністрацыі.
Аднак, не маючы даверу да гэтай працэдуры, вопытныя актывісты заклікалі звяртацца ў адміністрацыю з пісьмовымі зваротамі, у якіх пазначаць усе свае прапановы і заўвагі. Толькі ў такім выпадку ёсць гарантыя, што лісты будуць разгледжаны, сцвярджалі яны. І чыноўнікі не сталі спрачацца наконт такога спосабу «супрацы» з гараджанамі. Але заўважылі, што будуць разглядаць і даваць адказы выключна на аб'ектыўныя заўвагі і прапановы, звароты кшталту «Я супраць зносу! Я хачу тут жыць!» застануцца без увагі.
Прысутным нагадалі, што зараз у інтэрнэце на платформе petitions.by створана 2 петыцыі: супраць і за знос Асмалоўкі. І на момант правядзення грамадскіх абмеркаванняў лічбы каласальна розніліся: 6097 супраць і 27 подпісаў за адпаведна. Дарэчы, гэтыя галасы таксама мусяць улічыць пры прыняцці канчатковага рашэння, зазначылі грамадскія актывісты.
«Менавіта таму так важна падпісваць петыцыю...» — зазначылі яны.
На тым і скончылася афіцыйная частка грамадскіх абмеркаванняў: прадстаўнікі ўладаў выканалі рэгламент, абураныя грамадзяне пайшлі ў хол знаёміцца з відарысамі праекта і рыхтаваць звароты.
Для прадстаўнікоў СМІ тут жа зладзілі асобную сустрэчу, каб у спакойнай абстаноўцы разабраць хвалюючыя пытанні.
«Грамадскасць вельмі сканцэнтравана на тэме зносу. Я разумею мясцовых жыхароў, бо яны ў першую чаргу заклапочаны гэтым пытаннем, — распачаў Аляксандр Бандарчык, галоўны архітэктар праектаў УП «Мінскграда». — Справа ў тым, што форма асваення дадзенай тэрыторыі — “Р” — рэканструкцыя. У дадзеным праекце па шматлікіх фактарах ацэнена, што найлепш будзе знесці, з улікам якасці забудовы... Таму знесці і адбудаваць наноў тое ж, але з новых матэрыялаў. Але гэта нерэнтабельна».
Спецыяліст праектнай арганізацыі адзначыў, што на сёння яны часта сутыкаюцца з сітуацыяй, калі інвестар, прыходзячы на пляцоўку, дзе мяркуецца знос, сам адмаўляецца ад гэтага, аддаючы перавагу частковай ці суцэльнай рэканструкцыі будынкаў. Таму зараз у праектах фіксуецца: «Будынак падлягае зносу. Неабходнасць зноса залежыць ад рашэння заказчыка на далейшых стадыях праектавання».
«Ва ўсіх адносінах гэтую тэрыторыю цяжка асвоіць як з пункту гледжання рэканструкцыі, так і для новага будаўніцтва са зносам», — падкрэсліў ён.
Справа ў тым, што інвестара пакуль няма, і з яго пошукамі могуць узнікнуць праблемы ў сувязі з вялікім працэнтам зносу — ля 27%. А, па словах Аляксандра Бандарчыка, з пункту гледжання бізнэса больш 15% зносу лічыцца нерэнтабельным.
«У нейкім сэнсе мы свядома пайшлі на тое, каб не ўстрайваць тут 30-павярховыя гмахі, за кошт якіх можна было б падняць рэйтынг кварталаў і акупіць праект. Ён спецыяльна зроблены пад існуючую забудову. Адсюль і не такая вялікая колькасць жылля, як можа падацца», — зазначыў архітэктар.
Даведка:
Па праекце колькасць жыхароў павінна вырасці да 2260. Па дадзеных за 2014 год, у асмалоўскіх дамах пражываюць 821 чалавек.
У цэлым жа дэтальны план — гэта маніторынг, даследаванне тэрыторый на магчымасці функцыянальнай адпаведнасці і адпаведнасць інтэнсіўнасці выкарыстання, патлумачыў Аляксандр Бандарчык:
«Гэты план задаецца намі як верхняя планка, маўляў, пажадана вывесці тэрыторыі на пэўныя тэхнічныя паказчыкі. Але даводзіцца сутыкацца з тым, што не знаходзіцца інвестар для рэалізацыі, часткова ці цалкам, нашых рашэнняў. Таму могуць быць дэтальныя планы, якія не выкарыстоўваюцца».
Таму, калі інвестар не знойдзецца, то і пра рэалізацыю канкрэтна гэтага праекта, відавочна, казаць не даводзіцца. Гэта складанае пытанне, над якім варта добра падумаць уладам, падкрэсліў архітэктар. Але канчатковае рашэнне прымае Мінгарвыканкам.
«Дадзеным планам дэтальнай забудовы была зроблена спроба закласці пэўныя рэгламенты, каб новае будаўніцтва не выходзіла за нейкія межы. Гэта і была асноўная мэта, а не знос, — упэўнівае ён. — Адсутнасць будаўнічай дакументацыі на тэрыторыі прыводзіць да таго, што з'яўляюцца пабудовы, як дом №24 па Камуністычнай, дзе размяшчаецца гуказапісваючая студыя. Такі лёс можа чакаць і астатнія дамы, якія будуць «падаць» па адным і забудоўвацца невядома чым, без арганізаванай сістэмы».
Атрымоўваецца, па словах архітэктара, што праект — усяго толькі разліковая мадэль для інжынерных камунікацый, сацыяльна-эканамічных і экалагічных паказчыкаў. Пралічэнне тых жа экасістэмных паслуг тэрыторыі рабілася ў Генплане Мінска. Дэтальны план толькі ўдакладняе некаторыя з параметраў, напрыклад азеляненне, экалагічныя калідоры і іншае.
Варта памятаць, што план дэтальнай забудовы — адзін з магчымых варыянтаў забудовы, а не яе мадэль.
На думку Антона Матолькі, на самой справе на дадзены момант гараджане, неабыякавыя да лёсу Асмалоўкі, зрабілі ўсё, што можна. Але спроба мясцовых жыхароў сарваць абмеркаванні была б самай вялікай памылкай.
«Абмеркаванні толькі сыгралі на руку людзям. Па-першае, з'явіўся грамадскі рэзананс, а гэта адна з тых рэчаў, што яшчэ нейкім чынам уплывае на прыняцце рашэнняў уладамі. Па-другое, прадстаўнікі шматлікіх ініцыятыў, такіх як «Генплан — для мінчукоў», «Гісторыка», змаглі выказаць канструктыўныя заўвагі. Такім чынам, акрамя эмоцый прагучалі заканадаўчыя моманты», — патлумачыў ён.
Цяпер жа застаецца чакаць, падпісваць петыцыі, якія даюць магчымасць ацаніць, наколькі людзям падабаецца ці не прадстаўлены праект. Бо на дадзеным этапе абмяркоўваецца «канцэпцыя канцэпта плана канцэпта», дакумент пакуль не зацверджаны.
«Аднак я падымаў бы пытанне больш глабальна: чаму камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама ў асобе Паўла Лучыновіча прэзентуе праекты, што выклікаюць масу абурэння? Бо гаворка ідзе не толькі пра Асмалоўку — вуліца Розы Люксембург, Каліноўскага, участак у Бараўлянах, раён у Чыжоўцы і іншыя. Праблема комплексная і вельмі вялікая. Таму актывістам і журналістам трэба глядзець шырэй: “Каму ж гэта выгадна?” і “Ці варты той жа Лучыновіч свайго месца?”», — заўважае Антон Матолька.
Як і трэба падымаць пытанні прыватнай уласнасці, базіса, ад якога адштурхоўвацца: калі чалавек не жадае сыходзіць з зямлі, гэта неабходна ўлічваць, лічыць ён.
У сітуацыі з Асмалоўкай ёсць неблагое выйсце — закінутая прамысловая забудова, што, па словах блогера, значна танней рэканструяваць ці зносіць.
«Няма зараз попыту на элітнае жыллё, тым больш у 5-павярховым доме, нават не катэджы. На добры лад, я, напрыклад, даваў бы людзям гарантыю, што на працягу 30 год ніякага зносу не будзе, а бізнэсу — аблегчаныя падаткавыя ільготы. І калі ў горада няма грошай — браў бы іх у бізнэсу, прапаноўваючы ўзамен выгадныя ўмовы. Атрымоўваецца, прадпрамальнік будзе распрацоўваць і фінансава ўкладацца канкрэтна ў гэты раён», — мяркуе Антон Матолька.