27.09.2016 / 18:09

У 1960-1970-я гады гігантаманія захапіла і БССР.  На Дзвіне павінна было ўтварыцца Віцебскае мора – самае вялікае вадасховішча ў краіне і адно з вялізарных у СССР. Калі б праект рэалізавалі, то пад ваду мусілі бы пайсці гарады Сураж і Усвяты.

Будаўнічыя праекты 

Планы па ўзвядзенні ГЭС на Дзвіне і стварэннi Віцебскага мора былі распрацаваныя ў 1950-я гады. Вадасховішча павінна было паўстаць каля вёскi Лушчыха Віцебскага раёна. Праектная плошча вадасховішча складала 800 км², гэта тэрыторыя амаль трох сучасных Мінскаў. Шырыня дасягала 10 км. Пад затапленне шлі значныя плошчы Віцебскай, Смаленскай і Вялікалуцкай абласцей.

У зону затаплення траплялі гарады Сураж і Усвяты. Разглядаліся праекты іх пераносу ў іншыя месцы.

На працягу 4 гадоў будаўніцтва трэба было вынуць і перамясціць 6 млн м³ грунта, укласці больш за 150 000 м³ бетону і жалезабетону, зманціраваць некалькі тысяч тон металаканструкцый і пад’ёмных механізмаў, гідрамеханічнае і электрычнае абсталяванне. А яшчэ пабудаваць высокавольныя лініі электраперадач, будаўнічыя і эксплуатацыйныя пасёлкі, пад’язную чыгуначную ветку, аўтадарогу.

 

Навошта гэта запланавалі?

Асноўная задача будаўніцтва Віцебскай ГЭС – атрыманне таннай электраэнэргіі. У той час гады асноўны від паліва на электрастанцыях быў торф. Праца Віцебскай ГЭС давала б эканомію ў 2000 тон торфу штосуткi. Сабекошт адной квт*г у параўнанні з цеплавой павінны быў знізіцца ў 4–5 разоў.

Вадасховішча забяспечыла б працу гідраэлектрастанцый Рыжскага каскада ў Латвіі (Кегумскай і праектуемай Плявіньскай). Ствараліся перадумовы для развіцця воднага траспарту, паляпшаліся ўмовы лесасплаву, рыбнай гаспадаркі. На мелкаводных участках вадасховішча планавалі садзіць высокаспажыўны корм для жывёл – вадзяны рыс. Замест калгасаў, якія займаліся вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі і жывёлагадоўляй, думалі стварыць рыбалоўныя арцелі.

 

Новы шлях з «Варагаў у грэкі»

Па шэрагу прычын праект не рэалізавалі. Але да Віцебскага мора вярнуліся ў 1970-1980-я гады ў сувязі з праектаваннем глыбокаводнай транспартнай сістэмы Днепр – Дзвіна – Волга, так бы мовіць, новага варыянта шляху з «варагаў у грэкі».

Інстытут «Белгіправод» па замове Міністэрства воднай гаспадаркі СССР распрацаваў «Схему комплекснага выкарыстання і аховы водных і зямельных рэсурсаў басейна ракі Заходняя Дзвіна». Інстытут «Гідрапраект» імя С.Я. Жука прадставіў некалькі варыянтаў стварэння каскада ГЭС на Заходняй Дзвіне з мэтай павышэння ўзроўню вады і атрымання электрычнасці. Асаблівая ўвага надавалася менавіта Віцебскаму вадасховішчу і стварэнню Віцебскага гідравузла.

Былі распрацаваныя два варыянты: аднаплацінны і дзвюхплацінны.

У аднаплацінным вузел плаваналася збудаваць каля в. Лушчыха. Плошча вадасховішча павінна была быць 49 500 га, поўны аб’ём – 2 км³. Пры гэтым яно дасягала да Веліжа, затопліваючы горад Сураж, па рацэ Каспле да Дзямідава, а па рацэ Усвячы да возера Ардосна і затапляла гарадскi пасёлак Усвяты. Такі лёс чакаў і раку Лужаснянку і яе пойму праз штучныя прорэзі.

Па водападзеле паміж Лужаснянкай і Дзвіной павінны быў прайсці злучальны канал. Па ім воды Лужаснянкі ішлі б у зваротным баку і траплялі у Віцебскае вадасховішча. Возера Вымна ўвайшло б у вадасховішча і перастала б існаваць. Ва Усвяцкім раёне ствараліся дамбы даўжынёй 15 км, неабходныя для прадухілення пераліву вады з Віцебскага вадасховішча ў басейн ракi Ловаць. На Лужаснянцы, ніжэй створу ГЭС, планавалася пабудова вадапад’ёмнай плаціны.

У дзвюхплацінным варыянце ствараліся два руславыя вадасховішчы: Віцебскае і Суражскае. Віцебскае руславое вадасховішча стваралася б падпорным вузлом на Дзвіне вышэй упадзення ракi Лужаснянка (на месцы сучаснага будаўніцтва ГЭС). Плошча люстэрка — 30 км², поўная ёмістасць — 140 млн м³. Суражскае руславое вадасховішча стваралася б падпорным вузлом на Дзвіне вышэй упадзення рэк Касплі і Усвячы. Плошча люстэрка  – 77 км², поўная ёмістасць – 305 млн м³. Пад затапленне ішлі б значныя плошчы сельскагаспадарчых тэрыторый (25 000 га, з іх 10 500 га пашы).

 

«Мора» нясе страты 

Будаўніцтва пацягнула б каласальныя матэрыяльныя выдаткі. Кошт работ па ўтварэнні чашы Віцебскага вадасховішча складаў 105,17 млн руб. (сучасный кошт складае прыблізна 13,3 млрд даляраў ЗША). Такія лічбы ў сярэдзіне 1950-х выглядалі не зусім дарэчнымі ў Беларусі на фоне страшэнных страт у Другой сусветнай вайне. 

Пад затапленне ішлі значныя часткі лясных і сельскагаспадарчых земляў. Гэта нішчыла звычайнае, без перабольшавання, тысячагадовае жыццё чалавека ў гэтых месцах. Пад ваду ішлі 2 гарады і сотні вёсак.

Пры будаўніцтве ГЭС адбывалася змена рэжыма ракі, а разам з ім змены відавога складу флоры і фаўны. Тыповыя рачныя расліны і жывёлы мусілі цалкам знікнуць і саступіць месца азёрным. Верагоднымі станавіліся забалачване некаторай часткі зямель, іх вывад з сельскагаспадарчага абароту.

Пры будаўніцтве «мора» змяняўся ландшафт, адміністрацыйныя і нават рэспубліканскія межы. Некаторыя часткі раёна не мелі б сухапутнай сувязі з БССР, і таму іх меркавалася аддаць у падпарадкаванне РСФСР. Хаця ў межах СССР гэта была, бадай, не найбольшая праблема.

Варта  прыгадаць у нечым падобны і адзін з самых грандыёзных праектаў СССР па павароце сібірскіх рэк на поўдзень у Сярэднюю Азію. Тады планавалася аддаць пад затапленне тэрыторыю, роўную сучаснай Германіі. Для правядзення каналаў меркавалася зрабіць 250 міні-ядзерных выбухаў. Галоўнае – сумнеўная эканамічная выгада арашэння засушлівых зямель і папаўненне Каспія і Арала. Увагу не звярталі на тое, што ў выніку маглі адбыцца глабальныя кліматычныя змены.

Як і паварот сібірскіх рэк, праект па будаўніцтве Віцебскага мора, на шчасце, не быў рэалізаваны. Ці выкарысталі «марскія» высновы пазней? Прынамсі, у 2000-х гадах на Дзвіне распачалі будаўніцтва каскада з 4 ГЭС. Крытыка гэтага праекта вельмі часта супадае з праблемнымі момантамі нерэалізаванага Віцебскага мора.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость