27.11.2015 / 15:11

Не важна, які стыль вы любіце: класічны, мінімалізм, вінтаж, этна ці праванс. Кожны інтэр’ер можна зрабіць бясшкодным для здароўя. Як? “Зялёны партал Гродзеншчыны” паразмаўляў з гарадзенскімі дызайнерамі.

Бажэна Рымарчык і Васіль Юнцэвіч прафесійна дапамагаюць аздабляць жытло і офісы з 2009 году. Яны адзначаюць, што беларусы часцей пачынаюць задумвацца пра бяспечнасць матэрыялаў. Толькі часам гэта становіцца хлебам для несумленных маркетолагаў, які лепяць наклейкі “эка” на таварах, насамрэч далёкіх ад экалогіі.

Мяне здзіўляе тое, што яшчэ год 100 таму жыць на прыродзе, у добрым месцы, у доме з вентыляцыяй – было натуральна, - кажа Васіль. - Сёння купіць шпалеры без фармальдэгідаў – гэта прадмет асаблівага гонару. Экалагічнасць – гэта не нанатэхналогія. Гэта значыць жыць без шкоды для чалавека і навакольнага асяроддзя”.

Мы папрасілі пару расказаць, што значыць экалагічны дызайн у звычайнай гарадской кватэры. Усё ж большасць беларусаў жыве менавіта ў панэльных каробках.

Сцены

Як правіла, у кватэрах бетонныя сцены. Яны не дыхаюць. Пакуль фортку не адкрыеш, па-іншаму кватэру праветрыць нельга. Часам, каб выраўняць паверхню, наносяць грунтоўку: яна герметычная. То бок гэта ўжо ніяк не “эка”.

Калі сцены абшыць драўлянымі панэлямі, то яны лепшымі ад гэтага не стануць. Калі хочаш жыць цалкам экалагічна, трэба будаваць дом.

У кватэрах мы заўжды раім ставіць вентыляцыю.Хаця б у спальных пакоях, каб штораз не адчыняць фортку, але каб свежае паветра паступова паступала. Ёсць праветравальнікі – проста ў дзірку ў сцяну. Кандыцыянеры не праветрываюць памяшканне, але толькі ахалоджваюць паветра, якое ўжо ёсць у пакоі.

Шпалеры падзяляюцца на папяровыя, флізелінавыя, вінілавыя. Апошнія два віды не ва ўсіх вытворцаў не шкодзяць чалавеку. Вініл – вытворнае ад перапрацоўкі пластмасы. Флізелін утрымлівае ў сабе фармальдэгіды, якія выпарваюцца ў пакой. Канешне, у межах нормы, і разам з тым. Найлепшыя – папяровыя шпалеры. Асабліва ў дзіцячы пакой.

Сёння ёсць камышовыя, ліставыя, бамбукавыя шпалеры.

Можна проста пакрыць сцены фарбамі на воднай аснове. Аднак, калі гэта не белы колер, то тады зноў пытанні.

Вы чулі, як пахне фарбавальнік? Калі ён не натуральны. Сёння на рынку можна знайсці фарбы з мінеральнымі фарбавальнікамі.

Таксама важна купіць няшкодны клей, бо інакш сэнсу ад натуральных шпалераў не будзе. Дрэва, гіпс, корак - добрыя матэрыялы для сцен. Можна яшчэ камень, але тут ужо залежыць ад цаны пытання.

Мы вельмі не рэкамендуем выкарыстоўваць вадкія шпалеры. Гэта проста пакет нейкай макухі, крошкі, адыходаў, што клеяцца на сцяну. Іх можна здзіраць і зноў выкастоўваць. Магчыма, яны і экалагічныя ў плане матэрыялаў, аднак яны маюць эфект тканіны, дывана, дзе асядае пыл. Як іх чысціць?

Падлога

Звычайная дошка. Раней яе было прынята фарбаваць у жудасны карычневы колер. Сёння можна купіць прамочванне на аснове воску.

Ламінат – прэсаваны картон з цыратай. Ён ужо не такі добры, як дрэва.

Паркетная дошка-масіў і паркетная дошка інжынерная. Больш здаровая – масіў: яна з цэльнага кавалку дрэва. Ліноліум і ПВХ-панэлі мы ў сваёй практыцы ўвогуле не выкарыстоўваем.

Пах – гэта часцінкі рэчыва, з якога робіцца пакрыццё. З часам ён будзе меней выдзяляцца, але колькі вы яго ўдыхнеце? Керамічная плітка – экалагічны матэрыял. Адно што яна халодная. Прыйдзецца ў тапачках хадзіць ці рабіць ацяпляльную падлогу.

Столь

Нацяжная, падвясная столь у Гродна цяпер вельмі папулярная. Мы не выкарыстоўваем нацяжную: гэта тое самае, што і ліноліум, толькі зверху. Па паху заўжды чуваць, калі ў кватэры нацяжная столь. Калі іх мантуюць, карыстаюцца спецыяльнай награвальнай пушкай. Эфект – як вы кінулі б пластыкавую бутэльку ў вогнішча.

Мы рэкамендуем проста пафарбаваць столь, калі яна няроўная – спачатку падраўняць шпаклёўкай. Ёсць варыянт нацяжных тканевых столяў. Праўда, да Гродна яны яшчэ не дайшлі.

Калі на столі хочацца зрабіць узроўні з падсветкай, лепей купляць гіпсакардон. Гэта прыродны матэрыял, з абодвух бакоў спрэсаваны і аблеплены паперай. Трэшчыны яны даюць, толькі калі няякасна ўсталяваныя ці дом дае ўсадку. Калі хочацца касетоны, то іх можна зрабіць самому з ляпніны.

Асвятленне

Максімальна выкарыстоўваць сонечнае святло дапамогуць паверхні і колеры, якія адбіваюць промні.

З электрычнымі падсветкамі варта не перастарацца: да кожнай лямпачкі будзе ісці правадок. Часам у нас на аб’ектах не працуе компас з-за моцы палёў ад праводкі. Чым яе больш, тым больш выпраменьванняў. А яшчэ вай-фай, мабільныя: у вас, у суседа.

Часта на вокнах сустракаецца: шторы, цюлі і яшчэ жалюзі. Так мы ад пачатку забіраем магчымасць соненага асвятлення. Навошта?

Аднойчы мы зрабілі ў кватэры першага паверху на прахадной вуліцы тканевыя жалюзі: яны закрываюцца не зверху ўніз, а наадварот. Такім чынам людзі і ад цікаўных поглядаў закрыліся, і сонца максімальна атрымліваюць.

Зоны, якія маюць быць максімальна асветленыя, размяшчаем бліжэй да вакна, каб як мага радзей карыстацца электрычнасцю. Мойку на кухні, рабочы стол, туалетны столік – усё перасоўваем да святла. Запомніце, калі будаўнікі кажуць “Гэта немагчыма!”, пашукайце іншых. Можа быць “вельмі цяжка”, а не “немагчыма”.

Экологически безопасное жилье: мифы и реальность

LED-лямпачкі мала спажываюць, аднак трэба ведаць, што яны як лазер: даюць мізэрны спектр святла альбо цёплы, альбо халодны. Міргаюць з частатой 50 Hz, а наша вока ўспрымае 24 кадры. Лямпачка Ільіча не міргае, аднак яна шмат спажывае.

Энергазберагальныя “спіралькі” усярэдзіне маюць іртуць. Мы ўсе баімся разбіць градуснік, але не баімся, калі такая лямпачка перагарае. Да таго ж яна таксама міргае, як LED. Калі чалавек зацікаўлены ў тым, каб менш спажываць, тады лепей ставіць LED. Калі турбуецца за свой зрок, тады Ільіча.

Святло на датчыках, што рэагуюць на рухі ці шчаўчок, можна ставіць у калідорах: там ёсць патрэба ў асвятленні толькі, калі мы ходзім.

Мэбля

Па каментар мы звярнуліся да заснавальніка крамы экалагічнай мэблі Уладзіміра Яроменка:

Трэба разумець, што такая мэбля не з’яўляецца нейкая ацаляльнай, а проста няшкодай, як і ўсе іншыя элементы экадызайну.

Найлепшая – мэбля з масіву. Дуб, ясень лічацца элітнымі матэрыяламі. Яны вельмі цвёрдыя. Сасна – больш танная, прыемна пахне хвояй.

Мэбля з масіву больш даўгавечная і рэстаўраваць яе прасцей. У памяшканнях з такім абсталяваннем не павінна быць перападу тэмператур і вільгаці, бо інакш могуць пайсці трэшчыны. Зручна такую мэблю пакрываць лакам, але я рэкамендую фарбы на воднай аснове.

Як альтэрнатыва – мэблевыя шчыты з масіву. Іх нават самім можна зрабіць.

Міжпакаёвыя дзверы таксама лепей выбіраць з чыстага дрэва. ДСП – гэта апілкі, клей, смала, якія даюць выпарэнні. Пры вібрацыі (калі гэта, напрыклад, ложак) ДСП крышыцца. Калі ў кватэры такіх матэрыялаў многа, гэта дрэнна для здароўя.

Распаўсюджаны матэрыял – шпон. Гэта той жа ДСП, толькі з налепленым на яго слоем дрэва. І яшчэ варта звяртаць увагу, калі толькі фасады мэблі зроблены з масіву, а корпус – ДСП.

Сантэхніка, посуд, тэкстыль

На сантэхніку Бажэна і Васіль рэкамендуюць ставіць фільтры і не забываць мяняць картрыджы. Ачыстка вады мае быць комплеснай: і абеззаражванне, і ад дробных часцінак.

Дываны

Калі купіць сінтэтычныя, то яны будуць не так пэцкацца, лёгка пыласосіцца. Але яны электрызуюцца: ходзіш пастаянна пад зарадам. Нехта верыць, нехта не: электрастатычная напруга ўплывае на працу мабільнікаў, іншых прыстасаванняў. Чалавек – больш складаная сістэма. Напэўна, для нас нядобра “хадзіць пад напругай”.

Таму лепей ад пачатку паклапаціцца пра падлогавае пакрыццё, каб было прыемна хадзіць і не ўзнікла патрэбы ў дыванах. Тое самае з ўсім іншым хатнім тэкстылем: выбіраем натуральнае, каб не электрызавалася.

Тэфлонавае пакрыццё на посудзе з часам знікае … у наш страўнік. Калі такі рондаль ці патэльня падрапаліся – увогуле карыстацца нельга.

З керамічнай палівай – тое самае.

Калі хочаш быць здаровым, трэба паглядзець, што было 150 год таму: чугун.

Эмаліраваныя рондлі. Пры нагрэве з эмаллю адбываюцца розныя хімічныя рэакцыі. Лепей за нержавейку пакуль нічога не прыдумана. Фарба з талерак таксама з часам змываецца, на жаль, у нашу ежу.

І цяпер самае важнае… Псіхалагічны камфорт, без якога вышэй пералічаныя правілы не маюць ніякага плёну. Ментальна мы ўспрымаем колер, прастору, форму, пахі, гукі. Калі чалавек прыходзіць дадому, усё гэта мае рабіць яму прыемнасць. Кожны чалавек можа паставіць у сябе дома расліны. Яны добра ўплываюць на чалавека: прыемна знаходзіцца ў покоі, дзе акрамя цябе, ёсць яшчэ жывыя істоты.

Мы стараемся адвучваць людзей ад тэлевізараў у спальні, у дзіцячых пакоях. Прапануем ставіць, напрыклад, крэсла каля кніжнага стэлажу ці куток для творчасці – гэта матывуе лішні раз заняцца чымсьці прыемным. Бацькі часта сварацца на сваіх дзяцей: “Ідзі, займіся чым-небудзь!” А чым яму заняцца, калі ў ягоным пакоі толькі шафа, ложак і парта?.. Гэта 50% ад экалогіі.

Калі чалавека змясціць у пісьменна абсталяваны здаровы пакой, але ён будзе агрэсіўна настроены – раздражнаючыя ці абсалютна белыя колеры – усё губляе сэнс. Здароўе залежыць не толькі ад экалогіі, але і ад настрою і стрэсаў.

7 шагов навстречу эко-дружественному Новому году
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость