Нашы продкі таксама называлі бульбу «чортавым яблыкам» і бунтавалі супраць гвалтоўнага ўкаранення гэтага iнтрадуцэнта. Бунты былі падушаныя, людзі павешаныя, клубні пасаджаныя. На гэтым сканчаецца эпоха менталітэту Вялікага Княства Літоўскага — актыўнага, ініцыятыўнага, ваяўнічага і самастойнага і пачынаецца эпоха ментальнасці «тутэйшых» і «памяркоўных» бульбашоў Беларусі.
Якім бы фантастычным не падавалася гэта супастаўленне, давайце паспрабуем знайсці тут не выпадковасць, а прычынна-выніковую сувязь.
Еўрапейскі погляд, якi датычыцца ўплыву ежы на псіхіку, адлюстраваў яшчэ Гіпакрат у сваім «вучэнні пра тэмперамент». Характар чалавека, на яго думку, абумоўліваюць «ўнутраныя сокі» — жоўць, кроў і слізь, на якія ўплываюць «знешнія сокі» — ежа і напоі. Лішак слізістай ежы (чытай — бульбы) у рацыёне ўзмацняе флегматычнасць (чытай — памяркоўнасць), ад грэч. φλέγμα [flegma] — слізь.
Задоўга да Гіпакрата падобнай тэорыяй карысталіся егіпецкія жрацы, ужываючы яе для паляпшэння падпарадкавальнасцi рабоў і слуг. Дзеля гэтай жа мэты ў Старажытным Егіпце было вынайдзена піва, якое ўваходзіла ў штодзённы рацыён рабоў. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя і тэма асобнага артыкула.
Вяртаючыся да «бульбянага менталітэту», варта згадаць, што вытокі вучэння пра псіхадэлічны ўплыў ежы вядуць нас яшчэ далей на Ўсход, у Індыю. Старажытныя арыі, якія напісалі Веды, дзялілі ўсе прадукты харчавання на тры катэгорыі: «саттва» — прасвятляе розум, «раджас» — захапляе розум, «тамас» — азмрочвае розум.
Бульба, пра якую індусы нават нічога ня ведалі, як крухмалісты падземны клубень, адносіцца да апошняй катэгорыі — затупляючай.
Нельга сцвярджаць, але можна меркаваць, што ў вялікай Iмперыі інкаў картопля таксама была ежай для рабоў і слуг — янакунаў і піньякунаў, што дазволіла інкам стварыць найбуйнейшую для таго часу піраміду таталітарнай улады. І, магчыма, уладалюбныя еўрапейскія каланізатары ўбачылі ў гэтым адзін з сакрэтаў «сусветнага панавання»: ні адна расліна, ні адна сельскагаспадарчая культура не навязвалася гэтак гвалтоўна і хітра, як бульба.
Прывядзем канкрэтныя гістарычныя прыклады. У Нямеччыне жорсткі прускі кароль Фрыдрых Вільгельм I на пачатку XVIII стагоддзя абвясціў вырошчванне картоплі нацыянальнай абавязкам немцаў і сілай, з дапамогай драгунаў прымушаў саджаць яе.
Вось як пісаў пра гэта нямецкі аграном Эрнст Дучык: «Строгае пакаранне пагражала супраціўцам, а часам даводзілася пагражаць жорсткімі мерамі пакарання, напрыклад адразаннем насоў і вушэй». Далей гэтыя меры распаўсюдзіла на ўсходнеславянскія народы згадваная раней немка Кацярына II, а дакладней, Сафія Аўгуста Фрэдэрыка Ангальт-Цэрбсцкая, пратэжэ якой быў Станіслаў II Аўгуст Панятоўскі…
Астатнія далёка-ідучыя высновы рабіце самі. «Казка — быль, ды ў ёй намёк! Добрым малайцам урок...»