Адкрываўся кірмаш інфармацыйным блокам, на якім наведвальнікі пачулі «жывыя» гісторыі людзей, што прыехалі ў Беларусь з іншых краін. Героі распавялі, з якімі цяжкасцямі ім давялося сутыкнуцца, як было складана ўладкоўвацца на новым месцы і ўжывацца з новымі людзьмі, палюбіць другую краіну як сваю.
«Я мігрант савецкага часу. У мяне не было такіх праблем, якія маюць сёння мігранты ва ўсім свеце. Ды й з'ехаць з Нью-Ёрку быў мой дабраахвотны і ўсвядомлены выбар, а не вымушаны крок», — кажа Джон Росмэн, дырэктар Фонду «Экалагiчны транспарт». Да таго, як перабрацца ў Мінск, ён амаль 20 год пражыў і працаваў у Санкт-Пецярбурзе.
Адваротная жыццёвая сітуацыя склалася ў Валерыі, якая была вымушана пераехаць з Украіны ў Беларусь з-за ваеннага канфлікту. Сёння яна працуе ў маркетынгавай галіне, і жыццё ў Мінску ў цэлым яе задавальняе.
«Адзінае, што з'яўляецца для мяне непад'ёмным, — гэта медыцынскае абслугоўванне, бо прыём да доктара абыходзіцца для мяне ў 400 тысяч беларускіх рублёў. Таней паехаць на Украіну і там прайсці неабходных спецыялістаў», — дадае яна.
На радзіме Камаля, у Судане, яшчэ падчас яго вучобы ў Мінску адбылася грамадзянская вайна, бацькі загінулі, сваякі раз'ехаліся па свеце, так што вяртацца хлопцу, па сутнасці, не было куды і да каго. Таму пасля заканчэння ўніверсітэту ён падаў заяву на атрыманне статусу бежанца і зараз працуе перакладчыкам у ІТ-канторы.
Нягледзячы на ўсе гэтыя жыццёвыя гісторыі, дыскусіі, як такой, не атрымалася, ці то вінаваты тэхнічныя непаладкі, ці то, на жаль, беларусы занадта мала цікавяцца праблемамі мігрантаў.
Паступова сталы пачалі папаўняцца жаночай, мужчынскай і дзіцячай вопраткай, рэчамі і кнігамі. Некаторыя слухачы нават не сталі чакаць канца дыскусіі і рынуліся шукаць сабе штосьці «новае», карыснае і цікавае. Праўда, некалькі чалавек усё ж не надоўга затрымаліся ля тэматычнай фотасушкі.
Па сканчэнні інфармацыйнай часткі распачаўся сам Free Market — дзея, на якую ўласна ўсе і прыйшлі. На працягу трох гадзін да кафэ «Свята», што знаходзіцца ля ляснога масіва ля станцыі метро «Партызанская», шарэнгай цягнуліся людзі з пакетамі рэчаў і без.
Рэчы, якія прыносяцца на бясплатныя кірмашы, рознага кшталту. Гэта можа быць як новая вопратка, так і ўжо бывалая ў спажыванні рэч. Адзінае, пра што просяць арганізатары, — каб усё прынесенае магло быць камусьці карысным.
«Мы хочам, каб людзі з павагай ставіліся да вопраткі і рэчаў, не прыносілі заношаныя, парваныя ці зламаныя, — дадаюць яны. — Free Market — гэта не месца, куды трэба аддаваць усё, што завалялася дома, гэта спосаб утаймаваць свае спажывецкія звычкі, падзяліцца з людзьмі тым, што яшчэ ў добрым і рабочым стане, што ўжо паслужыла вам, але можа яшчэ спатрэбіцца іншым. Такім чынам мы хочам паказаць людзям, што навязаны нам сучасны стыль жыцця, калі тэхніка павінна быць апошняй мадэлі, вопратка новай калекцыі, — гэта лухта».
Дарэчы, усе неразабраныя рэчы таксама атрымоўваюць другое жыццё: вопратка перадаецца ў розныя дабрачынныя арганізацыі, кнігі развозяцца па паліцах букросінгу.
Завяршыўся дзесяты бясплатны кірмаш акустычным канцэртам гурта «Olympic Airlines».
Больш фота глядзіце ў нашай фотагалерэі