27.11.2019 / 13:11

З 18 па 24 лістапада прайшоў чэлендж #7daychallenge, ці #7дзёндляежы. Мы правялі гэты тыдзень разам з Адаркай Шут (Instagram – @yadarka). Яна расказала, што змянілася за гэты тыдзень у харчовых звычках яе сям’і.

Выклік неабыякавым да наваколля кінулі амбасада Швецыі ў Мінску, Цэнтр экалагічных рашэнняў і суполка беларускіх фермераў і гастраэнтузіястаў “Усё сваё”. Яны прапанавалі тыдзень асэнсавана і прыязна адносіцца да ежы і харчовых звычак. Да яго маглі далучыцца ўсе жадаючыя, і асабістыя вынікі гэтага эксперыменту можна паглядзець па хэштэгах #7daychallenge ці #7дзёндляежы.

 

У дэкрэце я задумалася, як правільна ўтылізаваць падгузнікі

Адарка Шут распавяла, што больш экалагічна стала ставіцца да жыцця некалькі гадоў таму. Калі яны з мужам ажаніліся, сталі здаваць макулатуру. Пасля зразумелі, што не так цяжка збіраць пластык і шкло. Але значным стала нараджэнне сына.

“Дагэтуль я шмат працавала з авертаймамі (перапрацоўвала – рэд), і, мне падаецца, увогуле пра свет не дужа думала. Думала пра працу і пра саму сябе. Пры нараджэнні сына з’явілася больш часу. Чамусьці жанчыны здзіўляюцца, але ў дэкрэце ў мяне шмат вольнага часу, я магла адпачыць і падумаць. Першае пытанне, якім я задалася, – гэта як правільна ўтылізаваць падгузкі, бо ў Беларусі раяць проста іх выкідаць у агульнае смецце.

Як больш экалагічны крок – можна паспрабаваць перайсці на шматразовыя. Калі сын трошкі падрос, я стала задавацца пытаннем, куды трапляюць маленькіе слоікі з-пад дзіцячага харчавання.І зразумела, што яны таксама ў Беларусі па санітарных нормах не перавыкарыстоўваюцца. Іх можна здаваць толькі на шклабой. І я літаральна на днях завяла суполкі ў Facebook і ВКонтакте, дзе  дапамагаю матулям знайсці спажыўцоў на такія слоікі”, – кажа Адарка.

 

Варта пачынаць з простага – торбы замест пакета

У сям’і прынята набываць у сваю тару крупы і садавіну. З гароднінай і мясам дапамагаюць бацькі, а гатовую ежу яны прынцыпова не купляюць – Адарка шмат гатуе дома. Звычайна крамы ідуць насустрач і не супраць таго, каб спажыўцы выкарыстоўвалі свае пакункі.

“Мне падаецца, свет мяняецца. Гэта як з беларускай мовай. Калі вы пераходзіце на мову, падаецца, што ўвесь навакольны свет становіцца беларускамоўным. Людзі неяк адзін да аднаго прыцягваюцца,  – адзначае Адарка. – Так і калі вы пачынаеце весці больш экалагічны лад жыцця, то вакол з’яўляюцца людзі, якія накідваюць вам розныя ідэі, якія вас падтрымліваюць і даюць парады, як зірнуць на гэты свет трошкі шырэй і падзяліцца ўласным досведам.

Я думаю, вельмі важна дзяліцца з акружэннем. Фарміраваць вакол сабе кола такіх аднадумцаў. Крута, што ў сям’і мы з мужам дамовіліся і раздзяляем гэтыя прынцыпы. Людзі часам баяцца весці больш экалагічны лад жыцця, бо ім падаецца, што гэта дужа складана. Але, калі вы будзеце менш набываць пакетаў у краме і будзеце насіць з сабой торбу, – гэта ўжо шмат. І варта пачынаць з самага простага”.

 

Дзённік #7дзёндляежы

Дзень № 1. Мэты, пакеты для смецця, кубачкі. Я шукаю людзей з кампостнай ямінай

Мая мэта на сем дзён – звесці да нуля харчовыя адыходы, не дужа мяняючы звыклы рацыён (я гатую для сябе ўсеяднай, мужа-вегетарыянца і аднагадовага сына). Звычайна ядзім сезоннае і мясцовае. Але і тут ёсць, над чым папрацаваць.

На дадзены момант мы выносім адно вядро арганікі кожны дзень, дзе і як набываць малочку без упакоўкі я пакуль не ведаю, але чэлендж, я думаю, пра складаныя выклікі.

Адпаведна, шукаю людзей, якія жывуць пад Мінскам і гадуюць курэй або трымаюць кампоставую яміну. Кааперацыя –  вялікая сіла. Свет, у якім 1/3 усіх прадуктаў выкідваецца, – не мая будучыні. Я яе мяняю.

Што карыстаць замест пакетаў для смецця? Экалагічнага адказу на гэтае пытання няма… Ці ён такі: не ўтвараць смецця.

Сыравінай для вытворчасці біяраскладальных пакетаў з'яўляюцца раслінныя культуры (кукуруза, пшаніца, цукровы трыснёг). Гэта значыць, што вытворчасць пакетаў канкурыруе за сыравіну з вытворчасцю харчавання. Больш за тое: такі “пластык” раскладаецца толькі ў пэўных умовах, якіх, як правіла, няма на нашых сметніках. Для правільнай ўтылізацыі біяраскладальных пакетаў іх трэба кампаставаць.

Аднагадовы сын дужа любіць ёгурты (купляю іх загадзя і шмат – запас у лядоўні атрымаўся значны). Я пакуль не набыла закваску, але дужа хачу паспрабаваць зрабіць ёгурт дома. Пакуль калекцыянірую слоікі з-пад ёгурту, падумаю, як іх можна перавыкарыстаць.

Дарэчы, звяртайце ўвагу на маркіроўку ў трохкутніку на пластыкавай упакоўцы. Прадукцыя з маркіроўкай 1,2,4,5 выкідвайце ў кантэйнер для пластыка (папярэдне змінайце, каб займала менш месца). Пакункі для круп, шакаладу і чыпсаў не перапрацоўваюцца =(

 

Дзень № 2. Гхі, малочка ў сваю тару і заварка, перад якой я пасую

Гхі (ghee) або топленае масла – гэты касмічна дарагі прадукт можна зрабіць у хатніх умовах. Гатуем у мульціварцы – рэжым "тамленне" на тры гадзіны (з 500 грам хатняга масла атрымліваецца 270 грам гхі). Усё не падобнае да вадкага масла зліваем або здымаем, у фінальны прадукт яно не павінна трапіць.

Гхі (з санскрыту) – ачышчанае топленае каровіна масла. Чым яно старэй, тым больш каштоўным з'яўляецца. За час тамлення з яго выдаляюцца шкодныя прымешкі, малочныя бялкі, цукар і вада, затое застаюцца: вітаміны Е, А, незаменныя тлустыя кіслоты. Апроч гэтага, гхі НЕ ўтрымлівае лактозу і бялковы казеін. Адна з галоўных пераваг гхі – яно не гарыць пры смажанні, у адрозненні ад расліннага і сметанковага маслаў, якія пры гарэнні становяцца канцэрагеннымі.

Малочныя прадукты ў сваю тару ў Мінску можна набыць на Камароўцы. Там ёсць рады з "фермерскімі" ці хатнімі сырамі, смятанай, малаком, тварагом. Тут я б ставілася крытычна. Гаспадаркі ж розныя, то і прадукты павінны адрознівацца па смаку, а выглядаюць падазрона падобнымі, і на смак я нічога не зразумела. Магчыма, варта арыентавацца на чэргі, дзе большыя – там прадукт лепшы =) Тлустасць прадукта вам тут не падкажуць, а на смак прадукты, калі прызвычаіліся да крамавых стандартаў, – спецыфічныя.

Сыр ды масла ў вашу тару адрэжуць дзяўчаткі, што стаяць пад банкай глыбоцкай згушчонкі, там і тлустасць паглядзець можна. Але малака, тварагу ды смятаны без пакунка ў іх я не знайшла.

Я спрабавала знайсці альтэрнатыўны варыянты выкарыстання лістоў, што засталіся пасля гарбаты. Лісты гарбаты раяць выкідаць у вазоны, гушчу кавы карыстаць як скраб для цела (але ён трапляе ў вадасцёк). Я пасую... Пакуль выкідаю ў агульнае смецце.

 

Дзень № 3. Слабасалёная сёмга, губкі для мыцця посуду і ежа на падлозе. У мяне пачало торгацца вока

Мы ядзім шмат рыбы, і чырвоную дужа любім, і адмова ад рыбы, нават завезенай (што ўжо неэкалагічна), не зробіць нас больш шчаслівымі. Экалагічных пакункаў для слабасалёнай рыбы я не бачыла, муж прапанаваў прыгатаваць самастойна.

На Камароўцы ёсць John Dory – стылёвае такое месца. Набыць рыбную свежыну можна ў сваю тару. Мужчыны за прылаўкам троху ўпіраліся і пра санітарныя нормы распавядалі, але ў канцы пагадзіліся не заварочваць усё ў пакеты.

Рэцэпт зусім просты: рыбу мыем, солім, цукруем, дадаём спецыі і ставім у холад пад нешта цяжкае на 12-24 гадзіны (залежыць ад таўшчыні рыбы). Усё, пасля рыбу абмываем ад лішняй солі-цукру, сушым і захоўваем у лядоўні.

Паколькі пластык мы збіраем асобна і здаём у перапрацоўку, яго атрымліваецца няшмат, а вось маё нястрыманае жаданне мяняць губкі для посуду кожны тыдзень прыводзіць да іх катастрафічных аб'ёмаў у выкінутым смецці. Яны не перапрацоўваюцца, а пасля раскладання ўтвараюць мікрапластык...

Замест паралонавых памочнікаў можна ўзяць на губкі з люфы або цэлюлозы, пасля выкарыстання іх можна кампасціраваць або выкідваць у кантэйнер для агульнага смецця – яны перагніюць. Яшчэ б папяровыя ручнікі з кухні прыбраць. Яны трымаюць тут пазіцыі надзейна. Вось цікава, што больш экалагічна – карыстацца папяровымі ці рэгулярна праць ручнікі з бавоўны і ільну?

Як апынулася, асобнае вядро, у якое я стала збіраць астаткі ежы, займае не паўкватэры і дыскамфорту пад ракавінай не выклікае. Але выкідваць ежы на гэтым тыдні экалагічнага чэленджу мы сталі сапраўды менш. Кашы за сынам я даядаю. Вось толькі паўтарагадовае дзіця выпрабоўвае маму і пачынае раскідваць ежу на падлогу. З падлогі есці не дужа прыемна... У мяне пачало торгацца вока, і вытрымка падводзіць. Як даводзіць маленькаму эколагу, што раскідваць ежу нельга? Толькі ў мяне такі свавольнік расце?

 

Дзень № 4. Фрытата, ссабойкі і першая перамога – ёгурт у хатніх умовах!

Традыцыйны італьянскі амлет мы гатуем з фасоляй. Раней я хутка адкрывала банку кансерваванай і не дужа заганялася, што пасля адбываецца з гэтай банкай на сметніку. Цяпер фасолю прыйшлося замочваць за суткі і ставіць варыцца ноччу. Але, калі планаваць рацыён на дзень загадзя, ахвяры не такія вялікія.

Кожны ранак у нас пачынаецца з сінергетычных збораў: сын раскідвае цацкі, муж гатуе сняданак, а я яму з сабою абед. Хоць бывае па-рознаму.

Для супоў карыстаемся тэрмакубкам. Для другой ежы – пластыкавымі кантэйнерамі. Дужа важна, каб посуд для ссабоек быў бяспечным. Звяртайце ўвагу на маркіроўкі:

1) келіх + відэлец – пластык можна карыстаць для ежы, ён не таксічны;

2) від пластыка павінен быць «ПП», «PP» ці «5» – ён лічыцца бяспечным;

3) для нагрэву ў мікрахвалёўцы лепш карыстаць звычайны посуд, але калі ў кантэйнеры зручней, то там павінны быць абазначэнні "СВЧ-печка" ці шкала тэмператур.

Нарэшце, дзялюся першай перамогай: гатаваць ёгурт у хатніх умовах нават без мульціваркі і ёгуртніцы – зусім простая справа! Закваска прадаецца ў краме ў аддзеле з малочкай. Інструкцыі могуць адрознівацца, я проста закіпяціла хатняе малако, астудзіла да тэмпературы цела, дадала закваску і на шэсць гадзін накрыла коўдрай. Пасля перанесла ў лядоўню, і сын, калі пераліць ёгурт у слоікі, да якіх ён прызвычаіўся, пагаджаецца гэта есці. Гэта перамога, я лічу.

 

Дзень № 5. Кантэйнеры для асобнага збору смецця і гендар. Экалогія турбуе жанчыш больш?

Заўважылі з сынам, што машына, якая абслугоўвае наш дом, выгружае ўсе кантэйнеры (папера, пластык, шкло) адначасова ў адзін прычэп. Які ж тут сэнс у асобным зборы?

Сэнс ёсць. Проста беларусы яшчэ не дастаткова добра спраўляюцца з гэтай задачай... Цяпер такія адыходы трапляюць на агульную сартавальную стужку, дзе іх разбіраюць па катэгорыях. А вось змешваць агульнае смецце з тым, што павінна трапіць на перапрацоўку, забаронена на заканадаўчым узроўні.

Дужа раю чат-бот @EcoideaBot у Telegram. Задаяце пытанні пра рознае смецце, што з'яўляецца дома, і вам адказвае штучны інтэлект =) І прыемна, і карысна, і пагаварыць ёсць з кім, калі адчуваеце сябе самотна.

Падчас #7dayschallenge наведала саміт WED. На дне жаночага прадпрымальніцтва, апроч усяго, гаварылі і пра этычную ды экалагічную вытворчасць Sun and Co.

Я вось якім пытаннем стала задавацца: а чаму тэма экалогіі так моцна турбуе жанчын і так рэдка падымаецца мужчынамі ў паўсядзённым жыцці? Вы проста праглядзіце ўсе пасты пад хэштэгам #7дзёндляежы.  

Дзень Ноч № 6. Ранішнія кашкі, грынвошынг і аб тым, куды я спяшаюся

Мне пашанцавала: у нашай сям'і ўсе любяць ранішнія кашы: кукурузную, з проса, рысавую, грэцкую і асабліва аўсяную ў аўтарстве мужа. Мы нават думалі сямейны рэстаранчык адкрыць, дзе б кармілі мінчукоў толькі аўсянай кашай. Сакрэт у спецыях, я лічу =) Мы дадаем: кардамон, цынамон, какосавую стружку, кунжут, семачкі, абавязкова разынкі і фінікі замест цукру, а яшчэ банан. Гатуем на малацэ і ўжываем нямала сметанковага масла.

Грынвошынг –  экалагічнае пазіцыянаванне кампаніі, тавару або паслугі без дастатковых для гэтага падстаў, што ўводзіць пакупнікоў у зман, а яшчэ падрывае рэпутацыю сапраўды экалагічных тавараў. Калі амерыканцы на "зялёную" рэкламу рэагуюць не больш, чым на маркетынгавы ход, то каля 70 % беларусаў гатовы пераплачваць за пацверджаную натуральнасць прадукта. Вялікая спакуса злоўжываць...

І як цяпер жыць? Мая парада – уважліва чытаць склад прадуктаў, а не толькі звяртаць увагу на самыя зялёныя па колеру ўпакоўкі ці налепкі "Без ГМО". А яшчэ дужа пацяшаюць агульныя надпісы: "Натуральна", "Green" (мыш'як, дарэчы, таксама натуральны, але наўрад ці вы хацелі б бачыць яго ў складзе сваёй ежы). Будзьце кемлівымі, свядома абірайце прадукты, калі хочаце праверыць экалагічнасць прадукту – пашукайце сертыфікаты з пацвярджэннем.

***

Міжнародны рух слоўфуд не зусім пра павольнае харчаванне – гэта процівага фаст-фудам. Рух за захаванне разнастайнасці ежы і ўнікальных прадуктаў і рэцэптаў кожнага рэгіёна і краіны. У Беларусі такія актывісты ё.

Я пра іншы свой боль... Калі ў памкненні хутка прыгатаваць сняданак мужу, абед сыну і сабрацца на канферэнцыю самой я перасаліла дзве стравы і зрабіла ежу неядомай для любімых людзей, у мяне ўсплыў тэрмін slowlife. У памкненні паспець усё я перастаю атрымліваць асалоду ад жыцця. Чарговы раз узнікаюць думкі пра медытацыю... У гэтым свеце ўсё зрабілі да мяне. І куды я спяшаюся? Самы шчаслівы момант – цяпер. І так, у сальніцы трэба заклеіць пару дзірак...

 

Дзень № 7. Вынік – літр смецця, астатняе адвезлі курам

Атрымалася, што за тыдзень мы выкінулі менш за літр нейкага неперапрацавальнага смецця.  А ўсё астатняе адвезлі курам – і яны былі шчаслівыя. Але я разумею, што большасць беларусаў такога рабіць не будуць: або не маюць да каго вывезці арганіку, або палічаць нязручным трымаць яе дома працяглы час.

У нас быў чат падтрымкі на гэты тыдзень, дзе людзі, якія жывуць пад Мінскам, прапанавалі прымаць гэтыя ачысткі. Тобок варыянты ёсць, але я разумею, што гэта не зусім мэтазгодна: ёсць нейкая нязручнасць кожны тыдзень ездзіць па-за межы горада. Можна гэтыя ачысткі марозіць.

Рабіць дома кампост – яшчэ адна ідэя для тых, у каго моцныя нервы і вялікая кватэра. Але мне падаецца, што яна нежыццяздольная ў вялікіх аб'ёмах і сучасных гарадах. А вось усталяваць такія агульныя кантэйнеры для кампосту з абслугоўваннем у дварах ці пад'ездах дамоў – слушна.

Раней я думала, што арганіка ў адыходах – гэта не дужа кепска, бо яно ж перагнівае. А атрымалася, што ўсё закопваюць амаль у пластык, які мы выкідаем. Таму я пачала гатаваць маленькімі порцыямі. У мяне з’явілася ідэя завесці свой агародзік на падаконніку, каб там расла гародніна, дробная зеляніна круглы год. Проста гэтага хочацца, а купляць не дужа зручна.

Па выніках #7дзёндляежы ў мяне нарадзіліся такія думкі:

  • быць экалагічным у Менску месцамі даражэй для сямейнага бюджэту і амаль заўжды нязручна (тут куча ідэя для бізнесу);
  • пра экалогію людзі задумваюцца, калі базавыя патрэбы закрытыя: ёсць што паесці, яны ў бяспецы і здаровыя. Калі беларусы змагаюцца за выжыванне ад зарплаты да авансу, пра лёс планеты яны думаць не пачнуць;
  • звычкі фарміруюцца паступова, сёння вы набылі першы раз прадукты ў сваю экалагічную торбу, заўтра вырашылі, што пакет для збору паперы і пластыку не дужа замінаюць вам на кухні, а пасля адкрылі экалагічны бізнес.

Каб стаць больш экалагічным, трэба знайсці нейкі баланс, каб гэта прыносіла задавальненне і радасць. Бо, калі вы, умоўна кажучы, будзеце ўвесь дзень гатаваць, наўрад ці зможаце сучасны лад жыцця, які патрабуе шмат часу на іншыя рэчы.

Быць экалагічным пяць хвілін у дзень – гэта ўжо значна лепш.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость