- За апошнія некалькі гадоў Беларусь можа пахваліцца актыўным развіццём веласіпеднага руху і інфраструктурай, якая паступова падцягваецца пад патрэбы веласіпедыстаў. Але разам з гэтым узрастаюць і рызыкі, якія звязаны з крадзяжом і пашкоджаннем веласіпеда, а таксама нанясеннем шкоды здароўю удзельнікаў дарожнага руху. Так, па дадзеных Міністэрства ўнутраніх спраў, за 2014 год толькі ў Мінску было здзейснена 833 велакрадзяжы, за 2015 год — 700, на пачатак бягучага года зафіксавана больш 25 такіх выпадкаў.
Вядома, што бяспека і захаванасць веласіпеда — клопат самаго ўладальніка. З элементарнымі правіламі, якія могуць прадухіліць рабаванне, можна пазнаёміцца на сайце Грамадскай арганізацыі «Мінскае роварнае таварыства». Аднак неабыякавымі да новага выкліку сталі і дзве беларускія страхавыя фірмы — «Белдзяржстрах» і «Белнафтастрах», якія з 2015 года прапануюць грамадзянам на дабраахвотнай аснове засцерагчы свае веласіпеды і здароўе ад няшчасных выпадкаў.
Па словах Андрэя Капусты, начальніка ўпраўлення страхавання маёмасных інтарэсаў грамадзян «Белдзяржстраха», прапанова сапраўды з'яўляецца ўнікальнай на рынку страхавых паслуг, бо носіць комплексны характар, прапануючы маёмаснае, медыцынскае страхаванне і разам з тым страхаванне адказнасці веласіпедыста на выпадак нанясення шкоды маёмасці, жыццю і здароўю трэціх асоб.
«Засцерагчы веласіпед можна было і раней, у нас існавала такая паслуга, але ва ўрэзаным выглядзе, калі двухколавы транспарт страхаваўся ў агульнай масе прадметаў хатняй маёмасці і дзейнічала страхоўка толькі па канкрэтнаму адрасу. Найбольшую актуальнасць гэта мела для прыватных дамоў і сельскай мясцовасці», — падкрэслівае ён.
Аднак з вясны 2015 года паслугі ад «Белдзяржстраха» на страхаванне бяспекі веласіпедыстаў і ад «Белнафтастраха» на страхаванне рызык велааматараў распаўсюджваюцца на тэрыторыю ўсёй Рэспублікі Беларусь. Прычым застрахаваць можна любы веласіпед: новы і былы ва ўжыванні, дарослы і падлеткавы, у арыгінальнай камплектацыі і пасля цюнінгу. Адзінай умовай ад «Белнафтастраха» з'яўляецца тое, што транспартны сродак не павінны быць старэй за 10 год. Вядома, чым даражэй веласіпед, тым сума страхавога ўзносу будзе большай.
«Калі чалавек толькі набыў веласіпед і жадае яго застрахаваць, то мы гэта робім па цане, што ўказана ў чэку. Прычым дакументы, якія падцвярджаюць кошт, дзейнічаюць на працягу года. Гэта значыць, што кліент, які набыў веласіпед у красавіку 2015 года, застрахуе яго зараз па цане, якую ён тады заплаціў. Калі ж веласіпед не новы, мы звяраем яго рыначны кошт на дзень страхавання. Бывае, што некаторыя мадэлі ўжо знялі з вытворчасці і не прадаюць. У такім выпадку мы шукаем блізкія па камплектацыі і на дамоўнай аснове ў індывідуальным парадку вызначаем суму страхавога ўзносу», — кажа Вольга Лукшыц, страхавы агент кампаніі «Белнафтастрах».
Акрамя гэтага, «Белнафтастрах» улічвае ўдасканаленні веласіпеда, якія ўладальнік мог зрабіць. Атрымоўваецца, калі першапачатковая камплектацыя была адна, а затым ўладальнік паставіў, напрыклад, новыя пераключальнікі, якія каштуюць даражэй за арыгінальныя, то розніца будзе ўлічана і дададзена да кошту ровара пры яго страхаванні.
Як атрымаць выплату?
Сістэма працуе па стандартнай схеме любога страхавання, а менавіта з зафіксаванымі спецыяльнымі органамі няшчаснымі выпадкамі.
«Як толькі ўладальнік выявіў, што яго веласіпед скрадзены, яму неадкладна трэба звярнуцца ў міліцыю, дзе ў сваю чаргу павінны правесці расследаванне па ўсіх абставінах справы. І мы будзем працаваць ужо непасрэдна з дакументамі дадзенага органа», — тлумачыць Вольга Лукшыц.
«Адпаведна, калі здарыўся няшчасны выпадак і пацярпеў сам веласіпедыст, павінна быць дакументальнае падцверджанне ад медыцынскай установы аб нанесенай здароўю шкодзе», — дадае Андрэй Капуста.
Зразумела, што за пашкоджанне транспартнага сродку будзе выплачаны той працэнт, які вызначыць спецыяліст страхавой фірмы пасля ацэнкі ступені нанесенай шкоды. Калі ж веласіпед прападае цалкам, то пакрываецца ўся заяўленая ў дагаворы сума. Аднак калі ўладальніку вярнулі транспартны сродак пасля таго, як ён атрымаў грошы ад кампаніі, чалавек абавязаны на працягу 7 працоўных дзён у «Белдзяржстраху» і 10 — у «Белнафтастраху» вярнуць усю суму. Выключэннем стануць выпадкі, калі веласіпед патрабуе рамонту. Тады са страхавой выплаты вылічваецца сума, неабходная на рамонт.
Неабходна памятаць таксама, што не ва ўсіх выпадках можна атрымаць выплату па страхоўцы. Так, напрыклад, веласіпедыст не атрымае фінансавага пакрыцця, калі падчас здарэння, пры якім нанесена шкода транспартнаму сродку, здароўю ці пацярпелі трэція асобы, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап'янення. У «Белдзяржстраху» таксама папярэджваюць, што пры здзяйсненні наўмысных супрацьпраўных дзеянняў шанс атрымаць выплату раўняецца нулю. У сваю чаргу ў «Белнафтастраху» не з'яўляюцца страхавымі выпадкамі пашкоджанні лакафарбавых пакрыццяў, калі гэта не прыводзіць да дэфармацыі і не патрабуе глабальнага рамонту веласіпеда, а таксама пашкоджанне элементаў, якія нясуць абарончую ці дэкаратыўную функцыю, пры захаванні іх эксплуатацыйных характарыстык. Акрамя гэтага, не варта спадзявацца на пакрыццё шкоды веласіпедыстам, што ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах, велагонках ці займаюцца экстрымальнымі відамі спорту, як і пры нанясенні пашкоджанняў пры масавых беспарадках і іншае. У сітуацыі, калі веласіпед скралі ў месцы агульнага карыстання і пры гэтым ён не быў замацаваны да стацыянарнага аб'екта замком ці ланцугом з замыкальнай прыладай, разлічваць на выплату не даводзіцца таксама.
Больша падрабязна пра ўмовы страхавання можна даведацца непасрэдна ў спецыялістаў страхавых фірм «Белдзяржстрах» і «Белнафтастрах».