Экашкола першага ўзроўню: як выхоўваюцца super-экалагічныя актывісты

На мінулых выхадных пад Мінскам прайшоў чарговы трэнінг першага ўзроўню Школы экалагічнага актывіста для тых, хто зацікаўлены ў развіцці «зялёнага» руху ў Беларусі і ў рэалізацыі сваіх ідэй і праектаў.

28.05.2015 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Школа экалагічнага актывіста — бадай што адна з нямногіх магчымасцяў у галіне нефармальнай адукацыі, каб павысіць узровень ведаў у сферы абароны сваіх правоў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Яна дапамагае далучыцца да «зялёнага» руху ці знайсці паплечнікаў і аднадумцаў для вырашэння актуальных праблем на індывідуальным узроўні. З гэтай мэтай трэнінгі першага ўзроўню Школы распрацаваны такім чынам, каб не толькі пазнаёміць удзельнікаў з грамадскімі экалагічнымі арганізацыямі і накірункамі іх дзейнасці, але і з такім базавым паняццем, як экаактывізм, асновамі, на якіх ён базуецца. Яна дапамагае таксама распрацаваць метады, якімі могуць карыстацца актывісты ў сваёй дзейнасці, прывіць разуменне адказнасці, якую бярэ на сябе кожны чалавек, і раз'яднаць сферы ўплыву паміж дзяржавай, супольнасцямі і індывідам. Акрамя гэтага, удзельнікі маюць магчымасць заняцца распрацоўкай алгарытмаў для вырашэння канкрэтных гарадскіх ці прыродных праблем.

І, нягледзячы на тое, што заняткі ўсё ж разлічаныя на пачаткоўцаў, на гэты раз у мінскую групу трапілі людзі, які ўжо маюць уласны досвед у ахове навакольнага асяроддзя, сваімі сіламі ладзяць акцыі і мерапрыемствы.

«Мяне хвалявала пытанне са смеццем. Кожны дзень я выходзіў на прабежку і бачыў вакол сябе горы адходаў. Я пачаў браць з сабой пакет і збіраць у яго смецце. У канцы прабежкі ў мяне атрымоўвалася велізарны мех, — распавядае адзін са «школьнікаў» Павел. — Затым я падзяліўся праблемай са сваімі сябрамі, і адзін з іх мне параіў прайсці Школу экалагічнага актывіста, якая можа дапамагчы вызначыцца з рашэннем многіх хвалюючых мяне праблем у экалагічнай сферы. Бо мяне цікавіць гэта тэма, цікавіць пераход да экапрыязнага ладу жыцця».

Павел адзначыў, што якраз розныя падыходы і веды ўдзельнікаў па пытаннях, якія закраналіся на трэнінгу, розная манера падачы інфармацыі спікерамі і частыя дыскусіі, дапамаглі яму вызначыцца са сваёй пазіцыяй, указалі на слабыя месцы, і над чым варта яшчэ папрацаваць, каб удасканаліць сябе.

«Але асаблівае ўражанне на мяне зрабіў фільм «Гісторыя рэчаў». Думаю, што і далей буду шукаць такія відэа. Уразіў і занятак па вылічванню свайго экаследу: атрымалася, што мне патрэбна дзве планеты, ёсць, над чым падумаць, і правесці работу над памылкамі, — дадае ён. — Трэба пачаць з сябе і хаця б дома, у сям'і сартыраваць смецце, аддаваць непатрэбную вопратку ў спецыяльныя арганізацыі, прымаць удзел у мерапремствах, валанцёрскіх праграмах, Клубе ШЭА. Планую і далей заняцца тэмай смецця, бо яна мяне найбольш хвалюе. Кажуць жа, што Мінск — вельмі чысты горад, але гэта стэрэатып: пад нагамі ў нас горы бруду».

Неабыякавым да праблемы смецця і яго раздзельнага збору аказаўся яшчэ адзін удзельнік — Раман, які разам са сваімі сябрамі не першы год прыбірае лесапаркавыя тэрыторыі ў родным Віцебску. Іх не задавальняе тое, што смецце ўсё роўна трапляе на звалкі, бо ўзровень сартыроўкі, не кажучы ўжо пра перапрацоўку, у нашай краіне нізкі.

«На трэнінгу мне было цікава назіраць за людзьмі, за іх паводзінамі, узаемадзеяннем адзін з адным, за тым, што яны кажуць, бо гэта першае мерапрыемства такога кшталту для мяне. Карысным я лічу «Дапаможнік "Зялёнага дазору"», які мы атрымалі і дзе пакрокава распісаны дзеянні, у каго прасіць дапамогі, а каго напружыць па вырашэнню праблем з навакольным асяроддзем», — кажа ён.

Пасля Школы Раман хоча рэалізаваць праект па раздзельнаму збору смецця ў сваім пад'ездзе, бо лічыць, што ўсе вялікія справы павінны пачынацца з невялікіх лакальных дзеянняў. А калі ўсё атрымаецца, то рабіць яго ў большым маштабе — гарадскім.

Наступная ўдзельніца, Таццяна, вырашыла прыняць удзел у Школе экаактывіста праз вострае разуменне важнасці экалагічных праблем у сваім жыцці.

«Мне вельмі спадабаліся людзі, трэнеры. Мне спадабалася, што ў нас пастаянна былі абмеркаванні, спрэчкі і дыскусіі на працягу гэтых дзвух дзён. Бо менавіта праз такія стасункі з'яўляецца новае бачанне, праз якое можна штосьці прыдумаць і да чагосьці прыйсці, — падкрэслілвае яна. — Былі выдатныя трэнеры, якія накіроўвалі нас».

У Таццяны ўжо ёсць задумка будучага праекта, які датычыцца гарадской экалогіі — культуры выгулу сабак і праблемы беcпрытульных жывёл. Таксама яе зацікавіла ідэя з экаграфіці, да якой яна не супраць далучыцца і падзяліцца карыснымі кантактамі з тымі людзьмі, хто возьмецца за гэты праект.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Дневник участницы Школы экологического активиста. Часть первая

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.05.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.