Танчым экалагічна!

У Любанскім раёне 9-12 ліпеня пройдзе летнік традыцыйнай культуры “Пятровіца”, а напярэдадні – цэлы дзень танцавальнага інтэнсіву для пачаткоўцаў. Падавалася б, да чаго тут экалогія?

Тлумачыць галоўная арганізатарка Настасся Кухарэнка.

– Удзельнікі “Пятровіцы” жывуць у вёсцы, спяць ці ў намётах, ці на сенавале. Людзі больш, чым у горадзе, звяртаюць увагу на прыроду, сутыкаюцца з ёй шчыльней, бачаць тое смецце, што застаецца ад дзейнасці летніка. У іх узнікаюць пытанні кшталту “Куды мне выкінуць пластыкавую бутэльку?”

У вёсцы няма сменіц на кожным кроку і даводзіцца думаць. Таму ўдзельнікі летніку пачынаюць узважваць свой уплыў на прыроду. У прынцыпе, амаль любы чалавек, што прыязджае ў вёску, пачынае сартаваць смецце.

Другі аспект – стаўленне да раслін. Напрыклад, дзяўчаты плятуць вянкі для ўдзелу ў Пятроўскім фэсце 12 ліпеня. І вось сустракаюць рэдкую кветку і думаюць, ці варта яе зрываць. Праўда, для гэтага трэба ўжо мець пэўны ўзровень ведаў, ці каб нехта распавёў.

Вольга, Кацярына і дуб. Фота - А. Мікус

Усё наша харчаванне на летніку – вельмі простае і натуральнае. У нас інтэнсіўная праграма: могуць быць за адзін дзень шэсць гадзін танцаў, і спевы, і вандроўкі… Але людзям хапае гэтай простай, без штучных дадаткаў, ежы. Прынамсі, прэтэнзій не было.

Адна дзяўчына казала, што звычайна ў горадзе есць шмат салодкага, а тут дзякуючы здароваму харчаванню, ужыванню ягад, ёй нават не хацелася зайсці ў краму па марозіва.

Калі мы ездзім у госці да фальклорных гуртоў, і яны нас частуюць – гэта прыклад, як з простых прадуктаў гатаваць хутка і смачна.

У вёсцы Жораўка пякуць хлеб у печцы. Для сучаснага гараджаніна гэта далікатэс, з крамным хлебам не параўнаць!

Ірына Жудрык вучылася хлебапячэнню ад старэйшых жанчын сваёй сям’і. Нават заснавала клуб традыцыйнага хлебапекарства “Кулідка”.

Людзі прыязджаюць на летнік з горада і разумеюць, што пачынаюць дыхаць. Паветра іншае! Пачынаюць глядзець вакол, заўважаюць траву, дрэвы – тое, на чым у горадзе не акцэнтуюць увагі. Узгадваюць азы традыцыйнага лекарства, кшталту прыкладвання трыпутніка да дробных ранак.

Сёлета другім разам будзем рабіць зёлкавы фэст, калі жанчыны з Любаншчыны будуць дзяліцца вопытам ужывання зёлак, рэцэптамі.

Таня і  Алесь. Фота - А. Мікус

Агулам танцы, фізічныя нагрузкі – гэта больш экалагічны лад жыцця, чым сідзячы офісны, калі мы разумеем экалогію шырока.

У праграме ў нас таксама спевы, развіццё натуральнага голасу. Гэта сугучнасць з прыродай і лад з сабой. Летась развучылі дзіцячы карагод са спевамі, і калі яго вадзілі, скончыўся дождж!

Сёлета “Пятровіца” пройдзе ўжо восьмым разам, апошнія чатыры гады – даволі прахалоднае надвор’е. Гэта таксама экалагічны квэст для людзей – выжыць пад дажджом і ветрам, хаця мы, канечне, не зусім у паходных умовах, не ў голым полі. Для тых, хто нячаста выбіраецца на прыроду, гэта light-версія. Калі мы з’язджаем з базы на цэлы дзень, таксама трэба думаць, што ўзяць з сабой, а раптам памяняецца надвор’е…

Пакуль невялікую частку фэсту займаюць рамёствы. Сёлета ў праграме толькі адзін майстар-клас, 12 ліпеня Вольга Бабурына будзе вучць выцінанцы. Таксама плануецца дэманстрацыя і продаж гатовых рамесных вырабаў.

У традыцыйных рамёствах выкарыстоўваюцца экалагічныя ці другасныя матэрыялы. Напрыклад, у вёсцы Жораўка ё хата, цалкам абклеенная замест шпалераў… размаляванымі выцінанкамі з газет.

У пасляваенныя гады на Любаншчыне часта так упрыгожвалі хаты. У 2015 г. супрацоўніца Акадэміі навук, мастацтвазнаўца Ірына Смірнова разам з любанскім даследчыкам традыцыйнай культуры Сяргеем Выскваркам і з дапамогай удзельнікаў “Пятровіцы” рэканструявалі гэту практыку.

Глыбоцкія крыніцы. Фота - А. Мікус

У праграме “Пятровіцы” сёлета – развучванне (а для кагосьці паўтор) традыцыйнай “Любанскай дзясяткі танцаў”, навучанне дробнай польцы і сольным танцам, дэгустацыя традыцыйных страў, трэніроўкі голасу і навучанне спевам.

Спеўныя заняткі для жанчын праводзіць Вольга Емельянчык, кіраўніца полацкага пост-фальклорнага гурта “Варган”, а мужчын вучыць носьбіт спеўнай традыцыі Уладзімір Ціханоўскі, які нарадзіўся на Мсціслаўшчыне, а цяпер жыве ў Любанскім раёне.

Яшчэ можна будзе навучыцца жаць сярпом, касіць касой, пазнаёміцца з фальклорнымі гуртамі раёна, паглядзець відэапрэзентацыю “Беспечальнае мастацтва. Маляваныя дываны Паўла Марціновіча” пра мясцовага прадстаўніка наіўнага мастацтва. Кульмінацыяй стане Пятроўскі фэст 12 ліпеня.

Гэты дзень у праваслаўным календары прысвечаны святым Пятру і Паўлу, ім сканчваўся пост, што зваўся “Пятровіца” (ад яго і атрымала назву ўсё мерапрыемства). Даўней у Шыпілавічах 12 ліпеня праходзіў гасцявы кірмаш: да гаспадароў з’язджаліся родныя і сябры з іншых вёсак.

Потым ужо шыпілаўцы праведвалі блізкіх людзей у іншых сёлах на чарговае свята (кожны населены пункт меў такі кірмаш, звычайна ў прастольнае свята – дзень святога, у гонар якога была асвечана мясцовая царква, калі яна была). Падрабязны расклад “Пятровіцы” – тут.

Перад асноўнай праграмай, 8 ліпеня, пройдзе танцавальны інтэнсіў для пачаткоўцаў. Цешыць, што на Пятровіцу прыязджаюць часта ўжо спрынтыя і вопытныя танцоры. Але нам вельмі прыемна, што людзі наважваюцца прыехаць на фэст і для таго, каб пачаць танцаваць. 8 ліпеня ўсё навучанне будзе скіравана на пачаткоўцаў.

Мы чакаем тых, хто па нейкіх прычынах яшчэ не зрабіў свой першы трохкрок у свет танцаў; тых, хто вельмі хоча вальней пачувацца на танцавальных вечарынках; тых, каму трэба “ўтаптаць трохкрок” і “дакружыць вальс”; тых, хто мае пытанні, датычныя танцаў і вечарынак; аматараў актыўнага, вельмі актыўнага, адпачынку.

Больш пра інтэнсіў для пачаткоўцаў тут.

Для ўдзелу ў летніку пажадана зарэгістравацца да 1 ліпеня. Заяўкі, што паступяць пазней, будуць разглядацца пры наяўнасці вольных месцаў.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.06.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.