VeganFood: Летні ласунак — запечаны мікс з гародніны

Лета шчодра адорвае сваімі скарбамі, на кірмашах і паліцах крам ужо можна знайсці маладую гародніну: бурачкі, моркву, бульбу. Праект «VeganFood» прапануе рэцэпт для аматараў яркіх міксаў.

28.07.2017 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Асноўнымі інгрэдыентамі стравы будуць бульба, морква, цыбуля і буракі.

Дарэчы, у бурака даволі шырокі спіс карысных уласцівасцей. Гэты карняплод не толькі першы «ачышчальнік» арганізма, ён дапамагае рэгуляваць тлушчавы абмен, спрыяе лячэнню гіпертаніі. Бурак неабходны ў рацыёне цяжарных, асабліва на стадыі планавання дзіця і ў пачатку цяжарнасці, бо ў склад гародніны ўваходзіць фоліевая кіслата, патрэбная для фарміравання нервовай сістэмы плода. Карысны бурак і пры захворваннях шчытападобнай залозы з-за дэфіцыту ёду.

Аднак з гэтай гароднінай неабходна быць асцярожнымі тым, хто хварэе на цукровы дыябет, астэапароз, мачакаменнай хваробай.

Дадатковымі інгрыдыентамі можа быць ваша любімая гародніна: балгарскі перац, кабачкі, баклажаны, капуста, памідоры.

 

Для міксу нам спатрэбяцца:

  • 5-6 невялікіх бульбін;

  • 2 невялікія морквіны;

  • 2 цыбуліны;

  • 2-3 бурачкі;

  • 1/4 качаны капусты;

  • 1 памідор;

  • 3-4 зубчыка часнаку;

  • соль і прыправы па смаку.

Гародніну добра мыем і чысцім. Дробна наразаем цыбулю і капусту, а бульбу, буракі і моркву — скрылькамі сярэдняй таўшчыні. Расціскаем зубчыкі часнаку — ён надась страве водару.

УВАГА: дробную маладую бульбу можна не чысціць і не наразаць, а добра прамыць вадой ад пяску.

Усё закідваем у спецыяльную форму для запякання, перамешваем, солім, дадаем прыправы і крыху паліваем алеем.

У гэты ж час уключаем награвацца духоўку — на 200 градусаў.

Затым накрываем наш мікс фальгой, ставім у духоўку і змяншаем тэмпературу да 180 градусаў. Такім чынам запякаем хвілін 40.

Важна, каб прапякліся бульба і бурачкі. Калі яны будуць мяккімі, можна выключаць духоўку, а ў саму страву дадаць скрылькамі нарэзаны памідор, накрыць фальгой і яшчэ даць колькі часу пастаяць у цёплай духоўцы.

Пры поўнай гатоўнасці раскладваем мікс па талерках і частуем сяброў. Не забывайце, што да стравы можна дадаць разнастайныя соўсы і зрабіць яе пікантнай ці пасыпаць зверху маладой зелянінай, што асвяжыць порцыю.

Смачна есці!

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.07.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.