“Тарыфы аплаты цеплавой энергіі для насельніцтва зараз проста непрыстойна нізкія і не адпавядаюць выдаткам”, - мяркуе Аляксандр Грабянькоў, кіраўнік праекта ПРААН/ГЭФ “Падвышэнне энергетычнай эфектыўнасці жылых збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь”.
На тле падвышэнне коштаў на электрычнасць можна ўзбурыцца – але спакойна, гаворка пойдзе пра адчыненыя насцеж форткі. Нехта хоча 18 градусаў, нехта 25 – і прахалодней часта робяць не падкручваюцы рэгулятар на батарэях (дзе ён ёсць), а праветрываючы – так прасцей і хутчэй. А ў тых, хто не мае тэрмарэгулятара, і стымула яго дамагацца няма – колькі ты сэканоміш. Таму няма і рынкавага стымулу пры будаўніцтве звяртаць на гэта больш увагі.
У той жа час жыхары кватэр намагаюцца сэканоміць электраэнергію, бо жыроўка на яе аплату складае ўжо каля 45% ад усiх выдаткаў на камунальныя паслугi.
“Гэта тычыцца нават багатых людзей ў вялікіх кватэрах, - дадае Аляксандр. – Але па цеплыні нават гэтыя багатыя людзі не звяртаюць увагі на магчымасці, якія можа даць яе эканомія”.
Аплата ацяплення кватэры - каля 10% жыроўкі, і ніхто ніколі не запісвае штомесяц паказчыкі так, як па электрычнасці ці вадзе. А насамрэч спажыўцы аплачваюць каля 20% кошту 1 гігакалорыі (у 2012 годзе – каля 53 000 рублёў). 30% грошай на цеплаэнергію дае дзяржава, рэшту – прадпрыемствы з заробленых грошай – прыбытку ад продажу тавараў. То бок усе выдаткі на цяпло, выпушчанае праз форткі, аплачваюць... самі пакупнікі. Гэта - перакрыжаванае субсідаванне.
У той жа час з выдаткаў на электрычнасць спажыўцы аплачваюць каля 70% і да канца 2015 года плануецца гэтую лічбу давесці да 100%. Планы наконт цеплаэнергіі таксама ёсць, але вось тэндэнцыі пакуль няма – доля выдаткаў спажыўца не павялічваецца.
Адыход ад перакрыжаванага субсідавання плануецца нашым урадам на 2015-2016 гады. Але “тэмпы, з якімі яно зымаецца, вельмі турбуюць экспертную супольнасць”, - кажа Аляксандр.
Варта дадаць, што жылыя будынкі спажываюць каля 40% цеплаэнергіі, прадпрыемствы каля 60%. Па энергаёмістасці УВП Беларусь перадавая між краін СНД і набліжаецца да краін паўночнай Еўропы і Канады (то бок пры росце самога УВП падае яго ўдзельнае энергаспажыванне).
Гэта вынік уздзеяння на прамысловасць адміністрацыйным шляхам – менавіта так у Беларусі рэгулююцца пытанні эканоміі рэсурсаў. Адміністратыўныя меры накіраваныя на тое, каб “пасунуць нашых манапалістаў да энергазахавання. Калі вярнуцца да жыльцоў, то ні стымулу, ні матывацыі яны не маюць”, - падсумоўвае Аляксандр.
Ганна Валынец
Фота аўтара, jaffilm.ru