Як размаўляць з чыноўнікамі і змяніць правілы для ровараў

Раварысты і іх аднадумцы аб тым, што і як можа зрабіць раварыст ля сябе і горада.

29.05.2014 Крыніца:

Мяняць правілы не для раварыстаў, а для аўтааматараў

“Мяняй правілы” – вельмі добрая ідэя, але звычайна маюць на ўвазе главу 20 “Рух ровараў і мапедаў, - мяркуе Джон Росмэн, дырэктар фонда “Экалагічны транспарт”. - Я штодня езджу на ровары па 15-20 кіламетраў, і ў мяне праблем з ёй не бывае”.

“Езджу, дзе жадаю, і не спешваюся на пешаходных пераходах. Але з главой 19 “Прыпынак і стаянка транспартных сродкаў” у мяне штодня праблемы”, – і Джон прывёў прыкладам парушэнне пункта 143.3 правілаў: “На пешаходных пераходах і бліжэй за 15 метраў ад іх забараняецца паркоўка”.

Часта ў вялікіх гарадах месца на паркоўку не хапае, і гэта правакуе парушэнні. Але замест таго, каб развіваць роварны рух як экалагічную альтэрнатыву, даціруецца аўтатранспарт. Замест веламаршрутаў і ўвядзення платных парковак павялічваецца іх колькасць і робяцца шырэй праспекты. У такім разе, на думку Джона, нястача месца натуральная:

“Тут шмат машын і мала месца. Калі я навучаўся, былі папулярныя “beer- паці”. І ніколі не хапала піва, бо бясплатнага яго ніколі не будзе дастаткова. Так і з паркоўкамі. Калі кажуць “Змяняй правілы”, мне падаецца, трэба думаць не аб правілах для раварыстаў, а аб правілах для аўтааматараў”.

Экскурс у Правілы (ПДР)

Іншы шлях зрабіць горад велапрыязным – усё ж працаваць над правіламі для раварыстаў. На думку Яўгена Харужага, старшыні Мінскага роварнага таварыства, не ўсе ставяцца да главы 20 правілаў так, як Джон, і над ёй варта працаваць. У прыватнасці над: п.148 (раварыст рухаецца па тратуарах) – але часта прыгожае правіла выліваецца ў канфлікты; п.151 (на пешаходным пераходзе раварыст спешваецца) - пераўтварае ровар з транспартнага сродку ў нешта досыць павольнае.

Таксама, на думку Яўгена, калі ўжо раварыст едзе па тратуары, то яму наўрадці трэба люстра задняга віду (п.200; і гэта супярэчыць Венскай канвенцыі, да якой Беларусь далучылася). Таксама ў нашых правілах электраровар прыраўніваеца чамусьці да мапеда, адмысловых пераходаў праз дарогу для ровараў няма; не хапае многіх знакаў (напрыклад, знака велапераезда на пр. Незалежнасці).

Зрабіць нашыя праблемы іх праблемамі

“Змяняць правілы можна, уплываючы на сітуацыю праз прэцэдэнты”, - раяць юрысты таварыства “Зялёная сетка” Кастусь Кірыленка і Таццяна Сініца. У Беларусі вельмі эфектыўна працуе закон “Аб зваротах грамадзянаў”: можна ў пісьмовай форме звярнуцца са скаргай/запытам да адказнага органа, а пры адсутнасці адказу звяртацца ў пракуратуру.

То бок “зрабіць, каб нашы праблемы зрабіліся іх праблемамі”, – дадае Таццяна і тлумачыць, што ёсць мяжа, пры якой ім прасцей змяніць правілы, чым адказваць на кожны зварот. Таксама асабісты кантакт з адказнымі ўплывае на тое, як будуць рэалізоўвацца правілы.

Свой спосаб камунікацыі для змянення непрактычных правіл і барацьбы з іх масавым адмаўленнем прапанаваў Фаланстэр у асобе Міхася Волчака. На яго думку, маладая роварная супольнасць – досыць адасобленая, стасункі якой можна было б наладзіць праз on-line – карыстанне адмысловым хэштгам і грамадзянскія слуханні праз, магчыма, wikiarguments. Фаланстар запрашае далучыцца да каманды, каб запусціць тэхнічную складаючую.

Ганна Валынец

Фота аўтара



Падзяліцца: 29.05.2014

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.