29.05.2020 / 17:05

Схаваная вада ёсць у кожным прадукце. Класічны прыклад: на вытворчасць адной футболкі выдаткоўваецца каля 2700 літраў. А гэта аб’ём, які чалавек можа выпіць за 2,5 гады.

Хоць вада з’яўляецца адносна аднаўляльным рэсурсам, але ж эканоміць яе трэба. І гэтым займаюцца не толькі людзі, але і дзяржавы, якія набываюць вадаёмістыя тавары за мяжой і захоўваюць такім чынам свае рэсурсы.

Зялёны партал разбіраўся, як гэта працуе.

Палічыць, колькі вы спажываеце вады можна з анлайн калькулятарам на рускай або англійскай мовах. Яны ўлічваюць не толькі тое, ці выключаеце вы ваду, пакуль чысціце зубы, але і колькасць пакупак, кіламетры на аўто, вашу дыету і нават дыету вашага ката.

Англійская версія яшчэ і аўтаматычна падлічвае, з якіх крыніц паступае энергія ў ваш дом. Але ж, на жаль, там ёсць даныя толькі па штатах ЗША.

У выніку я атрымала 1270 літраў у дзень на расійскай версіі і 4373 літра на амерыканскай. Такая разбежка можа быць з-за таго, што абодва калькулятары заточаны пад рэаліі сваіх краін і накаторыя параметры ўводзяць аўтаматычна, сыходзячы ад месца, дзе вы жывяце (для таго, каб прайсці тэст, прыйшлося, напрыклад, абіраць адзін з амерыканскіх штатаў). Тым не менш, на першы погляд абедзве лічбы выглядзяць велізарнымі.

Але абодва тэсты мяне пахвалілі, бо дзякуючы карысныя звычкам атрымалася менш літраў, чым у сярэднім на чалавека. Аднак, нават калі прыкінуць, што ўсе беларусы адказныя, эканомяць ваду дома, карыстаюцца грамадскім транспартам і гэтак далей.

Атрымліваюцца дзікія лічбы: штодзень мы выдаткоўваем не менш за 11,95 мільёнаў кубічных метраў – гэта 1,5 возеры Свіцязь у дзень. Калі б мы ўсё выраблялі ў Беларусі, нам бы ненадоўга хапіла нашага краю азёр.

Прычым, калі паглядзець на дэталізацыю даных, атрымліваецца, што больш за ўсё мы выдаткоўваем скрытай вады. Яна хаваецца ў адзенні, абутку і ежы.

 

Я ж не дапамагу дзецям Афрыцы, калі буду эканоміць ваду ў Беларусі

А вось і дапаможаце! Напрыклад, вы п’яце кофе з Эфіопіі. З пункту гледжання эканомікі, вы, магчыма, і падтрымліваеце фермераў, якія яго вырошчвалі. Але, з пункту гледжання эканоміі вады, увесь аб’ём, які пайшоў на паліў раслін, можна было б выкарыстаць іншым чынам. Для Беларусі гэта не такая вострая праблема, але ж паміж Эфіопіяй, Суданам і Егіптам барацьба за Ніл цягнецца ўжо даўно.

Канфлікт нарастаў апошняе  дзесяцігоддзе, калі Эфіопія вырашыла будаваць ГЭС “Ан-Нахда” (“Адраджэнне”). З-за яе Судан і Егіпет баяцца застацца без прэснай вады, бо знаходзяцца ніжэй па плыні. Толькі сёлета, праз восем гадоў абмеркавання, яны падпісалі пагадненне па гэтаму праекту.

Насамрэч з 2,5% прэснай вады на нашай планеце толькі 1% нам лёгка даступны. Але размеркаваны ён нераўнамерна, па дадзеным ААН каля 10% насельніцтва не маюць доступу да чыстай пітной вады – гэта амаль 800 мільёнаў людзей.

Эканоміць ваду ў кватэры – карысная звычка, але на бытавое абслугоўванне прыходзіцца менш за 1% нашага воднага следу. Калі вы занепакоеныя зберажэннем рэсурсаў, неабходна таксама паглядзець, што вы набываеце па-за межамі хаты.

Самыя вадаёмістыя тавары – гэта  тыя, што доўга растуць. На першым месцы – розныя спецыі. На адзін кілаграм ванілі трэба 126 літраў вады. На другім месцы – кава і гарбата. Прычым на кубак кавы прыходзіцца ў пяць разоў больш віртуальнай вады, чым на кубак гарбаты.

На трэцім месцы – шакалад. На чацвёртым – алеі і арэхі. На вытворчасць літру аліўкавага алею трэба 14 000 літраў вады, сланечнікавага – 7500, какосавага – 4500. У адрозненні ад віду арэха лічбы таксама вар’іруюцца. Але самы водалюбівы – міндаль.

Нягледзячы на ўсе затраты па вытворчасці мяса, у адносінах да вады яно займае толькі пятае месца. Больш за ўсё, відавочна патрабуе ялавічына – 15 000 літраў на кілаграм, менш за ўсё курыца – 4000. Далей ідзе ўся малочка.

Само малако патрабуе адносна няшмат вады – 1000 літраў, але ж усе яго вытворнае – нашмат больш. Напрыклад, вяршковае масла – ужо каля 5500 літраў. Далей ідуць злакі, гародніна і садавіна, якія патрабуюць менш вады.

У адносінах да ежы важна яшчэ глядзець на колькасць таго, што вы спажываеце. Спецыі, хоць і вадаёмістыя, але лёгкія. Відавочна, калі вы скараціце ўжыванне кофе і шакаладу, то захаваеце больш вады, чым адмовіўшыся ад ванілі.

 

Пра кругаварот вады ў прыродзе чулі?

Многія не бачаць сэнсу ў эканоміі вады, бо ў школе ж мы вучылі: вада аднаўляльнае рэчыва: пакарыстаўся, выліў, яна выпарылася, пайшоў дождж, сабраў новую – і зноў па крузе. У чым тады праблема, што на вытворчасць патрабуецца шмат вады?

Адказвае на гэта Настасся Чыжэўская, кіраўнік праектаў у Групе кампаній ЭкаТэхналогіі і аўтар экалагічнага тэлеграм-канала “Счастливая пчела”:

“Важна ведаць, што ваду дзеляць па якасці на зялёную, сінюю і шэрую. Зялёная вада – гэта дажджавая вада, якая прыходзіць з кругавароту вады ў прыродзе. Яна выкарыстоўваецца для натуральнага паліву.

Сіняя вада – гэта рэкі і азёры. Такая вада выкарыстоўваецца для штучнага арашэння, і яна не заўсёды паспявае аднавіцца дзякуючы кругавароту. Пры гэтым 92% сіняй вады ідзе на сельскагаспадарчыя патрэбы. Прасцей кажучы, на паліў.

Менавіта выкарыстанне сіняй вады аказвае істотны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Таму галоўная мэта харчовай вытворчасці – скараціць яе ўжыванне. Для гэтага прадукты павінны вытварацца ў кліматычных зонах, якія ім падыходзяць, а не там, дзе праца танней.

Шэрая вада – гэта вада, забруджаная прамысловасцю ці бытавым выкарыстаннем. Яна ўжо не прыдатная да піцця і паліву, пакуль не пройдзе ачыстку.

Праблема тут у некалькіх пунктах. Першае – вычэрпванне вадаёмаў. Калі з вадаёмаў бяруць больш вады, чым паспявае аднавіцца з асадкамі, яны паступова перасыхаюць. Напрыклад, так адбылося з Аральскім морам.

У залежнасці ад клімату колькасць асадкаў на працягу года хістаецца: бываюць перыяды дажджоў і перыяды засухі. Патрэба ў вадзе таксама хістаецца на працягу года – ураджай патрабуе больш паліву якраз у засушлівы час. То-бок менавіта тады, калі даступнасць сіняй вады ў вадаёмах абмежаваная. Навукоўцы мадэліруюць колькасць даступнай вады, якая можа аднавіцца за кошт асадкаў. Больш з вадаёму браць нельга. Але не ўсюды гэтых абмежаванняў прытрымліваюцца. У выніку вадаёмы паступова перасыхаюць.

Другі пункт – пагаршэнне якасці вады. Часта пасля выкарыстання ў сельскай гаспадарцы вада трапляе ў грунт, забруджаная пестыцыдамі і нітратамі. То-бок якасць вады паступова пагаршаецца.

У 1991 годзе ў Еўропе у 85% падземных вод, якія размешчаныя пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі, быў перавышаны ўзровень канцэнтрацыі нітратаў. Пасля гэтага была прынята дырэктыва, галоўная мэта якой – абараніць водныя крыніцы ад забруджванняў. Але дагэтуль Еўрапейская камісія прыцягвае нават самыя развітыя краіны да адказнасці за парушэнні. Напрыклад, можна паглядзець свежыя прэтэнзіі камісіі да Германіі. Відавочна, што ў краінах, якія развіваюцца, з меншай увагай да праблемы, водныя рэсурсы забруджваюцца мацней. 

Вада – сусветны рэсурс. Над рацыяналізацыяй яе ўжывання працуюць міжнародныя арганізацыі і навукоўцы ўсяго свету. Таму там важна ведаць, што 99% нашага водаспажывання – гэта вытворчасць прадуктаў харчавання і тавараў. І што кругаварот вады ў прыродзе не справіцца без нашага ўдзелу. А паўплываць мы можам вельмі проста – напрыклад, выбіраючы лакальныя прадукты і адмаўляючыся ад другога кубачка кавы за дзень”. 

 

Адкуль тады браць ваду?

На прыкладзе ежы бачна, што адна краіна проста не можа справіцца з вытворчасцю ўсяго. У яе не хопіць нават водных рэсурсаў.  На ежу, адзенне і тавары для дома прыходзіцца каля 70% воднага следу. Такім чынам, калі дзяржава нешта імпартуе, яна, ў тым ліку, набывае віртуальную ваду.

Дзяржавы імкнуцца забяспечыць сваё насельніцтва ўсімі неабходнымі прадуктамі, але пры гэтым захаваць свае прыродныя рэсурсы.

Нацыянальны водны след лічыцца, як аб’ём мясцовых рэсурсаў, якія былі выкарыстаныя, плюс віртуальная вада, якая імпартавалася, мінус віртуальная вада, якая экспартавалася.

Па выніках даследаванняў з 1996 па 2005, вучоныя Месфін Мяконэн і Ар’ен Хукстра даведаліся, што глабальны водны след чалавецтва на той момант складаў 9087 Гм3/год. Ён ствараўся на 74% з зялёнай вады, на 11% – з сіняй, на 15% – з шэрай. Пры чым каля адной пятай глабальнага водная следу адносіцца да прадукцыі на экспарт.

У выніку аб’ём міжнародных віртуальных патокаў вады, звязаных з сельскай гаспадаркай і прамысловасцю склаў 2320 Гм3/год (68% зялёнай, 13% сіняй, 19% шэрай).

Цікава, што гандаль прадукцыяй раслінаводства займае 76% ад агульнага аб’ёму патокаў міжнароднай віртуальнай вады, а на прадукцыю жывёлагадоўлі і прамысловасці прыйшлося толькі па 12%, паколькі расліны больш вадаёмістыя. У сярэднім па свеце доля сіняй і шэрай вады ў агульным водным следзе міжнароднага гандлю крыху больш, чым нацыянальных.

У выніку ўсіх падлікаў можна сказаць, што Мексіка і Іспанія захавалі найбольш сваёй сіняй вады (то-бок рэк, азёраў, крыніц і гэтак далей) у выніку гандлю. 

Краіны з абмежаванымі воднымі рэсурсамі, напрыклад Паўночнай Афрыцы ці Бліжняга Усходу, залежаць ад тавараў, якія імпартуюцца, каб задаволіць патрэбы насельніцтва. Гэта таксама слушна для краін з абмежаванай тэрыторыяй, як Японія і Сінгапур.

Але ж Еўропа, багатая на свае рэсурсы, таксама аддае перавагу іх эканоміі і імпартуе 40% вады. Нідэрланды, напрыклад, увогуле імпартуюць 95 % сваёй вады. Але гэта характэрна не для ўсіх краін. У Індыі і Парагваі толькі 3 % воднага следу находзяцца па-за межамі краіны.

 

Дзе тут месца Беларусі?

Рознакаляровы графік паказвае, з якіх прадуктаў складаецца нацыянальны водны след. Па ацэнцы Мяконэна і Хукстра, для Беларусі водны след ад айчыннага раслінаводства складае 20 857 Мм3/год зялёнай вады, 110 Мм3/год сіняй і 4547 Мм3/год шэрай. Ад пашы – 1457 Мм3/год зялёнай вады.

Ад водазабеспячэння жывёл – 137 Мм3/год сіняй вады. Ад прамысловай вытворчасці – 65 Мм3/год сіняй вады і 63 Мм3/год шэрай. Ад дамашняга водазабеспячэння – 65 Мм3-год сіняй вады і 195,5 шэрай.

Выніковы водны след Беларусі складаецца з 22 315 Мм3/год зялёнай, 377 Мм3/год сіняй і 4805 Мм3/год шэрай вады.

То-бок даволі шмат вады мы моцна забруджваем. Яе нельга наўпрост вярнуць у прыроду – яна патрабуе дадатковай ачысткі. Пры гэтым узнікае дадатковае пытанне да ачышчальных станцый: ці могуць яны зараз дастаткова якасна абясшкодзіць ваду ад усіх сучасных хімічных рэчываў.

Што датычыцца віртуальнай вады, Беларусь імпартуе 4124,2 Мм3/год зялёнай вады, 631,6 Мм3/год сіняй, 1791,6 Мм3/год шэрай. А экспартуе 733,3 Мм3/год зялёнай, 152,7 Мм3/год сіняй і 518,8 Мм3/год шэрай вады.

Паколькі даследаванні праводзіліся з 1996 па 2005 гады, то хутчэй за ўсё аб’ём віртуальнага воднага следу за гэты час у нас вырас. За апошнія 15 гадоў у нас з’явіліся новыя заводы і вытворчасці.

Пра рост таксама сведчаць даныя знешняга гандлю. Аб’ём абароту тавараў вырас з 32,69 мільярдаў долараў ЗША ў 2005 да 72,14 мільярдаў долараў ЗША ў 2018. То-бок больш, чым у два разы. 

 

Трэба паляпшаць становішча

ААН папярэджвае, што водакарыстанне расце хутчэй, чым колькасць насельніцтва на планеце. Такая тэндэнцыя можа прывесці да таго, што ўсё большая колькасць людзей будзе адчуваць недахоп пітной вады ў будучыні. Водны след шмат у чым залежыць ад харчовых звычак насельніцтва. Напрыклад, у краінах, дзе распаўсюджана вегетарыянства, ён будзе ніжэй.

Даследаваць віртуальную ваду пачалі адносна нядаўна – у 1990-я. Вынікі навуковых прац даюць падставу для таго, каб выкарыстоўваць ваду больш рацыянальна па ўсім свеце, а не толькі ў межах адной краіны ці кватэры. Агульнымі намаганнямі можна скарэкціраваць палітыку ў адносінах да вады і разумна размеркаваць гэты рэсурс сярод тых, хто адчувае зараз недастачу ў вадзе.

Гэта экалагічнае пытанне можна вырашыць толькі намаганнямі агульнай палітыкі ўсіх краін, таму ім займаецца ААН і таму Мэта ўстойлівага развіцця № 6 гучыць як “Забеспячэнне наяўнасці і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў і санітарыі для ўсіх”.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость