29.10.2019 / 13:10

ReBottle прапануе перапрацоўваць пластык і з дапамогай 3D-друку рабіць новыя рэчы. Праект атрымаў 300 еўра на развіццё сваёй ідэі, а таксама магчымасць прадставіць яе на Climathon Global Awards у Парыжы.

На выходных дзяўчаты і хлопцы, якія хочуць нешта мяняць і процідзейнічаць хуткаму змяненню клімату, сабраліся разам, каб на працягу двух дзён абмеркаваць, дапрацаваць ці прыдумаць свае праекты з чыстага ліста.

Увогуле сёлета моладзь спрабавала вырашыць тры важныя праблемы для горада.

Першая – пластык, бо кожны беларус адпраўляе ў сметніцу каля 400 поліэтыленавых пакетаў у год.

Другая – бруднае паветра. Штогод Мінск выкідае 18,3 тысяч тон забруджваючых рэчываў ад стацыянарных крыніц. Таксама маюцца розныя перавышэнні ўсталяванай гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі аміяку, мікрачасціц і дыаксіду азоту.

І трэцяя – выкіды ад машын. У Беларусі няма зручнага сэрвісу па карпулу, які дазваляў бы супрацоўнікам адной арганізацыі абіраць сабе спадарожнікаў, каб разам ездзіць на працу і дадому.

 

Другое і трэцяе месцы – датчыкі паветра і прылада для рэзання пластыкавых бутэлек

Сярод усіх ідэй перамог праект ReBottle. Пераможцы кліматону, праект ReBottle, не толькі расказалі, што яны ўжо зрабілі, але і прынеслі з сабою сапраўдную лаўку!

Яна была надрукаваная на 3D-прынтары з перапрацаванага пластыку. Пакуль што мадэль у дзесяць разоў менш за звычайную лаўку, таму аўтары праекта плануюць патраціць грашовы прыз на стварэнне адной з прылад комплексу па 3D-друку рэчаў натуральнага памеру.

Другое месца аддалі праекту “Добрае паветра – дзецям!”. Малады бацька, які прадстаўляў гэты праект, занепакоены тым, чым дыхае яго дачка ў дзіцячым садку. Ён вырашыў узяць усё ў свае рукі, і разам з камандай прыдумаў аўтаматычную ўстаноўку з вентыляцыяй і ацяпленнем. Яна мае датчыкі СО2, вільготнасці і тэмпературы і сама падтрымлівае мікраклімат у пакоі. Распрацоўшчыкі зрабілі прататып аднаго з датчыкаў.

Трэцяе месца заняў праект WasteDecreaser. Распрацоўшчыкі вырашылі прыдумаць прыладу, якая будзе разразаць пластыкавыя бутэлькі на стужкі. Навошта? Па-першае, гэтыя стужкі вельмі трывалыя – іх можна выкарыстоўваць у гаспадарцы. Але галоўнае, што ў такім выглядзе – стужак, якія наматаныя на бабіну, – пластык лягчэй збіраць дома: ён не займае столькі месца, як цэлыя бутэлькі.

 

“Перамог праект, у каманды якога ўжо ёсць напрацоўкі па рэалізацыі”

У журы былі прадстаўнікі Мінпрыроды і “Зялёнай сеткі”, а таксама супрацоўнік аддзела карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці EPAM Кірыл Кудравец. Менавіта гэтая ІТ-кампанія забяспечыла ментарскую падтрымку ўдзельнікам кліматону. Кірыл Кудравец адзначае, што ўсе праекты адпавядалі праблемам, якія ўплываюць на змяненне клімату:

“Вельмі прыемна бачыць, што нават маладыя грамадзяне зацікаўлены ў вырашэнні праблем. Прадстаўнікам самых маладых каманд 15 гадоў, і ад іх гучаць ужо вельмі сур’ёзныя ідэі. Я думаю, у далейшым яны змогуць максімальна поўна развіць свае задумкі.

Сёння перамог праект, у каманды якога ўжо ёсць напрацоўкі па рэалізацыі. Усім удзельнікам я б параіў працягваць распрацоўку сваіх ідэй і праектаў. Ёсць шмат платформаў, на якія магчыма выставіць свой праект. І цікавыя ідэі такім чынам маюць шанец самастойна сабраць неабходную каманду ці суму для рэалізацыі”.

Таксама ў журы вырашаў лёс канкурсантаў эксперт міжнародных праектаў Аляксандр Грабянькоў. Ён ужо не першы год назірае за стартапамі ў гэтай галіне:

“Калі параўнаць з мінулымі кліматонамі, то ўзровень і цікавасць удзельнікаў да гэтай праблемы не зніжаецца. Гэта ўжо добра.

На гэтым кліматоне былі ахоплены дзве асноўныя крыніцы выкідаў парніковых газаў у Беларусі – гэта энергетыка і адходы. Мы бачылі такія праекты ў фінале. Паміж імі па ўзроўні выкідаў яшчэ знаходзіцца сельская гаспадарка, але, на жаль, не было прапаноў у гэтай галіне.

На першае месца выйшаў сталы праект. Але нават і там каманда ўпускае адзін вельмі важны момант – гэта піяр. І мы абавязкова ім падкажам, як рэалізаваць іх дастаткова прасунутую ідэю. Бо нават праект, які не заняў ніякага месца, – настольная гульня для школьнікаў на экалагічную тэматыку – больш прыстасаваны для адукацыі і прапаганды.

Мы падкажам, як зрабіць так, каб і ідэя каманды-пераможцы была не толькі камерцыйнай і працавала на зніжэнне выкідаў парніковых газаў, але і несла ў сябе адукацыйны характар”.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость