----- Account: greenbelarus.info -----

Ветраныя паркі нават у моры – вельмі небяспечныя для драпежных птушак 

Цягам некалькіх гадоў навукоўцы сабіралі доказы пра небяспеку для птушак і кажаноў ад ветравых турбінаў, размешчаных на сушы. Новае даследаванне ветравага энергапарку ў моры, апублікаванае ў навуковым часопісе «Biology Letters», падрабязна тлумачыць, чаму нават там ветракі вельмі небяспечныя і менавіта для драпежных птушак.

30.12.2016 Жывая прырода Аўтар: Зялёны партал Крыніца: Дзмітры Вінчэўскі, birdwatch.by Фота: Дзмітры Вінчэўскі

Арлы, арланы. канюхі, каршуны, луні, шулякі і сокалы – ўсе гэтыя драпежныя птушкі «прыцягваюццца» энергаветракамі і могуць стаць ахвярамі іх вострых лапасцей.

Розныя параметры палётаў птушак адсочвалі з дапамогай лазерных прыладаў і радараў у часе восеньскіх міграцый 2010 і 2011 гадоў недалёка ад узбярэжжа Балтыйскага мора на востраве Лоланд (Данія), на якім размешчаны парк ветракоў «Rødsand II». Гэты комплекс ветравых электрастанцый з’яўляецца, разам з першай і троху больш старэйшай яго чаргой, адным з найбуйнейшых у свеце. Праект разам з пабудовай аценьваўся ў 554 мільёны даляраў і ўзводзіўся ў 2008-10 гадах. Парк можа генерыраваць 800 мільёнаў Кв-гадзін электраэнэргіі ў год і пакрывае 2% патрэбнасцяў Даніі.

Даследаванні праводзіла вялікая група навукоўцаў з універсітэту горада Аархус, кансультацыйнага агенства «DHI» і іншых устаноў.

Амаль палову часу назіранняў (49%) драпежныя птушкі (як аб’яднаная група розных відаў) мігрыравалі ў бок ветракоў у параўнанні з палётам у бок сушы ў двух іншых падобных кантрольных месцах, дзе ветракоў не было.

Самымі пагражаемымі аказаліся сокалы, якія ляцелі ў бок ветравых турбін у 65% выпадкаў пад час назіранняў, а таксама луні – ў 54%. На кантрольных участках без ветракоў такіх выпадкаў для гэтых таксонаў не назіралася ўвогуле.

Драпежныя птушкі – як і некаторыя іншыя птушкі з пераважна лунаючым палётам - пад час міграцыі звычайна выбіраюць для пералётаў праз моры вузкія пралівы або перашыйкі. Яны таксама выкарыстоўваюць узбярэжжы і астравы, таму што для лунаючага палёту ім неабходныя тэрмікі (узыходзячыя патокі паветра, якія ўзнікаюць ад нераўнамернага прагрэву зямной паверхні і немагчымыя над морам). Высокія пабудовы могуць разглядацца драпежнымі птушкамі таксама як зручныя прысады для адпачынку і палявання. На жаль, некалькі такіх актыўна выкарыстоўваемых птушкамі пад час міграцыі вузкіх месцаў таксама забудаваныя або забудоўваюцца ветракамі ў паўночна-заходняй частцы Еўропы.

Ветракі ў моры ўяўляюць найбольшую небяспеку для драпежных птушак у час непагадзі, асабліва пад час моцных вятроў. 

У падсумаванні навукоўцы пішуць, што знойдзеныя атрактыўныя для драпежных птушак якасці ветракоў, размешчаных у моры, уяўляюць вялікую небяспеку патэнцыйным павелічэннем сутыкненняў птушак з лопасцямі ветракоў. Таму пры планаванні размяшчэння такіх аб’ектаў у моры перш павінны даследавацца шляхі масавых міграцый менавіта гэтай групы птушак.  

У супрацьлегласць гэтаму, марскія віды птушак пазбягаюць падлятаць да турбін у моры.

Генрык Сков з кансультацыйнага агенцтва «DHI» лічыць, што, хутчэй за ўсё, драпежныя птушкі баяцца ляцець працяглы час над адкрытай вадой і адчуваюць меншую небяспеку пад час палёту пасярод ветракоў, якія стаяць у моры. Тады як марскія птушкі – такія, як чайкі – адчуваюць сябе ў адкрытым моры як дома.

Падзяліцца: 30.12.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.