31.10.2018 / 09:10

Гісторыя сабакі Вікі і яе шчанюка Максіка — вельмі сумная. Аднак бадай дастаткова тыповая для беларускіх рэалій. Валанцёркі, што займаліся ратаваннем небарак, захацелі, каб пра Вікі ведала як маго болей людзей. Магчыма кагосьці кране і прымусіць задумацца над становішчам жывёл у нашай краіне. Тады пакутлівая смерць сабак не будзе дарэмнай.

Частка першая. Хуткая дапамога ў начы

Просьба неадкладна дапамагчы збітаму непадалёк ад Слуцка сабаку са шчанюкамі з'явілася ў тэматычных суполках сацсетак познім вечарам пятніцы.

Я не ведаю куды звярнуцца. У вёсцы Вялікая Падзер збіты сабака, у яго змалана сківіца, ён пакутуе другія суткі. Засталіся шчанюкі, але яны дзікія. Гэта бадзяжны сабака, яго ніхто нікуды не хоча везці, — так пачыналася аб'яўка Таццяны Шуба. Дзяўчына ўласна і знашйла сабаку.

Жывёлам была патрэбная тэрміновая медычная дапамога. І ператрымка.

“У мяне зараз на руках пяць інвалідаў і яшчэ аднаго я не пацягну папросту фізічна і фінансава… Але ў мяне разрываецца сэрца, калі я разумею, што ён зараз там на трасе ўжо другія суткі, а вакол шчанюкі… Я прывязу яго куды скажаце, я завязу яго ў клініку, я буду дапамагаць…"

Знайсці рэальную дапамогу ў ноч з пятніцы на суботу — амаль немагчыма. А вось каментары набягаюць у любы дзень і час. Хтосьці выказваў словы спачування, іншыя давалі парады, маўляў, "не губляйце час, вязіце сабаку ў ветклініку", пры гэтым іх не  цікавілі абставіны, знаходзіліся і тыя, што былі гатовы падтрымаць бядачку фінансава. Аднак працяглы час не было самых патрэбных людзей, каб проста забраць сабаку з узбочыны дарогі.

Бліжэй да поўначы "размова" пачала сціхаць. Пакуль не адгукнулася Наталля, яна была гатова ехаць за сабакам, толькі вельмі хацела каго ў кампанію, каб не заснуць на трасе за стрыном. Так знайшлася яшчэ адна дзяўчына – Яна Цітова. І дзяўчаты "паляцелі" на Слуцк.

 

Частка другая. Сабаку бачылі і нават хацелі закапаць. Дык хто ж жыўём закопвае…

Чаму сабаку так доўга давялося пакутваць без дапамогі, лежачы ля дарогі ў вёсцы, бярэцца патлумачыць Таццяна Шуба.

"Сабаку мне паказала суседка, спыніўшы аднойчы на вуліцы словамі “Шчанюкоў не хочаце ўзяць? А то іх маму збілі”. Яна ж і распавяла, што сабака ляжыць ужо двое сутак, што яна спрабавала ўліваць у пашчу ваду, накрыла яе анучай, каб мухі не аблеплівалі нерухомае цела. Больш нічым жанчына дапамагчы не магла, яна пенсіянерка — відавочна пра інтэрнэт не ведае. Да ўсяго дачніца, ездзіць у вясковы дом на веласіпедзе, завезці сабаку ў Слуцк няма на чым, — распавядае дзяўчына. — Я і сама з такім першы раз сутыкаюся. Зусім не ведала, што рабіць, да каго звяртацца. Знайшла ў сацыяльных сетках тэматычныя суполкі і стала пісаць туды. Аднак ніхто сабаку забіраць не хацеў".

Па словах Таццяны, у вёсцы Вялікая Падзера пражываюць адны пенсіянеры і мужыкі, што п'юць ды не працуюць. Яна сама жыве з маці і малым дзіця, праз яго і пабаялася прыцягнуць сабаку ў дом, бо той быў увесь аблеплены мухамі.

"Калі я першы раз пабачыла сабаку — гэта было жахліва… Да гэтага я прыкмецела яго. Сабака быў беспрытульным, бадзяжным, бегаў па вёсцы і нікога да сябе не падпускаў, як і шчанюкі. Іх нават падкарміць было не магчыма, толькі пакласці і адысці на прыстойную адлегласць.Зараз жа сабака ляжаў на баку, сківіца прыадкрыта, язык высунуты… Разбіта ўшчэнт адно вока", — прыгадвае дзяўчына.

Звярнулася за дапамогай Таццяна і ў ветклініку Слуцка. Разумеючы, што тэрмінова жывёлу даставіць не атрымаецца, яна імкнулася хаця б зразумець, чым можна дапамагчы на месцы. Па тэлефоне ёй адказалі, што з такімі траўмамі везці да іх сабаку бессэнсоўна, бо  ў горадзе  няма рэнтген-апарата. Адзінай надзеяй для бядачкі заставалася патрапіць у Мінск.

"Адна з мясцовых жанчын працуе на ферме. Абяцала звярнуцца да заатэхніка, каб той пад'ехаў зірнуць на сабаку, калі магчыма аказаць дапамогу… Не, дык перарваць пакуты… Аднак так ніхто і не прыехаў, — уздыхае Таццяна. — Раней за ўсіх бачылі збітага сабаку мясцовыя алкашы. Яны падыходзілі да мяне, казалі, што не выжыве небарака. Мужыкі гэтыя думалі нават сабаку закапаць, ды не захацелі жыўём. Маўляў, памрэ тады і возьмем рыдлёўкі".

Калі ж позна вечарам дзяўчыне набралі мінскія валанцёры, каб паведаміць, што едуць за сабакам, раптоўна з'явілася надзея — "усё будзе добра".

Таццяна даведалася, хто збіў сабаку.

"Збіўшы жывую істоту ён нават не прыпыніўся. І ўсе дні, што сабака праляжаў ля дарогі не цікавіўся, што з ім, — з расчараваннем расказвае дзяўчына. — Да ўсяго кажуць, што сабаку яшчэ і трактарам пераехалі, маўляў, не заўважылі яго".

Увогуле, гэты няшчасны выпадак не першы на вёсцы. Як зазначае Таццяна, усё пачалося як толькі ў іх населеным пункце паклалі асфальт: "Аўтамабілі сталі лётаць на хуткасці".

Але найчасцей ахвярамі аматараў падціснуць педаль газа апыналіся каты.

 

Частка трэцяя. Калі едзеш да такіх жывёл, думаеш: "Толькі б дачакаўся". На месцы ж ружовыя акуляры знікаюць

Дапамога з Мінска дабралася да вёскі Вялікая Падзер толькі а трэцяй ночы. Па словах Яны Цітовай, сабака быў у жудкім стане: ляжаў на халоднай зямлі, яго цела бы само здзервянела і было пакрыта кропелькамі расы. Побач быў толькі адзін шчанюк.

"Адысці і раслабіць мышцы ў сабакі атрымалася толькі ў аўтамабілі, калі мы добра прагрэлі яго. Аднак на вуліцы была ноч, першы час мы не заўважалі маштабаў трагедыці, яны паўсталі перад намі раніцай. На што, вядома, звярнулі ўвагу — ад сабакі ішоў дзікі смурод гніючай плоці. Прычым ад шчанюка смярдзела практычна таксама, да ўсяго пастаянна выходзіла крывавая вадкасць", — апісвае  падзеі той ночы Яна.

У ветклініцы Вікі і Максіку, як паспелі назваць сабак дзяўчаты, правялі шэраг аналізаў, паставілі кропельніцы і абязболілі.

На жаль, нават экспрэс даследаванне паказала, што арганізмы жывёл вельмі аслабленыя, арамя таго, што ў шчаня ў крыві практычна адсутнічаў бялок, у дадатак ён пераносіў запушчаную стадыю энтэрыта. Малы амаль ня рухаўся і адмаўляўся ад ежы.

"Верагодней за ўсё Максік падхапіў захворванні кормячыся малаком Вікі, якая ў літаральным сэнсе кішэла апарышамі. Паразіты, у розных стадыях развіцця, практычна акуталі яе цела, і былі як звонку, так і ўнутры, у мышачнай тканіне, органах і костках. Высвятлілася гэта толькі пры дэтальным аглядзе сабакі. У нас проста трэсліся рукі, калі Вікі галілі для рэнтгену, а яе поўсць была бы вымазаная пюрэ… толькі гэта ўсё яйкі мух", — распавядае валанцёрка.

Рэнтген-абследаванне таксама не давала вялікай надзеі на выратаванне Вікі: у сабакі быў складаны пералом сківіцы, трэшчына чарапной каробкі, пералом тазавых костак і кантузія унутраніх органаў.

Дактары вельмі цвяроза глядзелі на сітуацыю і ніякіх гарантый не давалі. Каштоўны час быў упушчаны і з крытычнага стану вывесці сабаку не дазволілі б нават экстраныя меры: пераліванне крыві ці моцныя антыбіётыкі.

Шчанюк перажыў маці толькі на суткі.

"Забяры хто шчаня раней — быў бы шанс на happy end для яго, бо Вікі нараўдці б дапамаглі тыя двое сутак, якія людзі назіралі як яна пакутуе і змагаецца за жыццё, з'ядаемая паразітамі, — разважае валанцёрка. — Бадай уся праблема ў нашым менталітэце і стаўленні: памыйны кот, бадзяжка, дварняжка… Нам трэба змяніць свае адносіны да іх, як да нормы! Трэба, каб людзі адчувалі адказнасць, бралі яе на сябе, утаймоўваючы свой эгаізм, не выдзяляючы чалавека., як вышэйшых істот".

 

Частка чацвёртая. Махляры і стыхійнікі: дапамога сыходзіць туды як у бяздонныя ямы

У той час, як вялося актыўнае абмеркаванне паста з-пад Слуцка пра збітага сабаку, сярод каментараў са спачуваннямі і парадамі, прапановамі дапамогі, з'явіліся і тыя, хто гатовы быў ўзяць на сябе аргнізацыю збора матэрыяльнай падтрымкі для Вікі.

І нягледзячы на тое, што сабака ў той самы момант знаходзіўся больш чым за 120 кіламетраў ад сталіцы на ўзбочыне, людзі гатовыя былі ахвяраваць, пакуль іх не папярэдзілі: "Асцярожна! Гэта махляры!"

Па словах адміністратаркі самай буйной беларускай тэматычнай суполкі ў Вконтакте "Дапамога беспрытульным жывёлам! Беларусь!" Вольгі Яблыкавай,  абаронцы жывёлаў нярэдка сутыкаюцца з махлярствам.

"Кожны дзень даводзіцца выдаляць ад 5 да 25 пастоў, дзе людзі просяць фінансавай дапамогі. Найчасцей гэта расіяне з картамі Сбербанка, — коратка абмалёўвае сітуацыю Вольга. — На што разлічваюць махляры? На жаль, які ўласціва праяўляць у асноўным жанчынам. Махляры бяруць фотаздымак жывёліны, найчасцей траўмаванай, пішуць вельмі кранальны пост".

У валанцёрскай дзейнасці дзяўчыны таксама ёсць досвед збору сродкаў для падтрымкі гадаванцаў.

"Некалькі год таму я і яшчэ адна дзяўчына курыравалі хворае кацяня. Ён быў змучаны, схуднелы з пастаянным паносам. Людзі, бачачы фотаздымкі небаракі на замазанай пялёнцы — ахвяравалі добра. У той жа час, як на шэраг катоў здаровага выгляду атрымоўвалі фінансавую падтрымку раз на паўгады ці прапановы пад'ехаць за кормам", — прыгадвае Вольга.

Дзяўчына ўпэўненая, што эмоцыі нялепшы дарадца, нават калі аказваеш дапамогу.  На жаль, большасць тых, хто аддае валанцёрам грошы ня вельмі задумваюцца пра фінансавую справаздачнайсць дапамогі. Найчасцей людзі не цікавяцца, што было куплена, ці якія працэдуры праведзеныя для жывёл з іх кішэні. І гэта, падкрэслівае Вольга, самая вялікая памылка.

Са звычайнай практыкі махляры і не вядуць ніякіх справаздач, не ўказваюць сабраныя сумы. Хоць знаходзяцца і тыя, што вядуць вельмі заблытаную бухгалтэрыю.

"Зараз наша суполка не публікуе фінансавыя пасты зусім. Мы банім тых, хто пакідае падобныя просьбы: расіян — на заўсёды, беларусаў — на тыдзень. Ніхто не забараняе ім перарабіць пост і папрасіць, напрыклад, дапамагчы кормам ці нейкімі канкрэтнымі лекамі. Вядома, у свой адрас мы чуем шмат абурэння. Але людзі не разумеюць, што адміністратары нясуць адказнасць за праўдзівасць інфармацыі і павінны штодзённа правяраць фінсправаздачы. У суполцы, дзе больш 30 тысяч чалавек — гэта фізічна немагчыма рабіць. Мы нават не можам праверыць ці існуе на самой справе тая ці іншая істота, сапраўды яна траўмавана ці даўно вылечаная і ўладкавана, а можа сканала", — тлумачыць Вольга.

Прыцягнуць да адказнасці махляроў праз міліцыю пакуль ніхто не браўся. Валанцёры звярталіся з просьбай баніць той ці іншы кантакт да адміністрацыі сацыяльнай сеткі. І тое, станоўчы водгук быў толькі на 50 адсодкаў выпадкаў.

Для тых ж, хто адчувае неабходнасць дапамагаць беспрытульным небаракам фінансава і хоча быць упэўненым, што дапамога дайшла да жывёл, Вольга рэкамендуе наступнае:

1. Дапамагайце валанцёрам са свайго горада. Пры магчымасці пазнаёмцеся асабіста. Вядома напрошвацца ехаць і глядзець на сабаку ці ката не трэба. Па-першае, жыць яны могуць на ператрымцы, па-другое, ахвяруючы невялікія сумы грошаў — гэта немэтазгодна. Тым больш, зараз існуюць разнастайныя каналы для сувязі. Папрасіце, каб праз skype, viber ці telegram ваданцёр звязаўся з вамі анлай і паказаў гадаванца, даслаў відэа.

2. Валанцёры пры неабходнасці лячэння жывёл вязуць іх да ветдоктара. Звярніце ўвагу на медыцынскія выпіскі, даведкі: якая ўказана дата, дыягназ, назначэнні і рэкамендацыі.

3. Заўсёды чытайце фінансавыя справаздачы! Адзін раз падлічыце ці сыходзяцца прыходы і выдаткі, а затым ужо сачыце, каб вашыя ахвяраванні фіксаваліся. Праглядайце ці публікуюцца фотаздымкі чэкаў на набыццё тавараў ці прыёмаў у ветклініцы. Увага! У Вконтакте збор дазваляецца весці на карту, свабодную ад руху асабістых сродкаў, і банкаўскія выпіскі павінны перыядычна прыкладацца.

4. Будзьце максімальна ў кантакце з валанцёрам. Пры ветлівых стасунках чалавек патлумачыць, чаму не хапае грошай на гадаванцаў, якія захворванні ў іх. Таксама ўлічыце, што ў валанцёра могуць быць і іншыя абставіны: адсутнасць працы ці хварэюць родныя, падкінулі новых бадзяжак. Вядома, найлепш, каб у чалавека была пастаянная работа і ён не збіраў у сябе шмат няшчасных жывёл, бо паступова гэта ўсё перарастае ў “стыхійнік”.

На жаль, кажа Вольга, у Беларусі назіраюцца сёння дзве тэндэнцыі: махлярства і стыхійнікі. Дапамога сыходзіць туды, як у бяздонную яму: махляры ўсе грошы ці частку абавязкова забіраюць сабе; стыхійнікам жа трэба не фінансавая падтрымка, а разумны менеджмэнт і зладжаная каманда куратараў.

5. Дапамагайце не грашыма, прапануйце набыць корм і лекі, неабходныя жывёлам рэчы. Многія валанцёры і не любяць, ці соромеюцца прасіць дапамогі. Калі такое і здараецца, то звычайна просьбы пра корм, напаўняльнікі, антыпаразітарныя сродкі, аўтадапамогу ці выгул — вісяць без водгука месяцамі і гадамі.

“Калі ж вы разумееце, што падкінуць грошы — гэта адзіны даступны спосаб падтрымаць беспрытульных сабак ці катоў. Найлепей рабіце пераводы на рахункі клінік для аперацыі канкрэтных жывёл ці прыязджайце і аплочвайце (магчыма не ўсю, а толькі частку сумы) непасрэдна на месцы. Тым больш, што сёння мноства маніпулцый робяцца "у доўг" — клінікі ідуць на сустрач у гэтым плане. Прыехаць вы можаце ў любы зручны час для вас”, - кажа Вольга.

6. Выдатная дапамога — стаць у шэрагі фота- і аўтадапамогі.

Автор:
Фотограф:
з архіва герояў, pixabay.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость