Нагадаем, польскую частку Белавежскай пушчы пачалі высякаць ў канцы траўня. Міністр прыроды суседняй краіны Ян Шышко даў дазвол на высечку дрэваў у вельмі каштоўных месцах. Польская кампанія «Дзяржаўныя лясы» высекла амаль 60 000 кубаметраў дрэваў у Белавежскай пушчы, што складае 90% ад запланаванага ў 2021 годзе ліміту. У планах павялічыць высечку яшчэ ў 6 разоў. Афіцыйнае тлумачэнне: безвыніковая барацьба з жуком-караедам, які знішчае дрэвы.
Аднак эксперты і экалагічныя арганізацыі сцвярджаюць: дрэвы высякаюць спецыяльна для продажу. Нічога агульнага з барацьбой супраць караеда няма. Наадварот, тое, што адбываецца зараз, спрыяе распаўсюду шкодніка.
На абарону Белавежскай пушчы выйшлі мясцовыя жыхары, навукоўцы, актывісты шэрагу грамадскіх і экалагічных арганізацый не толькі Польшчы, але і Еўропы. Дарэчы, польскі бок ужо атрымаў заўвагу ад Еўрапейскай камісіі.
Белавежская пушча, праз якую праходзіць беларуска-польская мяжа, з'яўляецца найбуйнейшым першабытным лесам у Еўропе. Гэта апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрапейскай фауны — зубра.
Як распавялі Зялёнаму парталу актывісты беларускага экалагічнага руху «Пошуг», да кампаніі па абароне першабытнага лесу варта далучацца і беларусам, бо «Белавежская пушча — гэта адзіны прыродны механізм, і тое, што адбываецца па адзін бок мяжы, будзе ў будучым адбівацца на другім».
— На дадзены момант увага паліцыі стала усё больш заўважнай. Асабліва іх цікавіць прысутнасць грамадзян з іншых краін. Але далей за перапіс дадзеных і праверку дакументаў справа не заходзіць. Праўда, ужо двойчы абаронцаў спынялі на транспарце, калі тыя выязжалі з лагеру. Пасля разбіральніцтва адпускалі. Хутчэй за усё, гэта больш падобна на маральны ціск. Заўсёды прысутнічаюць людзі ад польскай кампаніі «Дзяржаўныя лясы» і назіраюць за сітуацыяй. Што датычыцца саміх актывістаў, то галоўнае на дадзены момант — гэта шпацыр па лесе і пошук спецтэхнікі. Калі яе знаходзяць, адразу адбываецца блакада, — распавядае з месца падзеяў беларускі экалагічны актывіст.