Дата проведения:
07.09.2019

Што такое BirdRace? 

Гэта спаборніцтва ў назіранні за птушкамі, у якім удзельнікі цягам 12 гадзін стараюцца знайсці і пабачыць як мага больш відаў птушак. Гонка за птушкамі адбываецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі: можна карыстацца любымі транспартнымі сродкамі і, вядома, оптыкай. Таксама можна вызначыць птушку па голасе і залічыць сабе гэты від, але толькі пры ўмове, што ўсе сябры каманды яе пачулі. Каманда, якая назбірае самую вялікую колькасць відаў, перамагае.

 

Асаблівасцямі спаборніцтваў гэтага года будуць:

  1. Чэмпіянат-трэнінг для навічкоў за два тыдні да спаборніцтваў — 24 жніўня. Калі ты яшчэ не ўдзельнічаў_ла у BirdRace, але ёсць жаданне паспрабаваць свае сілы, запрашаем на трэнінг. З удзельнікаў будуць сфармаваныя каманды. З кожнай камандай будзе ўдзельнічаць вопытны настаўнік, які дапаможа з выбарам маршрута, стратэгіі, запаўненнем чэк-ліста і нават падкажа сакрэты, як стаць чэмпіёнам. Калі ты хочаш паўдзельнічаць у трэнінгу, а пасля і ў чэмпіянаце, атрымаць поўную праграму трэнінгу, дасылай заяўку Сямёну Леваму на адрас levy@ptushki.orgУ заяўцы пазначай сваё поўнае імя, тэлефон, месца жыхарства і ўзрост.
  2. Аргкамітэт чэмпіянату ладзіць 7 верасня сяброўскую сустрэчу каманд пасля фінішу для падвядзення вынікаў. Удзельнічаць у ёй — не абавязковае правіла для каманд. Каманда можа фінішаваць, дзе захоча. Але прапануем камандам планаваць свае маршруты так, каб прыехаць на сустрэчу. Такія сустрэчы ўжо праходзілі ў Кобрыне і Мінску. А для нашых суседзяў літоўцаў гэта абавязковая рэч. Заўсёды цікава адразу пасля чэмпіянату даведацца, як і дзе ўдзельнічалі астатнія каманды, якія іх вынікі, якія і дзе назіраліся рэдкія віды птушак. Таксама гэта добры шанец пазнаёміцца з аднадумцамі і ўсталяваць новыя кантакты.

Чэмпіянат-трэнінг для навічкоў і сяброўская сустрэча каманд пасля спаборніцваў пройдуць на аграсядзібе “Залессе” (в. Залессе, Пружанскі р., Брэсцкая вобл.).   

Калі любіш актыўны адпачынак, абавязкова далучайся. Можаш стварыць каманду разам з сябрамі, калегамі або сям’ёй. Але важна, каб як мінімум два чалавекі з каманды былі поўнагадовымі.

Замежныя грамадзяне таксама могуць удзельнічаць, прычым як ва ўласных камандах, так і ў змяшаных беларуска-замежных.

Можна скарыстацца магчымасцю прыляцець у Беларусь без візы і паўдзельнічаць у чэмпіянаце. Тым больш бязвізавы рэжым працягнулі да 30 дзён. Запрашай сваіх замежных сяброў далучацца да спаборніцтваў!

 

Крыху лічбаў. Летась удзельнікі адзначылі 169 відаў. А каманда-пераможца «Чижики на Пыжике» пабачыла 110 відаў.

12-гадзінная гонка за птушкамі — гэта не толькі азартныя спаборніцтвы, але і магчымасць зрабіць унёсак у навуку і развіццё беларускай арніталогіі: падчас BirdRace збіраецца ўнікальная інфармацыя пра тэрміны міграцыі і відавы склад. Штогод удзельнікі сустракаюць рэдкія віды птушак. 

Пра пачатак прыёму заявак ад каманд для ўдзелу ў XVI Адкрытым чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай арніталогіі – BirdRace-2019 будзе абвешчана ў жніўні.

Рыхтуйся і ты да цікавых сустрэч з птушкамі ў 2019 годзе. Можа быць, твая каманда зробіць новы рэкорд?  Убачым 7 верасня!