Дата проведения:
15.08.2016

Цягам апошняга году ў межах  кампаніі «Цытуй сваё»  шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятываў намагаліся звярнуць увагу шырокага кола беларусаў на той скарб, які мы ўсе разам маем — беларускае мысленне. Дзякуючы супольным намаганням з’явіўся «Цытатнік беларускага мыслення», думкі беларускіх мысляроў ўвасобіліся ў арыгінальныя выявы для саколак, адбылася серыя публічных лекцый і дыскусій «Спадчына Ігната Абдзіраловіча».

Працягваючы гэты шлях у пазнанне і разуменне саміх сябе мы прапануем новы творчы  крок — конкурс эсэ, прысвечаных постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтелектуальнай традыцыі.

Мэта конкурсу — узбуджэнне цікавасці да інтэлектуальнай спадчыны, творчае і рэфлексіўнае пераасэнсаванне і прысваенне традыцыі беларускага мыслення, стварэнне галерэі тэкстаў, якія разгортваюць разуменне беларускай культуры і ідэнтычнасці.

Арганізатары прапануюць звярнуцца да самых розных гістарычных перыядаў і культурных кантэкстаў паўставання беларускага мыслення: ад самых далёкіх часоў да нашых сучаснікаў, якія рабілі свой унёсак у традыцыю апошнія дзесяцігодзі.

Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, ў якіх праводзіцца аналіз, рэфлексія, канцэптуалізацыя ці робіцца працяг самых розных аспектаў беларускага мыслення. Працы павінны быць напісаны ў межах наступных тэматычных накірункаў:

  1. Уяўляючы Беларусь. Ідэі і канцэпты ў беларускай традыцыі, праз якія ішло асэнсаванне Беларусі, грамадства, культуры, нацыі, яе мінуўшчыны і будучыні.
  2. Унікальныя ідэі, тэорыі і падыходы як беларускі ўнёсак у еўрапейкую і сусветную думку.
  3. Паўставанне і выбудова традыцыі: пераемнасць, разгортванне думак і ідэяў ад мінулага ў будучыню.
  4. Шлях і лёс інтэлектуала: постаці беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гістарычны, культурны і палітычны кантэксты інтэлектуальнай працы, выклікі і адказы, індывідуальныя траекторыі і творчасць.
  5. Гісторыя беларускай інтэлектуальнай традыцыі: культурны кантэкст, абставіны і інстытуты развіцця мыслення.
  6. Асобны накірунак! Асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны Ігната Абдзіраловіча.

У склад журы конкурсу ўваходзяць:

  • Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта;
  • Ірына Дубянецкая, бібліст, багаслоў і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума;
  • Міхаіл Баярын, філосаф, лінгвіст, санскрытолаг, перакладчык, паэт;
  • Віталь Рыжкоў, літаратар, перакладчык, лаўрэат літаратурных прэмій «Дэбют» і «Залаты апостраф»;
  • Лідзія Міхеева, сацыёлаг, рэдактар аддзела культуры «Беларусского Журнала».

Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай альбо рускай мове. Памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.

Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай «На конкурс» на адрас: cytuj.svajo@gmail.com да 15 жніўня 2016 года. Таксама абавязкова пазначце ў лісце сваё імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон), сферу дзейнасці.

10 верасня 2016 года будзе абвешчаны шорт-ліст удзельнікаў. Пераможцы будуць абвешчаны падчас Тыдня беларускага мыслення на адмысловай імпрэзе.

Пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды (электронныя кнігі), а ўсе аўтары эсэ з шорт-ліста — прыемныя падарункі. Найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя на сайтах «Будзьма», «Беларусский журнал», «Лятучы ўніверсітэт», а таксама войдуць у «Альманах», які будзе выдадзены напрыканцы 2016 года.

У арганізацыйны камітэт конкурсу ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», Беларускі калегіум, «Мова Нанова», «Беларусский журнал», кнігарня «ЛогвінаЎ».