Дата проведения:
21.04.2017

Так склалася, што Чарнобыль ніколі не быў у мэйнстрыме гуманітарыстыкі: гісторыкі, сацыёлагі, філосафы цікавіліся гэтай тэмай мала і час ад часу. Парадаксальна, але па-за дыскурсам апынуліся галоўныя героі – людзі, якія на свае вочы бычылі тыя падзеі і самі ў іх удзельнічалі. Не проста сведкі часу, але сведкі сацыяльнага, палітычнага і экалагічнага пералому. Таму ўсё яшчэ актуальнай застаецца праца са сведкамі, бо без гэтага проста немагчыма будзе пабачыць поўную карціну. 

Менавіта ўспаміны будуць у цэнтры даклада гісторыка Аляксандра Далгоўскага, які даследуе Чарнобыль і яго наступствы не толькі ў архівах і бібліятэках, але і ў інтэрв'ю з людзьмі. 

«Антрапалагічны шок? Рэакцыі ў БССР на Чарнобыльскую катастрофу» – так называецца даклад, з якім плануе выступіць даследчык. Як успрыняла насельніцтва Беларусі Чарнобыльскую катастрофу, як функцыяваў савецкі крызісны мэнэджмент і як ўдалося ва ўмовах палітыкі галоснасці і перабудовы замоўчваць наступствы трагедыі – вось яго галоўныя пункты. 

Экалагічны актывіст Уладзімір Валодзін раскажа пра ініцыятывы, што ўзніклі пасля аварыі і працягваюць існаваць зараз. Якім кірункам удалося дасягнуць найбольшага поспеху, і што засталося па-за ўвагай даследчыкаў і актывістаў. Акром таго, раскажа Уладзімер Валодзін і пра асобаў, якія стаялі ля вытокаў постчарнобыльскіх арганізацый. 

Мадэратар сустрэчы – Ірына Кашталян

Паседжанне адбудзецца 21 красавіка ў 18.30 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.