Дата проведения:
07.10.2016

Выстава «Сам-насам з кліматам» злучае класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя (інсталяцыя, фатаграфія, калаж) сучаснага мастацтва, становіцца асновай і фундаментам камунікацыі без межаў, у тым ліку моўных. 

Гэты праект, мэтай якога з’яўляецца абмеркаванне прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства і распаўсюджанне ведаў пра экалагічныя праблемы, стартаваў яшчэ ў 2010 годзе і за 5 год ахапіў цэлы шэраг краінаў, у тым ліку Беларусь, Швецыю, Грэцыю, Паўднёвую Афрыку, Бразілію і іншыя. 

Сёлета амбіцыёзны праект Шведскага інстытута фінальна рэалізаваўся ў буйной публікацыі – альбоме, які з’яднаў мастацкія і дыскурсіўныя разважанні прафесіяналаў розных краінаў свету. У альбом патрапілі таксама і працы 6-ці беларускіх мастакоў: Рамана Сустава, Кацярыны Марціновіч, Алега Карповіча, Вольгі Сазыкінай, Сяргея Волкава і Антаніны Слабодчыкавай. У рамках міжнароднага праекта «Сам-насам з кліматам» і з нагоды выпуску альбома ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пройдзе аднайменная шведска-беларуская выстава. Выстава  складаецца з дзвюх частак, уключае творы мясцовых мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў і ўяўляе сабой візуальны шэраг экспазіцыі, якая даступным спосабам уздымае пытанні змены клімату перад гледачом. 

У рамках выставы адбудуцца два майстар-класы. Майстар-клас «Карыкатура ёсць пасланне» Кацярыны Марціновіч прадэманструе, як пры дапамозе гумарыстычнага малюнка можна змяніць свет. Мастачка з’яўляецца запатрабаваным карыкатурыстам з адметнымі прыёмамі стварэння вобразу - жанчынай з «сертыфікаваным пачуццём гумару».  Другі майстар-клас «Глыбінная экалогія» пройдзе пад кіраўніцтвам Вольгі Сазыкінай.  Аўтарка працуе з эка-матэряламі, а таксама з медытатыўнымі практыкамі. Падчас майстар-класа ўдзельнікі пазнаёмяцца з творчасцю знакамітага і ўплывовага беларускага аўтара і папрацуюць з цікавымі тэхнікамі стварэння мастацкага аб’екта. 

Майстар-класы адбудуцца 11 і 20 кастрычніка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пр-т Незалежнасці, 47) а 17-ай гадзіне. Уваход вольны. Папярэдняя рэгістрацыя па тэлефоне: 280-56-08. Выстава будзе адкрытая для наведнікаў з 7 па 22 кастрычніка 2016 года.

Тэлефон для даведак: 280-56-08