Каманда арганізатараў Кірмашу зараз актыўна шукае людзей, якія змогуць прадаставіць паслугі на бясплатнай аснове.
Нагадаем, што па правілах Free Market'а ўсе паслугі і рэчы - не маюць ніякага кошту, бо Бясплатны кірмаш - гэта ўзаемадапамога.
У час правядзення Free Market'у дзейнічаюць правілы:
1. Кожны ўдзельнік можа прынесці рэчы, якія ён хоча аддаць іншым, ці прапанаваць свае паслугі (калі вы жадаеце прадаставіць паслугі на мерапрыемстве, калі ласка, загадзя звяжыцеся з арганізатарамі);
2. Гандаль забаронены: рэчы і паслугі - бясплатныя. Таксама забаронена камерцыйная рэклама;
3. Любы чалавек можа забраць тое, што яму патрэбна, нават калі ён нічога не прынёс;
4. Калі адну рэч хочуць забраць двое, спрэчка вырашаецца пры дапамозе "камень-нажніцы-папера". Калі больш двух - арганізуецца чэмпіянат у "камень-нажніцы-папера";
5. Калі адной паслугай хочуць скарыстацца некалькі чалавек, усталёўваецца чарга;
6. Патрабаванні да стану рэчаў:
Вопратка: чыстая, незаношаная, нерваная, з рабочымі гузікамі і маланкамі.
Абутак: чысты, нестаптаны, без дзірак, з рабочымі замкамі.
Кнігі: акуратна падклееныя пры неабходнасці.
Тэхніка: у рабочым стане (калі ёсць нязначныя паломкі абавязкова неабходны суправаджальны ліст з апісаннем хібаў).
Дыскі, касеты: без драпін, не размагнічаныя.
Дзіцячыя цацкі: чыстыя і цэлыя.
Лекавыя сродкі, касметыка, прадукты: з актуальным тэрмінам.
Галоўнае патрабаванне - усе рэчы павінны быць камусьці патрэбнымі, а не пустым хламам.
7. Не прымаюцца: паношаная ніжняя бялізна, шкарпэткі, калготкі (выключэнне - рэчы для маленькіх дзетак: чыстыя і запакаваныя), прадметы гігіены: мачалкі, пінцэты, грэбні і г.д.;
8. Перад тым як штосьці забраць, калі ласка, праверце ці падыходзіць вам рэч. Не бярыце лішняга, а толькі тое, што сапраўды неабходна;
9. Калі вы хочаце аддаць буйнагабарытныя рэчы (мэбля, бытавая тэхніка) і вы не можаце данесці іх да кірмашу, паведамляйце пра гэта арганізатарам.
Хто хоча дапамагчы ў правядзенні Вясенняга кірмашу звяжыцеся з прадстаўнікамі ініцыятывы.