Дата проведения:
07.12.2017

Сёння, пасля таго, як, падавалася б, мастацкі авангард парушыў усе забароны, мы сутыкаемся з парадаксальнаю сітуацыяй вяртання цэнзуры ў мастацтва. Цэнзура робіцца неад’емнаю часткаю сучаснай культурніцкай сітуацыі, што шмат у чым звязана з правакансерватыўнымі паваротамі ў палітыцы шмат якіх дзяржаваў. Аднак цэнзура зыходзіць не толькі з боку дзяржавы, але таксама і з боку недзяржаўных арганізацыяў і грамадства ўвогуле, і нават з боку мастацкага асяродку і саміх мастакоў. У такіх акалічнасцях часта ўжо незразумела, дзе праходзіць мяжа паміж цэнзурай, пакліканай абараняць парушаныя правы, і цэнзурай, якая ўціскае непажаданых. І наагул – ці ёсць гэтая мяжа?

У сітуацыі разгулу цэнзуры пад абмежаванні трапляюць не толькі радыкальныя ці экстрэмісцкія мастацкія выказванні, але і рэчы цалкам бяскрыўдныя, якія забараняюцца папросту на ўсялякі выпадак (“як бы чаго не здарылася”, як казаў чэхаўскі чалавек у футарале). З іншага боку, пашыраецца ценевая вобласць твораў, якім не наканавана пабачыць свет, бо будуць адразу ж адкінутыя.

Сітуацыя забароны, якая нараджае неабходнасць, падобная да застылай цяжарнасці. Калі нешта не з’яўляецца на свет – ператвараецца ў монстра. Немагчымасць выйсці на свет павялічвае ўнутранае поле паразы. Цень расце. Але адкінутыя цэнзураю таксама падобныя і да выгнаных з раю, вясёлых і грэшных Еву і Адама.

Выстава “Як бы чаго не здарылася” пакліканая даследаваць феномен цэнзуры і самацэнзуры ў сучаснай мастацкай сітуацыі. Экспазіцыя будзе складацца з твораў, якія ўтрымліваюць мастацкую рэфлексію на тэму цэнзуры, а таксама творы, якія падпалі пад цэнзуру ці самацэнзуру разам з апісаннямі ці іншаю дакументацыяй актаў іх цэнзуравання.

“Як бы чаго не здарылася” – гэта доўгатэрміновы праект, у межах якога пройдзе серыя імпрэзаў у розных гарадах і краінах. Адзін з важных яго элементаў – даследаванне праяваў цэнзуры і самацэнзуры ў тым ліку і ў лакальным кантэксце. Першая выстава гэтай серыі адкрылася ў Брайтане (Вялікая Брытанія) на пачатку чэрвеня 2017, другая – у менскім ЦЭХу ў кастрычніку. Гэтая выстава ёсць калабарацыяй паміж прасторай КХ, культурніцка-адукацыйным цэнтрам ЦЭХ і куратарскай групай праекта.

У выставе бяруць удзел: Віёла Андрушчук (RU), Безыменны калектыў (UA), Айдар Бекчынтаеў (RU), Тэатар КХ (BY), Вадзім Ф. Лур’е (RU), Аляксей Навумчык (BY), Вольга Сасноўская (BY), Максім Яўстропаў (RU).

Куратары выставы – група {родина} (RU), Аня ПШ (UK), Радзі Калашнікоўскі (CZ), Аляксей Талстоў (BY).