02.02.2018 / 10:02

Калі табе замінаюць гнёзды гракоў, самы час прыбраць іх цяпер, пакуль гэта нікому не нашкодзіць.

Ранняй вясной гракі пачынаюць весці актыўны (і шумны!) лад жыцця. Яны ўсёй гурбой абнаўляюць свае гнёзды або будуюць новыя, селячыся калоніямі паблізу людскога жытла.

Калі цябе раздражняе такая прысутнасць птушак, трэба ўжо цяпер звярнуцца ў ЖЭС – камунальшчыкі прыедуць і скінуць незанятыя пакуль гнёзды. Але паклапаціцца пра гэта трэба не пазней за 15 лютага! З наступнага дня і па 14 жніўня ўключна знішчаць гнёзды будзе забаронена.

Навошта скідаць гнёзды? Пакуль яны нежылыя, гэта не створыць нікому турботаў, а табе дасць магчымасць пазбавіцца непажаданых суседзяў.Гракам прасцей заняць старыя гнёзды, чым будаваць новыя, таму, хутчэй за ўсё, яны ў такім выпадку паселяцца ў іншым месцы. Без прытулку яны не застануцца.

Чаму ж існуе забарона на разбурэнне гнёздаў пасля 15 лютага?

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Максім Нямчынаў тлумачыць: «У калоніях гракоў у іх гнёздах (ды і ў гнёздах варон і сарок таксама) могуць гнездавацца драпежныя птушкі: дробныя совы і сокалы. Напрыклад, вушатыя совы займаюць гнездавыя ўчасткі, адкладаюць яйкі і выхоўваюць птушанят нават раней за гракоў. Пры гэтым драпежныя птушкі, асабліва совы, часцяком застаюцца незаўважнымі. Таму ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце» былі ўнесеныя змены, і цяпер, каб не турбаваць птушак і не нішчыць іх дзетак разам з гнёздамі, дзейнічае забарона на знішчэнне гнёздаў ужо з 16 лютага».

Пасля 15 лютага абразанне галінаў з гнёздамі пагражае штрафамі. АПБ просіць паведамляць пра такія парушэнні.

 

Што рабіць, калі пасля 15 лютага ты заўважыш, што нехта скідае і разбурае гнёзды?

Пра гэта трэба адразу ж паведамляць! Можна пазваніць у Мінпрыроды на гарачую лінію, можна пакінуць электроннае паведамленне на сайце свайго абласнога або Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Паведамі дату і месца здарэння, пастарайся зрабіць фота ці запісаць відэа. Варта зняць нумар пад’ёмніка і іншых машын, калі адбываецца абрэзка дрэваў з дапамогай такой тэхнікі. Калі магчыма, зафіксуй, што знаходзіцца ў гнёздах. Перапішы ці здымі на фота надпісы людзей у спецвопратцы. Чым больш інфармацыі і доказаў, тым лепш.

Кругласуткавы тэлефон дзяжурнага эколага Мінпрыроды: 8 017-267-55-70.

 

Як можна мірна ўжыцца з птушкамі? 

А. Саўрасаў. Гракі прыляцелі
А. Саўрасаў. Гракі прыляцелі

Што можна прапанаваць людзям, каля хат якіх ёсць гракоўнік? Вось асноўныя варыянты развіцця падзей. Падумайце, у якім двары вы хочаце жыць, і пакажыце сваім занепакоеным суседзям! 

1. Збіць гнёзды. 

Плюсы:

  • Гэта можна зрабіць законна. Сёлета жыллёва-камунальныя службы могуць зняць гнёзды гракоў да 15 красавіка. 
  • На некаторы час вы пазбавіцеся ад шуму. 

Мінусы:

  • Гнездаванне зацягнецца на 2 тыдні, і птушкі ўсё адно пабудуюць гнёзды пасля забароненай даты, калі выдаліць іх ужо будзе няможна. Таму лепш гракоў не чапаць, тады яны разам з птушанятамі раней пакінуць ваш двор.
  • Патурбаваныя птушкі могуць засяліцца побач, у яшчэ больш нязручным для вас месцы. 
  • Ці ЖКГ наўрад пагадзіцца падганяць тэхніку для разбурэння гнёздаў кожны тыдзень.
  • Пад канец сакавіка ў гнёздах ужо могуць быць яйкі, і іх здыманне стане сапраўднай «масакрай». На жаль, у Беларусі было нямала такіх выпадкаў. 

2. Абразаць дрэвы. 

Плюсы:

  • Гэта яшчэ можна зрабіць законна. Сёлета жыллёва-камунальныя службы могуць выдаліць галінкі з гнёздамі гракоў да 15 красавіка. 
  • Калі абрэзаць галінкі дрэў і пакінуць «ствол-слупок», гракі не змогуць пабудаваць гнёзды на такім дрэве. Птушкі будуць вымушаныя шукаць новае месца. 
  • Нават пажадана абразаць галінкі, што навісаюць над прыпаркаванымі аўтамабілямі, каб птушкі не пазначалі капоты, дахі і багажнікі і лішні раз не напаміналі пра сваю наяўнасць такім не самым прыемным спосабам. 

Мінусы:

  • Ваш двор застанецца без дрэў і зеляніны. 
  • Вашы вокны адкрыюцца суседзям насупраць, знікне «зялёны бар'ер» для пылу з дарогі. 
  • Гракі перасунуцца на неабрэзаныя дрэвы. І так будзе працягвацца датуль, пакуль усе дрэвы ў акрузе не будуць абрэзаныя.

3. Пацярпець і даць гракам вывесці птушанят. 

Плюсы: 

  • Дрэвы не абрэжуць, і вы захаваеце зялёны двор.
  • Вы зможаце панаглядаць за гнездаваннем гэтых птушак: як яны будуюць гняздо, нехта ломіць галінкі сам, нехта крадзе «будматэрыялы» ў суседзяў, самец з дзюбы ў дзюбу корміць самку... Клопаты клапатлівых бацькоў, кармленне, першыя спробы лётаць — усё гэта вы і вашы дзеці зможаце убачыць, нават не выязджаючы з вялікага горада. 

Мінусы: 

  • Часам будзе чутна наяўнасць гракоў. Зрэшты, да іх «каррр» можна хутка прывыкнуць. А калі яны пакінуць гнёзды ў чэрвені, вам нават будзе іх не хапаць! А ўставаць вясной можна разам з сонцам, як і гракі. Уначы яны паводзяць сябе вельмі ціха.

Некаторыя людзі жадаюць разабрацца з гракамі і пагражаюць: «Мы перастраляем птушак». А гэта незаконна! У горадзе забаронена ўжываць зброю. Стрэлы не застануцца непачутымі: стрэлкам пагражае штраф! Дык давайце разам цешыцца таму, што гракі прыляцелі!

Источник:
Фотограф:
Мікалай Варабей
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость