Шлях

Пераломы крылаў і голад. Як ратавалі трох качак ад людзей у цэнтры сталіцы

Увесь мінулы тыдзень мінчукі разам з прыватным прытулкам для раненых птушак “Ахова прыроды” ратавалі трох качак з цэнтра сталіцы – з вуліцы Кастрычніцкай. Ратавалі ад нядбайнага гаспадара, які давёў іх да жудаснага стану. На шчасце, усё прайшло паспяхова. Птушкам на гэтым тыдні ўжо назначаны аперацыі па аднаўленні крылаў.

Усё пачалося з таго, што дзяўчына ўбачыла гэтых трох качак і звярнулася ў “Ахову прыроды” – птушыны прытулак з-пад Асіповіч. Яна казала, што птушкі не рэагуюць на людзей, дрыжаць, кракаюць сіплым голасам. Паколькі прытулак месціцца не ў сталіцы, то яго ўладальнікі выклалі пост у Instagram і запыталі, мабыць, хтосьці ведае, чые гэта птушкі.

Людзі пачалі пісаць, што ўжо іх бачылі, кармілі, пыталіся пра іх у суседніх кафэ. У выніку мінчукі знайшлі нумар тэлефона гаспадара, але, як кажа саўладальніца прытулку Жана Сталярова, “усе спробы наладзіць з ім кантакт былі правалам”.

Мінчукі ездзілі да качак з кормам і вадою, бо ў іх карытцы замест камбікорму былі памыі, а вада наогул замерзла. Гаспадар тым час упэўніваў, што гэта хатнія качкі і ўсё з імі добра, таму не хацеў аказваць ім медыцынскую дапамогу. Калі качкі ўжо трапілі ў прытулак, высветлілася, што ў іх шматлікія пераломы крылаў, абмаражэнне лапаў, пасечанае пер’е ад паразітаў і недахопу вітамінаў.

Паколькі гаспадар на кантакт не ішоў, Жана вырашыла звярнуцца ў дзяржаўную структуру: Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яна прасіла праверыць, чаму там жывуць дзікія качкі, што гэта за заапарк у цэнтры сталіцы і чаму птушкі ў такім жудасным выглядзе.  Прыватны прытулак гатовы быў іх забраць для сабе і вылечыць, калі дзяржорганы дапамогуць іх канфіскаваць у гаспадара.

Спярша прадстаўнікі камітэту адказалі, што выязджалі на месца, але качак не знайшлі. Потым прыйшла папера ад Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. У адказе на зварот яны напісалі, што наведалі качак.

Сапраўды гэта крыжанкі, гаспадар патлумачыў, што набыў іх пяць гадоў таму ў фермерскай гаспадарцы ў якасці падсадных качак для палявання. Але зараз яны ўтрымліваюцца ў дэкаратыўных мэтах. Інспекцыя агледзела вальер, устанавіла наяўнасць корму (верагодна, менавіта таго, што прыносілі людзі, а не гаспадар), вады і навесу. Хоць у камісіі быў дзяржаўны ветурач, ён нічога дрэннага быццам не заўважыў. У выніку інспекцыя дала адказ, што парушэнняў патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства не вызначана.

Паколькі больш надзеі на дапамогу дзяржавы не было, прытулак нарэшце змог дамовіцца з гаспадаром аб выкупе птушак. Ён спачатку адмаўляўся, але перад 200 доларамі не ўстаяў. У выніку трох хворых качак ацанілі ў 516 рублёў. Гэту суму сабралі ўсім светам і мінчукі паехалі выкупаць птушак, каб потым перадаць іх у прытулак.

І перамога! Напрыканцы мінулага тыдня качкі прыехала да сваіх выратавальнікаў. Жана кажа, што адна качачка адразу з’ела палову талеркі камбікорму. Птушкі абрадаваліся сену і пачалі свой шлях аднаўлення.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 01.03.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.