01.12.2020 / 10:12

Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанапаліс» пачынае трэці сезон. Тут прымаюць кажаноў, знойдзеных людзьмі, і дапамагаюць ім перазімаваць.

Не ўсе віды адлятаюць на зіму ў вырай, частка зімуе ў Беларусі. Пачаліся маразы – сезон, калі рукакрылыя, знізіўшы тэмпературу цела да тэмпературы навакольнага асяроддзя, упадаюць у гібернацыю (зімовы сон). Калі ж падчас сну звярка нешта патурбуе і ён прачнецца, то на выхад са спячкі ён патраціць столькі энергіі, што можа не дажыць да вясны.Гэтая зіма абяцае быць для кажаноў суворай, і многім спатрэбіцца дапамога.

- Праз цёплае надвор’е цягам лістапада ў кажаноў яшчэ працягваўся сезон размнажэння, - тлумачыць хіраптэролаг Аляксей Шпак. - Анамальна высокія восеньскія і зімовыя тэмпературы не вельмі добрая з’ява для кажаноў: жывёлы не могуць пачаць спячку і працягваюць актыўнасць, але, з другога боку, іх ежы – насякомых – ужо няма.

Таму кажаны вельмі інтэнсіўна расходуюць тлушч, назапашаны ўлетку. Калі такое надвор’е зацягнецца, можна прагназаваць, што кажаны, якія будуць трапляць да нас узімку, будуць знясіленыя і для іх спатрэбіцца інтэнсіўны дакорм. На гэта трэба шмат часу, таму для дакорму нам спатрэбіцца дапамога валанцёраў.

 

Як дапамагчы кажану?

Калі вы знайшлі кажана ў Мінску ці каля яго або хочаце быць валанцёрам па дакорме рукакрылых, тэлефануйце ў «Кажанапаліс»: +375 29 213 92 57 (МТС, Viber, WhatsApp).

Звярка забяруць, узважаць, пакормяць і адправяць зімаваць у лядоўню: гэта надзейнае месца для зімоўкі нашых кажаноў, бо там тэмпература для іх якраз прыдатная і стабільная.

 

Кажаны і каранавірус

Часам можна сустрэць міфы, нібыта кажаны могуць заразіць чалавека каранавірусам. Гэта не так, таму баяцца не трэба. Даказана, што кажаны не бяруць абсалютна ніякага ўдзелу ў цыркуляцыі COVID-19 у чалавечай папуляцыі. Наадварот, цяпер навуковая супольнасць заклапочана тым, што чалавек можа стаць крыніцай COVID-19 для кажаноў і спрычыніцца да іх масавай гібелі і вымірання буйных калоній.

Радуе, што ўзровень адукаванасці беларусаў на гэты конт даволі высокі.

- Датычна каранавіруса, я вельмі ўражаны тым, што большасць людзей, якія звяртаюцца да нас, вельмі добра інфармаваная пра тое, што кажаны - уразлівая група жывёл, якую трэба ахоўваць, і што яны ніяк не звязаныя з пандэміяй COVID-19, - гаворыць Аляксей Шпак.

Глядзіце таксама спецпраект Зялёнага партала:

Как звучат летучие мыши. Аудиоэкскурсия по Лошицкому парку

 

Чаму важна ратаваць кажаноў?

Рукакрылыя размнажаюцца марудна (самкі могуць нарадзіць толькі 1-2 кажанятак у год), і на аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі. З 19 відаў кажаноў Беларусі восем уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу, але ўсе знаходзяцца пад строгай аховай дзяржавы.

У мінулым сезоне, дзякуючы «Кажанапалісу», паспяхова перазімавалі 43 яго “пастаяльцы”.

Першага кажана ў новым сезоне прынялі на зімоўку ў «Кажанопалісе» ў суботу 28 лістапада. Гэта двухколерны кажан, які трапляецца людзям у гарадах часцей за ўсё. У панядзелак да яго падсяліўся такі ж сусед.

Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанапаліс» створаны дзякуючы ініцыятыве Мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і працуе ў партнёрстве з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) і Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Грошы на лядоўню былі сабраныя на краўдфадынгавай платформе «Мае сэнс». «Кажанапаліс» працуе па адрасе: Мінск, вуліца Макаёнка, 8, на базе РЦЭК.

Автор:
Фотограф:
Ірына Арахоўская; Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость