Сажайте деревья, а не журналистов

Ці лёгка жыць птушкам у сталіцы? Як гораду атрымаць падабайку ад перыстых

Птушкі, як людзі: хтосьці ў сталіцы пралётам, хтосьці абраў Мінск для сталага жыцця пасля міграцыі, іншыя аддаюць перавагу больш цёпламу Брэсту.

Аляксандр Вінчэўскі, арнітолаг, дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) распавёў, як сталася, што птушкі гняздуюць на ЛЭП, чаму ў дамах жывуць не толькі людзі, і чым для птушак небяспечныя хлеб, сабакі, а таксама знішчэнне дрэваў, кустоў і травы.

 

Колькі птушак у Мінску?

У Беларусі зарэгістравана 337 відаў птушак, у Мінску – крыху больш за 200. Не ўсе з апошніх стала жывуць у горадзе. Частка пралятае падчас міграцыі над горадам, некаторыя спыняюцца ў парках, на вадаёмах.

Напрыклад, дзікія гусі часам ляцяць акурат над плошчай Незалежнасці, штогод маладыя белалобыя гусі ці гуменіцы зімуюць у межах Мінску, а журавоў мы бачылі над Батанічным садам восенню (рус.белолобый гусь и гусь-гуменник).

Ёсць птушкі, якія залятаюць у Мінск раз у некалькі год ці былі адзін раз за ўсю гісторыю назіранняў.

Летась у сакавіку з Грэнландыі завітала палярная чайка. Яе бачылі толькі ў Мінску, больш нідзе ў Беларусі гэты від не адзначылі.

Таксама на пустыры ў Сухарава некалькі сезонаў гнездавала рэдкая паўночная мармытуля (рус. северная бормотушка), упершыню ў Беларусі яе заўважылі дзесяць год таму.

 

Шлях птушак да горада

Птушак, якія гняздуюць у Мінску, умоўна можна падзяліць на некалькі груп. Некаторыя лясныя, вадаплаваючыя, каляводныя віды абіраюць малалюдныя месцы з адпаведнымі ўмовамі.

Гэта:

  • кулікі;
  • нырковыя качкі;
  • вушастыя совы;
  • дробнае птаства: чаротаўкі, гілі, валавокі, малінаўкі (рус.камышевки, снегири, крапивники, малиновки).

Трыццаць гадоў таму каўкі (рус. галки) гнездавалі ў дуплах побач з населенымі пунктамі,  а вароны – на верхавых балотах.

Зараз у Беларусі, як і ў Заходняй Еўропе, гэтая віды сустракаюцца толькі ў акультураных ландшафтах.

Вароны і каўкі як прадстаўнікі крумкачовых вельмі разумныя, добра прыстасаваліся да жыцця ў гарадскіх дварах. Няшмат відаў абралі сталае жыццё ў дварах. Гэта крыжанка, берасцянка, шэрая леска, вялікая сініца, белая сітаўка, шпак (рус. кряква, зяблик, серая славка, большая синица, белая трясогузка, скворец).

Іншы від, які імкліва атрымаў прапіску ў Мінску, – чайка-рагатуха (рус. чайка-хохотунья). Першыя птушкі гнездавалі на дахах заводаў у пачатку 2000-х, а зараз гарадская папуляцыя гэтых птушак у Мінску налічвае больш за 5 тысяч пар.

Побач з імі ў Мінску пачала сяліцца і чайка-чорнакрылка (рус.чайка-чернокрылка, клуша). Гэта балтыйская птушка, якая на гнездаванні нідзе больш у Беларусі не адзначана!

Асобна вылучым птушак, якія гняздуюцца амаль выключна на аб’ектах, пабудаваных чалавекам. Гэта сінантропныя віды: свіргулі (рус. стриж), ластаўкі, шызыя галубы. Радзіма галубоў – міжземнаморскія пячоры.

Голуба шызага ў Беларусь, як і ў іншыя краіны Усходняй Еўропы, завязлі адмыслова як паштовых. Частка птушак згубілася і пасялілася на дахах, гарышчах, у цёмных, закрытых нішах, якія нагадваюць пячоры.

Галубы добра бачаць у паўзмроку. Зараз можна сустрэць шызых галубоў у палях за горадам, бо яны пачалі сяліццца пад мастамі, шлюзамі. Але ж яны не з’яўляюцца там, дзе чалавек нічога не будуе.

Шмат відаў птушак прыйшло ў горад за чалавекам. Напрыклад, паўднёвыя віды – вераб’і. Калі людзі сышлі з тэрыторый, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вераб’і там зніклі.

Палявыя вераб’і не жывуць у дзікай мясцовасці, але ж сустракаюцца і па-за населенымі пунктамі, а дамовыя вераб’і абіраюць толькі гарады і вёскі.

Ёсць яшчэ цікавы від – кольчатая туркаўка, птушка з Бліжняга Усходу (рус. кольчатая горлица). Нешта адгукнулася ў генах кольчатай туркаўкі, і яна пачала экспансію на поўнач. Заняла Украіну, Беларусь, Прыбалтыку, нават Фінляндыю.

Гняздуе толькі ў населеных пунктах. Гэты паўднёвы від не мігрыруе, не пераносіць холад, і марознай зімой папуляцыя можа загінуць.

У Мінску апошнія 20 год я не бачыў кольчатую туркаўку, але ж у Брэсце, Гродна, нават Нясвіжы і Смілавічах яны і зараз ёсць.

Кольчатая туркаўка. Фота - Дзмітры Вінчэўскі

 

Сірыйскі дзяцел прыляцеў, бо ў Беларусі з’явіліся грэцкія арэхі

Натуральнае асяроддзе знішчае чалавек, але ж птушкі не могуць хутка прыстасавацца да новых умоў, паскорыць працэс немагчыма. Тут ідзе ўсё павольна. Хутчэй папуляцыя знікне, чым у выпадку небяспекі ў дзікай прыродзе абярэ горад.

Людзі пашыраюць сваю прысутнасць у дзікай прыродзе. Усе птушкі розныя, нараджаюцца і больш талерантныя да людзей, яны выжываюць, а іх нашчадкі працягваюць адаптацыю. Так узнікаюць гарадскія папуляцыі.

Развіваюцца розныя адаптацыйныя механізмы. Гарадскія птушкі выкарыстоўваць ежу, якую не спажываюць лясныя.

Адзін з новых відаў, які з’явіўся ў Мінску, – сірыйскі дзяцел. Ён вельмі любіць грэцкі арэх, які гадоў 40 таму яшчэ не быў такім звычайным у нашых гарадах. Клімат дазволіў арэхам распаўсюдзіцца па Беларусі, а за раслінай прыляцеў і сірыйскі дзяцел.

Самка сірыйская дзятла. Фота - Дзмітры Вінчэўскі

Экспансія сірыйскага дзятла працягваецца, ён засяліў практычна кожнае мястэчка на поўдні Беларусі. У Мінску яго яшчэ няшмат, па-за межамі культурнага ландшафту ў Беларусі від не назіраецца.

У вароны, напрыклад, штогод выпрацоўваюцца новыя формы адаптацыі: птушка гняздуе нават і на правадах. Сёння нікога не здзівіць калі скальная птушка – шызы голуб – сядзіць на тоўстых галінках дрэў, але ж некалькі дзясяткаў гадоў таму гэта было незвычайна.

Адаптацый становіцца больш, птушкі бяруць прыклад з іншых, асабліва такія разумныя, як вароны, сарокі, каўкі. Назіраюць адно за адным, вучацца ў бацькоў.

Гракі (рус. грачи), напрыклад, тры-чатыры месяцы праводзяць са сваімі птушанятамі, паспяваюць іх шмат чаму навучыць.

Нават у розных раёнах Мінска птушкі маюць розныя паводзіны і механізмы адаптацыі. Напрыклад, у калужыне можна вымачыць сухую рыбу альбо хлеб, а недзе калужын няма і трэба прыстасоўвацца інакш.

 

Чаму гарадскіх відаў робіцца больш?

Адаптацыя беларускіх птушак да горада вывучана недастаткова. Каб лепш разумець перасоўванні птушак, трэба іх больш кальцаваць. У Беларусі кальцуецца ў разы менш птушак, чым у краінах Заходняй  Еўропы.

Нашы старажытная селішчы – Брэст, Гродна, Мінск – большую частку сваёй гісторыі былі драўлянымі, падобнымі да вёсак, толькі два стагоддзі таму пачалі афармляцца як каменныя гарады.

Рым, Афіны, Парыж, Лондан, Берлін існавалі як сапраўдныя гарады больш тысячагоддзя. Працэс адапатацыі птушак да горада патрабуе часу, у птушак Заходняй Еўропы ён быў. Таму там разнастайнасць гарадскіх відаў большая, чым у Беларусі. У Мінску бліжэйшыя дзесяцігоддзі колькасць відаў будзе павялічвацца праз экспансію гарадскіх папуляцый птушак з Еўропы на ўсход.

Паказальныя прыклады такой міграцыі – вялікі голуб і сокал-пустальга (рус. вяхирь и сокол-пустельга). У Беларусі пустальга – лясны і палявы від, займае гнёзды гракоў, варон, бо сваіх сокалы не будуюць.

Быў перыяд, калі пустальга амаль знікла з леса і трапіла ў Чырвоную кнігу. Потым іх колькасць павялічылася ў Брэсце: туды прыляцелі гарадскія птушкі з Заходняй Еўропы. Зараз у Брэсце больш за 60 пар, у Гродна і Мінску – каля 20. Гняздуюцца яны на будынках.

Сокал-пустальга

 

Дробным відам лягчэй жыць побач з чалавекам

Жывёльны і раслінны корм, бяспека і наяўнасць месцаў для гнездавання - гэта тры абавязковыя ўмовы для птушак.

Дробным відам лягчэй жыць побач з чалавекам, знайсці месца для гнязда і ежу. На буйных птушак чалавек традыцыйна паляваў, таму ім цяжэй.

У горадзе няма таго набору перыстых і чатырохногіх драпежнікаў, як у дзікай экасістэме, у лесе. У Мінску жывуць грызуны і зайцы, з драпежнікаў – ліса, каменная куніца, якой няма па-за населенымі пунктамі.

У Брусэлі, Лондане жывуць тысячы ліс, у Мінску пакуль адзінкі, але ж іх колькасць павялічваецца. Пакуль драпежнікаў у нашай сталіцы менш, птушкам лягчэй выгадаваць дзяцей і выжыць самім.

 

У Мінску птушкі жывуць насуперак усяму

Мінск увогуле не прыстасаваны для птушак, тут пра іх ніхто не клапоціцца. У Мінску старыя будынкі з нішамі і шчылінамі зашываюць ўцяпленнем, а такі дом непрыдатны для гнездавання.

У ЕЗ, каб мадэрнізаваць ці рэканструяваць дом, патрэбна заключэнне арнітолага. Спецыяліст глядзіць, ці ёсць гнёзды, а гняздуюцца там свіргулі, вераб’і, рудахвосткі-чарнушкі (рус. горихвостки-чернушки), шпакі, совы. Для ўсіх птушак, якія мелі на тым доме гнёзды, пасля агляду робяць альтэрнатыўныя штучныя домікі.

У Беларусі забаронена знішчаць гнёзды з 16 лютага да 15 жніўня, абсалютна ўсе птушкі ахоўваюцца законам. Тым ня менш, у гэты час у горадзе піляць дрэвы і кусты, нягледзячы на гнёзды.

Як гэта можна спыніць? Прыехаць і паглядзець, ці ёсць там гняздо. Калі так, то секчы такое дрэва нельга да 15 жніўня.

У Літве забаронена вырубаць дрэвы ў гнездавы перыяд без заключэння спецыяліста, што там няма гнёздаў.

Часам людзі тэлефануюць у Ахову птушак Бацькаўшчыны ці Акадэмію навук, просяць паглядзець гнёзды ў парку, дзе збіраюцца пілаваць.

Арнітолаг можа агледзець дрэва і зрабіць заключэнне, але арнітолагаў мала, у іх ёсць іншая праца, а дрэваў пілуюць штогод шмат.

 

Пагрозы гнёздам і птушанятам

Што яшчэ пагражае птушкам у горадзе? Па-першае, пагражаюць людзі, якія думаюць, што выратоўваюць птушаня і забіраюць дамоў. У 90% выпадкаў яго не трэба чапаць, варта пакінуць на месцы, калі яно не пашкоджана.

Другая праблема – пры касьбе травы лескай забіваюць птушанят. Людзі распавядаюць пра такую бяду ў Лошыцкім парку, АПБ звярнулася ў парк, каб яны не касілі траву як мага даўжэй, але там іншыя інструкцыі, і касьба працягваецца.

Касьба травы ўвесну і збор апалага лісця восенню значна памяншаюць колькасць насякомых і чарвякоў. Праз гэта птушкам цяжка харчавацца. Фактычна ўсе птушкі, нават раслінаедныя, птушанят выкормліваюць насякомымі.

Таксама ёсць праблема з катамі і сабакамі. Каты палююць на птушак, сытыя каты нібыта менш палююць. Сабак жа звычайна выгульваюць на пустырах, дзе атрымоўваецца ўмоўны птушыны рай. Там жывуць віды, якія гняздуюцца на зямлі – драчы, курапаткі рус. коростели, куропатки). Арнітолаг АПБ назірае за гнёздамі на пустырах ў Сухарава і кажа, што і першыя, і другія кладкі курапатак, якія ён знайшоў, знішчылі сабакі.

Звычайна людзі не сочаць за гадаванцамі падчас выгулу на адкрытай прасторы, сабакі вольна бегаюць. У гэтай праблемы пакуль няма адназначнага вырашэння.

Наступная праблема – з падкормкай. Няма патрэбы карміць птушак у іншы час, акрамя зімы. 

Людзі кормяць вадаплаўных птушак летам, яны прызвычайваюцца і не ляцяць зімой у вырай. Наступаюць маразы, людзі больш не прыходзяць у парк і не кормяць, птушкі замярзаюць.

Ні ў якім выпадку нельга карміць птушак хлебам. Хлеб – гэта малакаларыйная, шкодная для птушак, аб’ёмная ежа, якая забівае ім страўнік.

Верагодна, праз тое, што птушаняты лебядзёў ядуць хлеб, у некаторых з іх крылы выварочваюцца ў суставах, птушка ніколі не будзе лятаць.

Лебядзі жывуць 20–30 год, а маладога лебядзя людзі робяць інвалідам праз сваю “дапамогу”.

Лебедзь з крылом анёла. Фота - Алена Нічыпарук, Яўген Місіюк

 

Як жыхару Мінска дапамагчы птушкам?

  • Не чапаць птушак, не ўмешвацца ў іх натуральнае жыццё.

  • Даведацца, якія птушкі жывуць побач. Пачаць займацца бёрдвочынгам дапамагае АПБ. Назіраць за хараством птушак можна нават тады, і калі ў горадзе ўсё зачынена і няма куды пайсці.

  • Падтрымліваць грамадскія ініцыятывы АПБ і іншых прыродаахоўных арганізацый, якія накіраваныя на паляпшэнне ўмоў для дзікіх птушак, кветак, насякомых.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 02.06.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.