03.02.2020 / 16:02

У адным канцы Парка Дружбы народаў у сталіцы – разбітыя бетонныя сцежкі і заўсёды людна. Гэта папулярнае месца. У другім – высокія, месцамі рэдкія дрэвы, шмат птушак… І будаўнічы катлаван. На яго месцы былі дрэвы, потым планавалася будоўля, але зараз там пуста. А калісьці ўсё гэта было за межамі Мінску і звалася Камароўскім балотам. Тут побач была балотная станцыя, дзе працавалі навукоўцы.

Распрацоўкамі тарфянікаў і асушэннем балот сёння мала каго здзівіш. Яны могуць выклікаць сум, пачуццё страты ці агіду ад відовішча, але толькі не здзіўленне. Першы захады на беларускія балоты рабіліся яшчэ пры царскай ўладзе, у канцы ХІХ стагоддзя. У далейшым развіццё балотазнаўства і меліярацыйнай галіны толькі набірала абароты.

 

Легенда аб тым, адкуль пайшлі балоты

Рабіў бог зямлю. Выгладзіў, выдзелаў — люба паглядзець. Гладзенькая, кругленька, як шпакова яйка. Адляцеў троху водаль дый дзівіцца з сваёй працы, што добра ўдалося.

Тым часам чорт ужо быў, сядзеў ён за кустом і ад злосці аж тросся. Зайздрасць яго брала, што бог гэтак добра зрабіў. Як толькі бог схаваўся за нябеснымі брамамі, а іх цэлых сем, чорт давай са злосці кіпцямі зямлю дзерці ды кідаць. Куды кіне — гара, куды са злосці плюне — балота. Зрабіў зямлю такой, як мы зараз бачым. Сам зарыўся глыбока ў зямлю і зрабіў пад зямлёй сваё княства.

Зямлю бог перарабляць не захацеў, бо былі ўжо людзі, іх некуды было выганяць пад час рамонту. Так і засталася да нашых часоў.

З кнігі "Легенды і паданні" Акадэміі навук Беларускай ССР, 1983 год.

Ілюстрацыя Валерыя Славука
Ілюстрацыя Валерыя Славука

 

Балотныя экспедыцыі ў імя асушэння

У даведніку "Фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі" ёсць згадка пра арганізацыю ў 1873 годзе заходняй экспедыцыі для даследавання і правядзення асушэння палесскіх балот. Кіраўніком якой быў генерал, інжэнер-геадэзіст Жылінскі. Найбольш інтэнсіўна працавала экспедыцыя з 1874 па 1897 гады.

Вядома, падрыхтоўка спецыялістаў для такой кампаніі пачалася нашмат раней. У 1854 годзе ў Гарэцкім сельскагаспадарчым інстытуце была ўведзеная дысцыпліна па асушэнні балот.

Такім чынам, ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на беларускія балоты глядзелі як на перспектыўныя плошчы для пасеваў і вядзення сельскай гаспадаркі.

Менавіта гэтыя першыя захады і атрыманы досвед паклалі пачатак маштабнай меліярацыйнай кампаніі, якая праводзілася ўжо ў савецкія часы, у сярэдзіне і другой палове ХХ стагоддзя. Пад час якой беларускім балотам была нанесена вялікая шкода, наступствы якой заўважныя  і цяпер.

 

Мінская вопытная балотная станцыя

Сёння ў гэта цяжка паверыць, але калісьці пад Мінскам знаходзілася балота — называлі яго Камароўскім і займала яно сучасныя тэрыторыі паміж плошчай Якуба Коласа і Бангалор. Вядома, на той момант горад не прасціраўся на іх, а толькі паціху падбіраўся.

У 1911 годзе была заснавана Мінская вопытная балотная станцыя. Участак Камароўскага балота сталі выкарыстоўваць як эксперыментальны і паступова асушалі для назірання за дынамікай тарфянікаў. Так была закладзена аснова да маштабных меліярацыйных работ.

Перашапачаткова на Камароўскім балоце быў выбраны надзел зямлі памерам 4 га. У 1914 годзе пачынаюцца працэсы па стварэнні вопытных палёў, лабараторыі і правядзенне першых эксперыментаў.

Фота - news.tut.by
Фота - news.tut.by

У 1915 годзе станцыя пашырае плошчы асушэння, пачынае займацца гідратэхнічнымі пытаннямі, а таксама разгарнула геабатанічныя, хімічныя і сельскагаспадарчыя працы на балотах Палесся.

Аднак маштабным планам навукоўцаў перашкодзіла вайна. З набліжэннем фронта былі вымушаныя эвакуяваць хімічную лабараторыю, бібліятэку і персанал.

Фота - news.tut.by
Фота - news.tut.by

Праца станцыі аднавілася ў 1922 годзе. Асушалі ўсё большыя плошчы Камароўскага балота, пачалі ствараць інфрастуктурныя камунікацыі і асушальныя сеткі. Так была закладзена пясчаная дарога праз балота, на сучасным участку вуліцы Багдановіча ад праспекта Машэрава да Некрасава.

У гэтыя ж часы Мінская балотная станцыя праводзіць паспяховыя даследаванні па выросчванні на тарфяніках зернавых і тэхнічных культур праз правільную апрацоўку глебы.  Аднак найлепш падыходзілі асушаныя балоты пад шматгадовыя травы. Разглядаўся кірунак вядзення садаводства на дадзеных тэрыторыях. А вопытная станцыя займела свой уласны пітомнік

Вядома, здабыткамі даследаванняў зацікавілася сельскагаспадарчая галіна і сяляне, што жылі ў той час на балотах.

У 1930 годзе на базе станцыі ў спалучэнні з аддзелам асушэння і культур балот Беларускага дзяржаўнага інстутута сельскай і лясной гаспадаркі створаны Усесаюзны навукова даследчы інстытут балотнай гаспадаркі.

Фота - news.tut.by
Фота - news.tut.by

У часы Другой сусветнай вайны балотная станцыя працягвала сваю дзейнасць: палі засейвалі, даглядалі жывёлу. Пасля акупацыі аднавілася навукова-практычная праца.

У 1956 годзе станцыю ператварылі ў Мінскую эксперыментальную гаспадарку і значна скарацілі пасяўныя плошчы. Было гэта абумоўлена ростам горада і неабходнасцю свабодных тэрыторый пад забудову. У 60-я гады ХХ стагоддзе з выкарыстання станцыі былі выняты ўчасткі зямлі пад будаўніцтва мікрараёна – вуліцу Арлоўская-Карастаянавай, Сельгаспасёлка.

У 1978 годзе з эксперыментальнай гаспадаркі стварылі Эксперыментальнае вытворчае прадпрыемства Беларускага навукова-даследчага інстытута міліярацыі і воднай гаспадаркі. А на месцы былой станцыі разбілі Парк Дружбы народаў.

Хаця першапачаткова планавалася пабудаваць тут спартыўны комплекс, затым — галоўнае прадпрыемства Цэнтральнага батанічнага сада Акадэміі навук БССР. Але планы змяніліся, бо не было належнага фінансавання.

Такім чынам, было прынята рашэнне закласці парк кшталту аграбатанічнага сада. Большасць дрэваў, што растуць на тэрыторыі парка — рэшткі пітомніка станцыі. Найбольш цікавы віды — псеўдатсуга ці амерыканская елка, сасна Банкса, што расце на невялікім участку ля Інстытута міліярацыі. Ёсць у парку блакітныя елкі, манджурскі арэх, белыя таполі, клён срабрысты.

Фота - sytki-minsk.com
Фота - sytki-minsk.com

Сёння Парк Дружбы народаў занядбаны — разбіты сцежкі, разбураны малыя архітэктурныя формы, частка тэрыторыі аддадзена пад забудову, прычым у абодвух частках парка.

Што ж тычыцца балот, то на сёння ў краіне яны займаюць амаль 2 400 тысячы гектар. На іх здабываюць тарфяную сыравіну, асушаюць пад сельскагаспадарчыя надзелы, і адначасова аднаўляюць — адноўлена каля 60 тысяч гектар. І ўсё ж яшчэ 90 тысяч гектар застаюцца ў статусе парушаных.

Автор:
Фотограф:
be-tarask.wikipedia.org
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость