Сажайте деревья, а не журналистов

Цячэ вада ў ярок. Што будзе з беларускімі рэкамі і балотамі?

На мінулых выходных у свеце адзначалі Міжнародны дзень водна-балотных угоддзяў. Амаль 50 год таму было падпісанае міжурадавае пагадненне – Рамсарская канвенцыя – накіраванае на ахову гэтых тэрыторый.

03.02.2020 Грамадства Аўтар: Надзея Анісовіч Фота: Анатоль Касенчук

Згодна з канвенцыяй у Беларусі на сённяшні дзень існуе 26 мясцінаў, якія маюць рамсарскі статус і ахоўваюцца на міжнародным узроўні. У бліжэйшы час ахова гэтых ды іншых водна-балотных угоддзяў зменіцца. Прычана ў новай Стратэгіі кіравання воднымі рэсурсамі, праект якой знаходзіцца на разглядзе ў чыноўнікаў.

Асаблівую ўвагу Стратэгія надае змяненням клімату. Зялёны партал паразмаўляў з Вольгай Каскевіч, інжынерам-эколагам і каардынатарам прыродаахоўных праектаў грамадскай арганізацыі «Багна», і даведаўся, чаго варта чакаць ад Стратэгіі і як будуць ахоўваць беларускія рэкі, азёры і балаты ў бліжэйшай будучыні.

Але для пачатку некалькі слоў пра Рамсарскую канвенцыю.

 

Што такое Рамсарская канвенцыя і чаму яна такая важная?

Рамсарскія угоддзя – гэта не проста вада ці балота, гэта мясціны, якія маюць неверагодна важнае значэнне для біяразнастстайнасці цэлай планеты, для захавання таго навакольнага асяроддзя, да якога мы ўсе прызвычаіліся.

Як ужо ўзгадвалася, у Беларусі налічваецца 26 тэрыторый, якія маюць гэты важны міжнародны статус, то бок прызнаныя вельмі важнымі лакацыямі для Зямлі.

Wildlife.by

Чым жа так важныя водна-балотныя ўгоддзі? Яны фармую клімат на планеце, яны з’яўляюцца крыніцамі пітнай вады, роўна як і натуральнымі ачышчальнікамі навакольнага асяроддзя ад рознага кшталту забруджванняў, яны даюць нам магчымасць дыхаць, яны нярэдка з’яўляюцца падмуркам для розных галінаў эканомікі, у тым ліку ў развіцці турызма і г.д.

Агульная плошча такіх тэрыторый на Зямлі – каля 570 млн га. То бок каля 6% усё сушы.

Захоўваць гэтыя тэрыторыі было вырашана ў 1971 годзе, калі ў іранскім горадзе Рамсар было падпісана міжнароднае міжурадавае пагадненне.

Рамсарская Канвенцыя прадугледжае захаванне водна-балотных угоддзяў, асабліва месцаў, дзе жывуць вадаплаўныя птушкі, а таксама вельмі рацыяльнае карыстанне гэтымі тэрыторыямі, каб абараніць іх ад дэградацыі.

Згодна з Канвенцыяй, да водна-балотных угоддзяў аднеслі часціны зямной паверхні, пакрытыя вадой ці занятыя балотам, з праточнай ці стаячай вадой, якая можа быць не толькі прэснай, але і салёнай.

Да іх таксама адносяцца рэкі, азёры, каналы, розныя штучныя вадаёмы, нават палі з рысам ці мангравыя рошчы і леднякі.

 

Ці павялічыцца беларускі Рамсарскі спіс пасля прыняцця новай Воднай Стратэгіі?

Па словах Вольгі Каскевіч, новыя водна-балотныя тэрыторыі ў спіс намінуе Мінпрыроды сумесна з Акадэміяй Навук.

Некалькі год таму “Багна” запытвалася ў міністэрства, якія ёсць намінанты на папаўненне спіса. Але нам адказалі, што пакуль іх дастаткова і далейшага пашырэння ахоўных тэрыторый не плануецца. Шкада, бо гэтая дзейнасць мела на ўвазе прадаўжэнне, - распавядае экспертка арганізацыі. -  Усе нашы былыя намінанты ўжо маюць нацыянальны ахоўны статус. З аднаго боку, гэта не зусім правільна, бо хочацца бачыць у спісе тэрыторыі, якія яшчэ не маюць ахоўнага статусу, каб надаць яго такім чынам нейкім важным аб’ектам. Але ў дзяржавы няма такіх інтэнцый, бо для стварэння новых ААПТ патрэбны выдаткі з бюджэту”.

 

Замест абароны пабудуюць новыя ГЭС?

Але калі не пашыраць спіс, то якія дзеянні запланавала дзяржава ў галіне кіравання воднымі ресурсамі? Як не дзіўна, адзін з пунктаў новай Воднай стратэгі прадугледжвае стварэнне... ГЭС на малых і сярэдніх рэках

Мы цалкам супраць гэтай ідэі, - кажа Вольга Каскевіч. - Эканамічнага эфекту яно не дасць, але будуць вялікія экалагічныя наступствы. ГЭС ставіцца на некранутых рэках, і ўсе гідразбудаванні вельмі моцна змяняюць патэрн ракі, экасістэму і біяразнастайнасць”.

Такім чынам, падкрэслівае экспертка, натуральны ход рэк будзе перакрыты дамбамі і плацінамі, паглыбленне дна і ўмацаванне берагоў могуць прывесці да поўнай дэградацыі і мінімальнага ўзроўню біяразнастайнасці.

Калі адвадзіць ваду каналамі, то басейн ракі губляе свае экалагічныя функцыі. У адзін сезон вада штучна ўтрымліваецца, у другі – паступова аддаецца. Гэта цалкам мяняе экасістэму – у гэтых умовах інвазіўныя віды, завезеныя для рыбнай гаспадаркі або з іншымі грузамі, селяцца ў рацэ і выцясняюць мясцовыя. Таму па ўсяму свету ёсць рухі супраць будаўніцтва плацін”, - кажа Вольга Каскевіч.

І прыводзіць прыклад, Эстоніі, дзе раней ставілі шмат  дамбаў і выпрацоўвалі такім чынам энергію, каб падтрымаць мясцовыя мануфактуры.

Але зараз там самы вялікі рух у Еўропе па іх зносе за кошт бюджэтных сродкаў. Яны робяць гэта, каб вярнуць натуральную экасістэму ракі,  бо біяразнастайнасць мае большую вартасць”, - кажа экспертка “Багны”.

Па яе словах, у Беларусі нават пра эканамічны складнік цяжка казаць: “Усе нашы рэкі раўнінныя і павольныя. Не будзе такога эфекту, дзеля якога варта ўмешвацца ў прыроду. У нас ёсць Лукомльская і Бярозаўская ДРЭС, якія раней амаль поўнасцю забяспечвалі электрычнасцю ўсю краіну. Але зараз з-за будаўніцтва АЭС пра іх развіццё не кажуць. Хутчэй размова ідзе нават пра расфарміраванне гарадоў-спадарожнікаў, якія пад гэтыя ДРЭС былі пабудаваныя. І будаваць дадаткова сетку малых ГЭС – гэта нейкі нонсэнс”.

Багна выступае супраць неабдуманага запазычання гэтых тэхналогій. Інакш шмат грошай трэба будзе ўліваць, каб аднавіць экасістэму ў будучыні.

Да гэтага ўжо прыходзяць еўрапейскія краіны, а мы яшчэ рухаемся, як 30-40 гадоў таму”, - падкрэслівае Вольга Каскевіч

 

А яшчэ пусціць па рэках караблі

Яшчэ адзін пункт стратэгіі – развіццё судаходства на беларускіх рэках. І гэта таксама можа стацца праблемаю для водна-балотных угоддзяў нашай краіны, лічаць у “Багне”.

Для таго каб развіваць суднаходства, трэба спачатку праманіторыць, што з рэкамі адбываецца. Распроцоўшчыкі праекту Стратэгіі згодныя, што ўзровень вады ў беларускіх рэках зніжаецца, але збіраюцца развіваць суднаходства – гэта нелагічны падыход”.

Тым больш, што ўзровень вады зніўся не толькі па Беларусі, але і па ўсёй Еўропе. У “Багне” зрабілі эканамічную ацэнку развіцця суднаходства па маршруце Е40 ад Чорнага да Балтыйскага мора, і атрымалася, што “гэта не самы танны і не самы хуткі спосаб”.

У Беларусі добра развітая чыгунка. Можна танна перавозіць грузы па ёй. Для развіцця рачнога суднаходства, трэба зрабіць комплексны маніторынг колькасці вады ў рэках і паглядзець, якія рэкі здольныя ўмяшчаць у сябе такія судны, - кажа Вольга Каскевіч. - Наколькі я ведаю, судны класа “рака-мора” збіраліся запускаць толькі па Прыпяці і на пачатаку Дняпра – то-бок па маршруце Е40. Па астатніх рэках хутчэй за ўсё змогуць плаваць невялікія баржы”.

Цікава, што спачатку Е40, па дадзеных “Багны”, планавалася правесці па Дняпру праз Латвію на Заходнюю Дзвіну. Але Латвія заблакіравала гэтую ідэю яшчэ ў 1990-х.

Зараз Е40 зноў “усплыла” ужо праз іншы маршрут па Прыпяці, якая ніколі не была прыдатная для гэтага з-за хуткасці цячэння, меандраў, разліваў, а зараз і яшчэ малой глыбіні. У Савецкім Саюзе былі злучальныя маршруты паміж Пінскам і Кіевам, хадзілі турыстычныя караблікі, але караблёў класу “рака-мора” не было”.

Між тым,экспертка адзначае, што апошнім часам пра гэты клас караблёў амаль перасталі казаць, а сам Е40 як цэльны праект асабліва не ўзгадваюць, абраўшы тактыку рэалізацыі яго па частках.

Але ўсё яшчэ ідзе размова пра паглыблення дна часткі ракі, пра будаўніцтва порта ў Ніжніх Жарах. Па апошніх навінах, па Прыпяці плануюцца запусціць баржы, якія будуць давозіць да Украіны груз і там ужо перагружаць яго на іншыя караблі”, - кажа Вольга Каскевіч.

Бяручы пад увагу той факт, что Прыпяць ужо сёння мае вялікія праблемы з вадой, а сама рака цячэ па Беларусі – Украіне – і зноў па Беларусі, то тыя днопаглыбляльныя работы, які вось-вось плануецца праводзіць ва ўкраінскай частцы Прыпяці і на некаторых участках нізоўя Дняпра, могуць паўплываць і на беларускую частку ракі. Тым больш, што яшчэ невядома, як будуць паводзіць сабе донныя адклады ў зоне забруджвання ЧАЭС, падкрэслівае экспертка.

 

І павелічыць памер ужывання бутэляванай вады

І гэты пункт новай воднай Стратэгіі бянтэжыць экспертаў.

Думаю, што ў стратэгіі трэба казаць не пра бутэляваную ваду, а пра чыстую ваду ў населеных пунктах, - лічыць Вольга Каскевіч. - У Мінску мы п’ем у асноўным артэзіянскую ваду, але нейкія раёны харчуюцца з адкрытых крыніц. Гэта праблема, бо вада ачышчаецца хлёркай”.

Па самых аптымістычных прагнозах, па словах эксперткі, вада добрай якасці з’явіцца ва ўсіх беларусаў не раней за 2030 год.

“Праект патрабуе пераробкі ўсёй інфраструктуры, бурэння новых свідравін і закупкі дарагога абсталявання – усё гэта ўпіраецца ў бюджэт, - кажа экспертка “Багны”. - У гэтую стратэгію спрабуюць упіхнуць праекты і бізнес-ідэі, але яна павінна быць не пра гэта. Бутэляваная вада, як правіла, кропкава вырашае часовую праблему забруджвання”.

 

А пра клімат – цішыня

Цікава, што праект Стратэгіі кіравання воднымі рэсурсамі разлічаны на перыяд да 2030 года і ў сваёй назве, здаецца, павінен улічваць, праблему глабальнай змены клімату, але ў самім дакуменце пра змены клімату і тое, як гэтыя змены ўплываць і будуць уплываць на водныя рэсурсы краіны, амаль не згадваецца.

Па словах Вольгі Каскевіч, у Беларусі амаль не вядзецца сістэмны маніторынг змены ўзроўня грунтовых вод, не адсочваецца дынаміка, не шукаюцца прычыны таго, што рэкі мялеюць.

У Польшчы нашы калегі напрацягу доўгага часу паўсюль фіксуюць зніжаны ўзровень грунтавых вод, - кажа экспертка “Багны”. - Вельмі цяжка вырашыць праблему, калі ёсць масавае асушэнне тэрыторый, звязанае, у тым ліку і са зменай клімату”.

Тое, што гэтыя змены дрэнна ўплываюць на навакольнае асяроддзе, эксперты не сумняюцца.

У сярэднім ў зімовыя месяцы стала цяплей на 2,5-3 градусы. Амаль на месяц ссунулася развіццё прыродных з’яў. Вегетацыя дрэваў пачынаецца нашмат раней, таму расце магчымасць іх пашкодзіць вясновымі замаразкамі. Маласнежная зіма (за апошняе дзесяцігоддзе таўшчыня снежнага покрыва паменшылася на трэць) вядзе да недахопу вільгаці ў глебе, павялічвае прамярзанне. У выніку ў красавіку і траўні мы бачым значны недабор прыросту”.

І гэты негатыўны ўплыў можна адсачыць на прыкладзе Палесся.

Там быў велізарны комплекс балот, які называлі мора Герадота. Ён фарміраваў спецыяльны мікраклімат у рэгіёне для асаблівай расліннасці і ландшафту. Пасля масавага асушэння, клімат пачаў мяняцца. Навукоўцы сёння фіксуюць там большую колькасць замаразкаў, якія дрэнна ўплываюць на тую ж расліннасць, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод”.

Дапамагчы мінімізаваць гэтыя страты, маглі б людзі, калі б больш ашчадна ставіліся да таго, што маюць, лічыць Вольга Каскевіч.

“На маю думку, у першую чаргу трэба казаць пра мясцовы мікраклімат экасістэмы, на што магчыма ўплываць лакальна. Напрыклад, выключыць торфаздабычу, інтэнсіўную высечку, будаўніцтва дарог на некранутых тэрыторыях. Усё гэта будзе станоўча ўплываць на агульны клімат”.

Але ў праекце кіравання воднымі рэсурсамі такіх захадаў не бачна. На жаль.

 

Трэба працаваць з людзьмі

Важным пунктам праекту стратэгіі кіравання воднымі рэсурсам Беларусі яе распрацоўшчыкі лічуць працу з насельніцтвам, у прыватнасці, інфармаванне людзей. І “Багна” такі падыход лічыць правільным.

Доўгі час насельніцтва, з пункту погляду дзяржавы, разглядалася хутчэй як апанент. Зараз сітуацыя мяняецца і людзей пачынаюць уцягваць у абмеркаванне”, - кажа Вольга Каскевіч.

І падкрэслівае, што яе арганізацыя вядзе некалькі праектаў, у якіх тлумачыць мясцоваму насельніцству іх экалагічныя правы, кансультуе і дапамагае наладзіць рацыянальная і ашчаднае стаўленне да навакольнага асяроддзя.

Гэта нашы школы дзікай прыроды і адвакатавання, культурныя праекты, валанцёрскія лагеры, сайт і інфацэнтр, - тлумачыць Вольга Каскевіч. - Насамрэч, людзі вельмі захапляюцца прыродай, аднаўляюць на ўлонні прыроды свой энергетычны баланс і фізічнае цела, часцей хочуць вяртацца ў прыроду, дапамагаць ёй добрымі справамі. Гэта бачна па нашай прыродаахоўнай талацэ. Мяне вельмі парадаваў адзін з запытаў апошняга года, калі жыхары збіраліся за свой кошт аднаўляць балота”.

Па словах эксперткі, яшчэ пяць гадоў таму ў людзей была негатыўная асацыяцыя з водна-балотнымі ўгоддзямі: яны лічылі, што гэта нешта цёмнае, топкае, цяжкадаступнае і цалкам непатрэбнае.

Людзі не прыязджалі на балоты, не ведалі, як дабірацца. Мясцовыя жыхары, якія ведаюць вартасць гэта экасістэмы, мала карысталіся інтэрнэтам, таму таксама не маглі распаўсюдзіць іншы погляд, - кажа Вольга Каскевіч. - На сваім сайце мы расказваем пра важнасць балот, паказваем маршруты, куды можна з’едзіць, даем інфармацыю для тых, хто хоча працаваць і будаваць кар’еру ў гэтай сферы. Мы паказваем прыгожыя ландшафты, каб людзі перасталі баяцца і ўбачылі, якія балоты бываюць розныя і цікавыя”.

Цяжка не заўважыць вынікі такой працы: зараз, у тым ліку і дзякуючы “Багне” сталі вельмі папулярнымі турыстычныя маршруты на Ельню, у Бярэзінскі біясферны запаведнік, на Альманы.

У нас вельмі мала такіх месцаў, куды можна схадзіць нешта даведацца і правесці час з сям’ёй. А для людзей гэта вельмі важна, каб разумець, навошта гэтую экасістэму захоўваць. Трэба выдзяляць бюджэт на развіццё інфраструктуры, стварэнне экасцежак. Гэта вялікі комплекс працы. Людзі могуць дапамагаць краудфандынгам і валанцёрствам”, - кажа Вольга Каскевіч.

І калі да папулярізацыі балот ці іншых беларускіх водных маршрутаў далучыцца дзяржава, у “Багне” будуць толькі шчаслівыя.

А яшчэ лепш, калі дзяржорганы не будут баяцца праблемных пытанняў ад мясцовых жыхароў, кажа экспертка.

“Гэта можа адбывацца, напрыклад, на грамадскіх абмеркаваннях. Да нас апошні час прыходзілі запыты па актыўнаму ўдзелу ў жыцці водна-балотных угоддзяў. Мы робім разам з насельніцтвам лагеры, якія дапамагаюць кропкава аднавіць экасістэму. Хай гэта будзе маленькі маштаб, але гэта прыклад для пераймання. І ўжо ёсць запыт ад малога мясцовага бізнесу на працяг гэтага аднаўлення”.

У той жа час на Альманах усё яшчэ арганізоўваюць раллі на джыпах па балотах. Гэта нонсэнс, але такія выпадкі сустракаюцца і ў Беларусі, і ў Расіі і ва Украіне, дзе вельмі слаба прымяняецца прыродаахоўнае заканадаўства.

Мы ўносілі ў закон папраўку на забарону масавых мерапрыемстваў, якія парушае натуральную экасістэму. Хоць у 2016-м джыперам быў налічаны штраф у 10 тысяч долараў за шкоду, аднак на Альманах мы ўжо бачылі аб’яву на такі ж збор у 2020-м”, - з жалем кажа Вольга Каскевіч.

Што ж рабіць, каб грамадскасць мела больш магчымасцяў уплываць на рашэнні ў сфере абароны навакольнага асяроддзя?

На думку эксперткі, людзям трэба мець доступ да інфармацыі. І гэтая інфармацыя павінна быць зразумелай.

“Калі мы аналізавалі водна-балотныя ўгоддзі, сутыкнуліся з тым, што дзяржорганы  даюць інфармацыю ў такім фармаце, што яго проста цяжка аналізаваць”, - кажа Вольга Каскевіч.

Так, адзначае экспертка, у свой час былі створаныя навукова-грамадскія саветы пры Акадэміі Навук і грамадска-касультатыўны савет пры Мінпрыроды. Яны служаць кропкамі ўваходу грамадскасці, дзе можна абмяркоўваць пытанні нацыянальнага і рэгіянальнага значэння.

Але, напрыклаж, у Мінлясгасе адмовіліся зрабіць такі савет, між тым такія органы патрэбныя ва ўсіх ведамстваў”, - кажа Вольга Каскевіч.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 03.02.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.