Сажайте деревья, а не журналистов

Метры дабрыні: стартаваў другі этап збору на прытулак для дзікіх жывёл

Летась цэнтр дапамогі дзікім жывёлам “Сірын” пачаў вялікі праект – збор на новы ўчастак, дзе можна будзе пабудаваць вальеры, стварыць цёплыя месцы для зімоўкі і выратаваць яшчэ больш звяроў і птушак. Палову метраў яны сабралі ў мінулым сезоне, потым сышлі на зімоўку і вось зноў адкрываюць збор. А яшчэ шукаюць месца, дзе ажыццявіць гэтую сваю мару.

04.03.2021 Грамадства Аўтар: Надзея Анісовіч Фота: З архіву гераіні

За зіму “Сірын” традыцыйна прыняў шмат жывёл на лячэнне. Гэтая зімоўка вылучылася вялікім лебядзіным бумам. З-за маразоў птушкі раптам вырашылі пераляцець на вадаёмы, якія яшчэ не замерзлі, але ж не ўсе паспяхова з гэтым справіліся. Яны падалі ў сумёты, сядзелі на прыпынках транспарту, у выніку іх збіралі па ўсяму гораду і везлі ў “Сірын”.

Падчас моцных маразоў таксама знайшлі няўдачлівую чаплю: яна прымерзла хвастом да вады. Спярша яе не чаплялі, бо думалі, што ўсё ў парадку – яна ж у вадзе. А потым людзі зразумелі, што яна проста не можа паварушыцца. Каб яе дастаць, прыйшлося пераходзіць раку па вадзе. Калі птушку пачалі разглядаць, у яе ўсё пер’е было пакрытае скурачкай лёду.

Усе гэтыя птушкі паправяцца і паляцяць, калі стане цяплей, але ж у цэнтры з’явілася больш і пастаянных жыхароў. Як то сляпы ястраб ці амерыканская норка, якая трапіла ў капкан і згубіла лапку.

Вось каб і ім камфортна жылося, і іншым жыхарам, патрэбны новыя метры. На сайце цэнтра можна ахвяраваць любую камфортную суму для вашага гаманца, пачынаючы ад 10 рублёў (кошту 1 метра). Дарэчы, там ёсць і так званыя пакеты: вавёркавы на 4 метра, лебядзіны – 6 м, лісіны – 7 м і гэтак далей. Самы дарагі – аленевы на 100 метраў. У якасці падзякі за пакет кожны ўдзельнік атрымае сувенір ад абранай жывёлы.

Таксама можна паўдзельнічаць ад імя кампаніі – дапамога бізнесаў будзе адзначана асобна на слайдэры спонсараў.

Дырэктарка цэнтра Ірына Траяноўская прыкідвае, калі збор будзе ісці такімі ж тэмпамі, як летась, то яго можна будзе завершыць летам. Выніковую лічбу яны не мянялі, але ж натуральна з-за інфляцыі і росту долара мэтавая сума будзе крыху па-іншаму адчувацца. Але ж кіраўніцтва не губляе надзеі, бо нерухомасць у нас таннее.

Пакуль што галоўная задача – знайсці ўчастак. Той, што планавалі купіць у мінулым годзе, ужо набыць не атрымаецца.

“Калі хтосьці ведае, дзе прадаецца нейкая ферма, канюшня ці яшчэ нейкія варыянты для нас, будзем удзячны за інфармацыю, – кажа Ірына. – Хацелася б у ідэале да 40 км ад Мінска, але мы будзем разглядаць любыя варыянты. Нам патрэбны мінімум 1,5 га зямлі або магчымасць узяць месца побач ў арэнду (напрыклад, ускраіна вёскі). І хаця б мінімальныя камунікацыі – святло. І важны крытэрый – наяўнасць грамадскага транспарту, каб дабірацца да працы”.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 04.03.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.