05.09.2018 / 16:09

"Сталіцы не хапае зеляніны", — усё часцей гучыць падобны мэсэдж ад гараджан. Паўголыя праспекты і буйныя аўтамагістралі, ледзь жывыя "дубчыкі" і пажоўклыя каштаны абапал дарог ці суцэльна закатаныя ў плітку тратуары — таму ілюстрацыйны доказ. Не дзіўна, што шырокае абурэнне выклікаюць выдаленні падавалася б знешне здаровых дрэваў, як гэта здарылася сёння ў Дзіцячым парку імя Горкага ў Мінску.

Па інфармацыі Onliner.by падставаю для выдалення разгалістай івы на ўваходнай пляцоўцы ў парк стаў яе небяспечны стан, што падцвярджаецца даследаваннем дрэва спецыялістамі Мінскзеленбуда, Інстытута батанікі НАН, Батанічнага саду.

ожна было загадзя дапусціць, што пры моцным парыве ветра ў івы абваліцца галіна, а вакол стаяць лаўкі… Аднак гаворка павінна ісці не пра гэта, - каментуе Зялёнаму парталу Ігар Корзун, каардынатар кампаніі "Гарадскі Ляснічы". - Парк — гэта не проста тэрыторыя засаджаная дрэвамі, парк — архітэктурны аб'ект, што мае сваю ландшафтную кампазіцыю. І гэта галоўная частка дадзенай тэрыторыі, не аб'екты, што выконваюць бізнэс задачы, ці атракцыёны, а менавіта архітэктурна-ландшафтная кампазіцыя. Паркі — гэта помнікі, з якімі  трэба абыходзіцца належным чынам".

Фота - Вольга Чэкулаева
Фота - Вольга Чэкулаева

Таму ў сітуацыі выдалення дрэва ў Ігара ўзнікаюць пытанні не да самаго факта праведзеных работ, а да прычын, якія прывялі да такой неабходнасці.

"Хацелася б даведацца ў адміністрацыі парка, што было зроблена, каб дрэва было ў здаровым стане, якія агратэхнічныя мерапрыемствы ў дачыненні да яго праводзіліся, ці ажыццяўляўся маніторынг дрэва ў апошнія 10 год.  І хочацца не на словах, а пабачыць дакументы. Грамадзяне маюць права спытаць такое з кіраўніцтва тэрыторыі парка", — падкрэслівае ён.

Фота - Вольга Чэкулаева
Фота - Вольга Чэкулаева

Іва з'яўлялася часткай кампазіцыйнага плана ўваходнай групы парка. Такога кшталту страты "Гарадскі Ляснічы" параўноўвае з разбурэннем фасаднай часткі Опернага тэатра, што ў сваю чаргу павінна выклікаць разбіральніцтва па прычынах.

"Вядома, дзеля гэтага могуць быць аб'ектыўныя прычыны. Хочацца ўпэўніцца, што не была дапушчана прафесійная халатнасць, калі своечасова не выдалілі падсохлае галлё, якое прывяло да гніення сэрцавіны ці хваробы, што паўплывалі на стан дрэва. Хочацца разабрацца, ці існуе на сённяшні дзень у парка архітэктурна-ландшафтны праект, у адпаведнасці з якім выконваюцца ўсе працы па маніторынгу аб'ектаў расліннага свету, агратэхнічныя мерапрыемствы, кампенсацыйныя пасадкі, змена кампазіцыі тэрыторыі", —  зазначае ён.

Фота - Яўген Ерчак, TUT.by
Фота - Яўген Ерчак, TUT.by

На думку актывіста, такога кшталту дакумент можа гарантаваць абдуманае стаўленне да тэрыторыі з боку адміністрацыі парка. Калі за ім будуць глядзець, як за помнікам архітэктуры, і пры неабходнасці рэканструкцыі ці аднаўлення — вяртаць ў гістарычна зфарміраваным, звыклым для гараджан выглядзе. На жаль, наўрадці сталічныя паркі маюць падобныя праекты. Адсюль даводзіцца сутыкацца з сітуацыяй, калі ў разуменні чыноўнікаў-кіраўнікоў паркавыя зоны з'яўляюцца тэрыторыямі, на якіх проста растуць дрэвы.

"У гарадскіх умовах дрэвы падвяргаюцца празмернаму ўздзеянню неспрыяльных экалагічных умоў, высокай антрапагеннай нагрузцы, неабходнасці праводзіць будаўніча-рэканструяцыйныя работы і іншае. Гэта непазбежныя рэчы, але яны вымушаюць удзяляць больш увагі стану зялёных насаджэнняў. На жаль, пакуль на гэты конт няма разумення ў чыноўнікаў", — кажа Ігар.

Фота - Яўген Ерчак, TUT.by
Фота - Яўген Ерчак, TUT.by

Да ўсяго важна прасачыць, ці кампенсуюць выдаленае дрэва іншым. Нягледзячы на сцвярджэнне Зеленбуда Партызанскага раёна, што на месцы івы ці побач пасадзяць насаджэнне іншай пароды, Ігар мяркуе пра верагоднасць з'яўлення тут чарговага кафэ ці шапікаў з сувеніркай, што будуць прыносіць парку грошы з арэнды.

"Магчыма для супакаення гараджан замест спілаванай івы пасадзяць іншую. Але важна, каб гэта было дарослае падрыхтаванае да перасадкі дрэва, якое можна знайсці ў рэспубліканскіх пітомніках ці лясніцтвах. Аднак мы мае ўжо сумны досвед, калі некалькі год таму, на ўваходзе ў парк Горкага выдалілі трохствольную бярозу. На яе месцы пасадзілі дубчыкі, што наўрадці выжывуць", — падкрэслівае каардынатар капаніі "Гарадскі Ляснічы".

Падобны лёс, верагодна, чакае яшчэ два дарослых дрэвы, якія растуць у межах уваходнай плошчы ў парк, — срабрысты клён і чырвоны дуб, што ўжо сёння знаходзяцца ў нікчэмным стане.

І тут важна, каб адміністрацыя парка выходзіла і тлумачыла людзям абставіны, свае рашэнні па прыняцці мер у дачыненні да дрэваў, а не адмахівалася ад грамадскасці, як ад надакучлівых мух, сцвярджае ён.

З рэшты, гараджане забяспечваюць працу паркавых структур, у тым ліку адміністрацыйнай часткі, праз падаткі. Таму цалкам нармальна разлічваць на зваротную сувязь, канструктыўны дыялог і празрыстасць дзеянняў на грамадска-камунальнай тэрыторыі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость