Сажайте деревья, а не журналистов

Як правільна арганізаваць збор медадходаў? Парады эксперта

Надзённая праблема цяперашняга часу, якая закранула амаль усіх жыхароў краіны: куды несці выкарыстаныя маскі і пальчаткі. Насамрэч, пытанне з лекамі, шпрыцамі ды іншым медычнымі адходамі ўзнікла значна раней. І экалагічныя актывісты, роўна як і ўрады розных краін свету, задумваюцца, як ратаваць планету ад залішняга смецця.

Якія ёсць ініцыятывы і магчымасці ў Беларусі у гэтым кірунку, Зялёны партал спытаў у Наталлі Блышчык, супрацоўніцы праграмы па хімічным рэчывам і адходам Цэнтра экалагічных рашэнняў.

 

Небяспечныя адходы

Лекі адносяцца да групы небяспечных адходаў, для якіх трэба ствараць спецыяльныя ўмову збору. Як, напрыклад, гэта ўжо зроблена для збору батарэек. Але зараз для таго, каб стварыць такія ўмовы для збору медычных адходаў, адсутнічае заканадаўчая база.

Усе існуючыя яе праекты – ініцыятывы грамадскіх арганізацый або ўстаноў аховы здароўя і аптэк, распавядае экспертка ЦЭР.

На сённяшні дзень наўпрост на бяспечную ўтылізацыю насельніцтва можа здаць толькі ртутныя тэрмометры.

Ва ўстаноў аховы здароўя гэты пералік шырэй. Яны здаюць лекавыя сродкі, адпрацаваныя шпрыцы і іглы, адходы, забруджаныя крывёю і біялагічнымі вадкасцямі, адходы цытастатычных прэпаратаў. Усё гэта ўтылізуецца цэнтралізавана спецыяльнымі арганізацыямі.

 

Куды выкінуць лекі?

Кантэйнераў для збору лекаў у Беларусі амаль няма. У сталіцы адзін такі знаходзіцца ў паліклініцы № 40 (вул. Люцынская, 3), здаць таблеткі можна ў часы яе працы (пн-пт 7:00 – 20:00, сб 8:30 – 18:00).  Ёсць кантэйнер у Баранавічах, а таксама ў Пінску і Вілейцы (падрабязней праз дадатак "Зялёная мапа").

У тых гарадах, дзе ёсць кантэйнеры, можна здаць лекі, якія прадстаўляюць небяспеку для навакольнага асяроддзя: антыбіётыкі, супрацьзапаленчыя і абязбольваючыя, гарманальныя прэпараты, антыдэпрэсанты. Для гэтага трэба дастаць іх з упакоўкі, прыбраць укладышы і прынесці ў кантэйнер. Астатнія медыцынскія адходы (шпрыцы, маскі) неабходна прадэзінфіцыраваць ці завярнуць у пакет і выкінуць у сметніцу”, – раіць спецыяліст.

Аднаразовыя маскі, бахілы і накідкі зроблены з нетканага палімернага валакна. Іх перапрацоўка на дадзены момант немагчыма. Гэта ж адносіцца і да вільготных сурвэтак, якія прадстаўляюць значную праблемы да навакольнага асяроддзя. З экалагічнага пункту погляду, зараз лепш абраць шматразовую маску, але за ёй трэба правільна даглядаць і ў час дэзынфіцыраваць.

А вось шпрыцы ў асноўным зроблены з поліпрапілену – гэты палімер перапрацоўваецца, аднак для гэтага іх трэба збіраць асобна. Ва ўмовах бальніцы гэта магчыма, а ў быту пакуль не.

У некаторых краінах шпрыцы збіраюць разам з лекамі ў аптэках ці спецыяльных пунктах для асобнага збору смецця. Але ўсё адно іх спальваюць, а не перапрацоўваць.

Што датычыцца лекавых сродкаў, існуе некалькі тэхналогій па абясшкоджванню. Па заканадаўству, медустановы павінны збіраць асобна тое, што магчыма перапрацаваць у Беларусі, і тое, што магчыма бяспечна знішчыць. У нас пакуль прымяняюць толькі высокатэмпературнае спальванне з ачысткай газаў, якія ўтвараюцца падчас працэсу.

Але ёсць і іншы варыянт:  Белдзяржмедуніверсітіэт, напрыклад, распрацоўвае метад утылізацыі праз хімічную дэзактывацыю лекавых сродкаў – гэта больш экалагічна.

 

Як бяспечна утылізаваць маску?

Перад тым, як выкінуць маску, шпрыц ці нейкія іншыя медыцынскія рэчы, іх трэба апрацаваць, каб забіць вірусы і мікробы, і не пераўтвараць плынь смецця ў канцэнтраваны эпідэміялагічны пункт.

Бо пасля таго, як людзі іх выкінулі, з гэтым смеццем яшчэ сутыкаюцца супрацоўнікі смеццесартавальных станцый і палігонаў.

Аднак ёсць пытанне, ці можа чалавек зрабіць гэта бяспечна для сабе. Таму беларускія службы прапануюць усе патэнцыяльна забруджаныя сродкі ізаляваць у пластыкавы пакет.

Установы аховы здароўя, напрыклад, у такіх выпадках або самі абеззаражваюць усе рэчы, або перадаюць на цэнтралізаванае абеззаражванне.

 

А што ў іншых краінах?

“Шмат у чым пытанне ўпіраецца ў палітычную волю і фінансаванне сістэмы. Удачны вопыт у краінах, дзе арганізавана партнёрства фармацэўтычных аптовых кампаній, фармацэўтычнай прамысловасці і аптэк, а таксама рэгіянальных агенцтваў па ахове навакольнага асяроддзя і мясцовых органаў улад. Так сістэма працуе ў Бельгіі, Венгрыі, Партугаліі, – расказвае Наталля Блышчык. – Фармкампаніі і аптэкі ўзялі адказнасць за арганізацыю і фінансаванне сістэмы збору – кантэйнеры, лагістыка. Фармпрамысловасць узяла фінансавую адказнасць за абясшкоджванне адходаў лекаў. Кожная кампанія аплачвае пэўны адсотак у залежнасці ад яе прысутнасці на рынку. Органы ўлады і пэўныя некамерцыйныя арганізацыя забяспечваюць прававое рэгуляванне і кантроль”.

Ёсць і іншыя прыклады. У Вялікабрытаніі сістэму стварылі і фінансуюць мясцовыя органы ўлады. У Італіі – муніцыпалітэт сумесна з адным ці некалькімі дзяржаўнымі ці прыватнымі партнёрамі кіруе сваёй ўласнай сістэмай і аплачвае выдаткі, звязаныя са зборам, транспарціроўкай і ўтылізацыяй.

Усе выдаткі службы ўборкі смецця пакрываюць падаткам за збор адходаў, які аплачваюць грамадзяне, – TARES (Tributo comunale sui rifiuti e sui serviz).

Ёсць і негатыўны вопыт у гэтай сферы. У Літве грамадскія аптэкі абавязалі па закону прымаць нявыкарастаныя ці пратэрмінованыя лекі і перадаваць іх ліцэнзаванай кампаніі, якая адказвае за зварот з фармацэўтычнымі адходамі, кожныя тры месяцы.

У заканадаўстве прапісалі, што ўрад адказвае за фінансаванне сістэмы, але ролі розных устаноў дакладна не вызначылі.

На практыцы цяпер апынулася, што аптэкі самі адказваюць за аплату сабраных лекаў і за любыя інфармацыйныя кампаніі па гэтым пытанні. І ў выніку зараз яны часта не паведамляюць грамадзянам аб сваіх абавязках прымаць пратэрмінованыя лекі, а часам і адмаўляюцца з-за расходаў на ўтылізацыю.

Для Беларусі тут ёсць пункт росту грамадскай ініцыятывы і малога бізнесу, для ўзаемадзеяння з фармацэўтычнымі кампаніямі і аптэкарскімі сеткамі. Цэнтр экалагічных рашэнняў прапрацаваў розныя юрыдычныя аспекты арганізацыі сістэмы збору. У цяперашні час няма абмежаванняў для арганізацыі ўласных пунктаў збору і перадачы на ўтылізацыю лекаў. Натуральна, пры гэтым павінны выконвацца правілы абыходжання з медадходамі. Зараз ёсць магчымасць далучыцца да кампаніі “Прырода без фармацэўтычных адходаў” і атрымаць кансультацыю і неабходныя інфармацыйныя матэрыялы”, – кажа спецыяліст.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 06.05.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.