08.11.2018 / 08:11

Вяз гладкі, што пад Талуямі, пакуль не помнік прыроды, але ля яго ўжо стаіць агароджа і агранізуюць суботнікі. Як трэба даглядаць такія дрэвы?

“Эколагі і батанікі, дзе вы!”

Нягледзячы на спрыяльны беларускі клімат, вяз амаль не з’яўляецца лесаўтваральнай пародай для нашай краіны. Агульная плошча вяза ды іншых ільмавых пародаў у Беларусі складае 591 гектар – зусім няшмат, і тым больш няшмат сярод іх вядомых дрэваў.

У Мінску каля дзясятку вязаў узростам 70-115 год, а вось пад Маладзечнам расце дрэва, узрост якога ацэньваюць у 500 гадоў і больш. Магчыма, гэта найстарэйшы вяз гладкі (Úlmus laévis) у Еўропе, і большы за яго толькі адзін – у Польшы, піша краязнаўца Міхаіл Міхалевіч у 2013 годзе. З гэтага тэкста і пачалася публічная сучасная гісторыя дрэва, што расце ў вёсцы Талуі Маркаўскага сельсавету Маладзечанскага раёну.

Сярод помнікаў прыроды мясцовага значэння, што на сайце Міпнрыроды, ёсць толькі адзін падобны: Невельскія вязы ў Пінскім раёне. У спісе такіх помнікаў на сайце Нацыянальнага кадастравага агенцтва вязаў няма.

Чытайце па тэме: 400-летний вяз в Молодечненском районе возьмут под охрану

“Мне нават шкада, што праз свой артыкул надаў дрэву папулярнасць. Часам для прыроды лепшая ахова – невядомасць для людзей”, – кажа Міхалі Міхалевіч.

Міхаіл Міхалевіч турбуецца пра дрэва: напрыклад, падчас суботніка 27 кастрычніка пад ім планавалі зграбсці апалае лісце, сабраць галлё, прыбраць тэрыторыю вакол.

“Гэта суботнік, які нясе небяспечнасцць вязу ў Талуях. Лісты, што ападаюць восенню з дрэваў – не смецце. Лепш бы адшукалі грошы на громаадвод і каб выправіць ранейшыя хібы, – кажа ён.

– Год таму пад кронай вяза, ля самага ствала, інспектары Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зрушылі земляны пакроў, каб выкапаць ямкі і усталяваць слупы для плота, не ведаючы, што плот нельга ставіць ля ствала дрэва, а трэба усталёўваць на адлегласці не бліжэй за праекцыю кроны!Каб не пашкодзіць карэнне.

Варта прыбраць і тэрыторыю навокал, але грэсці лісце ля патрыярха? Эколагі і батанікі, дзе Вы, падтрымайце дылетанта!”, – просіць краязнаўца.

 

Той самы вяз. Фота – Рэгіянальная газета
Той самы вяз. Фота – Рэгіянальная газета

Чытайце па тэме: “Можа, у тым вязе замураваная князёўна”. Самы стары вяз у Беларусі сохне, пакуль людзі разбіраюцца з дакументамі 

 

Навукоўца: лісце можна не прыбіраць, гэта натуральнае ўгнаенне

Мы звярнуліся па каментары да спецыялістаў і запэўніліся: лісце і галлё прыбіраць пад дрэвам не абавязкова. Агулам спосаб дагляду за дрэвам будзе апісаны ў пашпарце помніка, які той мусіць атрымаць неўзабаве.

– Калі дрэва мае статус помніка прыроды, то за ім звычайна даглядаюць: і агароджу падновяць, і абкосяць вакол, – каментуе кандыдат біялагічных навук і вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі Максім Ярмохін.

Фота – bahna.land
Фота – bahna.land

– Ці трэба ставіць нешта накшталт громаадводу?

– Тэарэтычна – можна было б, асабліва для дрэваў сярод поля.

– А лісце пад такім дрэвам трэба прыбіраць?

– Навошта? Гэта ўгнаенне, што адмерла, тое сышло ў зямлю – натуральны працэс. Хаця ля турыстычнага аб’екту варта.

– Ці ўплывае на дрэва тое, што пад ім ходзяць людзі?

– Калі стаіць агароджа на нейкай адлегласці ад ствала – нічога не будзе.

– А на якой адлегласці яна мусіць быць?

– Не скажу, бо ў кожным выпадку індывідуальна. Гэта залежыць, напрыклад, ад глебаў: калі там пясок і расце дуб з якарнай каранёвай сістэмай – хадзіце побач, нічога не будзе. Калі падбалочаная – трэба як мінімум у межах радыюса кроны.

Плюс залежыць ад колькасці людзей: гэта натоўпы, як да дуба-патрыярха ці 10 чалавек на год? Калі 10, то жывёлаў там больш, чым людзей.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

 

Прамысловы альпініст – не лекар для дрэва

– Як агулам звычайна даглядаюць за дрэвамі-помнікамі прыроды?

– Дакументы на гэты вяз падрыхтаваныя і перададзеныя ў выканкам на зацверджанне. Які патрэбны дагляд – звычайна апісваюць у пашпарце. Але праблема ў тым, што ён на балансе землекарыстальніка, які звычайна не мае сродкаў на падрэзку і гэтак далей.

Звычайна ініцыятыўныя людзі для гэтага шукаюць спонсара, альбо камітэт прыродных рэсурсаў шукае сродкі. Вакол дрэва ў любым разе будуць касіць, але праблема з тым, што называюць лекаваннем.

Такія дрэвы часта знаходзяцца не ў горадзе, а ў лесе ці сярод поля, куды не пад’ехаць. Тут таксама патрэбныя спецыялісты, якія б займаліся паўнавартаснай працай з такімі дрэвамі, і ў Беларусі іх няма.

Гэтым мусіць займацца арбарыст: даць ацэнкку стану і рэкамендацыі для яго лекавання, а таксама выканаць патрэбныя дзеянні. Але ў нас так называюць сябе тыя, хто здольны залезці на дрэва ды абрэзаць галлё і насамрэч займаецца прамысловым альпінізмам.

Фота – alp-ur.ru
Фота – alp-ur.ru

 

Вяза мала, але ён стала спадарожнічае дубу

У Беларусі расце некалькі тыпаў вязаў: гладкі, шурпаты і бераст. Найбольш распаўсюджаны вяз шурпаты – ён спадарожнік дуба, асабліва ў вільготных месцах. Вяз гладкі расце ў большай ступені на поўдні Беларусі – тлумачыць Максім Ярмохін.

– Ці можна сказаць, што раней вязу было больш, а зараз меньш?

– Ніхто не скажа, бо ніхто не праводзіў якаснай інвентарызацыі. Сапраўды быў перыяд, калі назіралі так званую галандскую хваробу ільмавых, калі яны ўсыхалі – аб гэтым казалі ў 90-я гады. Высахла шмат вязу, але ён дагэтуль увесь час сустракаецца ў падросце і другім ярусе (у сярэднім - рэд). У некаторых рэгіёнах у лесе можна сустрэць і даволі буйныя дрэвы ўзростам больш за 100 год.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость