Шлях

Самы час для зялёных рашэнняў, ці як змена ўлады дапаможа экалогіі

Напрыканцы мінулага году падчас анлайн-форума пра будучыню “Імаверная Беларусь” эксперты абмяркоўвалі, якой наша краіна можа стаць у бліжэйшы час. Размаўлялі пра палітыку, грамадзянскую супольнасць, мясцовае самакіраванне. Асобная сесія была прысвечана зялёнаму парадку дня.

На пытанне, чаму ў Беларусі цяпер самы час для зялёных рашэнняў, адказвалі Ірына Сухій,сябра Рады грамадскага аб'яднання “Экадом”, Анастасія Дарафеева, прадстаўніца Беларускай партыі “Зялёныя”, Андрэй Піліпчук, эксперт у галіне змены клімату і аховы атмасфернага паветра.

Адным з галоўных момантаў, якія адзначылі ўсе ўдзельнікі, стала тое, што працэс змены ўлады дае магчымасць для таго, каб “зялёныя” ідэі былі падтрыманы палітычнай воляй.

Як кажа Анастасія Дарафеева, для Беларусі ёсць зараз вялікая небяспека: “Мы 26 гадоў  прабылі заложнікамі ў савецкай настальгіі, але зараз мы можам трапіць у закладнікі да еўрапейскай”.

Гэта настальгія па старой Еўропе, якая была некалькі дзесяцігоддзяў таму. Мары зялёных партый, калі яны толькі ўвайшлі ў палітыку, цяжка было назваць рэалістычнымі. Але зараз многія іх мэты дасягаюцца. На думку сябры беларускай партыі "Зялёныя", зялёная ідэалогія будзе адным з трэндаў у будучым.

Каштоўнасці, якія прапісаныя ў Еўрапейская хартыя зялёных, – гэта ненасілле, сацыяльная справядлівасць, дэмакратыя ўдзелу, павага да разнастайнасці, экалагічная мудрасць, устойлівасць. Усё  разам гэта накіравана на стварэнне ўстойлівага грамадства.

“За апошнія некалькі месяцаў беларусы апынуліся самымі зялёнымі, як нацыя. Тое, што яны прадэманстравалі падчас пратэстаў, даволі добра адпавядае гэтым каштоўнасцям: розныя сацыяльныя групы прадстаўлены і паважаюць адзін аднаго, развіваюцца дваровыя супольнасці. Праграма “Крама” – з’яўляецца прыкладам асэнсаванага спажывання”, – тлумачыць Анастасія Дарафеева.

На думку эксперткі, зараз у Беларусі складваюцца новыя тыпы сувязей, якія садзейнічаюць прыняццю зялёных рашэнняў.

“Беларусь апынулася ў выйгрышным становішчы, бо пры змене ўлады ўсё адно прыйдзецца адбудоўваць усё нанова. І замест таго, каб гнацца за прывідам старой Еўропы, мы можам адразу прымаць інавацыйныя рашэнні. І ў нейкі момант ёсць шанс, што Беларусь стане ўзорам, на які будуць раўняцца краіны і які зможа задаваць нейкія трэнды ў развіцці”.

 

“Страты ад таго, што ніхто нічога не робіць”

На думку Андрэя Піліпчука, сёння два дакументы з’яўляюцца асноватворнымі ў сусветным развіцці: Еўрапейская зялёная здзелка і Парыжскае пагадненне.

“Мы бачым паступовае закрыццё рынкаў для прадукцыі, якая не ўлічвае свой уплыў на змяненне клімату. Зараз Еўрасаюз актыўна прапрацоўвае ўвядзенне карэкціроўкі на падатак на імпартныя тавары ў пэўных сектарах у залежнасці ад вугляроднага адбітку”, – кажа эксперт.

У снежні ЕЗ прыняў новую мэту па скарачэнні выкідаў на 55% да ўзроўні 1990 года. Гэта азначае, што падаткі і ўзносы за выкіды вырастуць ў некалькі разоў за бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Першыя ацэнкі страт для Беларусі паказваюць суму ў 350-500 мільёнаў долараў на год.

Зараз узровень энергаёмістасці беларускіх тавараў у сярэднім складае 170 кг нафтавага эквіваленту на 1000 долараў ЗША. Гэта істотна вышэй за сярэднюю па краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. То е ж самае па вугляродаёмістасці.

“Пагрозу для Беларусі прадастаўляе зараз непераход на зялёнае развіццё. Іншыя краіны ўжо пра гэта заявілі і вызначылі адпаведныя тэмпы. Наша няздольнасць гэта пачуць стварае ўнутраныя рызыкі і пагрозы нацыянальнай бяспецы. Пакуль мы не перабудуем свой светапогляд, не пачнём думаць па-новаму, будзем далёка ззаду”, – робіць выснову Андрэй Піліпчук.

На думку эксперта, кампаніі, якія не пойдуць па нізкавугляроднаму ці безвугляроднаму шляху адназначна прайграюць. Кошт выйгрышу будзе залежыць толькі ад хуткасці іх пераходу.

Дзяржавы, якія не выкарыстоўваюць такія інструменты скарачэння выкідаў парніковых газаў, як вугляроднае падаткаабкладанне і вугляродны рынак, не змогуць падтрымліваць канкурэнтаздольнасць сваіх тавараў на сусветным рынку.

Па дадзеных ААН, на 2019 год 65 краін, ЕС, 10 рэгіёнаў, 102 горада, 93 кампаніі і 12 інвестараў заявілі аб імкненні да вугляроднай нейтральнасці да 2050 года. Зялёны рынак аблігацый з 2015 па 2017 паказаў імклівы рост ў тры разы: з 50 млрд долараў да 163 млрд долараў.

“Гэта ўсё будзе працягвацца і нарошчвацца, і мы павінны паспець сесці ў апошні вагон і з часам стаць еўрапейскім лідарам, якім мы былі 3-4 гады таму ў экалагічный сферы”, – кажа Андрэй Піліпчук.

Ён патлумачыў, што па розных рэйтынгах Беларусь сапраўды паказвала добрыя паказчыкі, напрыклад, у 2015 годзе. Але па выніках апошніх гадоў мы “рухнулі”.

“Прычыны – адсутнасць разумення, што экалагічная палітыка – краевугольны камень. І без гэтага разумення не можа развівацца эканоміка, не можа быць бяспечна чалавеку. Адсутнасць разумення, што прафесіяналізм – гэта галоўнае сёння ва ўсіх сферах, што экспертыза, аналіз – ключавыя фактары росту і развіцця. Калі прафесіяналаў вярнуць, то ўсё даволі хутка адновіцца да ўзроўні 2015 года. Страты ад таго, што ніхто нічога не робіць”, – тлумачыць свой погляд эксперт.

Андрэй Піліпчук бачыць наступныя магчымасці для Беларусі стаць больш зялёнай:

– Зніжэнне энергаёмістасці ВУП, павышэнне энергаэфектыўнасці

– Укараненне прынцыпаў зялёнай эканомікі ў працэсы гарадскога развіцця

– Укараненне мадэлей устойлівага нізкавугляроднага развіцця, кліматычнай нейтральнасці, цыркулярнай эканомікі, чыстага паветра

– Развіццё экалагічна чыстых відаў транспарту і ўкараненне прынцыпаў устойлівай гарадской мабільнасці

 

Зялёная здзелка – шанец для інвестыцый

На думку Ірыны Сухій, вугляродны падатак – гэта рэсурс, які можа акумуліравацца ў Беларусі і далей укладвацца ў іншыя сферы. Калі не, то ён будзе аплачвацца на мяжы ў ЕС і хутчэй за ўсё і ў Расію.

“Я вылучыла пяць галін, дзе ў першую чаргу павінны адбывацца змены: зялёныя смарт-гарады, локалізацыя эканомікі, самакіраванне, устойлівая сельская гаспадарка і энергетыка”, – кажа экспертка.

Ірына Сухій адзначае, што эвалюцыя ў тэхналогіях ужо адбылася і пераход на аднаўляльную энергетыку магчымы. Засталося адбыцца рэвалюцыі ў галовах.

Па ініцыятыве беларускага боку нямецкі цэнтр авіяцыі і касманаўтыкі распрацаваў сцэнарый энергетычнай рэвалюцыі для Беларусі па прынцыпу зваротнага адліку. Ён устанаўлівае мэты на 2050 і затым разлічвае, як іх дасягнуць.

Пры гэтым быў улічаны запуск БелАЭС, але, па плане, яе можна будзе закрыць у 2040-м, бо аднаўляльныя крыніцы энергіі да таго моманту ўжо дастаткова разаўюцца і заменяць небяспечную АЭС. У асноўным на той момант застанецца энергія сонца і ветру. Але 100%-ай аднаўляльнай энергіі у Беларусі пакуль не атрымліваецца: крыху газу прыйдзецца пакінуць.

Каб зрабіць такі пераход, патрэбна больш інвестыцыі. Але ў доўгатэрміновай перспектыве эканомія ад некуплі газу будзе дастатковай для таго, каб пакрыць усе неабходныя затраты.

Дзе знайсці інвестараў? Ірына Сухій тлумачыць, што калі кажуць пра Еўрапейскую зялёную здзелку, то маюць на ўвазе не ЕС, а Еўропу ў цэлым. У планах зрабіць кантынент вугляроданейтральным, таму прадугледжваецца і ўзаемадзеянне з краінамі, якія не з’яўляюцца членамі Еўразвяза.

У Беларусі ёсць шанец атрымаць інвестыцыі праз еўрапейскія інструменты, калі яна абярэ зялёны шлях развіцця. Калі мы пойдзем у гэтым напрамку, то зможам да 2050 года паменшыць выкіды на 93%.

“Каб усё гэта атрымалася, нам неабходна палітычная воля. Сённяшняя ўлада не ідзе ў бок зялёных рашэнняў і зялёнага развіцця. Будучая ўлада – мы не ведаем. Мы спадзяемся, што пры змене ўлады ў нас з’яўляецца акно магчымасцей, калі наша бачанне Беларусі атрымае падтрымку і рэалізацыю. І для гэтага палітычная воля павінна праявіцца на розных узроўнях: ад грамадзян і супольнасцей да парламента і прэзідэнта”, – рэзюмавала экспертка.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 07.01.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.