Шлях

Чарнобыль у тварах. Ліквідатар Леанід Казлоў: «Цікавая вайна была, але больш не трэба»

Не толькі людзі на пасадах былі на ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і засталіся жывымі. Наступны наш суразмоўца — Леанід Аляксандравіч Казлоў працаваў на ЧАЭС звычайным шафёрам ад моманту, калі вырылі катлаван пад яе збудаванне, да апошняга «ўздыху» рэактара. Ён дапамагаў перасяленцам вывозіць рэчы, вазіў начальнікаў і бачыў, як будавалі супрацьфільтрацыйную сцяну, каб радыёактыўная вада не патрапіла ў Прыпяць. Леанід Аляксандравіч родам з вёскі Чыкалавічы, але ўжо 24 гады як пакінуў сваю малую радзіму…

07.04.2016 Грамадства Аўтар: Зялёны партал Фота: Беларускі архіў вуснай гісторыі, адкрытыя інтэрнэт-крыніцы

Зараз наш герой жыве разам з жонкай на пенсію. Іх хата — у гарадскім паселішчы Камарын, што ў Брагінскім раёне.

Як сам пра сябе расказвае, нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Чыкалавічы, працаваў у Растове-на-Доне на будоўлі, але вярнуўся дамоў. У 1972 годзе праз рэчку ад яго роднай вёсцы, на адлегласці 25 кіламетраў пачалі будаваць Чарнобыльскую атамную электрастанцыю.

«Кантора фірмы, у якую я ўладкаваўся, была ў Вышгарадзе (КМБП кіраванне механізацыі будаўнічых прац рэд.). Спыталі: “Ёсць правы?” “Ёсць!” І я пачаў працу памочнікам экскаватаршчыка. Мы грузілі пясок на бетонны завод», — кажа Леанід Аляксандравіч.

Так ён і яго калегі з нуля, ад катлавана і цокалю, пачалі будаваць атамную станцыю, працуючы 5 дзён на тыдзень.

 

Начны выбух

Пасля Леаніда Казлова перавялі на іншую працу, і ён пачаў вазіць начальніка. Тым часам жонка таксама ўладкавалася на ЧАЭС. Ім пашчасціла атрымаць жыллё ў горадзе Прыпяць. Бывалі там, але часцей прыязджалі на вёску да бацькоў.

Аднойчы на выхадных Леанід Аляксандравіч вярнуўся ў вёску.

«Пачалі мы з бацькам жонкі  разбіраць стары сарай, рэзаць бензапілой сцены. А ён мне кажа: “Чуў, ноччу на атамнай станцыі быў выбух”, — прыгадвае ён. — І рабочыя, якія працавалі на станцыі, паехалі туды. Але я ж шафёр з іншай фірмы. Паехаў толькі ў панядзелак. Прыязджаю, а на прыпынку цягніка няма людзей! “Штосьці  мала людзей едзе на працу”, — падумалася мне. Рухаемся далей, а кандуктар абвяшчае: “Гэты цягнік ездзе на Прыпяць у апошні раз. Часова ніхто сюды не зможа прыехаць”.

На вакзале ў Прыпяці мітусня, людзі з дзецьмі, тыя плачуць. Але той Прыпяці ужо няма горад мёртвы».

Леаніда Аляксандравіча папярэдзілі: яго кватэра можа быць апячатаная. Але ў яго атрымалася забраць дакументы і цёплую вопратку. Пасля прыехаў назад у вёску:

«Усе плачуць. Такая сітуацыя, як падчас партызанскай вайны», — апісвае ён колішні настрой землякоў.

 

Гарэлка з горада за калючым дротам

А назаўтра трэба было на працу. І ён паехаў. На працы прапанавалі займацца ліквідацыяй і пасадзілі за стырно 375-га «Урала» — спецмашыны з будкай. Шафёру далі пуцёўку, і ён адправіўся ў Прыпяць дапамагаць былым жыхарам вывозіць рэчы.

А горад ужо абнесены калючым дротам. Гаспадыня, што едзе ў машыне, кажа на КПП свой адрас, ёй даюць дазвол праязджаць.

«А калі я ўжо заехаў, кажуць: “Можа, будзе што са спіртнога бяры, нам трэба”. Кажу: “Без праблем”. Прыязджаем назад, пытаюць: “Е?” “Е!” Далі ім і настойкі, і самагонкі. Гэтыя ж людзі потым правяраюць у цябе рэчы ў машыне. Калі ты ім не даў гарэлкі (грошы не бралі) дык добрую рэч дазіметрам правераць і скажуць выкідваць, — распавядае суразмоўца. — І разумееце, потым еду я на Кіеў іншым шляхам, не праз Чарнобыль. Бачу ворах, думаю: што гэта? А гэта рэчы, якія людзі спрабавалі вывезці. Іх скідваюць туды. Еду на другі дзень, пытаюся: “А куды яно падзелася?” “Як куды? Ужо ў Адэсе ці ў Растове прадаюць”. Ох, і нажываліся гэныя людзі!»

 

«Чаму напарніка няма?» — «Памёр»

На працу ездзілі не з панядзелка па пятніцу, як раней, а вахтамі па 15 дзён. Былі і іншыя асаблівасці, звязаныя з аварыяй:

«Прыязджаю на вахту і пытаюся: “А чаму напарніка няма?” “Напарнік памёр. Прыйшоў дадому, памыўся, сеў на канапу. Кажа: “Мне штось так пагана!” Лёг і не ўстаў», — узгадвае суразмоўца.

Нягледзячы на трагічныя абставіны, жыццё знешне шмат у чым не змянілася, і гэта падкупала:

«Радыяцыя была незаўважная, ад яе не балела, — кажа мужчына. — І мы самі сябе не глядзелі. Плацілі грошы і працаваў нават хворы на страўнік. Кажам: “Валодзя, табе ж нельга!” А ён:“Ох, Лёня, у мяне дзьве дзяўчынкі, трэба падымаць”. І паехаў на станцыю. Паездзіў-паездзіў з Кіева на працу і дзяўчат пакінуў, і сам памёр».

 

Замежны трактар не заводзіцца без гадзінніка

На ўзроўні дзяржавы аварыю на ЧАЭС успрынялі больш сур’ёзна, чым невядомы Валодзя. Ліквідатары атрымалі нават замежную тэхніку: японскі трактар «Komatsu», нямецкія экскаватары «Caterpillar», якія, на думку рабочых, працавалі дужа добра.

Наяўнасць экзатычнай тэхнікі прыводзіла і да кур’ёзаў:

«Таварыш прыязджае не заводзіцца трактар! — дзівіцца Леанід Аляксандравіч. — І так яго, і гэдак мусілі паехаць па інжынера. Жанчына заходзіць у кабіну і кажа: маўляў, вісеў гадзіннік. Калі яго павесіць назад усё будзе працаваць. А напарнік зняў гадзіннік ды павёз яго дадому. Паехалі да яго аж у Кіеў, знайшлі і на працу больш не ўзялі».

 

Як бетон не даехаў да станцыі

Але бывала зусім не смешна. Адбывалася тое, чаго цяпер пабойваюцца праціўнікі ідэі новай АЭС: цэмент не даязджаў да станцыі.

«Пачалі вазіць з Вышгарада ў Прыпяць сухі бетон, — распавядае ліквідатар. Чым больш рэйсаў тым больш табе плацяць. Але 115 кіламетраў трэба яшчэ праехаць! Дык некаторыя ехалі ў лес, высыпалі гэты бетон, ехалі назад і атрымоўвалі паперку, што загрузіліся. Не даязджаў той бетон. Тады даішнікі ўзялі верталёт і пачалі назіраць за рухам гэтых бетонамяшалак».

Звольнілі некалькі чалавек. Леанід Аляксандравіч вырашыў адмовіцца ад такой працы сам.

 

Кандыдаты на смерць

З працы на станцыі мужчына запомніў абвалоўку канала, што адыходзіў ад Прыпяці да станцыі, вада якога ішла ў астуджальную сажалку. Потым капалі глыбокую канаву, у якую засыпалі гліну і белы раствор, каб забруджаная вада не пайшла ў Прыпяць. Менавіта гаворка ідзе пра супрацьфільтрацыйную сцяну. Людзі на працах, відавочна, пачуваліся расслаблена:

«Горача. Хлопцы сядзяць, у ванне рэчыва гэтае белае муцяць, голыя, — расказвае Леанід Аляксандравіч. —  Ідзе нейкі таварыш з радыялагічнага цэнтра ў Ленінградзе. Кажа: “Яны ўжо гатовыя кандыдаты на смерць”. Многа такога было. Самі сябе гробілі праз грошы, праз невыкананне тэхнікі бяспекі».

 

Прынясу графіту ды зраблюся фермерам!

Вынаходлівы савецкі розум не мог звыкнуцца, што столькі дабра прападае праз радыяцыю, якую не бачна. Прымяніць дома спрабавалі многае, у прыватнасці графіт.

«Калі будавалі атамны блок, па дыяметры яго абкладалі графітам, з выгляду накшталт шлакаблокаў. Пасля выбуху графіт разляцеўся. А ў масквіча выціскны падшыпнік з графіту, дыяметрам як скрынка з-пад згушчонкі. Гэта ж дэфіцыт! Думаю, я прынясу са станцыі ды зраблюся фермерам! — усміхаецца Леанід Казлоў. — Знайшоў адзін ды паклаў у кішэню. А трэба ісці праз вароты. Звініць! Мне кажуць: “Ты насычаны радыяцыяй”. Адказваю, што пайду мяняць вопратку. Пахадзіў, выкінуў графіт з кішэні, прыходжу — прапусцілі».

Бралі дахаты металічныя ключы ды іншае, што спатрэбіцца ў гаспадарцы. Але паступова зразумелі: ад рэчаў вялікі фон, і лепш іх не прыносіць.

 

Цікавая вайна была, але больш не трэба

З аварыі прайшло шмат гадоў:

«Пераехалі сюды, у Камарын, і жывем тут 23 гады. Скора будзе гадавіна аварыі на атамнай станцыі, скора Дзень незалежнасці спраўляць, расказваў Леанід у ліпені 2015 года. — Так мы і жылі пасля вайны».

Пасля аварыі людзі вучыліся жыць, але не ўсе выжывалі. З часам заўважылі, што нельга класціся на зямлю будзе забруджаная вопратка, а ў горле з’явіцца горыч. Даведаліся, што часам лепш ехаць з зачыненай форткай, каб у салон не трапляў пыл. Ці атрымоўвалася абараніцца ад радыяцыі, для сябе мужчына так і не вызначыў:

«Але, дзякуй Богу, перажыў і дажыў да сёння, — радуецца ён. — Цікавая вайна была, успаміны е… Не хацелася б, каб такое паўтарылася. Будуецца атамная станцыя пад Мінскам, гляджу — не дай Бог. Па тэлевізары кажуць, што вельмі-вельмі бяспечная, і ўсё пад кантролем.

Там (на ЧАЭС — рэд.) таксама быў кантроль».

 

Матэрыял прадстаўлены Беларускім архівам вуснай гісторыі. Інтэрв’ю запісаў Уладзімір Валодзін. Тэкст падрыхтавала Ганна Валынец.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 07.04.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.