07.05.2020 / 11:05

Пакуль што думаць пра свае планы на лета даволі складана, але ж зусім без іх неяк сумна. Дапамога на валанцёрскіх праектах патрэбна заўсёды. І некаторыя з іх спадзяюцца ўсё-такі распачаць сезон і прыняць сёлета людзей.

Зялёны партал сабраў спіс тых, хто адкрыў заяўкі на 2020 год.

 

Швецыя

Ферма Hastekasen запрашае да сябе валанцёраў 18-30 гадоў на праекты, працягласцю ад 1 да 9 месяцаў. Строгіх тэрмінаў няма: дапамога патрэбна некалькі разоў на год (звычайна ў траўні, ліпені і верасні), таму час ад часу на сайце з’яўляецца новая інфармацыя. Вы можаце запоўніць анкету і, калі будзе новы набор, яны, верагодна, з вамі звяжуцца.

Праект развіваецца і фінансуецца разам з еўрапейская праграмай Erasmus+, таму валанцёр можа разлічваць на бясплатнае пражыванне і ў асноўным вегетарыянскае харчаванне, аплату дарогі (да пэўнага ліміту), а таксама 150 еўра ў месяц на кішэнныя расходы.

На ферме патрэбна дапамога з гаспадаркай, агародам і некаторымі хатнімі жывёламі.  Праца рукамі: нарыхтаваць дровы, салому. Работа ў лесе. Выпечка і нарыхтоўка прадуктаў.

Можна займацца рукадзеллем, клапаціцца пра гасцей фермы, дапамагаць у кемпінгу. Карацей, разнастайнай працы шмат. Як бонус – практыка англійскай і шведскай моў.

Калі вы хочаце пажыць у шведскай глушы побач з гарамі і морам – вам сюды. Але ж, паколькі праект экалагічны, будзьце гатовыя да пэўных абмежаванняў у душы, ацяпленні і інтэрнэце – гаспадары выступаюць за эканомію рэсурсаў. А таксама курыць нельга нават у вольны час.

 

Балгарыя

Гэты варыянт для тых, хто хацеў бы з’ехаць за мяжу надоўга. Доўгатэрміновая праграма European Solidarity Corps прапануе правесці 11 месяцаў на экаферме: з 1 кастрычніка 2020 па 31 жніўня 2021.

Недалёка ад горада Стара Загора неабходна развіваць арганічную сельскую гаспадарку і праводзіць заняткі па гэтым напрамку з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрабаваннямі. А таксама весці блог пра экакультуру.

Валанцёры будуць жыць разам у кватэры ў горадзе. Жытло аплачвае арганізацыя. Таксама прадугледжаныя дадатковыя грошы на харчаванне і кішэнныя расходы на пачатку кожнага месяца. Мясцовы транспарт на работу пакрыюць, пераезд з Беларусі ў Балгарыю часткова таксама.

Валанцёраў чакаюць трэнінгі па сельскай гаспадарцы і працы з асаблівымі дзецьмі, а таксама раз на тыдзень курсы балгарскай мовы. Сярод удзельнікаў чакаюць моладзь ад 18 да 30 гадоў. Гатовыя прыняць валанцёра з асаблівымі патрабаваннямі.

 

Расія

Саратаўская археалагічная экспедыцыя заклікае далучыцца ўсіх аматараў раскопак. Прыехаць можна разам з дзецьмі тэрмінам ад аднаго тыдня з 4 па 30 ліпеня.

Капаць і шукаць клад трэба побач з сялом Багаеўка Саратаўскай вобласці. Калісьці гэта тэрыторыя ўваходзіла ў акругу залатаардынскага горада Укек. Багаеўскае селішча размешчана на левам беразе ракі Пятроўка – правага прытока Волгі. Яно існуе тут з ХІІІ – ХІV стагоддзя.

У якасці валанцёраў шукаюць паўналетніх аматараў гісторыі, археалогіі і здаровага ладу жыцця. Вітаюць фатографаў, мастакоў і аператараў квадракоптэраў. Прапануюць бясплатнае харчаванне і пражыванне ў намёце.

Працаваць трэба будзе па раскладу: капаць лапатай, чысціць шчоткай, карыстацца нівелірам. Выходны і час для адпачынку таксама будзе. Падчас іх запланавана культурная праграма: лекцыі пра культуру і гісторыю Залатой Арды.

 

Германія

Тыя, хто гатовы разглядаць праекты з аплатай арганізатарскіх унёскаў, могуць завітаць на сайт Service Civil International – адной са старэйшых валанцёрскіх арганізацый. Яны збіраюцца адкрыць прыём заявак на свае праекты з 7 траўня. SCI Германія, напрыклад, штогод арганізуе каля 50 міжнародных працоўных лагераў і бярэ за ўдзел ад 82 еўра. Але бываюць і зніжкі.

Сёлета яны клічуць касіць лугі, як гэта рабілася сто гадоў таму, у жывапісным месцы недалёка ад Фрайбурга з 7 па 28 жніўня. Кайзерштуль – вулканічная гара і адзін з самых вядомых вінаробных раёнаў Германіі. Вялікая частка гэтага раёну ахоўваецца, бо там жывуць рэдкія жывёлы і расліны. З-за адчувальнасці рэгіёну і крутых склонаў цяжкая тэхніка туды не заязджае, і ўся праца вядзецца рукамі, як і стагоддзі раней.

Валанцёры будуць касіць лугі і зграбаць сена разам з супрацоўнікамі мясцовай прыродаахоўнай арганізацыі. Пры гэтым можна будзе даведацца больш пра вулканы і вінаробства гэтага рэгіёна, а таксама трапіць на дэгустацыю. Арганізатары таксама абяцаюць азнаямленчую паездку на экамабіле для вывучэння флоры, фаўны і асяроддзя жыхарства.

Жывуць памочнікі ў вясковым доме на матрацах (спальнік, хутчэй за ўсё, прыйдзецца ўзяць з сабою). Гатаваць ежу неабходна разам з калегамі. Сярод патрабаванняў для кандыдатаў – фізічная падрыхтоўка, любоў да экалогіі і навык ездзіць на ровары.

Таксама будуць патрэбныя добрыя горныя боты. Арганізатары папярэджваюць, што інтэрнэт у вёсцы Шэлінген, дзе валанцёры будуць жыць, ёсць толькі ў мясцовай царкве.

 

Косава

Аўстрыйскі фонд “Чатыры лапы” ўжо шмат гадоў дапамагае мядзведзям і адкрывае для іх рэабілітацыйныя цэнтры па ўсёй Еўропе. Такі працуе і ў 20 км ад Прышціны – Bear Sanctuary Prishtina. Зараз там жыве 20 мішак. Умовы іх жыцця набліжаны да натуральных, за імі даглядаюць і спрабуюць абудзіць інстынкты, якія былі страчаныя ў няволі.

У валанцёраў будзе некалькі напрамкаў працы. Неабходна дапамога ў зборы і апрацоўцы інфармацыі пра расліны навокал рэабілітацыйнага цэнтра. Гэта робіцца для таго, каб высветліць, наколькі яны важны для разнастайнасці жывёл, якія жывуць на гэтай тэрыторыі.

Валанцёры таксама будуць распрацоўваць метады, як прадставіць гэтую інфармацыю наведвальнікам Цэнтра экалагічнай адукацыі. Памочнікі патрэбны супрацоўнікам у гатаванні ежы, уборцы і гэтак далей. А яшчэ трэба назіраць за мядзведзямі, рабіць фота, відэа і весці за імі дзённік: запісваць нататкі пра паводзіны. Валанцёры будуць працаваць 5-6 гадзін на дзень пяць дзён на тыдзень.

У рабоце ёсць і пазнавальная частка: валанцёрам прапануюць семінары і дыскусіі пра мядзведзяў, расліны і ахову прыроды, а таксама невялікія паходы па мясцовасці і наведванне культурных месцаў.

Жыць валанцёры будуць у агульных пакоях вучэбнага цэнтра. Ім дадуць матрацы і спальнікі, а таксама прадукты. Але ж гатаваць вегетарыянскую ежу прыйдзецца самім. Мова праекту англійская. Заезд чакаецца 1 жніўня, а ад’езд – 15 жніўня.

Застаецца толькі дачакацца адкрыцця межаў.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость