08.06.2020 / 11:06

Навукоўцы спрабуюць па-новаму ўбачыць эвалюцыю разумовых здольнасцяў птушак і яе сувязь з працягласцю дагляду птушанят і маладых птушак бацькамі, піша брытанскі навуковы часопіс  Philosophical Transactions of the Royal Society.

Міжнародная каманда навукоўцаў на прыкладзе двух відаў крумкачовых птушак і параўнання іх з іншымі прадстаўнікамі атраду Вераб’інападобных вывучала сямейныя адносіны, працягласць залежнасці ад бацькоў ці сямейнай групы і развіццё іх пазнавальных здольнасцяў.

Як мінімум некаторыя віды крумкачовых забяспечваюць параўнальна працяглую магчымасць сваім патомкам жыць побач з дарослымі ў больш ці менш складаных ‘сямейных’ групах. У гэты час маладыя птушкі вучацца ад дарослых знаходзіць і здабываць разнастайную ежу, загадзя распазнаваць магчымыя небяспекі, знаходзіць бяспечныя месцы для адпачынку і маюць каштоўную магчымасць рабіць памылкі.

Даследчыкі з Max Planck Institute, University of Konstanz (Германія) і Вялікабрытаніі  не толькі правялі даследаванні на двух відах птушак: кукшы (Perisoreus infaustus) і новакаледонскіх крумкачах (Corvus moneduloides) і параўналі свае дадзеныя з ужо апублікованымі даследаваннямі па 127 відах крумкачовых з усяго Свету і тысячамі відамі іншых Вераб’інападобных. Гэта дазволіла па-новаму ўбачыць эвалюцыю разумовых здольнасцяў птушак і яе сувязь з працягласцю дагляду птушанят і маладых птушак бацькамі.

 

Бацькі плацяць за працяглае дзяцінства

Кукш вывучалі ў адным месцы ў Швецыі, дзе акрамя працяглых назіранняў за пазначанымі птушкамі ў прыродзе, таксама праводзілі эксперыменты як хутка  маладыя кукшы вучацца адрозніваць небяспечных для іх драпежнікаў і адкрываць схованкі з ежай. Кукшы жывуць у сямейных групах, якія могуць уключаць не толькі бацькоў і іх патомкаў, але таксама маладых птушак з іншых груп. Такая моладзь можа заставацца з дарослымі птушкамі нават да 4 гадоў. Аказалася, што тыя маладыя птушкі, якія могуць заставацца ў сямейнай групе даўжэй, маюць перавагі не толькі таму, што бацькі забяспечваюць іх ежай, але яны таксама вучацца ад бацькоў. Такім чынам, гэтыя маладыя птушкі былі лепш гатовыя да стварэння ўласнай сям’і і жылі даўжэй.

Пад час даследавання ў Новай Каледоніі, навукоўцы назіралі як бацькі вучаць сваіх птушанят жыццёва неабходнаму ўменню – ствараць сабе прылады для пошуку ежы. Гэта займала амаль год часу і бацькі ўвесь гэты год кармілі сваіх птушанят. Акрамя гэтага, сем’і не распадаліся нават на працягу трох гадоў, дазваляючы маладым птушкам мець вельмі працяглае ‘дзяцінства’.

Не толькі бацькі, але і іншыя дарослыя новакаледонскія крумкачы былі вельмі цярплівыя ў адносінах да маладых птушак, не толькі кармілі іх, але і дазвалялі на фізічныя кантакты, падпускалі блізка глядзець на тое, як дарослыя робяць прылады для пошуку ежы ‘пад сябе’ і нават дазвалялі, каб часам маладыя кралі падобныя прылады.

 

Працяглае дзяцінства дае магчымасць да развіцця разумовых здольнасцяў?

Аўтары артыкулу сцвярджаюць, што роля бацькоўскага дагляду ў развіцці разумовых здольнасцяў у іх патомкаў дагэтуль недаацэньвалася. Паводле іх меркавання, менавіта дагляд бацькоў дазваляе птушанятам мець час і магчымасць вучыцца, і рабіць памылкі.

"Працяглае дзяцінства мае выразны вынік для навучання і развіцця разумовых здольнасцяў” – кажа Michael Griesser з University of Konstanz. "Магчымасць вучыцца ўзнікае, калі ёсць магчымасць мець працяглае дзяцінства і працяглы дагляд бацькоў пад час яго. І менавіта апошняя ўмова дазваляе вучыцца бяспечна для птушанят, стварае ‘перыяд развіцця’, у які ператвараецца працяглае дзяцінства”.

Зразумела, што бацькам цяжэй забяспечваць ежай і іншым даглядам ‘дадатковыя рты’, але калі даступнай ежы навокал хапае, яны могуць дазволіць сабе гэта. Таму што ў выніку маладыя птушкі маюць час і магчымасць навучыцца складаным прыёмам знаходжання і здабывання ежы і нават прычыніцца да экспансіі віда ў новае асяроддзе.

 

Крумкачовыя – незвычайныя птушкі, падобныя да людзей

Навукоўцы параўналі адрозненні паміж крумкачовымі і іншымі прадстаўнікамі Вераб’інападобных і аказалася, што падобна да прадстаўнікоў роду Homo (Чалавек), у крумкачовых найбольшы памер галаўнога мозгу ў адносінах да памеру цела - як у людзей у параўнанні з іншымі прыматамі. Вельмі падобна да людзей, крумкачовыя маюць працяглае дзяцінства і дагляд бацькоў як у гняздзе,так і пасля вылету з яго.

"Як і людзі, крумкачовыя птушкі выкарыстоўваюць дзяцінства для навучання жыццёванеабходным уменням, і акружаныя талерантнай увагай дарослых, што падтрымлівае іх працяглае навучанне” – сказала Natalie Uomini з Max Planck Institute. "Больш за тое – і крумкачовыя,і людзі, выкарыстоўваюць магчымасць вучыцца на працягу ўсяго свайго жыцця. Гэта дазваляе адаптавацца нават у вельмі зменлівым асяроддзі”.

Источник:
Автор:
Фотограф:
Юры Емельянаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость