08.11.2018 / 11:11

У 2017 годзе кіраўніцтва горада Масквы анансавала правядзенне праграмы па зносу больш 5 тысяч дамоў, так званых хрушчовак і сталінак. Па самых сціплых падліках пад адсяленне патрапляе каля 1 мільёна людзей, практычна кожны 10 жыхар расійскай сталіцы

Першымі званочкамі Праграмы рэнавацыі сталі Новыя правілы землекарыстання і забудовы, што прымаліся на прыканцы 2016 года.

"Яшчэ ў той час змяненні ў правілах забудовы выклікалі рэзананс сярод маскоўскіх актывістаў. У пачатку 2017 года, калі аб'явілі пра Праграму рэнавацыі, вакол яе абмеркавання сталі фарміравацца групы з апазіцыйных дэпутатаў, актывістаў. Падключаецца экспертная супольнасць архітэктараў, сацыёлагаў, эканамістаў, урбаністаў — усе яны выказваліся пра хібы такой задумы. Вясной таго ж году «пратэстны» рух вырываецца за межы экспертнага кола, да яго далучаюцца непасрэдна жыхары дамоў, што не жадаюць патрапляць пад дзеянне Праграмы", — распавядае Таццяна Касімава, дэпутатка муніцыпальнай акругі Хамоўнікі горада Масквы, прэзентуючы гісторыю  гарадскога канфлікта на Мінскім урбаністычным форуме, арганізаваным Мінскай урбаністычнай платформай.

 expert.ru
expert.ru

Акрамя таго, што людзі пачынаюць праводзіць сходы ўласнікаў, дзе галасуюць за выключэнне сваіх раёнаў з Праграмы, падымаецца пратэстная хваля — як вынік быў праведзены мітынг на 20 тысяч чалавек. І з улікам, што праблему зноса хутчэй варта разглядаць як лакальную, а не агульна палітычную — для Масквы гэта ўразлівыя лічбы пратэстуючых, падкрэслівае Таццяна.

На жаль, пасля выбараў у маскоўскія дэпатуты тэма крыху згубіла сваю актуальнасць сярод насельніцтва, хаця і гарадскія ўлады ўжо не так часта спрабуюць завесці размову пра рэнавацыю Масквы.

 

Лужкоў зносіў хрушчоўкі, але без сацыяльнага канфлікта. Што Сабянін зрабіў не так

У колешняга мэра Масквы Юрыя Лужкова была падобная праграма па зносу хрушчовак. І яна не выклікала негатыву і незадавальнення. Чаму ж ініцыятыва Сяргея Сабяніна займела цалкам адваротную рэакцыю?

 ria.ru
ria.ru

Першае, на што звяртае ўвагу Таццяна, гэта канструктыўныя асаблівасці дамоў пад знос і адрозненне іх размяшэння:

"У 1990-ыя гады зносіліся адназначна дрэнныя дамы: тонкія сцены, дрэнная шумаізаляцыя, састарэлыя камунікацыі. Зараз жа ў Праграму ўвайшлі як цагляныя, так і панэльныя дамы, сталінкі і хрушчоўкі, як з добрым капрамонтам, так і запушчаныя, у зношаным стане, як ля станцый метро, так і на ўскрайках. У гэтым і заключалася розніца і пралік Праграмы рэнавацыі. Бо да кожнай катэгорыі будынкаў павінны быць свой падыход, да кожнага жыльца — індывідуальная прапанова. А ўлады ўсё змяшалі ў адну кучу, праз што выклікалі незадавальненне ў масквічоў", — тлумачыць яна.

Сярод іншых прычын, што выклікалі канфлікт, дэпутатка маскоўскай акругі Хамоўнікі, называе адсутнасць альтэрнатывы ў Праграмы пры адсяленні людзей.

"На самым пачатку нават не казалі, дзе і якія дамы, якой якасці забудовы будуць даваць ў замен. Па-сутнасці людзі галасавалі за ката ў мяшку, маючы толькі абяцанне чыноўнікаў на словах. Паступова да масквічоў стала даходзіць, што перасяляцца яны будуць у аднатыпную шматпавярховую забудову ад 15 паверхаў і вышэй, ды й кватэры будуць не нашмат лепей ці болей", — працягвае Таццяна.

 vidnoye.cian.ru
vidnoye.cian.ru

У выпадку, калі адсяленцам "дастаецца" большы метраж, забудоўшчык патрабуе за яго даплату, якую не могуць дазволіць сабе, напрыклад, сталыя і адзінокія людзі.

Ды й якасць навабудаў пакідае жадаць лепшага. І тычыцца гэта не толькі фасадных ці аддзелачных работ, у першую чаргу — гэта крывыя ці недаробленыя камунікацыі.

Чытайце таксама: Учимся на ошибках прошлого: «Микрорайоны — самая вымышленная городская среда. Именно поэтому она требует особого “обживания”»

"Акрамя таго, новыя мікрараёны практычна не маюць зелёных насаджэнняў. Людзям трэба чакаць год 20, каб нешта там вырасла. А гэта дрэнная сітуацыя.

Не стае і інфраструктуры: дзіцячых садкоў, паліклінік, крамаў, забальняльных устаноў. Ёсць верагоднасць, што ў бліжэйшыя гады такія спальнікі будуць пераўтварацца ў звычайныя раёны-гета. Адкуль масквічы, пры накапленні сродкаў ці любой іншай магчымасці, будуць збягаць, перапрадаючы кватэры ці здаючы іх мігрантам", — дадае яна.

 vidnoye.cian.ru
vidnoye.cian.ru

Да ўсяго, Праграма рэнавацыі Масквы мяркуе каласальнае ўшчыльненне горада і рост насельніцтва яшчэ на 4 мільёны чалавек, што пры сённяшнім крызісе выглядае як шаленства,  сцвярджае Таццяна.

Нельга выключаць і карупцыйную складаючую рэалізацыі Праграмы. Бо нягледзячы, што ў тэндары можа ўдзельнічаць любая кампанія-забудоўшчык, праекты ўсё ж найчасцей дастаюцца манапалістам і буйным фірмам.

 

Жыхары камуналак — за, уласнікі кватэр — супраць

Вядома, найбольш ашаламляльнай навіна пра адсяленне і знос дамоў стала для ўласнікаў кватэр у дамах малой павярховасці, якія ўкладаліся ў сваё жыллё сіламі і фінансамі.

"Уявіце, людзі спецыяльна набывалі сабе кватэру ў сталінцы, з тоўстымі цаглянымі сценамі, высокімі столямі, рабілі там прыстойны рамонт. А тут ім прапануюць голыя сцены ў хмарачосе на ўскраіне", — абмалёўвае сітуацыю Таццяна.

 ria.ru
ria.ru

Жыхарамі камунальных кватэр Праграма рэнавацыі часцей разглядаецца як шанс займець асобную кватэру з бытавымі выгодамі. Зразумела, што імі прапанова з большага і падтрымліваецца.

Паказальным стала падзяленне пазіцый жыхароў аднаго з домоў па вуліцы Даватара, дзе 50% жылога фонда — камунальныя кватэры, 50% — асобныя, ва ўласнасці людзей.

 moscowcity.vsedomarossii.ru
moscowcity.vsedomarossii.ru

"У большасці сваёй камуналкі знаходзяцца ў запушчаным стане, даўно без рамонту. І ў жыхароў гэтых кватэр, вядома, складваецца ўражанне, што такая аварыйная сітуацыя ва ўсім доме. Але адваротнае стаўленне ў людзей-уласнікаў, якія ўкладаліся грашыма ў сваё жыллё і падтрымлівалі яго ў належным стане. Адсюль і палярнасць у падтрымцы Праграмы рэнавацыі і ў самім гарадскім канфлікце", — тлумачыць Таццяна.

 

Альтэрнатыва рэнавацыі — рэканструкцыя дамоў

Экспертная супольнасць бачыць выйсце з гарадскога канфлікту ў правядзенні рэканструкцыі старых дамоў. Па-першае, гэта дае гарантыі людзям у бяспецы іх жылля. Па-другое, рэканструкцыя эканамічна больш мэтазгодна для горада, чым узвядзенне новай пабудовы. І нельга забываць пра гістарычную памяць, якую нясе ў сабе старая гарадская архітэктура, а таксама людскія супольнасці, якія фарміраваліся дзесяткі год.

"На маю думку, рэканструкцыя — гэта выдатная альтэрнатыва рэнавацыі. Аднак сёння з жалем даводзіцца канстатаваць, што з капітальным рамонтам ёсць праблемы, як і ў цэлым з будаўнічай галіной, — падкрэслівае Таццяна. — Цяпер жа рэканструкцыя выглядае больш як шкодніцтва, давядзенне стырых будынкаў да аварыйнага стану, каб праз год 20 знесці іх і пабудаваць замест элітнае жыллё".

 

"Праграма рэнавацыі выглядае, як праграма грандыёзнага распіла"

Таццяна ўхвальна падтрымала выказванне з залы пра ўражанні ад Праграмы, як магчымасці асваення сродкаў. Аднак заўважыла, што ў чарговы раз Сяргея Сабяніна перавыбралі мэрам сталіцы. Хаця асаблівай падтрымкі сярод карэнных масквічоў ён не мае.

"Штосьці пры ім было зроблена добра — завужаны вуліцы, праведзена добраўпарадкаванне. Але людзі разумеюць якой цаной усё гэта даецца, якія выдаткі такога парадку.

У нас, напрыклад, вельмі любяць перакладаць плітку. На адной сцежцы ля свайго дому, што вядзе да метро, я спецыяльна падлічвала: у перыяд з 2013 года па 2016 год плітку перакладалі 5 разоў.

І з іншага боку, масквічы бачаць як дэградуе медыцына, адукацыя, уся сацыяльная сфера. І гэта не можа не раздражняць", — кажа Таццяна.

Пад ціскам пратэстаў у Праграму рэнавацыі ўносяцца пэўныя змены, у некаторых жыльцоў атрымоўваецца выключаць свае дамы з яе. Аднак людзі не могуць, напрыклад, кантраляваць якасць пабудовы ці выстаўляць патрабаванні да новабудаў.

vidnoye.cian.ru
vidnoye.cian.ru

"Усё грунтуецца на рыначных адносінах. На стадыі ўзвядзення дома ты нічога не можаш зрабіць. А вось пры здачы кватэры чалавек можа падпісаць акт ці прымусіць забудоўшчыка штосьці змяніць, напрыклад, у аддзелцы ці справіць хібы. У глабальным сэнсе, калі жыхары збіраюцца і пачынаюць выстаўляць кампаніі ўмовы па павярховасці і добраўпарадкаванні — такога не будзе, бо гэта не элітныя праекты па нерухомасці, гэта будаўнічы масмаркет", — зазначае Таццяна.

Чытайце таксама: Шведская мара для беларуса: спальныя раёны ў стылі хай-тэк

І ў людзей не назіраецца wow-эфекта праз тое, што нічога новага і інавацыйнага ім не прапануюць. Іх перасяляюць у шматпавярховыя навабуды, пры гэтым не вырашаючы гарадскіх ці жыллёвых праблем у плане паляпшэння якасці ці планіроўкі. Пры гэтым, увесь працэс рэнавацыі адбываецца за бюджэтныя сродкі.

Для Мінска маштабы рэнавацыі Масквы пакуль не пагражаюць, фінансы не тыя, супакойваюць у Мінскай урбаністычнай платформе. Хаця аналагам можна лічыць павальны знос прыватнага сектара і забудова зямель панэльнымі аднатыпнымі шматпавярхоўкамі.

Чытайце таксама:

«Мне 10 лет снился мой дом, я видел, как его разбирали на брёвна»

Город наступает на Сельхозпосёлок. Обстановка накаляется

«Больно видеть эти груды кирпича». Минчане о любимых и исчезнувших местах города

Аднак у бліжэйшым будучым для беларускай сталіцы ў звыклай практыцы застанецца ўшчыльненне праз знішчэнне зялёных зон і знос адзіночных старабудаў пад інвест-праекты.

 

Галоўнае фота: restate.ru

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость