09.06.2021 / 11:06

Другі па памеры прыродны запаведнік Украіны плануе сёлета далучыць да сабе новыя плошчы – і стаць на першае месца.

Карэспандэнтка Зялёнага партала з’ездзіла ва Украіну паглядзець, як ахоўваюць балоты і іх скарбы ў гэтай частцы Палесся.

Увесь запаведнік падзелены на чатыры масівы, якія маюць статус Рамсарскага угоддзя: Белаазёрскі, Пераброды, Сырая Пагоня, Сомынэ. Палову тэрыторыі займаюць лясы, палову – балоты, прычым розных відаў: верхавыя, нізінныя і пераходныя. Ёсць тры возеры, сустракаецца рэдкасць – пясчаныя дзюны, якія засталіся з ледніковага перыяду.

На тэрыторыі запаведніка размешчаны каля 15 тыпаў рэдкіх біятопаў, якія занесены ў Венскую канвенцыю.

Яма ад здабычы бурштыну і кавалак шлангу, які пакінулі старацелі.
Яма ад здабычы бурштыну і кавалак шлангу, які пакінулі старацелі.

Сюды ў запаведную зону заскокваюць старацелі ў пошуках бурштыну. Але вялікіх радовішч яны не знаходзяць, таму пашкоджанні тэрыторыі лакальныя. На іх створаны навуковыя стацыянары, дзе вывучаюць працэс аднаўлення балот.

Зараз сітуацыю з нелегаламі кантралюе служба аховы запаведніка. Яна праводзяць мноства рэйдаў, у тым ліку разам з паліцыяй, і размаўляе з мясцовым насельніцтвам.

Большасць тэрыторыі ў запаведніку цяжкапраходная. Калі старацелі выключаюць тэхніку, без верталёта ці квадракоптара знайсці іх цяжка. Плюс яны заўсёды на крок наперадзе: маюць балатаходы і балотамабілі. У засушлівыя гады старацелі фактычна рабілі меліярацыю: капалі каналы па 5-7 км, каб падвесці ваду да месца здабычы.

Калі атрымліваецца выйсці на след злачынцаў, то тыя часцей за ўсё кідаюць мотапомпы і ўсё астатняе абсталяванне, збягаюць. Было такое, што ахоўнікі за год канфіскавалі па 30-40 мотапомпаў.

За нелегальную здабычу бурштыну можна панесці крымінальную адказнасць ды вялікі штраф за пашкоджанне запаведнай тэрыторыі. Знішчэнне аднаго гектара балота будзе каштаваць каля 400 000 грывень ($15 000).

На тэрыторыю Беларусі ўкраінскія старацелі не ходзяць. Быў інцыдэнт, калі яны папрацавалі дзве гадзіны пад Пінскам – і іх скруцілі нашы пагранічнікі.

Як раз па выніках аднаго з сумесных праектаў з Беларуссю у заказніка з’явілася два дроны для аховы масіву Пераброды, які гранічыць з Альманскімі балотамі.

Здабыча бурштыну вядзе да парушэнні гідралагічнага рэжыму мясцовасці, знішчэнні грунту, расліннага комплексу, насякомых. З-за сходу вады праз некаторы час пачынае высыхаць сасновы лес. Падняты грунт засяляюць піянерная віды: напрыклад, бяроза, вярба, якія не былі характэрны для гэтага балота. І яно ператвараецца ў кустоўе. Тады птушкі, якія гняздзяцца ў балоце, проста пакідаюць гэту тэрыторыю. Пачынаецца працэс збяднення біяразнастайнасці.

Рэйнджэры – так завуць ахоўнікаў, якія штодзень патрулююць тэрыторыю, – не толькі сочаць за парадкам, але і вядуць простыя навуковыя даследаванні, збіраюць матэрыял, які потым апрацоўваюць навукоўцы.

Адзін з працэсаў, які зараз вывучаецца, – міграцыя радыенуклідаў. На тэрыторыі Роўненскага запаведніка ёсць мясціны, якія па ўзроўні радыяцыі прыраўноўваюцца да 30-кілпметровай зоны вакол ЧАЭС. Тут ёсць таксама населеныя пункты, чыіх жыхароў пасля аварыі высялялі.

Палескія балоты хутка лакалізавалі вынікі радыяцыйнага забруджвання. Але, калі старацелі выкачваюць ваду або выпальваць тэрыторыю, радыёнукліды распаўсюджвацца па зямлі і паветры.

Афіцыйна ўкраінскага бурштыну на сусветным рынку няма, але ў Польшчу і Кітай ідзе шмат кантрабанды.

Праз палескі бурштын быў адкрыты новы від стракоз: маленькае насякомае трапіла ў смалу і закансервавалася ў ёй на мільёны гадоў. 15 навуковых супрацоўнікаў скінуліся, каб выкупіць гэты экзэмпляр з Еўропы. У Роўненскай вобласці знайшлі бурштын нават з хвастом дыназаўра. Але яго трэба было выкупаць ужо ў Германіі, куды кавалачак вывезлі на продаж.

Украінскія энтамолагі сталі перадавікамі ў вывучэнні фаўны дзякуючы такім знаходкам. Але далёка не ўсе цікавыя матэрыялы да іх даходзяць, бо выкупаць дорага.

У запаведніку знаходзяцца каля 3000 відаў фаўны, з якіх 101 від занесены ў Чырвоную кнігу Украіны. А таксама 1300 відаў флоры – трэць відаў украінскага Палесся. Тут ёсць і 13 рэдкіх зеленакніжных ландшафтаў і біятопаў. Некаторыя з іх больш нідзе ва Украіне не сустракаюцца. Напрыклад, мачажынны балотны комплекс на тэрыторыі масіву Сырая Пагоня, які з’яўляецца тыпавым для іншага рэгіёну – тайгі.

Да 1939 года тэрыторыя запаведніка ўваходзіла ў склад Польшчы. Паколькі гэта тэрыторыя блізкая да граніцы, то там ваенныя будавалі гроты, вялі сельскую гаспадарку, каб забяспечваць салдат ежай. Зараз гэтыя мясціны аднаўляюцца і натуральна зарастаюць.

Навукоўцы Роўненскага запаведніка сумесна з беларускімі калегамі вядуць некалькі трансгранічных праектаў па вывучэнні і ахове балот.

Адзін з іх завяршыўся ў 2019. Ён быў накіраваны на захоўванне Рамсарскага ўгоддзя Альманы – Пераброды. У гэтым рэгіёне журавіны – асноўны рэсурс выжывання, таму мэта праекта – захаваць балоты ад празмернай работы ягаднікаў.

Для таго, каб журавіны перазімавалі мясцовыя жыхары капаюць спецыяльныя ямы, заліваюць вадой ягаду і чакаюць вясны. Калі журавіны здаваць адразу у сезон, то іх кошт – 0,5 еўра/кг. Калі патрымаць да красавіка, то цана павысіцца да 3 еўра/кг.

У Беларусі працуюць абмежаванні: раней за пэўны тэрмін журавіны збіраць нельга. Але ва Украіне такіх абмежаванняў няма. З-за гэтага мясцовыя жыхары крыўдзяцца, што, пакуль стане можна, суседзі ўжо ўсё пазбіраюць, і часам выходзяць збіраць нелегальна раней за тэрмін.

Каб паменшыць шкоду ад натоўпу збіральнікаў, у рамках трансгранічнага праекта закупілі інвертар для пажарнай бяспекі, зрабілі візіт-цэнтры для асветніцкай дзейнасці і абсталявалі спецыяльныя месцы для адпачынку на балотах. Людзі, як правіла, сыходзяць на адзін-два тыдні па журавіны. Там жывуць, збіраюць, а потым увесь скарб выносяць. У выніку на месцах стаянак застаецца шмат смецця. З гэтым спрабуюць змагацца.

Другі важны праект, які ідзе зараз: “Палессе – дзікая прырода без межаў”. У яго планах дадаць новыя аб’екты ААПТ і падняць эканоміку дэпрэсіўных рэгіёнаў за конт турыстычнай, рамесніцкай дзейнасці, каб людзі перасталі нелегальна здабываць прыродныя рэсурсы.

Плюс у праект закладзена навуковая частка: вывучэнне перамяшчэння рысі, воўка і іншых відаў. А таксама аднаўленне балот.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость