10.03.2017 / 18:03

Набліжаецца 25 сакавіка — дзень самай маштабнай экалагічнай акцыі — «Гадзіны Зямлі». У Мінску на найбольш вядомых будынках традыцыйна пагаснуць агні, а на пляцоўцы адноўленага Культ.цэнтра «Корпус» зайграюць Андрэй Козік, беларускі гурт «Port Mone» і расійскі «Сансара». Зялёны партал сустрэўся з арганізатарамі гэтай чароўнай дзеі — event-менеджэркай Таварыства «Зялёная сетка» Ганнай Дапшэвічуце і дырэктарам канцэртнага агенства «Horse&Vega» Іванам Коневегам, каб прыадкрыць сваім чытачам закуліссі «Гадзіны Зямлі».

— Ганна, што для цябе «Гадзіна Зямлі»?

— Самая глабальная ў гісторыі чалавецтва экалагічная акцыя. Сутнасць яе заключаецца ў прыцягненні ўвагі да праблем змянення клімату, энергаспажывання і ў цэлым да звычак людзей у паўсядзённасці.

Мне яна імпануе сваёй сімвалічнасцю. Аднак часта людзі пачынаюць крытыкаваць «Гадзіну Зямлі», маўляў, «што вы робіце, ды калі ўсе адключацца, то планета накрыецца»... Якраз не, акцыя мусіць паказаць, як простая звычка можа паўплываць на змяненні ў маштабах  чалавецтва.

 

— А як ты можаш ацаніць размах акцыі? З чаго ўсё пачыналася і да чаго дарасло?

— Мне вельмі цікава сачыць за тым, як «Гадзіна Зямлі» развіваецца. Пачыналі мы 4 гады таму з невялікіх пляцовак для малой колькасці людзей, а ў гэтым годзе ў Беларусь прыязджае гурт з іншай краіны. Для мяне гэта паказчык, што акцыя становіцца папулярнай і выклікае інтарэс у людзей.

Вядома, я выдатна разумею, што прываблівае публіку больш канцэрт, чым сама «Гадзіна Зямлі». Але ж не бачу нічога дрэннага ў гэтым. Наадварот, расцэньваю такі наш ход, як магчымасць выйсці на новую аўдыторыю і ўкараніць у ёй думкі пра светлае і экалагічнае.

— Аднак часта даводзіцца чуць крытыку, маўляў, першы канцэрт на «Гадзіну Зямлі» прайшоў без святла, а ўсе наступныя падсілкоўваліся электрычнасцю. Ці не супярэчыць гэта самой ідэі акцыі?

— Зноў жа тут варта памятаць пра яе сімвалічнасць. Калі весці гаворку пра татальнае адключэнне ўсёй электрычнасці, трэба разумець, што ніякага вялікага канцэрта зладзіць не атрымаецца. Можна разгледзіць гэта ў якасці выкліку нам і магчымасці паэксперыментаваць. Аднак я не ўпэўнена, што пры той колькасці людзей, якая прыходзіць на акцыю, усім будзем камфортна. Прыгадваючы канцэрт без святла ў «Хулігане», дзе гледачоў было 100 чалавек, з большага ўсе маглі пачуць і пабачыць гурты. Але калі збіраецца 200 гледачоў і болей, без святла людзі нічога ўжо не ўбачаць і не пачуюць, мерапрыемства становіцца няякасным.

Не трэба ўспрымаць ідэю так літаральна. Тым больш мы стараемся вытрымаць баланс: выступ гуртоў адбываецца з выкарыстаннем электрычнасці, але дзеля гэтага мы дабіваемся адключэння асвятлення цэнтральных будынкаў у беларускіх гарадах. Мы сапраўды думаем пра экаслед ад сваіх дзеянняў.

 

— А ці раздзяляюць медыяперсоны, што з году ў год удзельнічаюць у акцыі, ідэі экалагічнасці?

— Будзем казаць, як ёсць: музыкаў мы прыцягваем, каб ахапіць большую колькасць людзей, падаецца, усё ляжыць на паверхні. Аднак мы ніколі і нікога не прымушаем гаварыць тое, што кажуць са сцэны. Калі чалавек не раздзяляе нашых каштоўнасцей, не разумее, пра што гэта, то і прасіць яго даць інтэрв’ю ці зняцца ў тэматычным відэа не мае ніякага сэнсу. З улікам якую масавую падтрымку мы атрымоўвалі, відавочна, у людзей усё ў парадку з асэнсаваннем гэтай тэмы.

 

— У гэтым годзе акцыя перарасла з кватэрніка ледзьве не ў фармат фестывалю, і да арганізацыі падключылася канцэртнае агенства. У чым твой інтарэс, Іван?

— Пытанне ўдзелу ці не ўдзелу для мяне нават не стаяла, бо ўласна я заўсёды цікавіўся экалагічнымі праблемамі.

Калі я вёў перамовы з гуртом «Сансара», агаворваў не прыватны канцэрт у Мінску, а магчымасць удзелу музыкаў у штогадовай акцыі «Гадзіна Зямлі». Такім чынам, мы атрымалі згоду раней, чым пачалі агаворваць фінансавыя ўмовы нашай супрацы.

І для мяне пытанне раздзялення нашых экалагічных каштоўнасцей і поглядаў было вельмі прынцыповым. А як інакш? Бо не могуць жа людзі прапагандаваць тое, што ім самім нецікава.

Я нават больш скажу: мы дамовіліся кампенсаваць экалагічны след гурта, бо ў Мінск яны ляцяць самалётам. «Сансара» пагадзілася пасадзіць дрэва ў дворыку «Корпуса», пры гэтым іх не трэба было ўгаворваць, яны з задавальненнем адгукнуліся на ідэю.

Ганна:

— Відавочна, калі б яны не раздзялялі, то і не пайшлі б нам на саступкі ў пытаннях таго ж ганарара.

 

— А чаму выбралі менавіта гурт «Сансара»?

Іван:

— Ідэя належыць Ганне. Але я быў гатовы везці іх без мерапрыемстваў падобнага кшталту. Проста ў адзін момант супалі нашы агульныя жаданні.

Чаму менавіта яны? Па-першае, гурт яшчэ пакуль ні воднага разу не быў у Мінску. Па-другое, няхай сабе яны не такія папулярныя, як, напрыклад, «Мумій Троль», але ўжо маюць важнае значэнне для музычнай культуры. Па-трэцяе, яны раздзяляюць нашыя погляды, хаця песень пра экалогію ў іх няма.

 

— На адной сцэне з імі будзе выступаць беларускі гурт «Port Mone». Чаму перавагу аддалі ім?

Ганна:

— Вось «PortMone» якраз ва ўсім, што робіць, транслюе сваю экалагічнасць, і, да ўсяго, гэта цікавыя музычныя персанажы. Свой папярэдні альбом гурт запісваў у лесе, апошні — ад аднаўляльных крыніц энергетыкі. Гэта вельмі звязана і з «Гадзінай Зямлі», і з пытаннямі, якія мы стараемся уздымаць. З нашага боку было б дурасцю іх не запрасіць.

— Магчыма, самае непрыемнае пытанне для вас: чаму мерапрыемства платнае?

Іван:

— Канцэрт платны для прыхільнікаў гуртоў. Але для шэрагу нашых партнёраў, якія прасоўваюць экалагічную галіну, уваход будзе вольным. Вядома, што зрабіць гэта для ўсіх мы, на жаль, не можам. Нават сыходзячы з вопыту мінулага года, мноства жадаючых не змоглі пачуць гурт «Касіяпею» ў тым жа «Корпусе», і пасля была хваля негатыўных водгукаў. Мы запросім інфармацыйных партнёраў, людзей, якія зараз дапамагаюць нам у арганізацыі, прадстаўнікоў экалагічных арганізацый. Адпаведна, нават продаж квіткоў не зможа пакрыць усе выдаткі мерапрыемства. Калі б у нас стаяла такая мэта, то і кошт на канцэрт быў бы значна вышэйшы. Мы ж пастараліся, каб у прыхільнікаў была магчымасць паслухаць любімыя гурты, каб на канцэрт прыйшлі невыпадковыя людзі, а тыя, каму ён сапраўды патрэбны і цікавы.

Вядома, мы разумеем, што магчыма было б правесці бясплатны канцэрт, але тады  не было б ніякіх шанцаў зладзіць наступную «Гадзіну Зямлі» з такім жа маштабам.

Ганна:

— Паверце, любая праца павінна аплочвацца. Не трэба рабіць памылковых высноў, што экалагічныя акцыі адбываюцца за так. Зразумела, ёсць выключэнні з правіл, калі тыя ж вядомыя музыкі выступаюць бясплатна, але гэта толькі таму, што яны могуць сабе гэта дазволіць. У нашым жа выпадку няхай сабе гурты і не такія папулярныя, але няма нічога дрэннага, каб заплаціць за іх працу. Тым больш сумы, на якія ў нас атрымалася дамовіцца, сапраўды смешныя для сённяшняга дня.

Квіткі можна набыць:

  • у оnline-касах Ticketpro, Kvitki і на месцах продажу;

  • у тэатральных касах на Калініна, 5, дзе прадаюць асаблівыя дызайнерскія абмежаваным тыражом.

 

Іван:

— Сума значна меншая за стандартны ганарар «Сансары». І ўлічвайце, што зараз вельмі гарачы перыяд у гастрольным графіку музыкаў.

Для таго ж Андрэя Козіка, які будзе граць пасля доўгага перапынку, гэта будзе, можна сказаць, дэбют. Ён разам з камандай рыхтуе, перазапісвае праграму. Мне падаецца, яго выступ будзе цікавы нават тым, хто не ведае, што ў Беларусі ёсць якасная, высокага ўзроўню інды-музыка, што ёсць такія музыкі. Проста ў нашай рэчаіснасці ім складана паказаць сябе: мала пляцовак, адсутнічае прамоўшан і г.д.

Андрэй працуе ў хоры опернага тэатра, у філармоніі, спявае ў царкоўным хоры — усё дзеля таго, каб мець магчымасць працаваць і карміць сям’ю талентам, а не ісці на кірмаш гандляваць вокнамі, напрыклад. Таму я хочу яму дапамагчы заявіць пра сябе, а Андрэй, са свайго боку, падтрымае акцыю.

 

— Чаго чакаць ад «Гадзіны Зямлі» акрамя канцэрта?

Ганна:

— У якасці кампенсацыі экалагічнага следу кожны атрымае ад нас экабомбу, «Сансара» пасадзіць дрэва. Мы пастараемся зрабіць цікавыя дэкарацыі. Арганізуем традыцыйную фотазону.

Іван:

— Будуць паштоўкі з аўтографамі музыкаў, якія людзі змогуць даслаць сваім сябрам абсалютна бясплатна па «Зялёнай пошце».

Ганна:

— Гэта будзе канцэрт у падтрымку акцыі, і мы разумеем, што на мерапрыемства трапяць людзі, зусім непадтрыхтаваныя да экалагічнай інфармацыі. А такіх будзе большасць. Хацелася б, каб усё навокал ім рабіла намёк: нешта тут не проста так.

 

Іван:

— Можна вярнуцца да пытання платнага ўваходу. Як бачыце, гэта будзе не проста мерапрыемства, з якога мы атрымаем прыбытак і забудзем. Мы зацікаўленыя ў тым, каб людзі мелі атмасферную аддачу ад акцыі, разумелі, за што яны плацяць: гэта не адзін гурт, не гадзіна выступу…

Ганна:

— Так, усе грошы ідуць на арганізацыю самаго ж мерапрыемства, пакрываючы нейкую частку выдаткаў.

 

— На якой стадыі падрыхтоўкі вы зараз?

Іван:

— У нас усё зараджана: квіткі ўжо ў продажы, запушчаны медыйныя кампаніі. Можна сказаць фінальная стадыя — прома мерапрыемства.

Ганна:

— Аднак, калі хтосьці хоча далучыцца і дапамагчы з афармленнем той жа фотазоны, мы будзем толькі рады.

Іван:

— Так, людзі з ідэямі і без пляцоўкі для рэалізацыі, аднадумцаў ці чагосьці іншага могуць звяртацца да нас.

Ганна:

— Для творчых людзей мы адкрытыя, ёсць магчымасць праявіць сябе.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость