10.07.2020 / 10:07

Сёлета самай важнай праблемай у ахове здароўя чалавецтва падаецца пошук вакцыны ад COVID-19. Але ж гэта далёка не адзіная пагроза.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) вылучыла дзесяць праблем, на якія трэба звярнуць дадатковую ўвагу, каб выканаць стратэгічны план да 2023 года і павялічыць якасць жыцця чалавецтва.

 

Глабальная пандэмія грыпу

СААЗ лічыць, што чарговая пандэмія грыпу непазбежна, таму рыхтуецца да хуткага рэагавання на такі выклік.

Для таго каб вылучыць штамы з пандэмічным патэнцыялам, арганізацыя пастаянна маніторыць цыркуляцыю вірусаў грыпу. У глабальнай сістэме эпідэміялагічнага нагляду і рэагавання ўдзельнічаюць 153 установы з 114 краін. Штогод СААЗ рэкамендуе, супраць якіх штамаў павінна праводзіцца сезонная вакцынацыя.

На выпадак небяспекі ў СААЗ ёсць план па забеспячэнню раўнапраўнага доступу да дыягнастычных сродкаў, вакцын і супрацьвірусных прэпаратаў, асабліва ў краінах, якія развіваюцца.

 

Вірус Эбола і іншыя асабліва небяспечныя патагены

У 2018 годзе ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга адбыліся дзве ўспышкі Эболы, кожная з іх распаўсюдзілася на гарады з насельніцтвам больш за мільён чалавек. Успышка закранула ў тым ліку і зону актыўнага ўзброенага канфлікту. Гэта ў тым ліку паказала, што меры, якія прымаюцца для барацьбы з захворваннем ў гарадской мясцовасці часам нельга прымяніць у сельскай ці ў зоне канфлікту. Трэба шукаць розныя адаптаваныя падыходы.

Дарэчы, на канферэнцыі па надзвычайным сітуацыям у канцы 2018-га ўдзельнікі прызвалі СААЗ і партнёраў абвясціць 2019-ы “Годам дзеяў па забеспячэнні гатоўнасці да надзвычайных сітуацый у сферы аховы здароўя”.

СААЗ падрыхтавала план навуковых даследаванняў і распрацовак па найбольш небяспечных хваробах, супраць якіх не існуе эфектыўных метадаў лячэння і вакцын. У гэтым спісе Эбола, шэрах іншых гемарагічных ліхаманка, вірусы Зіка і Ніпах, каранавірус бліжнеўсходнега рэспіраторнага сіндрому, цяжкі востры рэспіраторны сіндром, а таксама “хвароба Х”, то-бок невядомы патаген, які можа выклікаць эпідэмію. З усіх магчымых варыянтаў сёлета нас насцігла як раз “хвароба Х” – COVID-19, да якога, на жаль, насельніцтва ўсё ж такі не было гатова.

 

Недавер да вакцын

Рух антыпрышчэпнікаў набірае абароты. Сапраўды, ёсць гісторыі, калі з-за прышчэпкі ў дзяцей узнікалі праблемы са здароўем. Але нашмат больш выпадкаў, калі менавіта прышчэпкі ратавалі людзей ад эпідэмій. Па статыстыцы, штогод вакцынацыя дапамагае прадухіліць 2-3 мільёны смярцей. Калі б прышчэпкі рабілі ўсім глабальна, гэта было б яшчэ плюс 1,5 мільёна выратаваных людзей.

Апошнім часам колькасць хворых на адзёр павялічылася на 30%. І гэта ў тым ліку дзякуючы адказу ад прышчэпак. Кансультатыўная група па вакцынах пры СААЗ кажа, што людзі адмаўляюцца ад прышчэпак у асноўным з-за бестурботнасці, недаверу да прэпаратаў і адсутнасці зручнага доступу да паслуг па вакцынацыі.

Летась СААЗ праводзіла маштабную работу па ахопу насельніцтва прышчэпкамі ад ВПЧ (вірусу папіломы чалавека), які часта прыводзіць да раку шыйкі маткі. Гэту прышчэпку робяць і жанчынам, і мужчынам.

Арганізацыя таксама напрыканцы мінулага года заявіла, што нарэшце афіцыйна ліквідавала два з трох штамаў дзікага паліавіруса. Першы – у 2015-м, другі – у 2019-м. Такім чынам на планеце застаўся адзін штам, які распаўсюджаны ў Афганістане і Пакістане. СААЗ імкнецца забяспечыць вакцынамі кожнага дзіця ў гэтым рэгіёне, каб цалкам перамагчы паліаміеліт. Будзем спадзявацца, што ў іх гэта атрымацца, бо за 2018 год у абодвух краінах зарэгістравана толькі 30 выпадкаў хваробы. Намаганні па ліквідацыі паліаміеліту дазволілі з 1988 года зэканоміць больш за 27 мільярдаў долараў ЗША па ўсім свеце. Па прагнозах, канчатковае пазбаўленне ад гэтай хваробы дазволіць зэканоміць яшчэ 14 мільярдаў да 2050 года.

 

Устойлівасць да супрацьмікробных прэпаратаў

Звычка людзей пры любой хваробе піць антыбіётыкі і антывірусныя перашкаджае лячэнню, калі гэта сапраўды патрэбна. У 2017-м прыкладна ў 600 000 хворых на сухоты была ўстойлівасць да самага дзейснага прэпарата першай лініі – рыфампіцыну. Прычым у 82% была ўстойлівасць да шматлікіх лекаў. І гэта ў абставінах, калі штогод у свеце 10 мільёнаў чалавек хварэюць на сухоты і з іх 1,6 мільёны паміраюць.

Да небяспечных хвароб, у барацьбе з якімі мы рызыкуем застацца без лекаў, можна аднесці сухоты, пнеўманію, ганарэю і сальманелёз. Немагчымасць правесці прафілактыку інфекцый абцяжарыць правядзенне хірургічных умяшанняў і хіміятэрапіі.

Устойлівасць да лекаў узнікае з-за нерацыянальнага выкарыстання супрацьмікробных прэпаратаў у медыцыне і ветэрынарыі (асабліва ў жывёлагадоўлі), а таксама калі антыбіётыкі наўпрост трапляюць у навакольнае асяроддзе. Глабальны план СААЗ прадугледжвае прафілактыку інфекцый і падтрымку рацыянальнага выкарыстання супрацьмікробных сродкаў.

 

ВІЧ

Нягледзячы на ўсе намаганні, эпідэмія ВІЧ не ідзе на спад. Штогод ад ВІЧ/СНІД памірае амаль мільён чалавек. З пачатку эпідэміі вірусам заразіліся каля 70 мільёнаў і памерла прыкладна 35 мільёнаў інфіцыраваных. Сёння ва ўсім свеце 37 мільёнаў людзей жывуць з ВІЧ. З іх каля 22 мільёны прытрымліваюцца тэрапіі.

Тым не менш ёсць групы, якія цяжка ахапіць: супрацоўнікі і супрацоўніцы сферы сексуальных паслуг; заняволеныя; трансгендары; мужчыны, якія практыкуюць секс з мужчынамі; дзяўчыны ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў, якія жывуць на поўдні ад Сахары. Ва ўсіх гэтых катэгорый ёсць праблемы з доступам да медыка-санітарных паслуг. І на такіх афрыканскіх дзяўчын, напрыклад, прыходзіцца чвэрць усіх выпадкаў заражэння, хоць яны складаюць толькі 10% насельніцтва планеты.

СААЗ дапамагае краінам ва ўкараненні сродкаў самастойнага тэсціравання, каб людзі маглі самі даведацца пра свой ВІЧ-статус і звярнуцца за лячэння ці за прафілактыкай.

 

Забруджванне паветра і змяненне клімату

Дзевяць з дзесяці жыхароў Зямлі кожны дзень дыхаюць забруджаным паветрам. Па меркаванні СААЗ, летась забруджванне паветра давала найвялікшую рызыку для здароўя людзей. Шкодныя часцінкі пранікаюць у дыхальную і крывяносную сістэмы, што прыводзіць да парушэння работы лёгкіх, сэрца і галаўнога мозга.

Штогод ад хвароб, якія выклікае забруджанае паветра, дачасна паміраюць 7 мільёнаў людзей. Прыкладна 90% гэтых выпадкаў прыходзяцца на краіны з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў, дзе высокія аб’ёмы шкодных выкідаў ад прадпрыемстваў, транспартнага сектара і сельскай гаспадаркі. Таксама ёсць праблема з выкарыстаннем неэкалагічных кухонных печаў і відаў бытавога паліва.

Спальванне выкапанага паліва з’яўляецца адным з галоўных фактараў змянення клімату, які ў сваю чаргу негатыўна ўплывае на здароўе людзей. Па прагнозах, з 2030 па 2050 год змяненне клімату будзе прыводзіць да 250 000 дадатковых смяротных выпадкаў штогод (ад недаядання, малярыі, дыярэі і цеплавога стрэсу).

У кастрычніку 2018-га прайшла першая Глабальная канферэнцыя СААЗ па забруджванню паветра і здароўю, дзе больш за 70 краін і арганізацый узялі на сябе абавязак паляпшаць якасць паветра.

 

Неінфекцыйныя захворванні

Харобы сэрца, дыябет і рак у сукупнасці з’яўляюцца прычынай каля 70% (41 мільёны) смярцей ў свеце. У тым ліку 15 мільёнаў дачасных смярцей ва ўзросце ад 30 да 69 гадоў. Больш за 85% дачасных выпадкаў адбываюцца ў краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў.

Распаўсюджанасць такіх хвароб выклікана пяццю асноўнымі фактарамі: ужыванне табака, недастача фізічнай актыўнасці, шкоднае ўжыванне алкаголю, нездаровае харчаванне і забруджванне паветра. Фактары рызыку таксама ўзмацняюць парушэнні псіхічнага здароўя. Палова з іх праяўляецца ўжо да 14 год, але ў большасці выпадкаў не дыягнастуецца і не лечыцца. Пры гэтым трэцяй па распаўсюджанасці прычынай смерці юнакоў і дзяўчынак 15-19 год з’яўляецца самагубства.

Глабальная мэта – скараціць недахоп фізічнай актыўнасці да 2030 года на 15%. У гэтым СААЗ дапамагае краінам праз шэраг рэкамендаваных мерапрыемстваў.  

 

Нестабільнасць і павышаная ўразлівасць

Больш за 1,6 мільярда людзей жывуць у месцах, дзе няма базавай медыцынскай дапамогі. Гэта можа быць з-за шэрагу фактараў: ваенных канфліктаў, засухі, міграцыі і іншага. Нестабільныя раёны са слабым медыцынскім абслугоўваннем ёсць практычна ва ўсіх рэгіёнах. У іх палова мэт устойлівага развіцця не дасягнута, у тым ліку тыя, што датычацца здароўя матуль і дзяцей.

У такіх краінах СААЗ працуе над узмацненнем сістэмы аховы здароўя, каб яны на месцы маглі рэагаваць на ўспышкі захворванняў.

 

Слабыя сістэмы першаснай медыка-санітарнай дапамогі

Установы першаснай медыка-санітарнай дапамогі – у беларускім варыянце ФАПы і гарадскія паліклінікі – павінны даваць комплексную і даступную медыцынскую дапамогу на працягу ўсяго жыцця. Гэта неабходна, каб ахапіць паслугамі сістэмы аховы здароўя ўсё насельніцтва.

Тым не менш у краінах з сярэднім і нізкім узроўнем даходаў з гэтым праблемы. Дрэнная сітуацыя можа быць звязаны з недахопам рэсурсаў ці з мінулым акцэнтам на барацьбе з асобнымі хваробамі, а не ахове здароўя ў цэлым.

У кастрычніку 2018 на буйной сусветнай канферэнцыі ў Астане краіны падпісалі дэкларацыю, у абавязаліся ўмацоўваць сістэму першаснай медыка-санітарнай дапамогі. СААЗ займаецца кантролем за выкананнем абавязкаў і дапамогай у наладжванні працы ў гэтым кірунку.

 

Ліхаманка дэнге

Гэту хваробу пераносяць камары, па сімптомах яна падобная на грып, але ў 20% выпадкаў цяжкай формы захворвання выратаваць чалавека не атрымліваецца. Перыяд сезоннага захворвання апошнім часам становіцца даўжэй, і хвароба распаўсюджваецца па-за межы Бангладэш і Індыі – у краіны з больш умераным кліматам, як Непал.

Штогод ліхаманцы дэнге заражаюцца каля 390 мільёнаў чалавек. Сучасная стратэгія СААЗ працуе на скарачэнне смяротнасці ад гэтай хваробы.

Автор:
Фотограф:
.pexels.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость