З трыснягу і пяску. Як працуе экалагічная ачыстка сцёкаў у вёсцы Стахоўцы?

У Мінскай вобласці адкрылі першую ачыстную сістэму, работа якой грунтуецца на ўласцівасцях прыродных кампанентаў – глебе, мікраарганізмах і раслінах.

13.11.2019 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Гэта чарговы пілотны праект у рамках доўгатэрміновай супрацы беларускіх і нямецкіх арганізацый. Як і папярэднія, ён скіраваны на паляпшэнне жыцця вяскоўцаў, былых перасялянцаў з забруджаных зон ЧАЭС, і ўкараненне перадавых экалагічных практык.

Вёска Стахоўцы — пілотная ва ўсіх сэнсах

Па дарозе на курортны пасёлак, аднайменны самаму вялікаму беларускаму возеру — Нарач – размешчана невялікая вёска Стахоўцы. Побач круцяцца адны з першых ветракоў, але сама вёска амаль нічым не прыкметная.

Амаль, бо ў 1990-я гады сюды перасяляліся людзі з забруджаных радыяцыяй тэрыторый. Пры падтрымцы нямецкага боку для іх пабудавалі дамы з прымяненнем сучасных тэхналогій таго часу. І да сёння ў Стахоўцах праходзяць сумесныя двухбаковыя беларуска-нямецкія валанцёрскія летнікі.

Іх ладзяць у межах праекта Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання "ЭкаБудаўнік" у партнёрстве з нямецкай арганізацыяй "Дамы замест Чарнобыля", скіраваныя на паляпшэнне ўмоў пражывання мясцовых людзей.

Як кампанент праекта нядаўна тут запрацавала экалагічная ачыстная сістэма, разлічаная на 100 чалавек жыхароў. Яе зрабілі на аснове існуючай каналізацыі, з фінансавай падтрымкай нямецкага федэральнага Міністэрства па эканамічнай супрацы і развіцці.

 

Інавацыі з мясовых матэрыялаў

Мясцовую каналізацыю трэба было мадэрнізаваць – гэта не адмаўляюць ні прадстаўнікі аб'яднання "ЭкаБудаўнік", ні жыхары вёскі, ні Мядзельскае ЖКГ, на баланс якога паступіў новы аб'ект.

Хаця намеснік дырэктара па воданапорнай-каналізацыйнай гаспадарцы ЖКГ Уладзімір Клімовіч не хавае таго, што напачатку скептычна паставіўся да ідэі замяніць палі фільтрацыі на сістэму з пясчана-гравійнымі фільтрамі.

Каля 140 тысяч еўра пайшло на ўвесь комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку ўтылізацыю старой сістэмы, абнясенне плотам новай, арганізацыю пад'яздной дарогі... Прычым кожная наступная сістэма такога кшталту мусіць толькі танець, абяцаюць замежныя прадстаўнікі.

Увесь працэс – ад ліківідацыі састарэлых палёў, замены труб да запуску новай сістэмы — заняў каля трох месяцаў, з канца ліпеня па кастрычнік бягучага года.

Як прызнаецца выканаўчы дырэктар міжнароднага дабрачыннага аб'яднання "ЭкаБудаўнік" Юрый Супрановіч, беларускія спецыялісты ведаюць пра тэхналогію ачысткі на аснове пясчана-гравійнай сумясі, але не рэалізоўвалі яе.

"Мы прадэманстравалі, як гэта робяць немцы, па еўрапейскіх нормах, з улікам Тэхнічнага кодэксу ўсталяванай практыкі для пясчана-гравійных сумясяў, але з выкарыстаннем айчынных кампанентаў, — падкрэслівае ён.

Самым важным тут з'яўляецца пясок, ён сапраўды павінны быць высокай якасці. Дзеля гэтага аб'екта яго прывезлі з вытворчасці з-пад Мінску”.

Знешнія трубы давялося замаўляць у нямецкага боку. Хаця беларускія аналагі цалкам магчыма знайсці, упэўнены Юрый Супрановіч, калі загадзя зрабіць замову ў айчынных вытворцаў.

Прадстаўнікі аб'яднання і іх нямецкія партнёры спадзяюцца, што досвед пачнуць пераймаць іншыя населеныя пункты. Дзеля гэтага яны гатовы кансультаваць зацікаўленых спецыялістаў і дэманстраваць работу сістэмы.

 

Як выглядаюць ачыстныя збудаванні?

Чалавек бачыць катлаваны, засыпаныя пяском, і нявопытнаму воку складана зразумець, што перад ім сучасная сістэма ачысткі гаспадарча-бытавых сцёкавых вод, якая грунтуецца на ўласцівасцях і якасцях прыродных элементаў.

Ізаляваныя катлаваны запоўненыя пясочна-гравійнай сумяссю, якая на самой справе з'яўляецца фільтрам. Паверх высаджаны роўнымі шэрагамі трыснёг і пракладзены трубы. У будучым фільтры цалкам зарастуць трыснягом, які іграе важную ролю ў частцы і дапамагае сістэма аднаўляцца.

Па люках пад нагамі можна распазнаць каналізацыйныя калодзежы. У іх адбываюцца складаныя працэсы першаснай ачысткі і перакачкі вады ў фільтры.

 

Як працуе ачыстная сістэма?

Прынцып работы дадзенай сістэмы грунтуецца на двухступенчытай ачыстцы праз тры кампаненты: глебу, мікраарганізмы і расліны. Яе перавага ў тым, што  ачыстка адбываецца без электрычнасці, за выняткам помпавай сістэмы. Такім чынам забяспечваецца ўстойлівасць, эканамічнасць і даўгавечнасць ачыстных.

У інфраструктуру сістэмы ўваходзіць чатыры калодзежы, у якіх глей аддзяляецца ад вады: цяжкі глей асядае на дно збудаванняў, а сцёкавая вада адстойвацца. Такім чынам дасягаецца 25% ачысткі.

Пасля помпа перакачвае ваду на пясчана-гравійны фільтр, і яна размяркоўваецца па ўсёй яго паверхні. Вада праходзіць зверху ўніз, патрапляючы ў дрынажныя трубы. Пранікненне сцёкаў у наваколле выключана праз выкарыстанне гідраізаляцыйнай плёнкі.

Затым праз другі помпавы калоджез вада перанакіроўваецца на другі пясчана-гравійны фільтр, што гарантуе больш высокую ступень ачысткі.

Абодва фільтры засаджаны трыснягом, і гэта невыпадкова. Расліна размнажаецца праз моцную карнявую сістэму пад зямлёй і пранізвае глебу, робячы яе гідраўлічна адкрытай. Гэта дазваляе вадзе злёгкасцю праходзіць праз фільтр.

Праз сцябліны трыснёг прапускае ў глебу кісларод, дзякуючы чаму ўтвараюцца спецыяльныя зоны, якія спрыяюць развіццю мікраарганізмаў. Гэтыя зоны таксама забяспечваюць эфектнасць ачысткі.

З другога фільтра вада зноў патрапляе ў дрэнажныя трубы, а з іх – у калодзеж адбору проб і пасля – у калодзеж уліку. І толькі затым яна пераходзіць у нізіну. Пры гэтым на канчатковым эпапе ўзровень ачысткі дасягае 95%.

Як заўпэўніў дырэктар інжынернага бюро SWT Schulz Wassertechnik Ing.-Büro Хрысціан Шульц, устаноўка надзейная. Са строю можа выйсці помпавая сістэма, бо гэта тэхніка, але яе проста замяніць, але звычайна гэта патрэбна не меньш, чым праз 15 год.

Эксплуатацыйныя выдаткі, па папярэднім досведзе, не мусяц перавышаць 1 600 еўра на год: за аналіз, вываз глею, электрычнасць. Сума можа падвышацца ў год абкосу трыснягу (раз на два гады) за кошт аплаты часу працы касцоў.

Ва ўсім жа астатнім ачыстныя трэба кантраляваць, як тое прадугледжана тэхналогіяй. Для большай упэўненасці ва ўстановачны перыяд працы Хрысціан Шульц рэкамендуе правяраць візуальна рэзервуары першага этапу, каб зразумець колькі глею і шлаку ўтвараецца. Гэта можна рабіць раз на тыдзень, паступова павялічваючы тэрмін — напрыклад, потым раз на месяц. Не зашкодзіць пры выпадку аглядаць фільтры.

 

Універсальная сістэма: ад прыватных дамоў да асобных галін і гарадоў

Падобныя ўстаноўкі злёгкасцю магчыма інтэграваць у сістэмы гарадоў, сцвярджае Хрысціан Шульц. На муніцыпальным узроўні такога кшталту ачыстныя здольны задавальняць патрэбы населеных пунктаў да 1000 жыхароў. І гэта як для ачысткі сцёкавых камунальных вод, так і для падтрымання кругазвароту ў гарадскіх водных аб'ектах.

Ва ўласным досведзе Хрысціана Шульца ёсць распрацаваны праект падобнай устаноўкі для аднаго сірыйскага горада на 8000 жыхароў. На жаль, праз ваенныя дзеянні на тэрыторыі гэтай дзяржавы рэалізаваць яго так і не атрымалася.

Найбольш проста і эфектыўна прымяніць сістэму атрымоўваецца ў прыватнай жылой гаспадарцы. Гэта дазводзіць нават эканоміць, бо не трэба падключэнне да агульнай каналізацыйнай сістэмы.

Ачыстныя выдатна ўпісваюцца ў сельскагаспадарчую галіну — адну з тых, што найбольш спажывае і забруджвае водныя рэсурсы. У прыватнасці, падобныя збудаванні пасуюць для ачысткі вытворча-сцёкавых вод, якія пасля могуць выкарыстоўвацца для паліву.

Пры гэтым улічваецца небяспека павышанага ўзроўню нітратаў – іх узровень можна знізіць, тэхнічна удасканаліўшы сістэму. Такім чынам, ствараецца цыклічнасць водаспажывання, што ў сваю чаргу спрыяе павышэнню ўстойлівасці галіны і яе развіццю ў эканамічным, экалагічным планах.

Наўрадці шмат хто з нас задумваецца, што становіцца з вадой пасля таго, як яна сцякае ў цёмнае жэрла трубы пры водна-туалетных працэдурах. Для сучасных гарадскіх жыхароў наяўнасць цэнтральнай каналізацыі — хутчэй пытанне дабрабыту і камфорту, чым чысціні і спрыяльных санітарных умоў.

Адчуць на сабе праблематычнасць адсутнасці ці няспраўнасці, падавалася б такой звыклай сістэмы, могуць жыхары невялікіх населеных пунктаў ці тыя, каму "пашчасціла" жыць ля ачыстных збудаванняў. Як, напрыклад, мясцовыя з аграгарадка Міханавічы ў Мінскім раёне, дзе ў непасрэднай блізасці размешчаны мулаватыя сажалкі "Мінсквадаканала".

Падавалася б, у такога непрыемнага і небяспечнага пытання ў ХХІ стагоддзі павінна быць рашэнне. І на самой справе так і ёсць. Праўда, пакуль яно не мае шырокага прымянення на беларускіх прасторах.

 


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 13.11.2019

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.