14.04.2020 / 13:04

Праз каранавірус без наведвальнікаў засталіся не толькі кавярні і крамы, але і цыркі, заапаркі, розныя шоу з дзікімі жывёламі. Хоць Мінпрыроды выступае супраць выкарыстання дзікіх жывёл у культурна-відовішчных мерапрыемствах, пакуль гэта ўсё гэта ў нашай краіне існуе, заробак ад наведвальнікаў  амаль галоўная крыніца грошай. Каб жывёлы не пакутавалі ад недахопу ежы, ім ужо заўтра можа спатрэбіцца валанцёрская і фінансавая дапамога.

Ілюстратыўнае фота

 

У адрозненні ад прыватных еўрапескіх заапаркаў, дзе без наведвальнікаў доўга не пратрымацца, беларускія, з большага, маюць дзяржаўную дапамогу. Тыдзень таму Зялёнаму парталу ў Мінскім заапарку паведамілі, што праца ідзе, як звычайна, хаця наведнікаў зараз нашмат менш. Яны  зарабляюць часткова самі, але пакуль не скардзяцца на сітуацыю.

Іншая справа, што ў нас ёсць заапаркі, дзе ўмовы горшыя за мінскія, як, напрыклад, у Віцебску, і, акрамя буйных, у краіне да сёння існуе сетка невялікіх кантактных заапаркаў. У якіх, па словах аднаго з былых супрацоўнікаў, нават і без каранціну з ежай для жывёлаў былі праблемы. Аб гэтым мы пісалі некалькі тыдняў таму.

Восьмага красавіка грамадскія экалагічныя арганізацыі атрымалі ліст ад Мінпрыроды, у якім установа просіць не забываць: у час пандэміі Covid-19 падтрымка патрэбная не толькі людзям, але і жывёлам.

Фрагмент ліста Мінпрыроды за подпісам намесніка міністра А.Н.Корбута
Фрагмент ліста Мінпрыроды за подпісам намесніка міністра А.Н.Корбута

 

Цырк-шапіто пад Брэстам прымае ежу і рады гасцям

У няпэўнай сітуацыі зараз апынуўся цырк-шапіто “Арлекін”.

Яны з гастролямі прыехалі ў Брэст у канцы сакавіка, але не змаглі выступіць, згарнуліся і з’ехалі. Зараз у падвешаным стане чакаюць, што будзе далей, на тэрыторыі вучэбна-забаўляльнага цэнтра “Парк Палянка” у Жабінкаўскім раёне. Кіраўнік парку Алена расказвае, што патрэбна зараз дзікім артыстам:

“Нашыя госці, якія прыязджаюць з сем’ямі прагуляцца, тэлефануюць і вязуць дапамогу жывёлам. Для вярблюдаў і конікаў можна захапіць моркву, капусту, яблыкі".

Фота - Алеся Зелянко, sputnik.by
Фота - Алеся Зелянко, sputnik.by

"Некаторыя артысты дазваляюць пакарміць сваіх гадаванцаў-жывёл з далонькі – напрыклад, вярблюдаў. Таму да нас можна прыехаць з дзецьмі: пагуляць па лесе і паглядзець на жывёл. Сена мы ім ўжо замовілі.

Яшчэ ў артыстаў шмат сабак – іх харчуюць сваім кормам. Ёсць малпы – іх ужо абкармілі бананамі, але, насамрэч, яны ядуць усё. Мы ім набываем і варым яйкі, даем пятрушку, кроп, зялёную цыбулю – яны вельмі любяць зеляніну. Розныя цытрусавыя – мандарыны, апельсіны – таксама. Усе артысты прымаюць дапамогу, бо зараз яны ў не вельмі прыемным становішчы: ужо амаль месяц стаяць і не выступаюць”.  

Прывезці прадуктовую дапамогу можна непасрэдна ў парк. Калі ёсць жаданне падтрымаць, можна звязацца з Аленай па тэлефоне +375 (33) 333-26-82.

 

Цэнтр дапамогі дзікім жывёлам прымае ежу, лекі і ахвяраванні

Падтрымка, як і заўсёды, патрэбна цэнтру дапамогі дзікім жывёлам “Сірын”. Ён размешчаны ў вёсцы Піяніна Дзяржынскага раёну. Як кажа дырэктар цэнтра Ірына Траяноўская, на іх сітуацыя пакуль паўплывала нязначна: ратаванне птушак і звяроў патрабуе шмат выдаткаў, як і раней.

Падтрымка патрэбна не толькі на каранціне, але і заўсёды – і да цяжкасцей ім не прывыкаць.

Фота - Ірына Траяноўская
Фота - Ірына Траяноўская

“Зараз людзі баяцца, іх яшчэ менш да нас прыязджае. Добра, калі за пару тыдняў, адна сям’я. Але ў фінансавым плане наведвальнікі для нас ніколі не былі асноўнай крыніцай".

"Нам заўсёды патрэбны яйкі, тварог, дробная рыба, садавіна, гародніна. Для лекавання неабходны перавязачны матэрыял, шпрыцы, сістэмы для кропельніц, антысептыкі (хлоргексідзін, фурацылін), ін’екцыйныя растворы (глюкозы, натрый хлор), фурасемід”.

Усё гэта можна перадаць у Мінску, Дзяржынску і Віцебску.

Адзінае, што прадукты лепш аддаваць у сталіцы. Так яны хутчэй даедуць да “Сірына”.

Ёсць варыянт дапамагчы анлайн на іх сайце. Там ёсць “хуткая” кнопка, па якой можна адправіць 3 і больш рублёў, таксама ёсць магчымасць пералічыць грошы на банкаўскі рахунак, кішэнь WebMoney ці наўпрост закінуць праз дрэва АРІП. Замовіць экскурсію і паглядзець на гадаванцаў прытулку сваімі вачамі можна па тэлефоне +375 29 191-38-78.

 

Устойлівая дапамога дзікім жывёлам – гэта захоўванне іх месцаў жыхарства

Калі з дапамогай цэнтру ратавання дзікіх жывёл усё даволі зразумела, то з дапамогай цыркам і заапаркам ёсць нейкі маральны дысананс. Як да такой прапановы ставяцца ў Цэнтры этычных адносін да прыроды, мы запыталі ў яго дырэктара Людмілы Лагіноўскай:

“Жывёлы, з аднаго боку, маюць патрэбу ў ежы, вадзе і належных умовах. Але, з іншага боку, наш цэнтр выступае супраць любых відовішч з выкарыстаннем жывёл, асабліва дзікіх. І супраць любога ўтрымання іх у няволі. Як раз у такі перыяд бачна іх сутнасць – у прынцыпе нам не патрэбны ні заапаркі, ні цыркі.

Без іх людзі могуць пражыць. Мы лічым, што дзікія жывёлы павінны жыць у сваім натуральным асяродзі. І так атрымліваецца, што зараз ім дапамагаць, – гэта таксама падтрымліваць жорсткі бізнес”.

Відавочна, зараз усе трапілі ў сітуацыю, да якой ніхто не быў гатовы. Але сапраўдная ўстойлівая дапамога дзікім жывёлам – гэта захоўванне іх месцаў жыхарства.

Фота - Наста Захарэвіч
Фота - Наста Захарэвіч

Автор:
Фотограф:
vitbiz.bloger.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость