Вішні, гуркі, сыр. Расклад экалагічных фестываляў на ўсё лета!

Зялёны партал зрабіў для вас агляд летніх экалагічных фестываляў, што праводзяцца ў буйных гарадах, раённых цэнтрах і зусім маленькіх вёсках – на любы густ! Шукайце зручныя даты, каб наведаць свята малака, кветак, мёду, чарніц ці клубніц!

Па падліках этнографа Таццяны Кухаронак, у Беларусі штогод праходзіць каля 150 фестываляў, чвэрць з іх мае экалагічны накірунак. Выступаючы на адным з семінараў па імплементацыі Нагойскага пратакола ў Беларусі, даследчыца казала пра вялікую ролю экалагічных фестываляў у захаванні біялагічнай разнастайнасці і ў тым ліку традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі.

У традыцыйнай гаспадарцы беларусаў істотную ролю адыгрывалі збор лясных ягад, пладоў, грыбоў, кармавых, лекавых, дэкаратыўных траў, карняплодаў, падсечка дрэў і нарыхтоўка раслінных сокаў, збіранне мёду. Кожны з гэтых заняткаў патрабаваў ведання мясцовай экалогіі, харчовых і лекавых якасцей раслін, аптымальных тэрмінаў іх збору, спосабаў апрацоўкі, кансервацыі і ўжывання.

Арганізатары экалагічных фестываляў часта імкнуцца выявіць, аднавіць і актуальзаваць гэтыя традыцыйныя веды. Гэта асабліва актуальна для лакальных фестываляў, арыентаваных на мясцовую супольнасць, арганізаваных па прынцыпах устойлівага развіцця.

У Мінску пройдуць ужо добра вядомыя тым, хто “ў экалагічнай тэме”, VIVA РОВАР (18 мая) і VULITSA EZHA (8 – 9 чэрвеня). Арганізатары экафестывалю “Пастарнак” сёлета робяць ORASI VEGAN GASTRO FESTIVAL з італьянскім каларытам (2 чэрвеня).

25-26 мая гарадскі пікнік VULITSA EZHA пройдзе ў Гродна. Больш-менш вядомыя шырокай публіцы Вішнёвы фестываль у Глыбокім і Свята агурка ў Шклове (дакладных дат пакуль няма, звычайна праходзяць суадносна ў ліпені і жніўні), “Спораўскія сенакосы” ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна і "Гамоняць пушчы беларускія..." ў Свіслачы (жнівень). Аднак, гэта далёка не ўсе цікавя экафэсты, якія варта наведаць.

Нешматлікія фестывалі развіваюць гістарычныя брэнды: Смаргонскія абаранкі (25 мая), Ганненскі кірмаш у Зэльве (24-25 жніўня), любчанскі сыр (8 чэрвеня). Адначасова ідзе працэс стварэння новых брэндаў. Напрыклад, у аграгарадку Шылавічы Ваўкавыскага раёна 23 чэрвеня пройдзе свята “Блінныя традыцыі”, па выніках якога плануецца выдаць зборнік мясцовых блінных рэцэптаў.

Пра адметнасць сваіх бліноў заяўляе таксама аграгарадок Ханевічы Свіслацкага раёна, які 13 ліпеня запрашае на свята “Ханявіцкія бліночкі”. Для стварэння брэндаў выкарыстоўваюць нават рэаліі савецкага часу: у 1980-я гады цяплічная гаспадарка аграгарадка Кракоўка была адзіным месцам у Ашмянскім раёне, дзе можна было набыць жывыя кветкі. Сёлета Кракоўка запрашае на свята “Кветкавая феерыя” (29 чэрвеня).

Аднак, у большасці выпадкаў шматлікія святы кветак проста запрашаюць палюбавацца на падворкі мясцовых жыхароў, паўдзельнічаць у майстар-класах па фларыстыцы і наведаць тэматычныя выставы. Гэта можна будзе зрабіць у Палецкішках Воранаўскага раёна (26 мая), Гнезне Ваўкавыскага раёна (28 ліпеня), Жалудку Шчычынскага раёна (11 жніўня), Аюцэвічах Карэліцкага раёна (17 жніўня), Мілевічах Мастоўскага раёна (25 жніўня).

Некаторыя фестывалі ладзяць мясцовыя прадпрыемствы для дэманстрацыі сваёй прадукцыі. СВК “Жухавічы” ў аднайменным аграгарадку – адзіны ў Карэліцкім раёне, які спецыялізуецца на вырошчванні яблычнай культуры. 18 жніўня ён запрашае на Яблычны фэст.

24 жніўня адбудзецца свята “Бульба-МЭБ”, арганізаванае аднайменным прадпрыемствам у аграгарадку Малая Бераставіца Бераставіцкага раёна. 26 жніўня пройдзе свята малака ў аграгарадку Сурынка Слонімскага раёна, дзе будзе магчымасць прадэгуставаць малочную прадукцыю ААТ “Слонімскі прадукцыйны цэх Шчучынскага масласырзавода”.

Святы малака пройдуць таксама ў Крывічах Зэльвенскага раёна (26 мая), Луцкаўлянах Гродзенскага (23 чэрвеня), Дубна Мастоўскага (24 жніўня), Сурынка Шклоўскага (26 жніўня), а свята сыру – у Жыпранах Ашмянскага раёна (25 жніўня). Адбудуцца таксама фестывалі і святы, прысвечанныя клубніцам (Бародзічы Зэльвенскага раёна, 15 чэрвеня), чарніцам (Больцішкі Воранаўскага раёна, 14 ліпеня), яйкам (Цяглевічы Зэльвенскага раёна, 20 ліпеня), вяндліне (Капцёўка Гродзенскага раёна, 3 жніўня), памідорам (Іўе, 17 жніўня), соку (Квасоўка Гродзенскага раёна, 25 жніўня), і традыцыйнай кухні ўвогуле (Лунна Мастоўскага раёна, 20 ліпеня; Лелюкі Іўеўскага раёна, 3 жніўня; Моталь Іванаўскага раёна 10-11 жніўня; Наваградак 24 жніўня). Звычайна ў праграме – дэгустацыя прадукцыі мясцовых вытворцаў і хатніх страў, майстар-класы па іх вырабе.

Зёлкам, прыдатным для запарвання гарбаты і лекавання, будуць прысвечаны фэсты ў Мажэйкаве Лідскага раёна (21 ліпеня) і ў Рупейках Ваўкавыскага раёна (28 ліпеня). Удзельнікаў чакаюць майстар-класы па зборы раслін, лекцыі і дэгустацыі. У чэвені пройдуць шматлікія спаборніцтвы касцоў. Святы льну і льнаводства пройдуць у Ціневічах Карэліцкага раёна (27 ліпеня) і ў горадзе Карма Гомельскай вобласці (3 жніўня). Астравец 24 жніўня запрашае на Дзень дуба. Дуб намалявана на гербе горада. Тры дубы ў Астраўцы прызнаны помнікамі прыроды, а ўзрост двух дрэў, якія растуць недалёка ад вёсак Тракенікі і Страча Астравецкага раёна, перавышае 500 гадоў.

Шматлікія фэсты з экалагічным складнікам прывязаны да дат традыцыйнага календара. 29 чэрвеня католікі, а 12 ліпеня праваслаўныя адзначаюць Дзень святых Пятра і Паўла. Па біблейным паданні, Пётр быў рыбаком. Прафесійнае свята рыбакоў было замацавана за другой нядзеляй ліпеня Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР у 1965 г. Яно афіцыйна адзначаецца ў Расіі і ва Украіне, неафіцыйна – у іншых краінах былога СССР.

Большасць “святаў рыбака” ў Беларусі прыпадае прыкладна на гэты перыяд, але не ўсе: 9 чэрвеня – у Вярэйках Ваўкавыскага раёна, 22 чэрвеня – у Шчорсах Наваградскага раёна, 7 ліпеня –у Кемелішках Астравецкага раёна, 13 ліпеня – у Азёрах Гродзенскага і Асінаўшчызна Смаргонскага раёна, 14 ліпеня – у Пескаўцах Лідскага раёна, 18 жніўня – у Драпаве Слонімскага раёна. Звычайна праходзяць спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і дэгустацыі рыбных страў.

Да шматлікіх свят традыцыйнага календара дапасоўваліся абрады ушанавання крыніц, але ў іх звычайна на першы план выходзяць рэлігійны і культурніцкі складнік, а не экалагічны. Выключэнне – хіба святкаванне Дня святых Пятра і Паўла ў аграгарадку Гожа Гродзенскага раёна. Паблізу Гожы – цэлая сістэма крыніц. У жыхароў існуе даўняя традыцыя – чысціць студні і крыніцы напярэдадні 29 чэрвеня. Калі работы завершаны, жыхары збіраюцца на свята.

14, 19 і 29 жніўня праваслаўныя святкуюць Спас. На ўсе тры святы было прынята асвячаць у царкве прадукты новага ўраджаю. Прыкладна на гэтыя даты (часцей на бліжэйшыя выходныя) ў сучаснай Беларусі прыпадаюць шматлікія святы яблыкаў, мёду, хлеба, арэхаў. Больш звестак пра экалагічныя фестывалі глядзіце ў нашым календары:

18 мая – ІМПРЭЗА “ЭКОФОНАРИК” у Жодзіне, паб Beertime (вул. Ракасоўскага 6-1)

Мерапрыемства пачнецца а 17.00 знаёмствам з экалагічнымі арганізацыямі ды ініцыятывамі. А 19.00 выступіць адна з стваральніц першай Zero Waste крамы ў Беларусі Юлія Лісіца. У 20.00 адбудзецца пакаж кароткаметражных фільмаў. Імпрэзу завершыць дыскусія на тэму “Развіццё экалагічнай супольнасці ў Жодзіна”.

18 мая – МІЖНАРОДНЫ ВЕЛАКАРНАВАЛ “VIVA РОВАР” у Мінску

Вялікі роварны фэст, забаўляльныя пляцоўкі, роварны парад. Збор удзельнікаў а 12.00 у парку Перамогі. Тут выступяць гурты AKUTE і :B:N:. Карнавальны заезд па праспекце Пераможцаў стартуе ад стэлы “Мінск – горад-герой” а 15:00. З 16.00 да 18.00 свята працягнецца ў парку Перамогі.

25 мая – ФЕСТЫВАЛЬ «ЗЯЛЁНЫХ» ІНІЦЫЯТЫЎ «GREEN FEST» у АБС “Зялёнае” каля Заслаўя

З 10.00 да 14.30 удзельнікаў чакаюць прэзентацыі “зялёных” ініцыятыў, конкурс “Пазнай птушку па голасе”, конкурс фотаздымкаў “Актыўнае зялёнае: актыўныя ў Зялёным”, квэст “Мэты ўстойлівага развіцця”, інтэлектуальная гульня “Green Brainstorm”, спартыўныя спаборніцтвы.

25 мая – ФЕСТЫВАЛЬ-КІРМАШ “СМАРГОНСКІЯ АБАРАНКІ” ў Смаргоні

Мэта мерапрыемства – папулярызацыя гістарычнага брэнда горада – смаргонскіх абаранкаў. Усе ахвочыя змогуць пакаштаваць традыцыйны смаргонскі ласунак. У праграме таксама выстаўка-продаж хлебабулачных вырабаў, канцэрт, тэатралізаваныя паказы, гульні, конкурсы і забавы.

25-26 мая – ФЕСТЫВАЛЬ КУЛІКОЎ У ТУРАВЕ

У праграме – чэмпіянат па фотабёрдынгу, бёрдвочынг, практычная лекцыя ад Цэнтра экалагічных рашэнняў пра асобны збор смецця, запуск паветраных змеяў на Замкавай гары, выступ ля вогнішча на беразе Прыпяці выдатнай паэткі Насты Кудасавай, Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым, канцэрты, у тым ліку гуртоў AKUTE і “РЭХА”.

Фестываль праводзіцца побач з Тураўскім балоннем, якое мае статус Тэрыторыі, важнай для птушак, міжнароднай значнасці, і з 2008 года абвешчана біялагічным заказнікам. Побач працуе першая ў Беларусі станцыя кальцавання птушак, на якую можна будзе патрапіць з экскурсіяй.

25-26 мая – ГАРАДСКІ ПІКНІК VULITSA EZHA ў Гродна, ЦСК “Нёман”

Розныя вытворцы, часцей небуйныя, прапануюць вулічную ежу на аграмадным фудкорце. Будуць дзейнічаць таксама маркет дызайнерскіх рэчаў і музычная сцэна.

26 мая – СВЯТА МАЛАКА “МАЛОЧНЫЯ РЭКІ” ў аграгарадку Крывічы Зэльвенскага раёна

Свята прымеркавана да Сусветнага дня малака (World Milk Day) 1 чэрвеня. Можна будзе пакаштаваць сыр, хатні ёгурт, напой на сыроватцы і выпечку з тварагу на дэгустацыйнай пляцоўцы малочных прадуктаў, наведаць фотавыставу “Паспрабуй мяне, гаспадыня”, кніжную выставу пра хатніх жывёл. На мерапрыемстве пройдзе ўшанаванне лепшых гаспадароў па здачы малака ў намінацыях: “найбольшая колькасць здадзеных літраў малака”, “самая высокая тлустасць малака”, “самы высокі надой на адну карову”.

26 мая – СВЯТА “ВАЛЬС КВЕТАК” у аграгарадку Палецкішкі Воранаўскага раёна

Можна будзе палюбавацца разнастайнымі кветкамі, якія вырошчваюць на сваіх падворках, клумбах і ў хатах кветкаводы-аматары аграгарадка. У праграме: дэфіле авангардных касцюмаў “Кветкавы мікс”, канцэрт творчых калектываў Воранаўскага раёна, агляд-конкурс на лепшы кветкавы агародчык Палецкішкаў, гульнёвая праграма “Прыгоды ў краіне Кветак”, майстар-клас “Класічны букет” па складанні букетаў, кампазіцый з жывых кветак, выстава-продаж пасадачнага матэрыялу.

2 чэрвеня – ЭКАФЕСТЫВАЛЬ ORASI VEGAN GASTRO FESTIVAL (“ПАСТАРНАК”) у мінскім хабе ОК16 (вул. Кастрычніцкая, д. 16)

Вы зможаце даведацца больш аб здаровай ежы, прадэгуставаць і прайсці майстар-класы па яе падрыхтоўцы, пазнаёміцца з вытворцамі натуральных прадуктаў. Мноства цікавых лекцый і інтэрактыву. Экашопінг, фермерская прадукцыя. Сёлета гэта ўсё – з італьянскім каларытам. Будзе арганізавана вялікая кухня OraSi: італьянскія сняданкі і дэсерты, абед і вячэра на аснове раслінных інгрэдыентаў.

8 чэрвеня – СВЯТА СЫРУ “ВЯСЁЛЫ СЫРАВАР” ў гарадскім пасёлку Любча Наваградскага раёна (пл. Салабуціна Наваградскага)

Гісторыя вытворчасці сыру ў Любчы мае даўнія традыцыі, з каранямі ў 70-х гадах ХІХ ст. Менавіта тады мясцовыя памешчыкі пачалі асвойваць вытворчую тэхналогію. Сёння ў пасёлку працуе сырцэх, а жыхары займаюцца сыраварэннем у хатніх умовах, перадаючы кулінарныя сакрэты з пакалення ў пакаленне.

У праграме свята – кулінарнае шоу “Усе смакі свету – у кавалачку сыру”, конкурс “Сырнае дасягненне”, выстаўка-продаж разнастайных гатункаў сыру і іншых малочных прадуктаў, выступленне калектываў народнай творчасці. ААТ “Малочная кампанія “Навагрудскія Дары” прадставіць прадукцыю ўласнай вытворчасці. Мясцовыя кулінары-аматары прынясуць на свята сыры хатняга прыгатавання.

8 – 9 чэрвеня – ГАРАДСКІ ПІКНІК VULITSA EZHA ў мінскім Батанічным садзе

Розныя вытворцы, часцей небуйныя, прапануюць вулічную ежу на аграмадным фудкорце. Будуць дзейнічаць таксама маркет лакальнай ежы і дызайнерскіх рэчаў, дзве музычныя сцэны. Пройдзе адукацыйны лекторый на тэму гарадской супольнасці.

9 чэрвеня – СВЯТА “ZАЛАТАЯ РЫБКА” ў аграгарадку Вярэйкі Ваўкавыскага раёна

Здаўна аграгарадок славіўся маляўнічай прыродай і рыбнымі месцамі. Свята пройдзе на беразе возера У праграме: тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам Залатой рыбкі, прамудрага Пескара, Кашы-прынады; спаборніцтвы рыбацкіх каманд Ваўкавыскага раёна па колькасці злоўленай рыбы; конкурсы “Клёвае месца”, “Рыбацкая байка”, “Вось дык рыбіна!”; дэгустацыя страў з рыбы.

15 чэрвеня – СВЯТА З ВОДАРАМ КЛУБНІЦ у аграгарадку Бародзічы Зэльвенскага раёна.

У Бародзічах клубніцы вырошчвае практычна кожны. Жыхароў і гасцей аграгарадка ў гэты дзень чакаюць вясёлыя прыгоды ў “клубнічным царстве”. Каралева Клубніца сустрэне гасцей песнямі, пачастуе напоямі і клубніцамі розных відаў і гатункаў, выпечкай з клубнічным начыннем. Дасведчаныя гаспадыні правядуць майстар-класы па прыгатаванні клубнічнага фандзю і варэння. А “клубнічны” манікюр заваюе ўсіх модніц свята.

15 чэрвеня СВЯТА “ЛІПНІШКАЎСКІЯ СЕНАКОСЫ” ў аграгарадку Ліпнішкі Іўеўскага раёна

Запрашаюць усіх, хто жадае паспрабаваць свае сілы ў конкурсе ручной касьбы. Падчас свята пройдуць майстар-класы па кляпанні касы, пляценні вянкоў, вырабе лялечкі “Траўніца”. Будуць працаваць падворкі “Сялянская трапеза”. Таксама на свяце выберуць дзяўчыну з самай доўгай касой.

15 чэрвеня – РАЁННАЕ СВЯТА КАСЬБЫ “ЗВІНІЦЬ КАСЬБА – ЖЫВЕ ВЁСКА” ў аграгарадку Ганчары Лідскага раёна

Касьба ў вёсцы – гэта не проста вельмі цяжкая праца, а сапраўдны рытуал. Пасля пераклічкі касцоў сеназарніцы (так у славян называлі жанчын, якія збіралі сваіх мужоў на пакос) бласлаўлялі ўдзельнікаў на пакос, павязваючы паясы з лячэбных траў (каб спіна не балела), уручалі абярэгі ў выглядзе лялькі-покосніцы, частавалі вясковым квасам.

Удзельнікі раённага свята будуць спаборнічаць у хуткасці касьбы травы, паказваючы ўсе тонкасці і сакрэты свайго майстэрства. Кожнаму ўдзельніку вызначаецца ўчастак поля, касьба на якім доўжыцца 40 хвілін. У праграметаксама майстар-клас па кляпанні касы.

22 чэрвеня – СВЯТА “РЫБАЛКА Ў ГРАФА ХРАПТОВІЧА” ў аграгарадку Шчорсы Наваградскага раёна

Аграгарадок Шчорсы, былы маёнтак графа Храптовіча, збірае жыхароў і гасцей. У праграме: конкурс рыбакоў, гастранамічны тур, майстар-класы, дэгустацыя юшкі па-шчорсаўску.

23 чэрвеня – ГАСТРАНАМІЧНАЕ СВЯТА “БЛІННЫЯ ТРАДЫЦЫІ ШЫЛАВІЧ” у аграгарадку Шылавічы Ваўкавыскага раёна

Жыхары пякуць розныя віды бліноў: дражджавыя, прэсныя, нізкакаларыйныя, на грачанай муцэ, капусныя, яблычныя, тонкія, карункавыя, на мінеральнай вадзе. Акрамя дэгустацыі і выставы-продажу бліноў праходзяць конкурсы: на лепшую начынку, на самы вялікі блін, на самы танны рэцэпт. Па выніках свята плануецца стварэнне буклета “Блінныя рэцэпты Шылавіч”, у які будуць уносіцца новыя рэцэпты.

23 чэрвеня – СВЯТА КАСЦОЎ у аграгарадку Вензавец Дзятлаўскага раёна

Гасцей чакае сустрэча з майстрамі касьбы і знаўцамі народных традыцый. Удзельнікі мерапрыемства атрымаюць каштоўныя парады, якія тычацца падрыхтоўкі і выбару інструментаў, прыёмаў касьбы і правілаў удалага сенакосу. На свяце можна будзе набыць сувенір ад народных майстроў і прадукцыю Вензавецкага лясніцтва, паўдзельнічаць у дэгустацыі мясцовых страў.

23 чэрвеня – СВЯТА МАЛАКА ў аграгарадку Луцкаўляны Гродзенскагараёна

Аб любімым з дзяцінства напоі будуць спяваць песні і чытаць вершы, спрабаваць прыгатаваныя з яго пачастункі і, вядома, узнагароджваць тых, дзякуючы каму карысны прадукт з’яўляецца на стале. Гасцей чакае дэгустацыя малочнай прадукцыі, падчас якой кожнае дзіця атрымае ў падарунак ёгурт. На працягу дня будуць працаваць творчыя кулінарныя майстэрні, можна будзе пакаштаваць сыр і масла, прыгатаваныя ўручную па рэцэптах на аснове натуральных інгрэдыентаў. Фотавыстава раскажа аб сучасных малочных фермах і гаспадарках. Сакрэтамі падрыхтоўкі хатніх тварожных і плаўленых сыроў падзеляцца луцкаўлянскія гаспадыні. Майстры па пляценні кошыкаў з лазы і дроту правядуць майстар-класы.

29 чэрвеня СВЯТА “ГОЖСКІЯ СЯРЭБРАНЫЯ КЛЮЧЫ” ў аграгарадку Гожа Гродзенскага раёна

Паблізу Гожы – цэлая сістэма крыніц. У жыхароў існуе даўняя традыцыя – чысціць студні і крыніцы напярэдадні свята святых Пятра і Паўла (у католікаў 29 чэрвеня). Калі работы завершаны, жыхары дружна збіраюцца на свята. Можна будзе падыхаць свежым паветрам і набраць вады з крыніцы.

29 чэрвеня – СВЯТА “КВЕТКАВАЯ ФЕЕРЫЯ” ў аграгарадку Кракоўка Ашмянскага раёна

Мэтай імпрэзы – адраджэнне і развіццё культуры кветкаводства і ландшафтнага дызайну сельскіх тэрыторый. Кракоўка невыпадкова выбрана месцам правядзення кветкавага свята. У 1980-я гады мясцовая цяплічная гаспадарка была адзіным месцам у Ашмянскім раёне, дзе можна было набыць жывыя кветкі.

Падчас свята будуць прадавацца кветкавыя вырабы народных майстроў, будзе працаваць відэасалон “Кветкавы рай у двары”. Гасцей мерапрыемства чакаюць яркія і вытанчаныя кампазіцыі з кветак, ягад і нават гародніны. Тэатралізаваныя персанажы распавядуць таямніцы кветкаводства, для аматараў незвычайных кветак пройдзе майстар-клас па пляценні з пацерак.

30 чэрвеня – VEGAN FEST у мінскім культцэнтры Корпус

Фестываль этыкі, экалогіі і здаровага ладу жыцця. Будзе фудкорт, кірмаш, кулінарныя майстар-класы, кінапаказы і лекцыі.

7 ліпеня – СВЯТА “ЛАВІСЯ, РЫБКА!” ў аграгарадку Кемелішкі Астравецкага раёна.  

Рыбакі самых розных прафесій і ўзростаў збяруцца на беразе возера Вілія, каб выявіць самых спрытных майстроў рыбнай лоўлі. Спаборніцтвы будуць праходзіць сярод кіраўнікоў арганізацый і аматараў рыбнай лоўлі. Жанчыны таксама запрашаюцца да ўдзелу. Пераможцамі стануць тыя, хто здолеюць за дзве гадзiны злавіць самых вялікіх, маленькіх, цяжкавагавых рыб. У праграме таксама кулінарныя конкурсы на лепшую юшку і рыбнае асарці сярод працоўных калектываў, выстава-дэгустацыя рыбных вырабаў і частаванне юшкай, канцэрт калектываў аматарскай творчасці “Побольше вам рыбки, чтоб сияли улыбки!”, смешныя гісторыі пра рыбалку…

13 ліпеня – СВЯТА “ХАНЯВІЦКІЯ БЛІНОЧКІ” ў аграгарадку Ханевічы Свіслацкага раёна

Мерапрыемства звязана з традыцыйным рэцэптам смачных квашаных блінцоў, які захаваўся толькі ў Ханевічах. Гатавалі іх на Масленіцу і ў звычайныя дні. Запрашаем паўдзельнічаць у спаборніцтве на самыя лепшыя квашаная бліны, конкурсе “З пылу з жару”, кулінарным майстар-класе, а таксама атрымаць асалоду ад выстаўкі “Бліннае асарці” і, вядома ж, прыняць удзел у дэгустацыі.

13 ліпеня – СВЯТА РЫБАКА «У АЗЁРАХ КЛЁВ….А!» у аграгарадку Азёры Гродзенскага раёна

Каля выратавальнай станцыі на беразе возера Белае удзельнікі будуць спаборнічаць у рыбнай лоўлі. Гасцей чакае забаўляльна-гульнёвая праграма “Рыбалка па-азёрску”.

13 ліпеня – ДЗЕНЬ РЫБАКА «ПО ЩУЧЬЕМУ ВЕЛЕНИЮ…» ў аграгарадку Асінаўшчызна Смаргонскага раёна

Атрымаць асалоду ад “ціхага палявання”, паспаборнічаць у лоўлі рыбы, прыгатаванні юшкі змогуць усе ахвочыя ля вадаёма Асінаўшчызны.

14 ліпеня – СВЯТА НЁМАНСКАЙ ЮШКІ «УХА-ЦАРИЦА ПРИГЛАШАЕТ ПОДРУЖИТЬСЯ» ў аграгарадку Пескаўцы Лідскага раёна

У праграме: майстар-клас па прыгатаванні юшкі, прэзентацыя і дэгустацыя рыбных страў, конкурс сярод жыхароў аграгарадка на самы смачны рыбны пірог, конкурс па паяданні рыбных пельменяў, конкурс рыбацкіх былін і баек, атракцыён “Рыбалка”.

14 ліпеня – СВЯТА “ЧАРНІЧНЫ ФЭСТ” ў аграгарадку Больцішкі Воранаўскага раёна

Мэта свята – не проста пачаставаць гасцей чарніцамі, чарнічнымі пірагамі, іншымі мясцовымі далікатэсамі, але і ўзгадаць гісторыю малой радзімы. Для гаспадынь аграгарадка свята стане нагодай пахваліцца сваімі кулінарнымі ўменнямі, госці змогуць набыць смачную ягаду, даведацца шмат карыснага пра ўласцівасці чарніц. Будзе арганізавана квэст-гульня па зборы чарніц.

20 ліпеня – СВЯТА ЯЙКА ў аграгарадку Цяглевічы Зэльвенскага раёна

Мясцовыя кулінары падзеляцца традыцыйнымі рэцэптамі прыгатавання страў з яек. Прысмакі можна будзе пакаштаваць! Мясцовыя майстрыхі запрашаюць на выставу і майстар-клас па вышыўцы, саломапляценні, вязанні на спіцах, арыгамі і, вядома ж, роспісе яек.

20 ліпеня СВЯТА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУХНІ “ЛУННЕНСКІЯ ПАЧАСТУНКІ” ў аграгарадку Лунна Мастоўскага раёна

Гасцей свята парадуе вялікая кулінарная выстава вырабаў лунненскіх гаспадынек, кожны з якіх можна будзе прадэгуставаць. Пройдзе таксама конкурс на самыя смачныя клёцкі па-лунненску.

21 ліпеня – СВЯТА ГАЮЧЫХ ТРАЎ І ГАРБАТЫ “ЧАЙ ПРИЯТЕН, АРОМАТЕН!” ў аграгарадку Мажэйкава Лідскага раёна

Госці даведаюцца пра гісторыю гарбаты і чайных традыцый іншых краін. Пройдзе тэматычная выстава, дзе будуць прадстаўлены самавары, заварнікі, кубкі і іншыя экспанаты з антуражу чаявання. Прысутных пачастуюць рознымі гатункамі гарбаты, у тым ліку прыгатаванымі з зёлак. Аматараў спеваў чакае конкурс прыпевак і песень пра гарбату, ахвочых патанчыць – майстар-клас “Танцуем па-даўнейшаму”.

27 ліпеня – СВЯТА ЛЬНУ “ЛЁН-ФЭСТ-2019” ў вёсцы Ціневічы Карэліцкага раёна

Свята, прысвечанае адной з асноўных сельскагаспадарчых культур раёна – ільну, адбудзецца ў гаспадарцы “Белыя лугі” падчас цвіцення льну. У праграме: абрад збору льну, святочнае шэсце, выстаўка-продаж майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дэгустацыя выпечкі з семенем ільну, выстава прадукцыі ААТ “Карэлічы-Лён”.

28 ліпеня – СВЯТА КВЕТАК “ГНЕЗНАЎСКІ БУКЕТ ФАРБАЎ” у аграгарадку Гнезна Ваўкавыскага раёна

Гнезна адрозніваецца ад іншых аграгарадкоў кветкаводствам і ландшафтным дызайнам сельскіх двароў. У праграме свята: конкурс “Квітнеючы Двор”, конкурс “Кветкавая кампазіцыя”, конкурс “Песні і кветкі”, майстар-класы па фларыстыцы, гандаль кветкавай прадукцыяй, кветкавыя квэсты.

28 ліпеня – ДЗЕНЬ ТРАЎНІКА “ДУХМЯНЫ ВОДАР ТРАЎ” ў аграгарадку Рупейкі Ваўкавыскага раёна

Мясцовыя траўніцы падзеляцца сваімі сакрэтамі па нарыхтоўцы карысных траў, пачастуюць фітагарбатай з травяных збораў. У праграме: гульня “Поле цудаў” (лекавыя травы), складанне календара па зборы лекавых траў, выстава кніг і публікацый “Лекавыя расліны нашага краю”.

2 – 4 жніўня – АРТ-ФЕСТЫВАЛЬ SPRAVA у вёсцы Белая Царква Чашніцкага раёна

Фестываль-ўзаемадзеянне з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі праз сучаснае мастацтва і музыку. Імпрэза аб'ядноўвае архітэктараў, гісторыкаў, мастакоў, рамеснікаў, музыкаў і наведвальнікаў для збудавання невялікіх архітэктурных аб'ектаў вакол Чарэйскага возера.

3 жніўня – ФЕСТЫВАЛЬ “ЛЬНЯНАЯ КАРУСЕЛЬ” у горадзе Карма

Праводзіцца для ўзняцця прэстыжу сялянскай працы, адраджэння льнаводства ў традыцыйна льнасеяльных раёнах, падвышэння турыстычнай прывабнасці Кармянскага раёна, ўмацавання кірмашовых традыцый.

3 жніўня – СВЯТА ВЯНДЛІНЫ ў аграгарадку Капцёўка Гродзенскага раёна

Усіх аматараў вяндліны, сала, грудзінак і карэйкі запрашаюць на вэнджана-салёнае каўбаснае свята «Свята вяндліны». У праграме: кулінарныя майстар-класы па вэнджанні рыбы і мяса, дэгустацыі.

3 жніўня – СВЯТА БЕЛАРУСКАЙ КУХНІ “МОЦ СМАКУ” ў аграгарадку Лелюкі Іўеўскага раёна

У праграме: аўкцыён нацыянальных страў, дэгустацыя выпечкі, майстар-клас “Бліны з сакрэтам”, забаўляльна-гульнёвая праграма “Бульбачка Смятанаўна запрашае”, спартыўныя спаборніцтвы “З’еш блінок – пакаці дубок”, выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці.

10 жніўня – ФЕСТЫВАЛЬ “МЯДОВЫ ФЭСТ” у аграгарадку Цырын Карэліцкага раёна

Напярэдадні Мядовага Спаса адбудзецца самае “салодкае” свята Карэліцкага раёна. У Спаса ўсяго ў запасе – і госці шматколернай летняй падзеі змогуць у гэтым пераканацца на вялікім мядовым кірмашы. Будзе працаваць алея майстроў “Творчы вулей”, на святочнай сцэне разгорнецца нястрымны “Мядовы разгуляй” з конкурсамі, песнямі і розыгрышамі прызоў. Мясцовыя кулінары будуць шчодра частаваць гасцей мядовымі прысмакамі. Кнігалюбаў чакае самы сапраўдны “Кніжны рой” – выстаўка выдатных кніг для дзяцей і дарослых. Дзеці змогуць ад душы павесяліцца ў кампаніі безжурботнага Віні-Пуха і вясёлых пчолак. Кульмінацыя свята – конкурс тортаў-медавікоў і народная дэгустацыя “Самы смачны мёд”!

10 – 11 жніўня – ФЕСТЫВАЛЬ “МОТАЛЬСКІЯ ПРЫСМАКІ” ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна

Міжнародны кулінарны фестываль. Сваю прадукцыю прапануюць у тым ліку лакальныя вытворцы, часам гасцей частуюць мотальскія гаспадыні.

11 жніўня – СВЯТА МЁДУ “МАТВЕЕВСКИЙ МЁД СИЛ ПРИДАЁТ” у аграгарадку Мацвееўцы Ваўкавыскага раёна

Знакамітыя пчаляры прадставяць выставу-продаж сваёй прадукцыі, вершы пра пчол і ласуноў, цікавыя факты пра карысць мёду, пра яго лячэбныя ўласцівасці, пра тое, як вызначыць сапраўдны мёд. Пчаляры створаць цэлы музей на вольным паветры “Матвеевское царство – пчелиное государство”.

11 жніўня – СВЯТА “МЯДОВЫ ВАЛЬС” у аграгарадку Уселюб Наваградскага раёна

Летняе свята гаючага мёду і духмяных яблыкаў запомніцца салодкай дэгустацыяй, выставай-продажам мёду і прадуктаў пчалярства, вырабаў майстроў народнай творчасці, Свята завершыць танцавальна-забаўляльная праграма “Мядовы разгуляй”.

11 жніўня – СВЯТА “ГРАЎЖЫШКОЎСКІ МЯДОВЫ КІРМАШ” у аграгарадку Граўжышкі Ашмянскага раёна

Галоўнымі героямі імпрэзы стануць Пчаляр і Пчолка Мая. На кірмашы будзе арганізаваны продаж розных гатункаў мёду і дэгустацыя.

11 жніўня СВЯТА МЁДУ І ГАРБАТЫ ў аграгарадку Васілевічы Слонімскага раёна

На свяце, якое пройдзе напярэдадні Мядовага Спаса, будзе арганізаваны кірмаш-продаж розных гатункаў мёду, прадуктаў пчалярства і лекавых траў.

11 жніўня – СВЯТА КВЕТАК у гарадскім пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна

Падчас мерапрыемства ўвесь пасёлак у літаральным сэнсе слова квітнее. Гасцей чакаюць шматлікія конкурсы, дэфіле ў кветкавых касцюмах, майстар-класы па стварэнні кветкавых кампазіцый і букетаў, выставы-продажы работ майстроў народных рамёстваў, кветкавая фотавыстава. Можна будзе пабачыць найлепшы ландшафтны дызайн, наведаць самую прыгожую кветкавую тэрыторыю дома і пакаштаваць арыгінальныя стравы беларускай кухні, упрыгожаныя кветкамі.

Тэматыка мерапрыемства і стварэння кветкавых кампазіцый з года ў год змяняецца, і тым цікавей назіраць за новымі шэдэўрамі ландшафтнага дызайну. Скульптуры з кветак уражваюць сваімі маштабамі, формамі і незвычайнай колеравай гамай.

15 жніўня – СВЯТА “НАВАДВОРСКІ ФЭСТ” у аграгарадку Новы Двор Шчучынскага раёна

Мерапрыемства “Навадворскі фэст” прымеркавана да каталіцкага свята Успення (Ушэсця) Божай Маці. Згодна з даўняй традыцыяй у гэты асаблівы дзень трэба сабраць букет з сямі траў (лік сімвалізуе сем ран Марыі) і аднесці ў касцёл для асвячэння. Травяны збор неабходна высушыць і прымацаваць у хааце да сцяны. На працягу года з асвечаных зёлак варта запарваць гарбату, рыхтаваць адвары і настоі.

З нагоды свята жыхары аграгарадка Новы Двор запрашаюць на выставу кветак, лекавых траў і сельскагаспадарчых раслін. Пасля Святой Імшы ў Юр’еўскім касцёле пройдзе канцэрт.

17 жніўня – СВЯТА “ІЎЕЎСКІ ПАМІДОР” у горадзе Іўе Гродзенскай вобласці

У праграме: майстар-клас “памідорны бум”, дэгустацыя традыцыйных страў з гародніны. Кульмінацыйны момант “памідорнага” дня – запуск у неба сімвала свята!

17 жніўня – СВЯТА КВЕТАК “COLOURS” у аграгарадку Аюцэвічы Карэліцкага раёна

Жыхароў і гасцей аграгарадка чакаюць шматлікія конкурсы, выстаўкі, выступленні калектываў аматарскай творчасці, выстаўка-продаж сувеніраў. У рамках свята пройдуць конкурсы дзіцячага малюнка на асфальце, на лепшую фігуру з кветак, вызначаць лепшы кветнік.

18 жніўня – ФЕСТЫВАЛЬ “МЯДОВА-ЯБЛЫЧНЫ СПАС” у аграгарадку Абухава Гродзенскага раёна

Фестываль запомніцца салодкай дэгустацыяй, майстар-класамі ад мясцовых пчаляроў. Можна будзе зрабіць памятнае яблычнае сэлфі. У праграме свята – выстава мёду і кірмаш “Горад майстроў”.

18 жніўня – ФЕСТЫВАЛЬ “ЯБЛЫЧНЫ ФЭСТ” у аграгарадку Жухавічы Карэліцкага раёна

СВК “Жухавічы” – адзіны ў Карэліцкім раёне, які спецыялізуецца на вырошчванні яблычнай культуры. Свята мае элементы кірмашу з тэматычным яблычным ухілам, на якім можна не толькі прадэгуставаць сотні гатункаў яблыкаў, але і купіць саджанцы. Пачынаючыя “яблыневоды” змогуць атрымаць кансультацыю па “яблычных” пытаннях.

На свяце можна пакаштаваць самыя разнастайныя стравы і варэнне з яблыкаў, атрымаць рэцэпты некаторых з іх. Яркім акцэнтам будзе конкурс пірага “Шарлотка”. Пройдуць разнастайныя “яблычныя конкурсы”, напрыклад, стральба з лука па яблыках або абіранне яблыкаў, дзе пераможа той, хто здолее зрэзаць самую доўгую лупіну з яблыка.

18 жніўня – СВЯТА РЫБАКА ў аграгарадку Драпава Слонімскага раёна

На пляцоўцы ля возера можна будзе паўдзельнічаць у конкурсах на лепшы ўлоў, на самую вялікую рыбу, на лепшую прынаду, на лепшыя рыбалоўныя снасці, на лепшы кулінарны выраб з рыбы. Госці свята змогуць пачаставацца смачнай наварыстай юшкай свежага ўлову, даведацца пра навінкі рыбалоўнага аснашчэння.

19 жніўня – СВЯТА “ЯБЛЫЧНЫ ФЭСТ” у аграгарадку Кашалёва Наваградскага раёна

Усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у майстар-класе “Яблычны бум” і ацаніць смак страў з яблыкаў.

19 жніўня – СВЯТА ЯБЛЫКА “СОНЕЧНЫ ЯБЛЫК – ЯБЛЫЧНЫ СПАС” у аграгарадку Дабраволя Свіслацкага раёна

Нашы продкі на Яблычны Спас асвятлялі ў царкве дары новага ўраджаю. У праграме свята: загадкі, вершы і прыказкі, народныя прыкметы, звязаныя з Яблычным Спасам. Удзельнікі ўсіх узростаў змогуць паспрабаваць свае сілы ў народных танцах, праявіць сябе ў конкурсах і інтэрактыўнай праграме. Выстаўка-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сувенірнай прадукцыі, сельскагаспадарчыя кірмашы яблыкаў і мёду, частаванне традыцыйным яблычным пірагом, незвычайна аформленыя кампазіцыі, фотазона і шмат усяго цікавага чакае гасцей насычанага “яблычнага” свята.

24 жніўня – РАЁННАЕ СВЯТА “ДЗЕНЬ ДУБА” ў горадзе Астравец Гродзенскай вобласці

Дуб, які сімвалізуе сілу, мужнасць, цягавітасць, даўгалецце, урадлівасць, высакароднасць і вернасць, намалявана на гербе Астраўца. Тры дубы ў горадзе прызнаны помнікамі прыроды, а ўзрост двух дрэў, якія растуць недалёка ад вёсак Тракенікі і Страча Астравецкага раёна, перавышае 500 гадоў.

У праграме свята: тэатралізаваная легенда аб дубе, выстаўка-конкурс на лепшае афармленне транспартнага сродку, выстаўка-конкурс аб’ёмных фігур на лепшы сімвал свята. Усе жадаючыя могуць загадзя пачаць збіраць і нарыхтоўваць жалуды, каб прыняць удзел у конкурсе “Збяры жалуды”. Пройдзе фотавыстава-конкурс “Дуб у аб’ектыве”. Каля ўваходу ў лесапарк можна будзе пакаштаваць кавы з жалудоў і загадаць жаданне, завязаўшы на дубе беларускую стужачку.

24 жніўня – СВЯТА “БУЛЬБА-МЭБ” у аграгарадку Малая Бераставіца Бераставіцкага раёна

Мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства славіцца сваімі элітнымі гатункамі бульбы, насенне якіх амаль трыдцаць гадоў вырошчваецца ва ўласнай мікракланальнай лабараторыі. Тэатралізаваная замалёўка “Бульбяная гісторыя” пазнаёміць гасцей свята з цікавымі фактамі пра бульбу. Пройдзе выстава-продаж элітных гатункаў бульбы, дэгустацыя страў з яе.

24 жніўня – ФЕСТЫВАЛЬ “ХЛЕБ, СЫР, КВАС І ДОБРЫ НАСТРОЙ” у Наваградку

На плошчы Леніна можна будзе наведаць падворкі “Хлебная даліна”, “Сырнае ўзвышша” і “Рэкі смаку, малочныя берагі”. На падворку “Выспа старажытных традыцый” прадэманструюць старадаўнія тэхналогіі нараджэння хлеба. Там жа вы прадэгустуеце мармуровы манастырскі сыр, хлеб, квас, мёд, бліны, а таксама зможаце набыць лекавыя травы і бальзамы, якія для гасцей прадставіць Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр.

24 жніўня – СВЯТА МАЛАКА “МАЛОЧНЫЯ РЭКІ – ХЛЕБНЫЯ БЕРАГІ” ў аграгарадку Дубна Мастоўскага раёна

Госці змогуць пакаштаваць і набыць малочную прадукцыю і выпечку, пазнаёміцца з тэхналогіяй гатавання малочных прадуктаў, паўдзельнічаць у віктарынах пра карысць хлеба і малака, спартыўных спаборніцтвах.

24-25 жніўня – СВЯТА “ГАННЕНСКІ КІРМАШ” у Зэльве

Традыцыйнае мясцовае свята “Ганненскі кірмаш” прымеркаванае да Дня Святой Ганны. Кірмаш праходзіў з ХVІІІ стагоддзя, калі ў Зэльве збіраліся купцы і рамеснікі з усёй Рэчы Паспалітай і еўрапейскіх краін. Яркі акцэнт сёлетняй святочнай праграмы – прэзентацыя аграсядзіб, пляцовак сярэдняга і малога бізнэсу.

25 жніўня СВЯТА КВЕТАК “НАШ КРАЙ – КВЕТКАВЫ РАЙ” у аграгарадку Мілевічы Мастоўскага раёна

У праграме: кірмаш-продаж кветкавага пасадачнага матэрыялу, падвядзенне вынікаў конкурсу “Лепшы кветнік”, майстар-клас па стварэнні кампазіцый з кветак, конкурс малюнкаў “Буйства фарбаў”, віктарына “Кветкавыя фантазіі”, выстава кветак і прыродных матэрыялаў.

25 жніўня – СВЯТА СОКУ ў аграгарадку Квасоўка Гродзенскага раёна,

У парку адпачынку ля возера садавінна-агароднінныя напоі будуць ліцца ракой. Першыя 50 наведвальнікаў пакаштуюць напоі задарма. Астатнія змогуць паласавацца імі, стаўшы ўдзельнікамі розных конкурсаў. Выйграць 10 літраў соку прадставіцца магчымасць тым, хто запоўніць анкету «Пі «Свежадара» сок – будзеш стройны і высокі», а таксама падчас конкурсу-дэгустацыі, спаборніцтваў па хуткасным піцці соку.

Будзе працаваць фотавыстава на вольным паветры “Сок + Я”, выберуць “Міс і Містэр сок”, якія жадаюць паэксперыментаваць у стварэнні новых густаў соку і навучацца выразаць фігуркі з гародніны і садавіны.

25 жніўня – СВЯТА СЫРУ “ВЯСКОВЫ СЫРАВАР” у аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна

Мясцовыя кулінары падзеляцца традыцыйнымі рэцэптамі сыроў: цвёрдыя і мяккія, салодкія і салёныя, плаўленыя і тварожныя, сулугуні і брынза, сырніца і сырныя аладкі, з рознымі запраўкамі і начынкамі. Ласункі можна будзе ацаніць на смак!

25 жніўня – СВЯТА ХЛЕБА “БЕНЯКОНСКІ КАРАВАЙ” у аграгарадку Беняконі Воранаўскага раёна

У праграме: прыказкі і загадкі пра хлеб; выставы хлебных вырабаў, фотаздымкаў, малюнкаў па тэме, дэгустацыя хатняга хлеба.

25 жніўня – СВЯТА КАРАВАЯ ў аграгарадку Дварэц Дзятлаўскага раёна

У праграме: ушанаванне лепшых хлебаробаў, конкурс на лепшы каравай сярод прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна, конкурс-дэгустацыя на лепшую хатнюю выпечку сярод жыхароў аграгарадка.

26 жніўня – СВЯТА МАЛАКА “МАЛОЧНЫ КРАЙ – ЛЮДЗЯМ РАЙ!” у аграгарадку Сурынка Слонімскага раёна

Будзе магчымасць прадэгуставаць малочную прадукцыю ААТ “Слонімскі прадукцыйны цэх Шчучынскага масласырзавода”, паўдзельнічаць у майстар-класе па ўзбіванні вяршкоў на ручной маслабойцы. У праграме таксама конкурс на лепшую карову, зробленую з падручных сродкаў.

29 жніўня – СВЯТА ЛЯШЧЫНЫ ў аграгарадку Ляшчанка Шчучынскага раёна

Мерапрыемства прысвечана Арэхаваму Спасу. Невыпадкова менавіта гэта свята было абрана брэндам Ляшчанкі, паколькі назва аграгарадка паходзіць ад беларускага слова “ляшчына” (“арэшнік”). Усіх прысутных чакаюць вясёлыя конкурсы, жарты, душэўныя песні і танцы да вечара.

26 жніўня – ТЭАТРАЛІЗАВАНАЕ СВЯТОЧНАЕ ГУЛЯННЕ “МЯДОВЫ СМАК” у аграгарадку Бялкоўшчына Смаргонскага раёна

Мерапрыемства запомніцца салодкай дэгустацыяй, выстаўкай-продажам пчаліных домікаў, пчалярскага інвентару і прадуктаў пчалярства, майстар-класам па выпампоўванні мёду, знаёмствам з рэцэптамі страў з мёдам. Будзе арганізавана выстава-продаж медыцынскіх прэпаратаў “Мядовы дар”.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 16.05.2019

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.