17.09.2020 / 11:09

«Нам нечага хаваць», – кажа адна з заснавальніц Папугайні Марта Карабкова. У мінулую пятніцу ў Мінску адкрыўся першы кантактны птушнік – тут жывуць больш за 300 розных відаў.

З’ява для сталіцы новая. Зялёны партал вырашыў разабрацца, наколькі этычна трымаць такім чынам папугаяў.

У Марты ёсць ужо два падобных дзеючых праекта ў Гродна. Стандартны кантактны заапарк з жывёламі і папугайня на 100 птушак.

Папугайня ў гродзенскім гандлёвым цэнтры жыве ўжо 1,5 гады. Яна амаль што закрылася гэтай вясною з-за каранавірусу, калі людзі вырашылі “перасядзець” хваробу. Частку птушак тады прадалі, але і гэта не дужа дапамагло. Бізнес ужо быў выстаўлены на продаж, але ж выйсце ў выніку знайшлі ў краудфандынгу.

Грамадзяне падтрымалі праект. На MolaMola папугайня сабрала нават ў некалькі разоў больш, чым планавала: 9 884 рублі замест 2 000.

Зараз у птушніку жывуць каля 10 відаў птушак (і не ўсе яшчэ даехалі). Хвалістыя папугайчыкі розных колераў, ара, неразлучнікі, чырвоныя і пярэстыя разэлы, какарыкі, каўнерычкавы, карэлы. І на ўсіх іх вылучаны тры пакоі, агульнай плошчай 70 м2 на цокальным паверсе аднаго з жылых дамоў Малінаўкі.

Шчыра кажучы, я думала, прыйду і жахнуся: гэты птушыны натоўп павінен будзе займаць цалкам усю прастору. Але з большага папугайчыкі тусуюцца разам у адным пакоі ў цэнтры, дзе больш людзей і дзе можна атрымаць ласунак. У першы дзень ім яшчэ вельмі цікава паглядзець на наведвальнікаў.

Што адразу пужае, так гэта тое, што птушак лёгка раздавіць. Яны літаральна поўзаюць пад нагамі, бо ведаюць, што дзесьці туды ўпалі зярняткі.

На ўваходзе ёсць правілы бяспекі, за якія наведвальнікі яшчэ і распісваюцца. Але ж выпадкова наступіць на птушку вельмі лёгка. Асабліва калі трэба і за дзіцём даглядзець, і фота зрабіць. Адзін крок не туды – і на аднаго папугайчыка стане менш.

Марта кажа, што ў гродзенскай папугайне за 1,5 гады ніхто не загінуў. Бацькі сочаць за дзецьмі. Плюс у пакоі з імі заўсёды знаходзяцца некалькі назіральнікаў, якія глядзяць, каб усё было ў парадку. З цяжкасцю верыцца, што ўсё так ідэальна.

Папугайчыкі птушкі сацыяльныя. Гэта плюс. У першы дзень ім самім было цікава, а чаго гэта да іх прыйшло шмат гасцей. Яны самі прыстаюць да наведвальнікаў. Асабліва хвалістыя, якіх шмат.

Нават калі трымаеш корм у кулачку, хтосьці самы разумны падляціць праверыць, што ты там хаваеш. А калі ўжо разгорнеш далонь, на яе сядзе цэлы натоўп. Каму не хопіць, будзе рабіць папугайчы кусь.

Па мінуламу вопыту Марта кажа, што з часам яны будуць менш скакаць па падлозе і больш сядзець на версе. Бо зразумеюць фішку, што чалавек і сам прынясе ежу. Трэба толькі пачакаць.

У чым мінус – у папугайчыкаў амаль няма месца адпачыць. Гэта ў першы дзень весела, калі да цябе прыйшлі госці. Калі такое цягнецца з 10 да 21 кожны дзень, відавочна, птушкі могуць стаміцца ад увагі.

Зараз адзіны варыянт – залезці ў домік (накшталт шпакоўні) ці наверх на ветку. Але ўсё адно гэта адзінае памяшканне з людзьмі.

Для двух ара – гэта ўвогуле вялікае пытанне. Маленькіх папугайчыкаў дзясяткі, а іх толькі двое. І відавочна, што пагладзіць іх і пафоткацца з імі хочуць усе.

 

Інфекцыю можна прынесці на абутку

Міхаіл Воўчак, ветэрынарны ўрач-арнітолаг клінікі “ВетМедЦэнтр”, кажа, што не для ўсіх птушак падыходзіць такая ўвага. Карэлы ўвогуле вельмі пяшчотныя.

І лятальны зыход можа быць ад любой дробязі з боку наведвальнікаў.

“Да таго ж усе птушкі вельмі адчувальныя да розных захворванняў. Можна прынесці на абутку і адзенні інфекцыю. Магчымы паморак птушак. Нават у кватэры, калі неяк не так пакармілі, рукі не памылі і пагладзілі птушку – ужо можа быць і рвота, і вадкі памёт, то-бок праяўляецца хвароба. Дзе шмат птушак і людзей, гэта ўсё будзе часта паўтарацца”, – кажа спецыяліст.

Ветурач адзначае, што сярод кантактных птушак заразная хвароба хутка разносіцца. Часцей за ўсё ў такіх выпадках сустракаюцца кароставыя хваробы, напрыклад, кляшчы. Ад іх папугаяў яшчэ можна апрацоўваць, а вось ад інфекцый не прышчэпіш – гэта не кот і не сабака.

Яшчэ птушкам важна, каб не было ніякіх скразнякоў. Яны вельмі чуллівыя да іх, як і да пераахалоджвання. І тут магчыма небяспека, бо дзверы пастаянна туды-сюды адчыняюцца.

Марта пагаджаецца, што ў Гродне бывалі выпадкі, калі папугаі хварэлі на кляшча. Тады ў птушкі расслойвалася дзюба, як ногці ў чалавека. Але, па яе словах, гэта адзінкавыя выпадкі. Дастаткова папугая ізаляваць на пару дзён, падлячыць – і можна выпускаць назад. Тое ж самае з птушкамі, у якіх праблемы з памётам. Іх забіраюць і лечаць. Хоць, на шчасце, памору за гэты час не было. Але ўсё-такі птушкі перыядычна хварэюць.

Бывае, што птушкі раняцца пры транспарціроўцы, пакуль даедуць да папугайні. Некаторыя потым не могуць пералятаць на доўгія адлегласці. Такіх “нелятаек” аддаюць у сем’і. Таму што ў кантактным птушніку, відавочна, дзеці вельмі хутка яго дагоняць і будуць гуляцца з ручным папугайчыкам, які не можа ад іх уцячы.

 

Муж з жонкай разышліся. Папугая потым лавілі з цыгарэтай

Марта кажа, што, калі яны прадаюць птушак (а набыць у папугайніку можна амаль любую птушку), гаспадароў спачатку правяраюць. 

“Мы камунікуем з людзьмі, глядзім, наколькі яны асэнсавана да гэтага прыйшлі. З хвалістымі папугайчыкамі асабліва няма нічога складанага. Трэба толькі патлумачыць, як за імі даглядаць, каб не было такога, што птушку бяруць пагуляцца на тыдзень.

Бывае, што людзі проста ўбачаць нейкі трэнд у інтэрнэце, і тады раптам усе хочуць какаду. Я іх пытаю, ці разумеюць яны, колькі птушцы трэба месца, якія жэрдачкі, колькі будзе смецця і крыкаў. Яна хоча ўвагі да сабе, як дзіця.

Мы нядаўна прадавалі ў Гродна жоўтага какаду. Спярша гаспадары былі неўпэўненыя, але праз тыдзень патэлефанавалі, падрыхтаваліся, пачыталі інфармацыю і ў выніку забралі птушку. Адпраўлялі потым мне яго фота – бачна, што какаду трапіў у добрыя рукі”.

Некаторыя папугаі трапілі ў птушнік ад людзей. Так з каўнерычкавым была цэлая гісторыя. Муж з жонкай разышліся. І папугай спачатку застаўся ў мужчыны, ён пачаў яго падкормліваць тым, чым не трэба.

Жонка вырашыла забраць, але ўжо не паспявала даглядаць і з дзецьмі, і за папугаем. Лавіла яго потым з цыгарэтай. У выніку вырашыла аддаць у папугайню, каб у яго пачалося новае жыццё.

“Мы не вельмі часта з рук бярэм, але бывае, што птушка не патрэбна, яе садзяць у клетку і нават не выпускаюць палётаць. Калі з ёй усё добра і яна здаровая, мы можам прыняць яе да сабе”, – кажа Марта.

Але большасць птушак набываюць мэтанакіравана ў межах Беларусі, але далей ланцужком, адкуль яны трапляюць да нас, ўладальнікі асабліва не цікавілася.

Марына Шквыря, галоўны заолаг Кіеўскага заапарка, нагадвае, што ўвесь падобны заабізнес падхарчоўваецца браканьерствам, кантрабандай, нелегальным утрыманнем і расплоджваннем, то-бок жорсткасцю.

“Асабліва, калі размова ідзе пра прыматаў, папугаяў, рэптылій – там не бывае “чыстых” жывёл з “чыстымі” дакументамі. Яны ці іх сваякі былі калісьці завезены нелегальна ці паўлегальна па фальшывых дакументах. А тут іх распладзілі, у тым ліку праз інбрыдынг, – і гэта не тое, што трэба падтрымліваць. Гэта заўсёды шкода для прыродных папуляцый і няправільнае фарміраванне іміджу віду ў людзей, якія думаюць, што жывёла – цацка”, – кажа спецыяліст.

Калі казаць пра папугаяў і пра прыматаў, заолаг нагадвае, што ў свеце апошніх падзей нядрэнна  памятаць, што можна раптам захварэць – і ні адзін чалавек ва Украіне ці Беларусі не зможа дыягнаставаць, на што. Інкубацыйны перыяд можа быць вельмі доўгім і бессімптомным.

Калі жывёл ці, па меншай меры, іх бацькоў прыцягнулі з прыродных умоў, вы можаце вельмі лёгка нешта падхапіць, а ва ўрачоў не будзе магчымасці зразумець, што гэта і як лячыць. Ці варта ў гэта гуляцца ў прынцыпе?

 

Ведаю ўсіх птушак па імёнах ці па колеру

У хатніх умовах папугаі жывуць мінімум да 10 год. Але шмат чаго залежыць ад віду, харчавання і ўмоў утрымання. Дарэчы, перакарміць птушку немагчыма. Таму ад таго, што наведвальнікі падкормліваюць, яна не растлусцее.

Іншае, што ні ў якім разе нельга прыносіць печыва, цукеркі, свой корм. За якасным рацыёнам сочаць кансультанты. Для араў важна, каб ежа была разнастайная: і садавіна, і зерне, і арэхі. Нельга перакормліваць нечым адным.

Марта кажа, што запамінае ўсіх птушак. Хтосьці ўжо ёсць з імёнамі, кагосьці ведае па афарбоўцы.

Яшчэ адзін бок папугайніка – птушкі там могуць заводзіць сем’і. Звычайна неразлучнікі першымі будуць гняздо ў доміку і выседжваюць яйкі.

“Калі птушкі будуць віць гнёзды, мы плануем адзін з пакояў заняць шпакоўнямі, прыглушыць святло і зрабіць утульнае месца для гнездавання. Але пакуль што папугайчыкі па парах не разбіліся”, – кажа Марта.

Ветэрынар рэкамендуе ў прынцыпе бацькоў трымаць асобна ад людзей, каб у іх было менш стрэсавых сітуацый.

Што датычыцца святла ў цокальным памяшканні,  птушкам няма розніцы, ці ёсць сонца, ці няма. У гэтым плане галоўнае, каб былі дзень і ноч, каб у іх быў час выспацца і адпачыць.

Усе веды пра папугаяў Марта збірае па крупінках ад спецыялістаў па птушках і заводчыкаў. На жаль, у нас няма пэўнай спецыялізацыі па папугаях. Нават калі ісці вучыцца, атрымаеш адукацыю заатэхніка ці агульнага ветэрынара. Таму і ад супрацоўнікаў асаблівай адукацыі не патрабуецца (што ў цэлым мінус, але ў беларускіх рэаліях зразумела). Усе веды Марта перадае асабіста. Расказвае, які рацыён у птушак, як даглядаць, на што звяртаць дадатковую ўвагу.

У цэлым ад птушніку застаецца двухбаковае ўражанне. З аднаго боку, гэта ўсё ж такі забаўляльны бізнес. І забавы з птушкамі – гэта не тое, што трэба падтрымліваць. У Беларусі не водзяцца папугаі, і як яны сюды трапілі і ад якіх развядзенцаў – гэта вялікае пытанне.

Плюс 300 папугаяў у адным памяшканні – гэта ўсё ж такі зашмат. Птушкам схавацца практычна некуды, і ёсць значная рызыка распаўсюдзіць хваробу. А кантакт з людзьмі – гэта ў цэлым траўманебяспечна. Хтосьці моцна схопіць, наступіць – і ўсё. У лепшым выпадку прыйдзецца лячыцца, у горшым – ужо нічым не дапаможаш.

З іншага боку, першае ўражанне ва многім падкупляе. Пакуль што птушкам цікавы людзі, бо яны сацыяльна адаптаваныя і ведаюць, што чалавек – гэта сябар. Яны рады гасцям. Пытанне – ці доўга працягнецца гэта радасць? Будзем назіраць і сачыць за навінамі ад папугайні.

Автор:
Фотограф:
Надзея Анісовіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость