Шлях

Продаж аўто ў Беларусі ўпаў на 18%. Электрамабіляў сярод іх амаль няма

Бо іх і раней набывалі лічаныя людзі.

18.01.2021 Падзеі і здарэнні Аўтар: Надежда Анисович Фота: Pixabay.com

Продаж аўто ў Беларусі ўпаў на 18%, і гэта небывалы спад. Па дадзеных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, летась у нашай краіне прадалі 52 768 машын. Усе папярэднія гады, пачынаючы з 2014, продаж толькі рос.

З гэтых дзясяткаў тысяч машын толькі 16 электракараў: дзевяць Zotye E200, чатыры BMW i3, тры Jaguar I-pace. То-бок аўто на электрычнасці складаюць толькі 0,03% ад агульнай лічбы. У параўнанні з еўрапейскім лідарам па электракарах гэта смешная лічба. У Нарвегіі летась прадалі больш электракараў, чым звычайных аўто – адсотак продажу склаў 54%.

Рынак электрамабіляў у Беларусі крыху рухаецца наперад, але ўсё ж дужа павольна. У сакавіку 2020-га да нас прывезлі чатыры электракара Geely Geometry A. Завод «БелДжы» тады агучыў, што гэта было зроблена для таго, каб правесці іспыты новай мадэлі, вывучыць попыт і працу ва ўмовах нашага надвор’я і інфраструктуры. Па ацэнках дырэктара завода Генадзя Свідзерскага, каб мадэль Geometry A пачала выпускацца ў нас, патрэбны попыт мінімум на 5000 машын у год. Падобна, што ў бліжэйшы час яе чакаць не варта.

Дагэтуль у 2018-м амбіцыйныя планы па выпуску электракараў агучваў “Юнісон”. Ён прэзентаваў дзве мадэлі: прасторны седан Zotye Z500EV і кампактны хэтчбэк E200. Але ж у выніку седан наш рынак так і не ўбачыў.

Хоць дзяржава пакрыху спрабуе стымуляваць попыт на электрамабілі (ільготныя мытныя плацяжы, паніжэнне падатку на дададзеную вартасць), пакуль што, відавочна, гэтага не дастаткова.

Яшчэ адзін бар’ер у гэтым кірунку – дамоўленасці ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюзу. Праз іх, як кажа Сяргей Міхневіч, старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, выхад электракараў з масавага сегмента на наш рынак не прагназуецца.

“Згодна з дзеючымі тэхнічнымі рэгламентамі мы сёння шчыльна залежым ад пазіцыі Расіі, дзе, як правіла, знаходзяцца адзіныя прадстаўнікі заводаў-вытворцаў, якія маюць правы па сертыфікацыі гэтых аўтамабіляў. Тыя бар’еры, якія створаны ў рамках ЕАЭС і Мытнага саюзу, сёння перашкаджаюць таму, каб новыя мадэлі электрамабіляў хутка з’явіліся ў нашай краіне. У Расіі  крыху іншая стратэгія ў развіцці электратранспарту. На жаль, яна не вельмі стыкуецца са стратэгіяй нашай дзяржавы”, – тлумачыць ён.

Іншай праблемай, на думку старшыні, з’яўляецца кошт тэхналогій. Пакуль што сусветныя электрамабілі з дастаткова вялікім патэнцыялам прабегу на адной запраўцы немагчыма набыць па кошце ніжэй за $20 000. А гэта даволі адчувальная сума для беларускага пакупніка.

Тым не менш, па ацэнках Сяргея Міхневіча, тыя ільготы, якія сталі даступны летась беларусам, далі плён. Праз мяжу было ўвезена даволі шмат бюджэтных электракараў з другаснага рынку. Таксама было ўвезена некалькі машын прэміяльнага сегменту.

“Нам, на жаль, яшчэ прыходзіцца марыць пра тое, каб мы маглі ўявіць на нашым рынку машыны еўрапейскай або японскай аўтавытворчасці на электрацязе ў даступным вартасным сегменце. Праблема цаны і тэхналагічнага кошту вытворчасці батарэй, на мой погляд, будзе вырашана, калі ўкараняцца новыя тэхналогіі, пра якія зараз кажуць, – графенавыя акумулятары і гэтак далей. Мне падаецца, рэвалюцыя адбудзецца з таго моманту, калі гэтыя тэхналогіі ўвойдуць у серыю”, – лічыць старшыня БАА.

Хоць цуду ў хуткім часе чакаць не варта, трэба да яго рыхтавацца. Так, Сяргей Міхневіч нагадвае, што дагэтуль не вырашана пытанне ўтылізацыі батарэй і ўвогуле электрамабіляў. І гэту праблему таксама трэба вырашаць.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 18.01.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.