Сажайте деревья, а не журналистов

Харчовыя дадаткі ў арганічнай прадукцыі — вымушаная неабходнасць. Пакуль

Міністэрства аховы здароўя Беларусі зацвердзіла спіс харчовых дадаткаў і тэхналагічных дапаможных сродкаў, якія дазваляецца выкарыстоўваць пры вытворчасці арганічных прадуктаў. Пастанова № 63 утрымлівае пералік 46 дадаткаў з кодам Е і вобласцю іх прымянення. Нарматыўна-прававы дакумент павінен набыць моц у лістападзе бягучага года.

18.07.2019 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: pixabay.com

Нічога заганнага ў прымяненні харчовых дадаткаў пры вытворчасці арганічных прадуктаў няма. Гэта вымушаны крок, на які ідуць вытворцы, бо без дадаткаў прадукцыя будзе больш дарагая і менш устойлівая, падкрэслівае Лана Семенас, кандыдатка сельскагаспадарчых навук, экспертка па арганічным земляробстве, кіраўніца ўстановы "АграЭкаКультура".

Раней вытворцам арганічных прадуктаў дазвалялася дадаваць 5% неарганічных элементаў, цяпер — толькі 1%.

"У краінах Еўрапейскага Звяза існуе два падобных спісы: дадаткаў, што дадаюцца да прадуктаў, і таго, што выкарыстоўваецца ў працэсе вырошчвання і перапрацоўкі, але не з'яўляецца часткай прадукцыі. Напрыклад, тальк, які прымяняецца дзеля таго, каб штосьці не зліпалася, але перад спажываннем ён змываецца вадой. І варта адзначыць, што наш спіс адпавядае еўрапейскаму на 98%", — кажа Лана Семенас.

Вядома, што ў ідэале пры неабходнасці прымянення таго ці іншага дадатку да арганічных прадуктаў хацелася, каб ён быў цалкам натуральны: яблачная кіслата з яблыкаў, вінная — з вінаграду. Аднак гэта значна ўскладняе тэхналагічны працэс і вымушае падвышаць кошты на гатовыя прадукты. Таму пакуль, раіць экспертка, лепей набываць не перапрацаваныя прадукты, а сыравіну.

У цэлым жа, можна станоўча ацаніць з'яўленне такога кшталту спісаў, як і самаго Закона "Аб вытворчасці і звароце арганічнай прадукцыі". На дадзены момант вядзецца распрацоўка падзаконных актаў, якія будуць скіраваныя на далейшае развіццё галіны.

Перашкодай гэтаму працэсу, на думку эксперткі, можа стаць Мытны саюз і спробы Расіі навязаць Беларусі уласныя тэхнічныя стандарты, якія значна абмяжоўваюць магчымасці экспарту нашых прадуктаў на Захад.

"Было б добра, каб нашыя нарматыўна-прававыя акты адпавядалі еўрапейскім, каб можна было прызнаць нашую сертыфікацыю роўнай заходняй. Прыняўшы расійскія ўмовы, мы зможам гандляваць на Расію. І тое, гэта будзе пад пытаннем, хаця рынак там вялікі. Але, каб не здарылася так, што ва ўсім свеце арганічная сельская гаспадарка — гэта тое, што ўсе ведаюць, а ў нас і ўсходняга суседа — фэйкавая з'ява", — падкрэслівае Лана Семенас.

Сертыфікацыя арганічных фермераў — яшчэ адно важнае пытанне ў развіцці галіны. Бо ў звычайным разуменні "фермерства" — форма ўласнасці, эканамічнай адзінкі, і можа мала чым адрознівацца ад сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву, а значыць не гарантаваць чысціню і вышэйшую якасць выпускаемай прадукцыі.

Вядома, што і без усялякіх спецыялізаваных дакументаў вытворца можа браць на сябе абавязкі карыстацца разнастайнымі арганічнымі метадамі вырошчвання прадуктаў, укладаць больш намаганняў і г.д. Але для спажыўцоў гэта будзе невядомым. Таму неабходнасць праходзіць працэдуры сертыфікацыі відавочная, бо менавіта гэта будзе гарантам якасці, гарантам таго, што прадукцыя прайшла праверку адмыслоўцаў.

Для жадаючых бліжэй пазнаёміцца з рынкам прапаноў арганічнай прадукцыі "АграЭкаКультура" ладзіць кірмашы, дзе можна не толькі набыць тавары, але і дамовіцца на індывідуальныя пастаўкі.

Бліжэйшы івэнт пройдзе 21 ліпеня, у нядзелю, у Культ.Цэнтры "Корпус".


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 18.07.2019

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.